Яшчэ пяць гармат адносіліся да часоў Сіроткі — яны датаваліся 1591, 1599, 1600 гадамі. Гарматы былі аздоблены гербамі Радзівілаў, мелі гістарычную і мастацкую каштоўнасць. У апісанні Сыракомлі першай ішла «Гідра». У аснове яна мела форму пяцігаловай пачвары і надпіс: «Гідра — рыхтую жалобу, калі паварушу смалістымі хвалямі». «Цэрбер» нагадваў неабчасаную калоду, ад якой уверх ішлі языкі полымя. У аснове і на сярэдзіне — галовы Цэрбера і надпіс: «Цэрбер — ірымлю пранізліва, калі салдату даю дзяржавы». Трэцяя гармата называлася «Цырцэя» і па форме нагадвала патрэсканую калону, перавязаную ў трох месцах бронзавым канатам. Каля асновы была намалявана чалавечая галава, вакол яе надпіс: «Цырцэя — зняслаўлю кожнага, да каго дакрануся». Чацвертая гармата ўяўляла сабою васьмігранны слуп з выявай дзвюх соў, якія забіваюць мышэй. Самай прыгожай была апошняя гармата — у выглядзе вялікай калоды. Аздаблялі яе вінаградныя лозы і надпіс: «Народы няхай жывяцца з нашага багатага вінаградніка». Падаецца ў «Вандроўках» хроніка гістарычнага мінулага Нясвіжа ад першага яго ўпамінання да 1844 года. Сярод уладальнікаў горада аўтар выдзяляе Мікалая Радзівіла Чорнага і яго сына Сіротку. Упамінае Сыракомля некалькі страшэнных эпідэмій, якія спустошылі Нясвіж у XVII стагоддзі. Падрабязна апісвае Паўночную вайну, расказвае пра стварэнне прыдворнага тэатра, будаўніцтва палаца ў Альбе. У кнізе прыведзена апісанне свята ў Нясвіжы ў 1783 годзе з нагоды стагоддзя перамогі Яна III Сабескага над туркамі. Перамога пад Венай нідзе не была адсвяткавана так цудоўна, як у Нясвіжы (хай нават і дарагой цаной). Для агляду выставілі багатыя трафеі, якія дасталіся Яну Сабескаму , а потым праз сястру караля Кацярыну перайшлі ў Нясвіжскі замак. Сярод іх — турэцкія харугвы, зброя, вялікі шацёр, прадметы побыту. Дэманстраваліся і асабістыя рэчы караля. У «Вандроўках» апісваецца таксама асабістая скарбніца Радзівілаў, якая мела вялікуіо колькасць каштоўнасцей. Ю. Ляснеўскі, адзін з прыдворных паэтаў, наконт яе ўсклікаў: «Хто ж у стане асушыць мора?» Услед за Ляснеўскім Сыракомля называе некаторыя прадметы са скарбніцы: 12 апосталаў, вылітых з золата, 12 падсвечнікаў вялікага памеру, місу, кубак, кілішкі з чыстага золата. Вялікія ўрачыстасці прайшлі ў Нясвіжы з нагоды візіту караля Станіслава Аўгуста, які ў 1784 годзе па дарозе на сейм у Гродна наведаў Радзівілаў. Гэтая сустрэча павінна была прымірыць Пане Каханку з тронам, і каштавала яна вельмі дорага. Раскошныя балі, феерверкі, паляванне ў звярынцы, калі з палескіх лясоў прыганялі статкі мядзведзяў, ваўкоў, лісіц, зубраў — усё гэта адбывалася на працяіу чатырох дзён. Можна было пазнаёміцца са здзіўляючым уяўленне нясвіжскім тэатрам, езуіцкай школай, што квітнела пад апекай Радзівіла, якога нашчадкі ахрысцілі «невукам». Далей Сыракомля закранае падзеі 1812 года. Вайна прынесла Нясвіжу спусташэнне і заняпад. Жыццё горада, робіць выснову аўтар, прыходзіць, як і жыццё чалавека, да свайго канца, каб даць месца новым часам і новым людзям. Як бачым, Нясвіж, яго гісторыя і легенды знайшлі шматбаковае адлюстраванне ў мастацкай літаратуры — аповесцях і раманах, дзённіках і ўспамінах. Канечне, ступень дакладнасці такіх твораў розная — праўда пераплятаецца тут з мастацкім вымыслам. Кожны дзень вёў запісы князь Міхал Радзівіл Рыбанька (1702—1762). Падрабязна апісаў ён знаёмства з будучай жонкай Францішкай Уршуляй Вішнявецкай (1705—1753). Маці Міхала, вядомая Ганна з Сангушкаў, вырашыла сама падабраць нявесту сыну. Але знатныя прэтэндэнткі ў гаспадыні нясвіжскага замка, адабраныя Ганнай, не падабаліся кіызю. У 1725 годзе адзін з сяброў расказаў яму пра дачку кракаўскага ваяводы Францішку Вішнявецкую. Насуперак волі дэспатычнай маці Рыбанька адправіўся ў падарожжа, каб пабачыць дзяўчыну. Трапіўшы ў дом ваяводы, у час вячэры ён крытычна агледзеў маладуіо Вішнявецкую і са скепсісам запісаў у дзённіку: «Стол незвычайна вялікі, і, хаця свечак было безліч, я прыгледзецца не мог, князёўну пасадзілі на адным канцы стала, а мяне на другім — што мог праз свечкі пабачыць, мне твар прыгожым здаўся, але вочы косыя. Пасля вячэры мы заселі ў пакоі князёўны, там досыць цёмна было. Князёўна мала гаварыла, толькі іншыя дамы. У гаты вечар я зусім не меў нагоды пабачыць яе твар, адчуць яе розум. Мы пайшлі на начлег, і я ўсю ноч не спаў, шкадуючы, што сюды прыбыў». Даследчыкі сцвярджаюць, што хітрая князёўна пасадзіла замест сябе за сталом каля сваёй маці іншую кабету — непрыгожую сяброўку, каб мацней было ўражанне назаўтра ад блізкай сустрэчы. Раніцай, сапраўды, пачуцці князя рэзка змяніліся. Калі Міхал збіраўся паехаць дадому, сябар параіў яму наведаць дзяўчыну і развітацца. Зайшоўшы, князь пабачыў, як тая кленчыць каля ложка і моліцца па французскай кніжцы. Узяўшы малітоўнік у рукі, Радзівіл адкрыў яго на «прарочай фразе»: «Завяршы тое, што пачаў, я дапамагу табе». Тут да маладога магната прыйшло вялікае каханне. У «Дыярыушы» (дзённіку) ён пра гэта запісаў так: «Я руку пацалаваў і з гэтага моманту кахаць страшэнна пачаў. Розныя гаворкі вялі мы. Пайшлі на абед, я не дужа еў, толькі цешыўся мілай асобай князёўны... Пасля абеду танец пачаўся. Мы з князёўнай няшмат танцавалі, толькі седзячы між сабою гаварылі, пасля вячэры зноў танцавалі. Усё больш унутры пашыралася сімпатыя да князёўны. Адным словам, з поўным задавальненнем пайшоў я на месца начлегу і прызнаў, што калі Боская воля чым дырыжуе, то ад яе выкруціцца нельга. Учарашнюю ноч я не спаў ад клопатаў, сёння ж ад задавальнення не ведаю, ці спаць буду». Праз два дні адбыліся заручыны. Рыбанька піша: «Пасля абеду ўжо з большай фамільярнасцю даў я свой пярсцёнак князёўне, а яе зняў з пальца і ўчыніў ёй першы гвалт, бо пацалаваў яе ў куце ля акна, мяняючы пярсцёнкі». Праз некалькі месяцаў зноў жа насуперак маці згулялі пышнае вяселле, якое працягвалася некалькі дзён. Ёсць у Нясвіжы не зусім звычайны помнік, звязаны з імем небезвядомага Фадзея Булгарына, а дакладней, яго дзеда Скандэрбека, як кажуць, пахаванага ў капліцы, што размясцілася каля езуіцкага касцёла. Невялікая каплічка вельмі ўступае па прыгажосці і мастацкім аздаблснні свайму вслічнаму суседу. Скандэрбек, па мянушцы Булгарын, паходзіў ад вядомага героя з далёкай Албаніі. Ён трапіў на беларускія землі пасля таго, як гэтыя мясціны абязлюдзелі ў выніку доўгіх кровапралітных войнаў. Сюды запрашалі сяліцца ўсіх, хто захоча, даючы вялікія прывілеі і вызваляючы ад падаткаў на дзесяткі гадоў. Хадзіла чутка, нібыта Скандэрбек забіў на мяжы свайго суседа Узлоўскага, пасварыўшыся з ім, і вельмі шкадаваў, што так здарылася. Паводле Літоўскага статута забойца павінен быў адкупіцца ад сваякоў загінуўшага. Пакуль вяліся перагаворы, Скандэрбек збудаваў гэтую невялікую капліцу і па некалькі дзён адзін, без яды і вады замольваў тут свой грэх. Кажуць, у ліку вёсак, якія адышлі сям’і забітага, былі сучасныя Ганцавічы. Скандэрбек заплаціў царкве на 350 гадоў наперад, каб пасля смерці кожны год спраўлялі па яго душы спецыяльную службу. Аб капліцы падрабязна расказаў польскі пісьменнік Генрык Жавускі, сябар знакамітага паэта Адама Miu- кевіча. У гістарычным рамане «Успаміны Сапліцы», рукапіс якога быў знойдзены ў Нясвіжы, ён піша: «У адну светлую Хрыстову нядзелю князь Пане Каханку, едучы ў касцёл, пачуў, як фурман крыкнуў фарэйтару: «Не бяры ўправа, едзь прама на булгарынскую капліцу». Вярнуўшыся ў замак з вялікай світай дваран і адзначыўшы свята венгерскім віном, Пане Каханку ралтам угнявіўся: — А па якому праву пан Булгарын размясціўся каля майго касцёла? Яму расказалі пра выпадак з Булгарынам. — Я не хачу, каб забойцы ляжалі каля Радзівілаў. Выкінуць Булгарына зараз жа ў поле. Канонік Гес, свяшчэннік замкавай капліцы, растлумачыў, што духоўныя законы забараняюць выкопваць цела з магілы. — Дык паслаць гарматы і разбіць ядрамі кашііцу! — усклікнуў князь. Яму адказалі, што пры гэтым можна спаліць увесь горад. — У такім выпадку я сам паеду і спраўлюся з гэтым Булгарынам... Запрэгчы коней! Калі падалі карэты, князь угаварыў свайго любімца Лявона Бароўскага паехаць з ім і накіраваўся да капліцы. Калі прыехалі на месца, князь папрасіў Бароўскага выклікаць Булгарына на дуэль. Быў разыграны чарговы спектакль у духу Пане Каханку. — Пан Булгарын! Ягамосць выклікае вас на паядынак! — закрычаў Бароўскі, уваходзячы ў капліцу. — А што? — спытаў князь з брычкі. — Маўчыць,— адказаў Бароўскі. — Выходзіць, ён баязлівец,— прамовіў князь.— Скажы яму гэта. — Ягамосць лічыць вас баязліўцам,— закрычаў Бароўскі. — А што? — зноў спытаў князь. — Маўчыць,— паўтарыў Бароўскі. — Скажы яму, што ён дурань! Бароўскі паўтарыў і, каб кончыць фарс, які яму ўжо надакучыў, адказаў, што, здаецца, сам сюды ідзе, бо ў склепе нешта заварушылася. — Калі так, то паварочвай коней. He хват, калі не адазваўся на першы выклік, а я не хачу мець справу з людзьмі, якіх патрэбна па тры разы выклікаць на паядынак. Тым справа і скончылася, а капліца Булгарына стаіць да нашых дзён. Фігура Пане Каханку прыцягвала ўвагу многіх пісьменнікаў. Некалькі твораў прысвяцілі яму браты Юзаф і Каятан Крашэўскія. У іх раманах, аповесцях і ўспамінах вобразна паказаны побыт, норавы жыхароў Нясвіжа. Гэты горад з’яўляецца месцам дзеяння гістарычных твораў Ю. Крашэўскага — «Паперы Глінкі», «Кароль у Нясвіжы. 1784», «Апошнія хвіліны князя ваяводы Пане Каханку», «Радзівіл у гасціне». Асновай для гэтых твораў паслужылі дакументальныя матэрыялы нясвіжскага архіва Радзівілаў. Крашэўскі падкрэсліваў, што аб Нясвіжы часоў Пане Каханку шмат напісана і шмат яшчэ будуць пісаць. Для адных Караль Радзівіл здаваўся прыкладам дабрачыннасці, для другіх — п’яніцам і цынікам. Пісьменнік спрабуе разабрацца ў крайнасцях характару іэтай асобы, стварыць рэалістычны вобраз усясільнага магната. Крашэўскі ў цэлым ставіцца да яго крытычна. У аповесці «Паперы Глінкі» апавяданне вядзецца ад імя аднаго з прыдворных князя, сведкі многіх трагічных і камічных выпадкаў. Пачынаецца расказ з прыбыцця ў замак бадзягі Крыцкага, які быццам бы са Стамбула прывёз бутэльку віна з запасаў... біблейскага Ноя. Выконваючы спрытна сваю ролю, фантазёр здолеў ашукаць Пане Каханку.