Ня бойцеся ахвяраў і пакут!
Міхась Чарняўскі
Выдавец: Наша Будучыня
Памер: 175с.
Вільня 2006
У школу я пайшоў яшчэ перад вайной і скончыў у Мядзіле дзьве клясы польскай школы. Як прыйшлі “тыя саветы” у 1939 годзе, у Мядзіле стала школа беларуская. Але я ў яе не хадзіў, бо не было ў чым. Наша вёска згарэла. Нехта падпаліў восеньню 1939 году. I мы пераехалі ў Старое Мядзіла. I толькі ўвесну 40га году пайшоў у школу. Але ня ведаў ні літар, бо яны былі іншыя, нічога ня ведаў. Ужо дзеці чыталі пабеларуску і парасейску кірылічнымі літарамі, бо вучыліся цэлую зіму. А бацька перахоўваўся ў родзічаў і знаёмых па розных вёсках — у Шымках і ў іншых, бо яго б вывезьлі ў Сібір. А вывозілі найбольш зімой з 40га на 41шы год.
57
Улетку 1941 году прыйшлі немцы. Мы жылі ўжо ў засьценку Падкачэргі ў Зьвяругаў. А потым адбудавалі сядзібу.
А як прыйшлі немцы, вяскоўцы выбралі бацьку солтысам. Маўляў, быў пры войце ў гміне, маеш вопыт, будзь і зараз. Але ў 42м годзе зьявілася расейская партызанка. Пачалі наведвацца ў вёску і бацька адмовіўся ад салтысоўства. I пачалі выбіраць солтыса па чарзе, на кожны месяц. Ноччу ў вёсцы партызаны, днём немцы...
Пазнаёміўся з Лапіцкім праз калегаў. Ён быў на адну клясу старэйшы.
Гэта быў цікавы хлопец. Вельмі актыўны быў. Я быў у хоры, а ён у школе кіраваў хорам. Ён прыяжджаў на драўляным ровары, зробленым з калаўротаў. Слухаў радыё, перадачы БіБіСі. Фатаграфаваў. Вельмі быў файны хлопец.
Пазнаёміў мяне з Расьціславам Несьцяровіч. Несьцяровіч з калегамі жыў у Зьвяругі. Яго звалі “Зьвяружка”. Тэты дом быў недалёка ад школы — такой белай ляплёнкі. У доме Зьвяружкі ў адным канцы было лясьніцтва, а ў другім канцы кватаравалі школьнікі. Несьцяровіч па матцы быў нам нейкая радня. Зь Несьцяровічам разам жылі Кундра і Нафрановіч. I калі я да іх прыйшоў, там якраз быў Лапіцкі. I ён адразу прывітаўся са мною: “Безь віны вінаватыя!” Гэткі быў пароль. Я, зразумела, нічога не адказаў. А адказ павінен быў быць: “Ліш бы не сьвінаватыя!”
Ён быў заўсёды супраць гэтай улады, супраць улады камуністаў. У камсамол заахвочвалі, а ён не ўступаў. Насіў значок з галавой сабакі. Казаў, што той пільнуе яго ад камуністычных сабачак.
Зьбіраліся заўсёды ў тых Зьвяружкаў. А потым хлопцы перасяліліся да Манькі, можа Пяркоўскай. I пасьля ўрокаў там мы звычайна зьбіраліся. Туды заходзілі яшчэ іншыя людзі. Памятаю, знаёмы яго быў, можа на сьвята Грамніцы, прыяжджаў Грачанік. Ён жыў недалёка ад возера Мядзіла, у вёсцы Ўнукі, паміж Мядзілам і Нараччу. “Люблю твае, Нарач, затокі і тоні”.
Кундра прысутнічаў пры ўсіх нашых размовах. Мы ўлёткі пісалі і друкавалі пабеларуску. А машынка мела лацінскі шрыфт. Дык Кундра казаў, што прыдатней нам было б друкаваць улёткі польскамоўныя. Казаў: “Вельмі людзі будуць любіць чытаць папольску”.
58
Кундра быў актыўны ў камсамоле, і ўцягнуў туды Несьцяровіча і Нафрановіча. Білет камсамольскі ён насіў у нагруднай кішэні кашулі. I маці ягоная аднойчы памыла кашулю разам зь білетам. Усчаўся вялікі шум і хлопец шмат перацярпеў. Але абышлося толькі выключэньнем з ВЛКСМ. I вось Кундра намаўляе Факунду і Генадзя, каб тыя сказалі, што ў лесе іх перанялі партызаны, пабілі і адабралі камсамольскія білеты. Па дарозе зь Мядзіла ў Юшкавічы сапраўды ёсьць вялікі лес, і гісторыя выглядала б праўдападобна. I хлопцы пагадзіліся! I іх таксама выключылі з камсамолу. Вось такая была дзіўная справа з камсамольскімі білетамі.
Хлопец з Унукаў — Грачанік рэдка прыходзіў у Мядзіла. На нашых сходах я яго бачыў, можа, разы два. Ён быў узросту прыкладна як Расьціслаў. Аднак да 1949 году яго ўжо пасадзілі, але не за палітыку, а за нешта іншае. Сьледзтва хацела і яго прылучыць да нашай справы. Яго прывезьлі зь нейкага лягеру ў Маладзечна і зрабілі вочную стаўку: Ён, Лапіцкі і я. Дапытваліся: “Табе даваў улёткі Лапіцкі?” “Не, ён толькі дапамагаў мне рамантаваць ровар. Даваў ланцуг да ровара.”
Кантактаваў з Лапіцкім Браніслаў Пісарчык, вучань Мядзельскай школы, вучыўся на клясу ніжэй за мяне. Быў ён, здаецца, зь Пярэградзьдзя. Але ніхто пра яго на сьледзтве не абмовіўся, таму і ацалеў.
Была ў нашай арганізацыі і Ірына Паўлючонак зь Юшкавічаў. Яна сябравала з Зосяй Гіль і была больш зьвязаная з Генем Нафрановічам.
Сьледчы адзін раз абяцаў вочную стаўку з Альфонам Кундрам. “Кундра скажа, калі ты не скажаш!” — пагражаў сьледчы на допыце. Аднак потым гэта прозьвішча не ўспаміналася.
Першы раз улёткі друкаваліся і распаўсюджваліся вясной 1948 году. Тэксты пісаў Расьціслаў Лапіцкі. Яны ўсе былі на беларускай мове.
Мая цётка, калі была на працах у Францыі, выйграла там на лятарэю друкавальную машынку. Потым, як вярталася на Мядзельшчыну, прывезла і машынку. Шрыфт на ёй быў лацінскі. Так і друкавалі — беларускі тэкст, але шрыфт лацінскі.
Спачатку Лапіцкі забраў машынку ў Мікасецка і друкаваў першыя ўлёткі. Тры разы. Але там небясьпечна было — суседзі маглі
59
пачуць стук машынкі. Таму рашылі гэтую працу прадоўжыць у Качаргох, на сядзібе маіх бацькоў. Тут ужо друкаваў я сам — дзьве сэрыі ўлётак, але кожная зь іншым тэкстам, складзеным Расьціславам. Друкаваў, калі бацькоў не было дома — ці на гарышчы, ці ў сьвірне каля хаты.
Для ўлётак набывалі ў краме белыя лісты паперы, не лінаваныя. Машинная стужка была адна, да таго ж высахлая. Таму яе апрацоўвалі тушшу.
У Мікасецку Лапіцкі надрукаваў недзе з паўсотні ўлётак. I я ў Качаргох два разы прыкладна па 50 асобнікаў.
Улёткі і клеілі і раскідвалі — у Мядзіле, і па вёсках, у тым ліку ў Крапіўне і Юшкавічах. Распаўсюджвалі ўсе сябры нашай арганізацыі. I Альфон Кундра таксама. Я, напрыклад, наклеіў у Качаргох на доме Часлава Качэргі, гэта за затокай. Была позьняя восень ці пачатак зімы — на зямлі ляжаў сьнег. За затоку, пад прыбярэжную тару мы хадзілі на свае забавы. I вось прыкмецілі ліст паперы на сьцяне. Гелена Качэрга садрала ўлётку, а сын гаспадара дома Юзік прачытаў яе ўголас.
I тут жа нехта данёс у Мядзіла. Нас па адным пачалі цягаць у раённае МТБ. Дапытвалі: што, дзе і калі. Які там быў тэкст, хто чытаў, хто мог гэта зрабіць? Так дапыталі ўсіх, хто быў тады каля той улёткі.
Ужо потым на допытах мне зрабілі вочную стаўку з той Геленай, паказвалі ёй ўлётку і пыталіся, ці на нашай машынцы яна надрукаваная.
Неяк хлопцы вынесьлі былі з ваеннага кабінета школы дзьве вучэбныя вінтоўкі. Як на цяперашні розум, то навошта былі тыя вінтоўкі з прасьвідраванымі адтулінамі, калі зь іх нельга страляць? Хіба толькі, каб каго настрашыць. Адну вінтоўку забраў Факунда Несьцяровіч, а другая перахоўвалася ў мяне. А ў пачатку верасьня 1949 году Генадзь Нафрановіч далучыўся да невялікай партызанскай трупы, якая хавалася ў лясох паўночнай Мядзельшчыны. I вось неяк у верасьні месяцы да мяне таемна завітаў Генадзь па тую вінтоўку. Я перадаў яму зброю і праз густы туман перавёз на лодцы да Старога Мядзіла. Там на беразе, насупраць былога маёнтка КозелаўПаклеўскіх, мы разьвіталіся назаўсёды.
60
У пачатку восені Лапіцкі перабраўся ў Смаргонь. Перад яго адыходам мы не зьбіраліся на нейкую адмысловую сустрэчу. Каго ён сустрэў у Мядзіле з нашых, з тым і разьвітаўся. Актыўнасьць нашай падземнай арганізацыі без кіраўніка неяк спала. Хоць мы і працягвалі зьбірацца. Напярэдадні сьвята Кастрычніцкай рэвалюцыі Лапіцкі завітаў на Мядзельшчыну і перадаў мне пачку выдрукаваных улётак, для распаўсюду.
I вось недзе ў лютым месяцы, позьнім вечарам, калі было ўжо цёмна, пастукаўся ў нашу хату Расьціслаў Лапіцкі. Быў вельмі замерзлы і змучаны. Расказаў мне, што яго шукаюць эмгэбісты, а ён ад іх хаваецца. Расказаў і пра Смаргонскую арганізацыю, пра ўлёткі. Ад яго я даведаўся, што апошнюю партыю ўлётак яны распаўсюдзілі ў Смаргоні і ў навакольных вёсках напярэдадні Дня канстытуцыі, які прыпадае на 5 сьнежня.
Я тым часам хварэў і ў школу некалькі дзён не хадзіў. I вось Расьціслаў папрасіў мяне схадзіць у Мядзіла і перадаць шыфраваны ліст свайму знаёмаму кухару. Кухар, ня памятаю ягонага прозьвішча, жыў на Замкавай вуліцы, у доме, які да вайны належаў жыдоўцы Сосі. У хаце я сустрэў маладога мужчыну—кухара. Там жа было малое дзіця. Кухар узяў шыфроўку, зробленую як нотнае пісьмо — значкі на лінейках. Пашкадаваў, што ня можа прачытаць, бо згубіў ключ для расшыфроўваньня. I сказаў, каб Лапіцкі прыйшоў цёмным часам да ўскрайку Мядзіла каля возера, дзе наводшыбе стаялі нейкія гумны. Я вярнуўся ў вёску і перадаў Лапіцкаму прапанову кухара. I Расьціслаў позна вечарам па лёдзе замерзлай затокі Мястры пайшоў на тую сустрэчу. Вярнуўся з яе ўжо ўначы.
Лапіцкі перахоўваўся ў нашым доме ўвесь наступны дзень. А як сьцямнела, зноў выбраўся ў дарогу. Сказаў, што пойдзе ў Кабыльнік да нейкага Корчака і што яшчэ некалі да мяне зойдзе. Але папярэдзіў таксама, каб быў гатовы і да таго, што нас могуць усіх выкрыць і арыштаваць.
Неўзабаве пасьля нашага разьвітаньня з Лапіцкім з школы прыходзіць Іван Роўда. Быў ён родам з Сватак і кватараваў у Качаргох у нейкіх знаёмых. I той Роўда кажа: арыштавалі амэрыканскага шпіёна. Ажно той шпіён — мядзельскі вучань Расьціслаў Лапіцкі.
61
A 10 лютага на ўроку, было яшчэ да абеду, у нашую клясу прыйшоў міліцыянт і сказаў, што павінен даставіць мяне ў раённае аддзяленьне міліцыі (там было і МТБ). I павёў. Я ведаў ужо, што мяне арыштуюць.
Адразу ж нейкі эмгэбіст пачаў допыт:
— Вы распространяли листовки! Кто еще был с вами?
— Нічога ня ведаю.
— Но вы же читали ту, которую нашли в Кочергах. Что там было написано?
— Ня памятаю. Нешта пра тое, каб людзі ня йшлі ў калгасы.
Дзень ці два трымалі мяне ў Мядзіле. А ў гэты час у бацькоўскай хаце зрабілі ператрус. Але нічога асаблівага не знайшлі.
Потым перавезьлі ў Вялейскую турму, а тады ў Маладзечна, у турму каля вакзала. Везьлі ў “чорным воране”, завязаўшы вочы і скруціўшы шнурком рукі за сьпіной. Назаўтрае нанач, таксама з завязанымі вачмі і скручанымі рукамі, павезьлі ў турму ў Галянова. Там дапытвалі ў пакоі на другім паверсе. I гэтак амаль кожную ноч пяць месяцаў!
Найперш пракурор, а гэта было 14 лютага 1950 году, зачытаў мне пастанову аб затрыманьні. Гэтая дата і стала лічыцца пачаткам майго зьняволеньня.
Заводзяць у пакой на першы допыт, а там, гляджу, той жа Пахомаў, які дапытваў мяне раней. Спачатку пытаўся спакойна так: пра ўлёткі, хто друкаваў, хто распаўсюджваў? Я кажу: “Ня ведаю, не чуў”. I гэтак штоночы. Усім адбой, можна класьціся спаць. А мяне на допыт, на цэлую ноч. I цэлую ноч са мной той Пахомаў. Пытаецца, нешта піша, чытае, дрэмле, жуе бутэрброд, п’е ваду. На стаде пад рукою — пісталет. Дэманструе, што нікуды не сьпяшаецца, што нікуды ты ад яго ня дзенешся. Калі ўбачыў, што ўпіраюся, перайшоў на лаянку, зьдзекі, біцьцё. Біць яму памагаў яшчэ нейкі сьледчы. Калі мінала ноч, мяне завозілі ў турму і ўкідвалі ў камэру. Але й днём спаць не давалі. Мне зламалі дзьве рабрыны, выбілі некалькі зубоў, білі пад рэбры, пад дых, па печані і нырках. Білі, каб сьлядоў на целе асабліва не пакідаць. Калі ж знакі былі прыкметныя, не паказвалі пракурору, пакуль тыя не загойваліся. Любілі катаваць буйнымі кроплямі халоднай вады на цемя. Прыціснуць