Але хугка адносіны да князёўны Тараканавай рэзка змяніліся. Пане Каханку паехаў з павіннай галавою да Станіслава Аўгуста. Радзівілу прапанавалі дапамагчы вярнуць «прынцэсу» Лізавету ў Расію, паабяцаўшы за гэта вярнуць яму ўсё, што ён спраціў. Князь не згадзіўся. Пячэрскі піша: «Як ні цяжка было ў гэты час Пане Каханку, але ён, не аднойчы лёгка прымірыўшыся з сумленнем, на гэты раз рашуча адмовіўся ад здрады няшчаснай жанчыне». Тады яму паабяцалі вярнуць усё канфіскаванае, калі ён не будзе дапамагаць самазванцы. Нясвіжскі мапіат згадзіўся. Яму аддалі ўсе яго велізарныя маёнткі, і Караль вярнуўся ў Нясвіж, дзе наладжваў надзвычай раскошныя балі, быў здольны на эксцэнтрычныя выхадкі. Мельнікаў-Пячэрскі прыводзіць некалькі анекдатычных выпадкаў, апісвае, напрыклад, паездкі князя летам на санях па дарозе, пасыпанай соллю. У Нясвіжскім замку аднойчы летам сабралася мноства гасцей. Баль працягваўся да глыбокай ночы, але і ноччу госці пакутавалі ад спякоты. Пекныя пані і маладыя паненкі часта мянялі свае ўборы і выціралі хусцінкамі твары. Даволі поўны, князь больш за ўсіх цярпеў ад гарачыні. У адзін з такіх момантаў ён звярнуўся да прысутных і паабяцаў на раніцу зіму і катанне ў санках. Такі жарт быў занадта смелы нават для князя. Госці вырашылі, што князь вельмі п’яны. Але якое ж было іх здзіўленне, калі раніцай яны ўбачылі «снег» на двары замка і сані, якія чакалі іх. I ўсё гэта пад промнямі гарачага летняга сонца! Прыгледзеўшыся, госці зразумелі — усё наваколле ўсыпана соллю. Дарагой, прывазной у той час з-за мяжы! Карэты паехалі да касцёла. Пасля такога катання сяляне і бяднейшая шляхта запасліся дэфіцытам на гады. Неяк князь убачыў, як адзін шляхціц сыпле соль з дарогі ў сваю брычку. Ен загадаў слугам насыпаць да самага верху, каб сквапны пан ішоў побач пешшу, а людзі ведалі, які ён скнара і як зганьбіў свой шляхецкі гонар. Расказвае ў сваёй аповесці Мельнікаў яшчэ пра адно здарэнне ў духу Пане Каханку, вялікага выдумшчыка. Аднойчы ён так разышоўся, што нават яго закадычны сябар, небагаты шляхціц, не вытрымаў і абазваў князя ілгуном. Той у запале адказаў аплявухай. Гэта вялікая абраза замуціла розум гордаму шляхціцу, і ён кінуўся да Радзівіла з нажом. Ледзьве паспелі схапіць яго за рукі і вывесці з замка. Абражаны пачаў судовую справу ў абарону свайго гонару, але суд быў на баку багатага. Бедалага ўсё прасудзіў да ніткі і аднойчы прыйшоў у замак да князя. Здзіўлены магнат запытаў, як ён асмеліўся з’явіцца яму на вочы, і вось што пачуў у адказ. На свеце ёсць два вялікія дурні: першы — князь, бо асмеліўся раўняць сябе з Кацярынай Вялікай, а другі — ён, шляхціц, таму што ўзяўся судзіцца з князем. Параўнанне з імператрыцай спадабалася Радзівілу, ён заключыў былога сябра ў абдымкі, усё яму дараваў і аддаў прасуджаную маёмасць. Мемуарысты ў сваіх успамінах пра Пане Каханку часам падаюць спрэчныя, супрацьлеглыя характарыстыкі. Многім імпанавала, што ён прытрымліваўся старых шляхецкіх традыцый, апранаўся ў беларускую вопратку нават тады, калі іншыя ўжо прызвычаіліся да замежнага адзення. Як сцвярджае Нямцэвіч: «быў гэта мужчына прыгожы, глядзеў горда зверху. Меў ён на сабе пунсовы аксамітны плашч, зашпілены гузамі, а ўверсе — клямрай (спражкай.— К. Ш.-П.) з брыльянтаў, сярод якіх ззяў каштоўны карбункул, сабаліны каўпак, карабеля (крывая шабля.— К. Ш.-П.) пры баку з золатам і брыльянтамі, абвіслыя вусы. Захавальнікам нацыянальных традыцый застаўся князь у памяці аднаго з прыдворных чыноўнікаў: «Караль Радзівіл, выбраўшы сталую рэзідэнцыю ў Нясвіжы, рашыў увесь свой уплыў скіраваць на тое, каб, прынамсі, у Літву не дапусціць той чужаземнай заразы і захоўваць у непарушнай цэласці ўсе старыя звычаі бацькоў». Некаторыя мемуарысты пісалі, што ваявода абараняў «бедных ад гвалту магнатаў», працягваў «дабрачынную руку бедным, няшчасным». Нясвіжскі ардынат, маўляў, «хацеў даць свету ўзорны прыклад утаймавання і прыніжэння фанабэрлівай чалавечай пыхлівасці, наследавання сапраўднай хрысціянскай цнатлівасці, любові да бліжняга, чалавечнасці і дабрачыннасці — прытым імкнуўся палепшыць і ўзвысіць вясковае саслоўе». Любіў князь «жартаваць» не толькі з сябрамі. Часта палохаў замежных гасцей: артыстаў, гувернёраў, нават паслоў. Аднойчы ён напужаў папскага нунцыя Салузі: «Выбіраючыся на праменад, заехаў па яго не звычайным экіпажам, а карыёлькай (лёгкая павозка на двух колах — К. Ш.-П.), запрэжанай шасцёркай мядзведзяў. Італьянец ледзь не самлеў ад страху». Адам Мальдзіс называе Пане Каханку «вялікім пазёрам, свайго роду акцёрам». Ён сядаў за адзін стол з «братамі-шляхтай», абменьваўся з імі шапкамі, мог перад выбарамі выехаць на бочцы на рынак у Нясвіжы і частаваць усіх віном. Даследчык лічыць, што «позай было і бічаванне ў перадвелікодную пятніцу, і ўласнаручнае выточванне з дрэва розных табакерак, якія потым раздаваліся шляхце, і гульня ў сялянскія заняткі ў Альбе, дзе па загаду князя ўзвялі ідылічную вёску». Радзівіл, як піша Мальдзіс, «наўмысна ставіў сябе ў скандальныя і анекдатычныя сітуацыі: катаўся летам на санках, запрэжаных мядзведзямі, па дарозе, пасыпанай соллю, конна ўязджаў на тэатральныя прадстаўленні, загадваў расстраляць казу, якая ноччу ўзабралася на вал і напалохала варту, дражніў у звярынцы малпаў, называіочы іх прозвішчамі нялюбых суседзяў, будучы п’яным, сам садзіў сябе ў цямніцу. Аднойчы, зайшоўшы ў Варшаве ў краму, паказаў кіем: «Адгэтуль і дагэтуль — маё! Запакаваць і адаслаць»». Любімым заняткам Пане Каханку было расказваць шляхце розныя анекдоты, «глупствы». Паводле слоў Я. Ахоцкага і К. Крашэўскага, куды толькі не заносіла фантазія нясвіжскага Мюнхаўзена. To ён нібыта разбагацеў, служачы кухарчуком у нейкай пані Лазоўскай, то быццам бы варыў страву ў піратаў, ад якіх уцёк у арэхавай шкарлупіне. Аднойчы стрэліў у аленя персікавай костачкай, а потым з яе вырасла паміж рогамі жывёліны цэлае дрэва. Меў раман з сірэнай, ад якога ў Каспійскім моры з’явіліся селядцы... Расказваў князь пра двух нясвіжскіх сабак, якія ад лютасці з’елі адзін аднаго — толькі хвасты іх засталіся, пра злоўленага ў Налібоцкай пушчы чорта, якога давялося тры дні адмочваць у свянцонай вадзе. Навакольная шляхта давярала Пане Каханку, аддаючы за яго свае галасы на сейміках, пастаўляла ў Нясвіж прыдворных. Радзівіл акружаў сябе вялікай світай. Крашэўскі пісаў: «Адной пяхоты ў князя было пяць атрадаў па сто пяцьдзесят чалавек, нясвіжская і слуцкая міліцыя пад кіраўніцтвам маёра Паціні, венгра, чатыры батальёны стралкоў пад камандаваннем маёра Длужылоўскага, залаты ўланскі конны атрад, якім камандаваў ротмістр Янкоўскі, а таксама казакі Камінскага, драгуны і артылерыя». Пышныя балі і прадстаўленні наладжваў Пані Каханку не толькі ў Нясвіжы, але і ў іншых гарадах, куды выязджаў па службовых і маёмасных справах. Першы магнат Рэчы Паспалітай імкнуўся зацьміць нават каралеўскі двор. I гэта яму ўдавалася. СКАРБЫ КНІЖНЫХ I АРХІЎНЫХ СХОВІШЧАЎ Многія старажытныя кнігі, прысвечаныя Нясвіжу, рукапісы, якія належалі мясцовым аўтарам, розныя дакументы ў свой час захоўваліся ў радзівілаўскай бібліятэцы і архіве. Лёс іх драматычны. Першая радзівілаўская бібліятэка была заснавана ў 1600 годзе. Як ужо гаварылася, першапачаткова яна знаходзілася над галоўнымі варотамі замка. У XVIII стагоддзі для кнігазбору ў замку была выдзелена спецыяльная зала. У каталогах налічвалася больш за 20 тысяч тамоў на розных мовах. Тут былі творы антычных паэтаў, мысліцеляў, працы французскіх асветнікаў, кнігі, выдадзеныя ў Беларусі, у тым ліку і ў Нясвіжы. Напрыклад, нясвіжскае выданне кнігі абата Ф. Нано «Жыццё і ерасі Вальтэра» ў перакладзе на польскую мову, якая прыцягнула ўвагу чытачоў да ідэй выдатнага мысліцеля. Кніжныя калекцыі папаўняліся пры Міхале Казіміру Рыбаньку, яго жонцы Уршулі, а затым перайшлі да іх сына Караля Станіслава, у якога ў 1772 годзе бібліятэка была канфіскавана і перавезена ў Пецярбург. Па загаду Кацярыны II яе перадалі ў Акадэмію навук. У жніўні 1772 года туды трапіла 96 скрынь — 14 892 кнігі, без уліку гравюр, картаў і нот. У 1841 годзе польскія кнігі, якія раней уваходзілі ў нясвіжскую бібліятэку, былі разабраны і апісаны А. Старчэўскім. 4 лістапада 1916 года на пасяджэнні Рускага бібліяірафічнага таварыства Э. Вальтэр зрабіў даклад «Бібліятэка літоўскага магната 1772 года», у якім разглядаліся яе стан, роля і значэнне для культуры Літвы і Русі, неабходнасць калектыўнага вывучэння і інш. Вальтэр павсдаміў аб старажытных каталогах, паказваў некаторыя рэдкасці. На жаль, Радзівілаўскі кнігазбор моцна пацярпеў падчас пажару ўжо ў наш час. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі і Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Акадэміі навук Беларусі імя Якуба Коласа таксама захоўваюцца кнігі з нясвіжскай бібліятэкі Радзівілаў, але сабранай ужо ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя. Іх лёгка пазнаць па экслібрысах (некаторыя з іх зроблены Г. Ляйбовічам яшчэ ў XVIII стагоддзі), дзе намаляваны арол, які трымае шчыт з фамільным гербам. Зверху ідзе стужка, куды ўпісвалася імя чарговага гаспадара кнігазбору. У канцы XIX стагоддзя экслібрысы для Радзівілаў рабіў вядомы парыжскі гравёр Агры. Побач са старадрукамі ў нясвіжскай бібліятэцы захаваліся рэдкія рукапісы. Надзвычай цікавы лёс Радзівілаўскага летапісу, упрыгожанага 617 малюнкамі. Як паведамляў прафесар М. Улашчык, які падрабязна апісаў гэты унікальны помнік беларускай культуры, Радзіві- лаўскі летапіс быў названы так таму, што адным з яго ўладальнікаў быў Багуслаў Радзівіл. Другая назва летапісу — Кёнігсбергскі, бо з 1669 года ён знаходзіўся ў бібліятэцы горада Кёнігсберга. У 1761 годзе, калі рускае войска заняло горад, у якасці трафея быў перададзены ў бібліятэку Акадэміі навук у Пецярбургу. Мяркуючы па запісах на старонках летапісу, да Радзівілаў ён знаходзіўся ў руках дробнай шляхты і духавенства. У канцы маецца прыпіска, што ён падараваны Янушу Радзівілу нейкім Станіславам Зяньковічам. Гэта магло адбыцца ў канцы 40-х альбо пачатку 50-х гадоў XVII стагоддзя. Спачатку летапіс захоўваўся ў Нясвіжы, затым трапіў да Багуслава Радзівіла. А. Шахматаў, які вывучаў мову гюмніка, прыйшоў да высновы, што ён адносіцца да Уладзіміра-Суздальскага летапісання XIII стагоддзя, па змесце блізкі да знакамітага Лаўрэнцьеўскага летапісу. А рукапісная копія, якая належала Радзівілам, была зроблена, пэўна, у Смаленску, недзе ў канцы XV стагоддзя.