• Газеты, часопісы і г.д.
  • Нясвіж і Радзівілы  Клаўдзія Шышыгіна-Патоцкая

    Нясвіж і Радзівілы

    Клаўдзія Шышыгіна-Патоцкая

    Выдавец: Беларусь
    Памер: 240с.
    Мінск 2002
    70.73 МБ

     

    Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
    I ўсё ж асновай для твораў князя быў яго дзённік, а не пісьмы, як лічылі раней. Магчыма, што аўтар карыстаўся таксама запісамі сваіх спадарожнікаў.
    Як падкрэсліваецца даследчыкамі, у творы Сіроткі рэлігійныя інтарэсы адступаюць на задні план, апісанню «святых мясцін» адведзена параўнаўча няшмат старонак. Дарэчы, у Егіпце Сіротка быў намнога даўжэй, чым у самой Палесціне. I нават у Іерусаліме яго больш хвалявала канкрэтная рэчаіснасць, чым старажытныя казанні. Апісваючы храмы, паломнік адзначаў іх размяшчэнне, памеры, матэрыял, з якога яны пабудаваны. На падставе паказанняў механічнага гадзінніка і компаса ён указаў на нераўнамернасць дня і ночы на Усходзе.
    Сваё апісанне аўтар «Вандровак» пачынае з таго, што 16 верасня 1582 года ён выехаў з Нясвіжа. 8 снежня прыбыў у Венецыю, адкуль паплыў разам са сваімі спа-
    дарожнікамі толькі 17 красавіка наступнага года. Абмінуўшы астравы Керкіра і Кефалінія, карабель прычаліў да вострава Закінт (Зантэ). Там Сіротка звярнуў увагу на незвычайныя помнікі. У манастыры яму паказалі камень з грэчаскім надпісам, які быў над магілай Цыцэрона, і сказалі, што пад ім у каменным збане ляжыць яго попел. Такім чынам, падарожнік падрабязна апісаў ірабніцу Цыцэрона. У гэтым факце праявіўся інтарэс аўтара да гісторыі. У далейшым ён нярэдка параўноўваў усходнія пабудовы з парыжскімі і рымскімі, падрабязна апісваў калоны, мазаікі, інтэр’еры храма Іаана Хрысціцеля ў Дамаску, палаца Гаўрэа ў Каіры, форму вокнаў у дамах егіпцян.
    У пячорах са старажытнаегіпецкімі пахаваннямі Сіротка бачыў мноства забальзаміраваных трупаў, «з якіх цел мумію бяруць... Гэта мусіць было нешта асаблівае, паколькі тры тысячы гадоў і болей, як гісторыя піша, не дазволіла згнісці аніякаму члену. Каля мумій ляжаць бажкі з нейкай моцнай блакітнай альбо карычневай гліны». Твары памерлых былі закрыты маскамі, цела абкручвалі палатном. Знатныя ляжалі ў каменных і драўляных саркафагах, а выхадцы з простага народа — на голай зямлі.
    Радзівіла асабліва цікавілі клімат і гаспадарка краін, якія ён наведаў. Гэта дало падставу рускаму вучонаму П. Гільтэбранту назваць яго кнігу «творам вельмі назіральнага і адукаванага чалавека». На востраве Закінт увагу падарожніка прыцягнулі вырошчванне апельсінаў, лімонаў, вінаграду, вываз іх; на Кіпры — выпарванне солі з марской вады. У «Вандроўках» гаворыцца: «Мы прыплылі да саляварняў, дзе атрымліваюць соль, якую толькі сонца, як лёд марозам, жарам сваім асаджвае, так што па солі хадзіць можна, хаця пад ёю вада прэсная і смаку добрага».
    У сваіх апісаннях аўтар тлумачыць убачанае на зразумелых яго зямлякам прыкладах. Піша, што Тыверыядскае возера «мае ваду прэсную, бо мы купаліся ў ім і ваду пілі, і рыбы там вельмі добрыя, падобныя на карасёў, і танна іх прадаюць».
    Нельга не заўважыць маляўнічасць карцін прыроды, прыведзеных Сіроткам. У апісанні Мёртвага мора, якое мяняе свой колер у залежнасці ад часу дня, адчуваецца рука сапраўднага мастака: «Гэта мора, альбо хутчэй
    возера (бо ў даўжыню яно мае 20 міль, а ў шырыню шэсць альбо сем міль)... сярністае, мае і камяні вакол сябе, якія, калі іх запаліць, гараць, як дрэва. Я прывёз з сабой такія камяні, і іх кожны можа пабачыць. Іосіф Флавій праўдзіва гэтае возера апісвае, а асабліва тое, што яно тройчы мяняецца на дзень; гэта я добра бачыў, бо з раніцы вада была чарнаватая, апоўдні, калі сонца яе нагрэе (таму што там моцная гарачыня), то робіцца блакітнай уся вада, як бы блакітнае сукно, увечары, перад заходам сонца, калі сонечная гарачыня спадзе, вада робішіа чырванаватай альбо рудой, быццам яе з глінаю змяшалі.
    Страшна нават паглядзець на тое возера, бо горы паблізу вялікія і глухія, а вада такая густая, агідная і моцна смярдзіць і калі яе кроплю на язык узяць (як мы каштавалі), вельмі шчыпле і смуродам нутро напаўняе».
    У Егіпце ўвагу нашага земляка прыцягнула паліўное земляробства. Спасылаючыся на мясцовых купцоў, ён прывёў звесткі пра ўраджайнасць зямлі і шчыльнасць насельніцтва ў гэтай краіне: «А такі тут вялікі ўраджай, калі ўрадлівы год, што адправіўшы даніну, якой вялікуіо частку аддаюць туркам, на пражыццё сабе шмат застаецца (а людзей ні ў адным каралеўстве болей няма, чым у Егіпце, акрамя Кітаю, які таксама хваляць з гэтай прычыны)». Большую частку паліўной вады прысвоілі сабе турэцкі султан і паша: «Тая вада, што праз гарадскія каналы цячэ, ужо выйшаўшы з горада, не ідзе ў дэльту, а направа, да усходу сонца. Залівае яна шмат месца і асабліва там, дзе больш за ўсё найперш вёскі султана і пашы, якіх некалькі тысяч, а ў дэльце 20 000 вёсак».
    He змаўчаў Сіротка і аб распаўсюджаным у Егіпце рабстве. Кожны мясцовы багацей меў рабоў, пра якіх адзін купец гаварыў так: «А калі ён захоча, тады можа ўсіх забіць, бо гэта яго ўласнасць, якую ён купіў, а з купленай рэччу можна рабіць кожнаму тое, што ён захоча». Вось як пісаў падарожнік пра кірмаш рабоў: «А хто там негра альбо негрыцянку купіць, то ўжо можа з імі рабіць, што пажадае, бо так гавораць туркі: «Я купіў за свае грошы, таму магу пажадаць: ці карміць, ці забіць». Бо яны (туркі) гняўлівыя, то многіх і забіваюць, але за гэта там не караіоць».
    Шмат месца ў «Вандроўках» адведзена апісанню невядомых у Беларусі звяроў. У адным з манастыроў горада Іопы князю ўдалося пабачыць цікавую жывёліну, якую ён характарызуе наступным чынам: «Падобны на яшчарку, такой жа велічыні, але не кусаецца, бо не мае рота, толькі паветрам жыве, мае невялікую адтуліну, меншую, чым перцавае зерне, праз якую ўдыхае паветра, да таго ж не злы, вельмі павольна ходзіць... За цэлы дзень і на локаць не прасунецца. На ім ёсць месцамі чорныя кропкі, але плямамі,— не ўвесь пярэсты. Сапраўды, ён мяняе свой колер на той, на які глядзіць,— акрамя чорнага і жоўтага, такое мы часта назіралі, але плямы на ім не мяняюцца, а толькі скура. Вочы ў яго пукатыя, круглыя і вясёлыя: адначасова ён можа глядзець адным вокам уверх, а другім уніз, альбо адным уперад, а другім назад. I калі яго пасадзіць на рэч якога-небудзь колеру, а друіуіо з іншага боку зверху трымаць, то ён у абодва бакі адначасова глядзіць, на якую больш пільна,— так што вачэй не спусціць, у той колер і памяняецца... He ачышчаецца, бо няма чым, усё ў яго зраслося, а таксама не п’е і не есць».
    Гаворка тут, як, магчыма, ужо чытач здагадаўся, ідзе пра хамелеона. Праўда, Сіротка ўслед за сярэдневяковымі натуралістамі памылкова лічыў, што ён не есць і не выдзяляе адкіды. У сапраўднасці гэтая жывёліна харчуецца насякомымі.
    У сваёй кнізе Сіротка расказаў і пра паўлінаў, якіх ён прыдбаў у Александрыі для нясвіжскага звярынца. Акрамя таго, у Апамеі купіў драпежнае млекакормячае пыбету, у Александрыі — двух леапардаў, папугая, трох дзікіх коз. А ў Каіры падарожнік бачыў страусаў, якія «бегаюць хутка, як і нашы дрофы».
    У «Вандроўках» падрабязна гаворыцца пра птушак, кракадзілаў, розных экзатычных жывёл, якія жылі ў дэльце Ніла: «Калі мы ўехалі ў Ніл, на беразе было відаць вельмі шмат буслоў, якія туды ад нас адлятаюць, а таму туды накіроўваюцца, што там прама трапляюць на жыўнасць (якой харчуюцца), калі ў месяцы жніўні Ніл разліваецца. Там на палях бывае мноства змей, якія засыхаюць, калі Ніл у зямлю пранікае; качак таксама зялёных і блакітных на высокіх нагах... над берагам было столькі, што не злічыць. Наехалі мы ў рацэ на чатырох марскіх коней, вельмі падобных на зубраў і
    фігурай, і поўсцю, і выглядам, толькі без рагоў. Вялікую страту наносяць яны рысу, і таму тут акопваюць равамі агароды, бо гэтыя коні на нізкіх нагах, на высокую грэблю альбо акоп узлезці не могуць. Чалавека, калі заспеюць на агародзе і да яго дабяруцца, кусаюць. Мы стралялі ў іх, бо некалькі стрэльбаў мелі, але не ведаем, падстрэлілі каго-небудзь ці не, бо гатая жывёліна вялікая і моцная, трэба ў яе добра пацэліць».
    Вялікае месца ў кнізе адводзіцца апісанням народных звычаяў, напрыклад, арабаў-хрысціян, якія жылі ў Сірыі і Ліване. Упамінаецца пра свята егіпцян, вяселлі. На адным з іх, у вёсцы Мамымір, падарожніку пашчасціла прысутнічаць.
    Радзівіл увесь час звяртаў увагу на жорсткія адносіны турэцкіх чыноўнікаў да мясцовых жыхароў. «Бо ў Егіпце ва ўладзе туркі, яны ж і салдаты, а самі егіпцяне зямлю абрабляюць і ўсякай іншай гаспадаркай займаюцца, разбойнікі тут — арабы, а купцы — негры». Паводле слоў аўтара, турэцкія намеснікі Каіра баяліся мясцовых жыхароў: «А заўсёды ноччу і днём варта ёсць каля горада ад арабаў, якія пры мне чатыры разы прыходзілі да гарадской брамы і, забіўшы многа турак, пайшлі ў цэласці, ад таго ў горадзе быў вялікі шум».
    Сіротка нядрэнна ведаў медыцыну, цікавіўся пытаннямі аховы здароўя. У Егіпце падарожнік звярнуў увагу на частыя захворвапні вачэй у тубыльцаў і звязаў гэта з дрэнным харчаваннем беднякоў, антысанітарнымі ўмовамі: «Паміж такой вялікай колькасцю людзей ледзь трэцяя частка, магчыма, мае здаровы зрок, усе на вочы хворыя, а гэта з прычыны выкарыстання шіадоў, якімі людзі там больш за ўсё харчуюцца, а загым вадой запіваюць, да таго ж у такуіо гарачыню, як там, носяць на галаве чалму — рэч цяжкую, так што галава заўсёды пацее, затым — з-за пылу на вуліцах, якія не забрукаваны».
    У кастрычніку 1584 года Сіротка пакінуў Александрыю. У моры карабель заспела бура. Прычыну яе прымхлівыя пасажыры ўбачылі ў дзвюх муміях, якія падарожнік вёз у Нясвіж. I, нягледзячы на пратэсты Сіроткі, прысутныя настаялі на тым, каб муміі былі выкінуты ў мора.
    «Вандроўкі» Сіроткі — цікавая крыніца па гісторыі Блізкага Усходу. Больш за два стагоддзі імі карысталіся
    як найбольш поўнай і каштоўнай інфармацыяй жыхары беларускіх, літоўскіх, польскіх зямель. I нават у XIX стагоддзі да іх звярталіся паломнікі, якія наведвалі біблейскія мясціны.
    Твор не страціў сваёй мастацкай вартасці да нашых дзён. Кніга напісана жыва і вобразна. Аўтар часта выкарыстоўвае беларускія і польскія прымаўкі: «Знае гэта баба, седзячы на печы», «Заўсёды сокал вышэй качкі будзе», «Растае ў даўгах, як снег», «Смешна, калі з такой буры такі дождж», «Свайго ката ў мяшку схаваным выставіць», «Тут ва ўсіх рот завязаны», «Галавой прабіць сцяну», «Лепш ляжаць упітым, чым забітым».
    Пасля Сіроткі на Блізкім Усходзе пабывалі і іншыя жыхары Вялікага княства Літоўскага. «Вандроўкі» ўзмацнілі ў іх цікавасць да далёкіх краін.