Нe сьмяшыце мае прыназоўнікі
Вінцук Вячорка
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 316с.
2017
Застаецца праблема з словам сакратарка — яно абазначае справаводчую прафэсію. Калі ж
ідзецца пра іншую, часьцей выбарную, пасаду, то мова пакуль ня звыкла да выразаў накшталт „сакратарка выбарчай камісіі“ або „генэральная сакратарка партыі“, хоць я нічога процінатуральнага ў такім найменьні не ўглядаю.
Расейскіх „маннкюршу" і „педнкюршу“ знаўца словаўтварэньня Павел Сьцяцко прапаноўвае зваць па-беларуску манікюрка і пэдыкюрка. Я б, аднак, пярэчыў, бо іншыя ўсе назвы прафэсіяў на -ка парныя. Аптэкар, правізар — аптэкарка, правізарка. А паколькі такой прафэсіі — „манікюр“ — няма, больш лягічна манікюрніца.
Ёсьць некалькі назваў прафэсіяў агульнага роду. Судзьдзя. Старшыня. I ня трэба рабіць зь яе старшыньку, як некаторыя беларускамоўныя газэты. Нават Ярмошына не „старшынька“, а старшыня.
Ян Станкевіч на сваё 125-годзьдзе спрачаецца зь Сьвятланай Калінкінай
Мовазнаўца Ян Станкевіч вярнуў нам слова спадар, увёў у падручнікі тэрміны гук і зычны, рэфармаваў беларускую лацінку, быў persona non grata ў БССР і вечным спрэчнікам. Вось і цяпер ён палемізуе зь Сьвятланай Калінкінай. лістапада 2016 году споўнілася 125 / (Чгадоў з дня нараджэньня Яна (Янкі) Станкевіча.
Ён з разгалінаванае радзіны тых самых Станкевічаў, дзе і Адам, і Станіслаў Станкевічы; нарадзіўся ў фамільным гнязьдзе Арлянятах (традыцыйна — Вурляняты) цяпер Смаргонскага раёну. Гэта азначае, што Ян Станкевіч быў прыродным носьбітам віленска-менскіх гаворак — хрыбта, на якім узрастала наша новая літаратурная мова.
Доктарскую абараніў у Карлавым унівэрсытэце ў Празе. Поруч з навукай рабіў тое, што і належыць рабіць нацыянальна сьведамаму чалавеку: быў чальцом Рады БНР, падчас так званай Сярэдняй Літвы пачатку 20-х гадоў адкрыў на Віленшчыне больш за дзьве сотні беларускіх школаў, адзін зь лідэраў беларускае незалежніцкае кансьпірацыі ў часе 2-й Усясьветнай вайны.
Але жыцьцё прысьвяціў найперш беларускай мове, яе вывучэньню і практычнаму на яе ўплыву. Мы часам не падазраём, колькі таго Станкеві-
ча вакол нас — нават калі старанна ігнараваць несавецкую моўную традыцыю.
Гэта ўсё зрабіў адзін чалавек
Яшчэ ў 1918 годзе ў падручніку „prosty sposab stacca й kardtkim case hramatnym“, укладзеным супольна зь нямецкім славістам Рудальфам Абіхтам, ён ужывае моўныя тэрміны гук і зычны, сёньня для нас зусім звычайныя са школы.
Гэта Ян Станкевіч шукаў нацыянальна адметнага звароту — ня пан, бо так і па-польску. Ужо В. Ластоўскі пісаў пра „сподара“, але Станкевіч сабраў шматлікія ўжываньні гэтага выціснутага панам звароту — ня толькі ў Статутах ці ў Баркулабаўскім летапісе , але і ў кітабах беларускіх татараў, пісаных па-беларуску арабскай графікай.
Галоўнае, што ён пачаў настойліва ўкараняць гэтае слова ў жыцьцё, спачатку сутыкаючыся зь непрыманьнем віленскага беларускага асяродзьдзя (ня кажучы ўжо пра БССР). Станкевіча так і называлі жартам — Янка-спадар. А сёньня гэта ізноў агульнапрынятыя словы, яны былі нарматыўным зваротам у выбраным беларускім парлямэнце ды нарэшце патрапілі з савецкае няласкі ў афіцыйныя слоўнікі літаратурнае мовы. I бяз слова спадарыня не нарадзіўся б пранікнёны лірычны верш Рыгора Барадуліна:
Спадарыня, мне сумна аднаму,
Спадарыня, мне аднаму сьцюдзёна.
Пра Вас адну я думаю штодзённа,
Марнею і ня ведаю чаму.
Вывучэньнем мовы кітабаў, якія перадавалі асаблівасьці жывога беларускага маўленьня трохчатырохвекавой даўніны, і наагул гістарычнае фанэтыкі Станкевіч пацьвердзіў даўнасьць характэрных рысаў нашага вымаўленьня — аканьня, дзеканьня-цеканьня, ў нескладовага.
А таму ён патрабаваў і царкоўнаславянскія тэксты, і пагатоў старабеларускія чытаць адпаведна звычайнаму сучаснаму беларускаму вымаўленьню. Скарынава прадмова да „Юдзіфі“ адпаведна правілам канвэртацыі правапісу выглядае так:
Рыбы, плываючыя па мору і ў рэках, чуюць віры свая.
Пчолы і тым падобная
бароняць вульляў сваіх —
Така ж і людзі, ідзе зрадзіліся
і ўскормлены суць па Бозе, К таму месту вялікую ласку імаюць.
Ян Станкевіч першы пачаў укладаць гісторыю беларускае літаратурнае мовы. Сыстэмна вяртаючы ва ўжытак скарбы старабеларускае мовы, на падставе тэрміналёгіі Статутаў і судовых кніг ВКЛ уклаў, сярод іншага, слоўнік „Некаторыя праўніцкія тэрміны беларускія“, які спатрэбіцца, калі Беларусь вернецца да сваёй традыцыі справядлівага незалежнага суду. Расейскі „лск“ у нас быў пазоў, ня „іск“.
А яшчэ ён быў першым, хто склаў расейскабеларускі слоўнічак фразэалягізмаў і прыказак. „Наснльно мнл не будешь“ — даганяючы не паца-
луесься, такі адпаведнік ён запісаў пад Вішневам. „Нн жнв нн мёртв“ — ні сьцяты ні павешаны (гэта зь ягонай малой радзімы Арлянятаў).
А яшчэ дасьледзіны гістарычнае фанэтыкі й гістарычных дыялектаў (пскоўскага, северскага), праблемы этнамоўных межаў Беларусі, студыі імёнаў людзей і тапаніміі, аналіз гісторыі ды сучаснага стану беларускіх альфабэтаў... Гэта Ян Станкевіч у 1930-я дамогся апошняй рэформы нашае лацінкі, якая завершыла яе дэпалянізацыю,— увядзеньня лацінскай літары Vv замест нямецка-польскай Ww.
Пісаў пра ўсё гэта і пра шмат што яшчэ Ян Станкевіч і на старонках першага ў нашай гісторыі спэцыялізаванага мовазнаўчага часопіса „Родная мова“, які выдаваў у Вільні.
Ён безупынна імкнуўся, каб найбольш адметныя рысы беларускае старое ды жывое народнае мовы знаходзілі месца ў моўнай практыцы. Бываў катэгарычны і непасьлядоўны; з практычных ідэяў Станкевічавых прыняліся далёка ня ўсе. Але і пералічанага вышэй досыць, каб прызнаць яго ўклад у моўнае будаўніцтва.
Вось жа Ян Станкевіч — найболып яскравы прадстаўнік пурыстычнае плыні ў беларускім мовазнаўстве і моўнай практыцы. Пурызм — ад лацінскага слова purus ‘чысты’, гэта імкненьне выкарыстоўваць найперш уласныя рэсурсы мовы — дыялектнай, даўнейшай, часам наватворы — каб сьцьвердзіць яе жыцьцяздольнасьць і адметнасьць ад суседніх. Бальшыня моваў тых народаў, якія цярпелі ад каляніяльнага ўціску і
лінгвацыду, адраджаючыся, у той ці іншай ступені зазнаюць пурыстычныя тэндэнцыі. Гэта нармальна для нашага рэгіёну моўнай мапы сьвету, разьдзіранага раней паміж імпэрыямі (дый ці толькі раней).
Трэ бараніць мову. Але ад чаго?
Кагадзе вядомая журналістка і рэдактарка, шанаваная мною Сьвятлана Калінкіна выступіла з эмацыйным артыкулам. Яна бароніць мову ад непатрэбных і прэтэнцыйных англіцызмаў (накшталт „фасілітатара“, што значыць проста вядоўца; я б дадаў сюды і „адвокасі“ — абарону інтарэсаў, і „стэйкхолдэраў“ — зацікаўленыя бакі, і фанэтычна непісьменны, бо не адпавядае ані брытанскаму, ані амэрыканскаму вымаўленьню, выраз „роўтэр“ з мовы кампутарнікаў — маршрутызатар). Тут я зь ёю цалкам згодны.
Але спадарыню Сьвятлану аднолькава абурае ўжываньне, скажам, выразу ўсьцяж трываць у значэньні працяглага дзеяньня (як у сказе „ Ўсьцяж трываюць пратэсты прадпрымальнікаў...“), выгуляць — у спартовым значэньні ў,Нашы хакеісты сёньня выгуляліўматчы...“); урэшце, яна папікае аўтараў тэкстаў, што тыя замест слова „суткі“ ўжываюць содні, якіх у слоўніках, паводле аўтаркі, няма. I робіць выснову:
Часам такое ўражанне, што мовазнаўцы і аматары проста наўмысна адшукваюць любыя — польскія, украінскія, нейкія іншыя — моўныя адзінкі і крыху ,,абеларушчваюць“ іх — абы
толькі беларуская мова як мага менш была падобная на рускую.
Вось жа не пагаджуся. Па-першае, нічога кепскага ў імкненьні пазначыць адметнасьць свае мовы ў нашай сытуацыі няма (гл. вышэй). Падругое, сапраўдны пурызм акурат і палягае на тым, каб не цягнуць у мову чужое, а чэрпаць са сваіх крыніцаў. Па-трэцяе, праблемаў з разуменьнем словаў, як відаць, не было.
Ян Станкевіч — Rescue Ranger
Хацеў быў я пункт за пунктам аспрэчыць сказанае паважанай Сьвятланай Калінкінай, сабраць матэрыял, аж раптам пабачыў, што ўсё ўжо сабраў, сказаў і напісаў Янка Станкевіч — шмат гадоў таму.
Велічнае сьведчаньне ягонай спадчыны — „Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік' на 60000 артыкулаў, выдадзены ўжо пасьля ягонага сыходу сынамі ў 1990 годзе. Крэда слоўніка (і яго ўкладальніка):
Нацаналыш ўсьведаміўшыся, я пачаў усюдых запісаваць словы беларускія. Пасьлей выпісаваў таксама з фольклёру й літаратуры. Такім парадкам, падаваны Слоўнік ё слоўнікам жывое народнае й заразом літаратурнае мовы беларускае. ...Заразом я даведаўся, што мова беларуская вельмі багатая.
Амаль усе адмоўна згаданыя Сьвятланай Калінкінай словы ў адпаведных значэньнях ёсьць у слоўніку, яны бясспрэчна беларускія.
Усьцяж мае і значэньне 'без перерыва’. Станкевіч не ўдакладняе, у прасторы ці ў часе; спасылаецца і на „Віцебскі краёвы слоўнік“. А вось Купалава паэма „На Куцьцю“. Князю і Княжне пра, так бы мовіць, грамадзкія настроі дакладае Другі ганец:
А як чапнуў стралой аб лук,
Яны скрануліся ў прасоньні,
I стполькі, столькі крэпкіх рук
К маей паціснулася броні.
За мною ўсьцяж, і тут і там,
Іх вусны бледныя шапталі:
„Аддайце славу нашу нам!
Нашто схавалі-расхапалі? “
У савецкі час паэма была забароненая; каб яе вучылі ў школе, то гэтае ўсьцяж трывала б у масавай моўнай сьвядомасьці.
I для дзеяслова трываць першым значэньнем Ян Станкевіч падае акурат 'пребывать, продолжаться’. У нас такі трывае звычай — прыклад з слоўніка жывой народнай мовы Івана Насовіча (які ня надта любіў палянізмы).
Пятнаццаць „сутак“
Што да слова „суткі“ ў значэньні каляндарным — то Ян Станкевіч характарызуе яго як „русыцызм“. У народнай беларускай мове слова суткі, сутачкі азначае 'дзьверцы ў вузкім праходзе паміж будынкаў’, напр., на Стаўпеччы-
не,— спасылаецца Станкевіч у слоўніку на свой уласны дыялекталягічны досьвед. У значэньні ж 'дзень плюс ноч’ Станкевіч прыводзіць народнае слова пара.
Папярэднік ягоны, таксама выбітны пурыст Вацлаў Ластоўскі поруч са словамі доба і пара адпаведнік бачыць у выразе „дзень і ноч — содні проч“ са сваёй Дзісеншчыны, падае ў тым жа значэньні таксама ўдні (Смаленшчына). А слова „суткі“, як пацьвярджае Ластоўскі, можа азначаць ня толькі вузкі праход паміж дамамі (зь дзьверцамі ці без), але і ўвогуле 'отхожее место’. Якое там, відавочна, гістарычна разьмяшчалася.
Пара ўсё ж мае надта шмат значэньняў (хаця літоўцы яе ў нас пазычылі менавіта ў значэньні 24-х гадзінаў). Доба/даба ёсьць у некаторых нашых гаворках, але і ў суседніх мовах. У сучаснай моўнай практыцы прыняліся менавіта прыдзьвінскія содні — відаць, дзякуючы сваёй празрыстай словабудове.