Не аднойчы забіты
Уладзіслаў Рубанаў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 287с.
Мінск 1994
Чуйкевіч не ўяўляў, як ён будзе жыць, калі за гэты час да адпачынку Пётр Пятровіч не дасць канчатковага адказу, калі не перапыняцца злавесныя званкі. 3 другога боку, зняважанаму, абуранаму, узятаму на прыцэл, яму не хацелася дараваць зламыснікам. Адважыцца, сатнуць зубы і рушыць у наступ, як раіць Цішкоў. У нейкія хвілі ён ужо быў гатовы да гэтага. Але ўнутраны голас, ці то выручаючы, ці здраджваючы, напамінаў яму пра высакароднасць: на зло не заўсёды такім жа чынам трэба адказваць (гэта з вядомага), хоць СПРАВЯДЛІВАЯ АДПЛАТА ГЭТА HE ЕСЦЬ ЗЛО. Смяротная кара за наўмыснае забойства — болып чым гуманізм.
РАЗДЗЕЛ 44
Кожны дзень прыносіў новыя жахі. Ад іх людзі пакрысе вар’яцелі. На вочы і на зямліста-шэрыя, мала не шызыя твары наплывала нежывая заду-
меннасць. Чуйкевіч гэта бачыў у тралейбусах і аўтобусах, на вуліцах. Прыдумаўся нават загаловак для твора: «Задуменныя твары». Гэтая хваравітая шэрань твараў выклікала ў яго шкадобу, і па ёй, здаецца, ён пазнаў бы савецкага чалавека нават на Марсе.
Аказваецца, выбух вагонаў у Арзамасе павінен быў адбыцца на дзве хвілі раней, каля ядзерных шахтаў. I толькі нашае бязладдзе выратавала: цягнік запазніўся акурат на гэтыя дзве хвілі. Версія камітэта дзяржбяспекі не выключала, што гэты выбух — дыверсія.
РАЗДЗЕЛ 45
Чуйкевіч не дасядзеў да канца дня. Развітаўся раней. Гэтым разам мінуў прыпынак. Ясноцце дня асвяжала душу. Травень апрануў дрэвы і распрануў жанчын. Чуйкевіч меў слабасць акурат гэтай парою, калі пасля зімовай змярцвеласці прырода даходзіць да шаленства, назіраць за жанчынамі. Ен піў асалоду з прыемных жаночых твараў. Лёгкае адзенне, аголеныя рукі і ногі, млява-ліпучыя позіркі таемна хвалявалі яго. Ен доўга мог ісці за жанчынаю, якая прыглянулася яму, дзівавацца на паходку, валасы, рух цела пад сукенкаю; грэшны, уяўляў яе голую, халаднавата-аксамітную, расцвеленую, і нават сябе з ёю ў ложку. Нейк навязалася яму думка, і цяпер яна выкрасала водгук, што жанчына — гэта ўяўленне (ты малюеш яе ўяўленнем і ўсё, што трэба, адчуваеш без фізічнай блізкасці). Падказаць бы яе манахам.
Чуйкевіч выбраў з натоўпу дзяўчыну ў ружовай шчыльнай імпартовай сукні — кароткай настолькі, наколькі дазвалялі намеры і прыстойнасць ейнай уладальніцы; на плячах ляжалі абрэзаныя паўкругам цёмныя валасы. Гледзячы на яе, ішоў следам. Свядома хвалюючыся, адганяў надакучліва-непрыемнае думанне, што завалодала ім, здавалася, навечна. На яго, аблытанага павуцінаю такой засяроджанай адрынутасці ад свету, ледзьве не наехала таксоўка, якая выскачыла з высокай аркі панельнага дома; вадзіцель пагразіў вялікім, як бохан, вясковым кулаком. I Чуйкевіч, на бяду сваю, успомніў яшчэ пра адну непрыемнасць, якая, мусіць, таксама цісне з
падсвядомасці на псіхіку: заваліў экзамен па ваджэнні. Правілы дарожнага руху (ПДД — у гаворцы рускамоўных курсантаў) на апараце «Вятка» адлускаў як арэхі. Пытанне — націск на кнопку: адказ. I так дзесяць з дзесяці разоў у «яблычка». А ваджэнне... Сеў побач строгі дыстрафічна схуднелы капітан-гаішнік з экзаменацыйнай карткаю на каленях — і нага здранцвела... «Што вы робіце?» — са страхам спытаў капітан, калі «жыгулёнак»-дарабок затузаўся, як на спружынах. Дарэмна не паслухаўся Доўнара, які папярэджваў: «Чуйкевіч, не садзіся — не здасі». Цяпер трэба дадаткова наездзіць дзесяць гадзін і рабіць чарговую спробу пераздаць.
Няўжо давядзецца пасля адпачынку? He хацелася б. Лішні клопат будзе вісець. I ці возьмецца ён тады пісаць, як нацэльваецца? Наўрад. А гэта яшчэ адно звяно ў ланцуг духовай закаванасці. Самае жахлівае для чалавека, а для творцы пагібельнае — садзіць душу за краты. Каля сямі дзесяткаў гадоў савецкаму чалавеку дэкляравалі, што ён не раб, а на справе акурат і рабілі з яго раба. Ен, Чуйкевіч, думаў напраўду, што рабы дзесьці за кардонам, у далёкіх краінах, але не ў СССР. Скуль ён мог ведаць, што тамака за мяжою творыцца? На здымках у газетах то на лаўцы беспрытульны спіць, то корпаецца ў сметніцы сагнутая ў крук бабулька з кійком... Паспрабуй здагадайся, як унутрана пачуваецца такі чалавекпустэльнік.
Дзяўчына адкінула валасы. Чуйкевіч зірнуў на каўнер: на згібе цёмная брудная палоска. Ягоны позірк імгненна скруціўся ў зямлю: рассыпалася на радыеактыўны пыл прыгажосць.
Голас: «Пішы, зняўшы ўсе механізмы самаўтаймавання».
Чуйкевіч прыйшоў дадому і, папіўшы чаю, сеў на канапу чытаць аповесць Набокава. Нават эротыка не захапіла яго цалкам. Ен шпульнуў часопіс на крэсла. Той разгарнуўся, натапырыўся вожыкам, як жывыя варушыліся старонкі — салют набокаўскім думкам.
He, усё-ткі таксама нельга прызнаць за норму ягонае перажыванне праз тое, у чым зусім, ні на ёту, няма віны. Ен што, блазнюк які альбо хтосьці кіруе ім? Мабыць, ягоная падсвядомасць настолькі тонкі апарат, што адчувае нават чыесьці імпульсы і рэагуе
на іх. Вось толькі чые? Ен прыгадаў адзін з незвычайных сноў. Яму раптам адкрылася магутная і глыбозная прастора неба. Адчуванне чагосьці страхатліва-навальнічнага. 3 цёмнай бездані спускаюцца на зямлю адна за адною трыма радамі светлыя перавернутыя «талеркі». У вышыні маленькія, а чым бліжэй да зямлі, тым большыя. Гэта і рупары чыйгосьці голасу, і хвалі думак адначасна.
Чуйкевіч не вытрымаў і пазваніў у Пракуратуру. Мелася шостая гадзіна дня. Пётр Пятровіч быў яшчэ на працы. Чуйкевіч ужо ўсёк: і рана, і позна ён там. Значыцца, клопатаў хапае, а ён валаводзіцца ні з чым. Выходзіць, ім таксама хтосьці кіруе, вымушае займацца менавіта справаю Чуйкевіча?
— Пётр Пятровіч, я хутка іду ў адпачынак, ці буду я вам патрэбны ў бліжэйшы час? — I тут жа дакор сабе: «Чаму неабыякавы, чаму не ігнарую ўсю гэтую цяганіну, д’ябал мяне вазьмі?..»
— Расследаванне я скончыў, вазьмуся пісаць пастанову, але Субач покуль я нічога не даводзіў,— адказаў той лагаднейшым, чым звычайна, голасам.
— Калі яна яшчэ нейк павініцца, я дарую ёй. А калі будзе зноў даказваць неіснуючае, я падам на яе ў суд за паклёп. I ўжо дамоўлена з журналістам, што ён напіша пра гэтыя ганенні на мяне.
Пётр Пятровіч затоена-ўважліва слухаў.
— Калі яна будзе настойваць, можна стварыць экспертызу,— зняцяйкі аглавушыў ён.
Госпадзі Божа мой! Як тут не хапацца за галаву. Экспертыза — гэта ж новы рой плётак. Няўжо і ён, юрыст, не разумее простай рэчы: калі штосьці, нейкі сказ ці выраз, і супадае, то гэта менавіта Субач падтасавала. Ягоныя ж творы былі выдадзены, не кажучы ўжо пра напісанне, раней, чым яна прынесла сваю лухту. Вось з чаго хоць бы зыходзіў, хацелася закрычаць Чуйкевічу ў трубку. У гэтую ненавісную трубку, словы з якой так непатрэбна перакройвалі яму жыццё.
РАЗДЗЕЛ 46
Чалавек свабодны толькі на адзіноце. I ўсё роўна не да канца, а ў той меры, у якой яго ўжо сапсавала СІСТЭМА.
Нарэшце пачаўся вывад нашых войск з Афганістана. Будзе працягвацца дзесяць месяцаў. За першыя тры палову кантынгенту мяркуецца вывесці. А колькі гэта? Нідзе ніколі не была названа лічба, а тэрмін «абмежаваны кантынгент» ні пра што не гаворыць. Зразумела і так, што ўсе войскі не ўвядзеш.
Чуйкевіч не сумняваўся: прыйдзе час, калі будзе названа і гэтая колькасць, і колькасць ахвяр. Ці патрэбны былі гэтыя ахвяры, зноў-такі выявіцца, асабліва калі пачне кіраваць кааліцыйны ўрад. Вельмі верагодна, што ахвяры былі марныя, зусім непатрэбныя. Як толькі савецкага войска там не будзе, усё стане на сваё месца. Кампартыя страціць уладу. Народ яе не падтрымае, бо яна дазволіла на сваёй зямлі вайну. Нельга ўкараніць у народ чужароднае — у якой бы ўпакоўцы яно ні прапаноўвалася. Асяроддзе выштурхвае з сябе, знішчае тое, што нясе яму згубу.
РАЗДЗЕЛ 47
Апошнія дні званкоў з Пракуратуры не было. А можа, проста Пётр Пятровіч не лучаў на Чуйкевіча, які цалкам быў заняты ваджэннем. У кожным разе, Чуйкевіч быў задаволены. Ен і ў адпачынак хацеў пайсці, нічога болып не чуючы, не ведаючы, не бачачы. Здаць бы гэты экзамен па ваджэнні — і гуд бай!
Начальнік СТК Ілля Нічыпаравіч Мочкін, адстаўнік, упарціўся, не даваў даведкі, што Чуйкевіч дадаткова ад’ездзіў дзесятак гадзін. Тлумачыў, што гэта не так проста: графік распісаны ў інструктараў да канца лета, бензін выдзелены толькі на абавязковыя заняткі. 3 дня ў дзень Мочкін казаў Чуйкевічу: прыйдзі заўтра. Тыповы салдафон: выгляд, мысленне, звычкі, манера размаўляць. Іменна гэткі тып каціраваўся ў наменклатуры на не вельмі тлумных і адказных пасадах. Праўда, калі выявілася, што яны землякі, Мочкін палагоднеў. Ды ўсё роўна не пазбавіўся ўнутранай патрэбы паздзекавацца, насміхнуцца. Такі чалавечы род: кожнаму карціць патаптацца па прыстойнасці.
Чуйкевіч ішоў на чарговую сустрэчу з Мочкіным. Злева ад тратуара млелі сцішаныя елкі. Цёмныя, жорсткія, запыленыя, і толькі самыя кончыкі, што
паспелі ўжо адрасці,— бледна-зялёныя, кволыя. Сцісні пальцамі — не ўколешся. Ен увесь час абколваўся аб людскую чэрствасць.
Чарга людзей па карамель у кульках уцякала з горада за далягляд, дзе падымалася трывожнае зарава.
Мочкін разгарнуў на стале карту радыяцыйнай забруджанасці, паказаў тоўстым, бы малочная бутэлька, абрубкам пальца, у якіх мясцінах нарадзіўся. Яны, як і Чуйкевічавы, былі таксама заштрыхаваныя ў клетачку. Чуйкевіч хоць гэтым хацеў выпрасіць спагаду: маўляў, яны абодва пакутнікі.
— Ты мне не хітруй, пісацель! — Мочкін пляснуў ёмкай караткапальцай, як у льва, далонню па карце.— Вось ты пісацель... м-гы, пісацель... Што я ад цябе буду мець, калі дам табе даведку?
— Падпішу вам сваю кніжку...— Чуйкевіч выціснуў словы праз сілу, ведаючы, якая цана ягонай кнізе ў абываталя.
— На беларускай мове? — Мочкін размаўляў гучна, адрывіста, як усё роўна аддаваў каманды. У яго былі вялікія белыя вушы з тонкімі ліловымі жылкамі, дзіўна розніліся ад цямнявага твару.— Забыўся ўжо гэтую мову, а калісьці беларускую школу канчаў... Гамон вашай мове, не жыць ёй! На ёй добра толькі лаяцца. Ты мне што-небудзь з дэфіцытнага, магёш?
— «Тры мушкецёры», напрыклад...
— Атос, Партос, Араміс і д’Артан’ян? — відочна дэманструючы перад ім свае пазнанні (відаць, з кіно), зноў пляснуў па стале Мочкін.— Гані!
Ён націснуў пальцам-бутэлькаю кнопку на сваім стале. Увайшоў высокі, сухарлявы мужчына з сівымі бровамі на ўчарнелым твары.