• Газеты, часопісы і г.д.
  • Не аднойчы забіты  Уладзіслаў Рубанаў

    Не аднойчы забіты

    Уладзіслаў Рубанаў

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 287с.
    Мінск 1994
    80.42 МБ
    РАЗДЗЕЛ 59
    Устаў сярод ночы. Падступіўся да вакна і доўга глядзеў на лес. У шатах соснаў гарэлі неонавыя ліхтары. Як светлякі ў траве. Толькі што пры-
    сніўся сон — русалкі ў Іслачы. Вылезлі на пясчаную выдму. Адна белая як смерць, падобная на маладую артыстку Б. з тэатра імя Янкі Купалы.
    Неадольна пацягнула блукаць па начным лесе. Гадзіны з дзве назад прашаптаў цёплы імжысты дождж. Чуйкевіч трымаўся бетоннай сцежкі, каб не расяніць ног. На ёй сядзела шмат жаб. Яны мякказапаволена скакалі з-пад ног. Чуваць было, як шамацела трава, калі яны падалі. 3 сасны капнула кропля.
    Выйшаў на абрыў лугавіны — Матка Боская! — залітая ўся блакітным марывам. Туман. Такога высокага Чуйкевіч яшчэ не бачыў. Стаіць сцяною, нароўні з соснамі, што растуць на далёкім краі лугавіны. Унізе пад гарою валавяна бліскае рака, журчыць. Абазвалася якаясьці начная птушачка:
    — Цо-цо-цо-тыр-р-р! Цо-цо-цо-тыр-р-р!
    Што за яна? Такой песні Чуйкевіч ніколі не чуў. А гукі знаёмыя. Ну, канечне ж, яны нагадваюць друкаванне на пішучай машынцы. А можа, мірсціцца яму ад суму па творчасці?
    Над травою пад ліхтаром танцуе безліч маленькіх светлых, бы вата, матылькоў. Адзін сеў на абшыўку курткі. Дзіўная назва ў гэтага матылька — мядзведзіца кая. Зусім не стасуецца.
    Зноў ураўнаважыцца льга было толькі ў новым месцы. He дабыўшы да канца тэрміну, Чуйкевіч пакінуў гэтае «Цяля на вяроўцы». Бачыць штодня на асфальтавай дарожцы, на ганку нязмытую закарэлую кроў, якая пасля дажджу расцякалася па ручайках, было звыш ягоных сіл. Такія крывавыя змейкі тачылі ўледзянелы двор, калі свежавалі япрука, мылі яго, абсмаленага, цёплай вадою. Асацыяцыя нясмачнасцю прайшлася па грудзях, ажно пагусінілася скура.
    Яго чакала вёска. He з’ездзіць туды ён не мог. Перахварэла душа, прытупіўся боль, але ўвесь час жыла ў ім, не пакідала думка, што ён асірацеў, як і многія тысячы тых, чые мясціны выстудзіла чарнобыльская чума. Хто ведаў, што да вядомай медыцыне заразы напрыканцы XX стагоддзя дадасца яшчэ адна — радыяцыя. He перадаецца яна бацылай, але ад таго не менш небяспечная і каведная. He толькі выкошвае людзей, але й робіць квёлай будучыню — расхіствае, крьппыць непарушную, Боскай міласцю акладзеную рамку генафонду беларусаў.
    У якісьці момант Пятру Пятровічу здалося, што Чуйкевіч залішне нервуецца. Чалавек ён, канечне, творчы, з тонкай псіхікай, але калі зусім не вінаваты, дык чаму так ужо тузацца. Ну, справа зацягнулася — і што з гэтага? Жыві, працуй спакойна і чакай рашэння.
    Пётр Пятровіч, жук вопытны, ведаў адзін спосаб, які дапамагаў беспамылкова выявіць вінаватага. Чалавек вінаваты да канца, аж да самага прысуду, не страчвае шанцу стаць патрэбным следчаму, у чымсьці нават паспрыяць. Пётр Пятровіч ужо ўсёк, што перад ім чалавек з багатым творчым і рэдактарскім навыкам, які мае мажлівасць друкаваць у часопісе чужыя рэчы. Што, калі яму падсунуць сваё апавяданнейка? Увайсці, так сказаць, у хаўрус. Калісьці ва універсітэце на юрфаку Пётр Пятровіч быў членам рэдкалегіі насценнай газеты «Страж закону» і крэмзаў такіясякія зацемкі. Калі Чуйкевіч хоць крыху вінаваты, ён абавязкова прапануе яму надрукавацца ў часопісе.
    Пётр Пятровіч націснуў кнопку свяцільніка. На рудую адпаліраваную локцямі паверхню стала лёг лапік святла. У гэты лапік ён палажыў аркуш паперы і ўзяў ручку.
    Гадзіны праз дзве з-пад ягонага пяра вылецелі тры аркушы, спісаныя крывымі дробненькімі, падобнымі на мурашак, літарамі. У іх апавядалася пра тое, як малады дзяцюк ажаніўся з сямідзесяцігадовай старой, каб займець права на ейную жылплошчу. Урэшце, дайшло да суда. Пётр Пятровіч вёў гэтую справу, добра яе ведаў, і напісалася яму лёгка. Перачытаў — гладка, складна! He горш, чым у гэтых «пясьменнікаў». А для прынады яшчэ як прыдасца. У пастцы абы прыманка была, дзеля паху.
    Пётр Пятровіч пацёр знямелыя пальцы. Да хрусту. Да болю.
    РАЗДЗЕЛ 61
    Перапыніўшы знаёмства з героямі рамана, я хачу з дапамогаю фантазіі і чутага пабыць у свеце сваіх продкаў. Папіць вады з крыніцы наколькі жаданай, настолькі і недаступнай мне. Такое адчуванне
    перажывае, мабыць, кожны: душа і розум імкнуць не толькі ў будучыню, у якой табе жыць, але і назад, дзе зараджалася тваё «Я» яшчэ далёка да твайго з’яўлення на свет, знеткуль з кудзелі касмічнага матэрыялу высмыкнулася нітачка твайго роду. Яна, відаць, бясконцая ў глыбіню, як тое дзяленне атама, таму я даверуся адно памяці сваёй вёскі.
    РАЗДЗЕЛ 62
    Вёска, дзе нарадзіўся Чуйкевіч, мела некалькі назоваў. Можа, не ўсе зафіксаваныя ў папяровых кандуітах розных часоў, але ён чуў з вуснаў сваіх землякоў: і Самадумка, і Малінаўка, і Таўкачоўка, і, нарэшце, Аляксандраўка. Нічога ў свеце выпадковага няма, усё звязана-перавязана. I назовы не так сабе, ад няма чаго рабіць альбо ад прыхамаці аднаго чалавека, з’яўляліся.
    Адлічэнне сваё вёска пачынае дзесьці з 1905 года. Яна ўзнікла на зусім новым месцы — на балоце. Год узнікнення таксама не выпадковы. Першая рэвалюцыя ўскалыхнула царскі ўрад, прымусіла задумацца, чаму бунтуюць сяляне ў вёсцы, рабочыя ў горадзе; як падняць ураджайнасць, наладзіць мануфактуру... На гэтым пагрозлівым зараве народнага абурэння кволаю сярнічкаю адным жнівеньскім днём успыхнула на правым беразе Сажа, за чатыры вярсты ад <<варшаўкі», вёска Судзілоўшчына.
    Ніхто не ведаў, чаму загарэлася вёска. Усе былі ў полі, на жніве. Калі падлеткі і мужчыны першыя прыбеглі, полымя жэрла ўжо палову хат. Шматдзённая спякота высушыла салому на стрэхах, частакол, бярвенні, і яны займаліся гарэць як порах. На бяду, ускінуўся вецер, ірваў уздоўж вуліцы — і агонь хлапякамі перакідваўся з адной страхі на другую. 3 цабэркамі, дзежкамі, начоўкамі людзі паляцелі да Сажа; адтуль, абліваючыся вадою і потам, перліся на гару, у агаломшанасці не цямячы, што іхныя высілкі зусім марныя. Галасілі, апошнімі прыбегшы, кабеты, плакалі маленькія дзеці, грэбліся з калысак.
    Можа, праз гадзіну-дзве на месцы вёскі дымілася вялізнае цяплішча. Вецер насіў у паветры іскры, чорнае, бы мухі, ахлоп’е згарэлай саломы. Шархотка шумелі зажаўцелыя бакі яблынь і грушын.
    У небе плаўна кружылі буслы і вароны, між імі ўвішна, як бы знарок лавіруючы, мільгалі ластаўкі.
    Што рабіць з вёскаю, думкі разбегліся. Адны казалі: заставацца на старым мейсцы, адбудоўвацца, другія з такой жа настойлівасцю даводзілі, што трэба пашукаць іншае мейсца, болей шчаслівае. Галоўны доказ першых быў — Сож: вада, рыба, луг... У другіх былі доказы не менш важкія: тут зямля неўрадлівая, супесі — дробная бульбачка, чэзлы колас... Спрачаліся доўга і ніяк не маглі паразумецца. Як заўсёды, пры такіх зацятых спрэчках апошняе слова давалі Мацвею Чуйкевічу — Кастусёваму прадзеду па бацькавай лініі. Захаваўся людскі погалас аж дасюль: што гэта быў мудрэц, чалавек нетаропкі, разважлівы. I ён выказаўся тады за новае мейсца. Мужчыны з дазволу пана Судзілоўскага пачалі яго шукаць.
    Людзей заўсёды цягнула з глухамані да святла, бліжэй да выгод цывілізацыі (хоць якая тады была цывілізацыя?). Так абралі мейсца непадалёку ад «варшаўкі», на прамежку між Прапошаскам і Чэрыкавым, на правы бок, калі ехаць з Масквы ў Варшаву. Гэта была суцэльная глушэча: вольха, бяроза, елка, сасна, хмызняк. Мясцінамі зусім непралазная ад зараснікаў маліны, ажыны і хмелю. Хіба што адна канава-рачулка, пятляючы між куп’я, кустоўя і алешын, прабівалася скрозь яе. У канаве, выявілі, было процьма ўюноў, карасёў і нават шчупакоў — чорных, як галавешкі. «Вось вам і рыба,— сказаў Пахом Гляк.— Навошта той Сож...»
    Нарэзалі надзелы на кожны род і пачалі раскарчоўку. Рыдлёўка, сякера, кірка, кол-падвага — вось тыя няхітрыя сялянскія прылады ў помач мазолістым рукам. Глушэча адступала, адганяючы ўглыб дробнае звяр’ё і птаства. Толькі мядзведзь — гаспадар над усімі — не захацеў здаваць сваіх уладанняў і паплаціўся за гэтае нахабства жыццём.
    Напароўся на яго Хведар Вірлак ці па-вясковаму — Проччым. Пайшоў у маліннік па вялікай патрэбе — і раптам ляціць адтуль збялелы, з вырачанымі вачыма. Рот разяўлены, а слова прамовіць не можа. Дзіва што: услед за ім гэцае здаравенны буры мядзведзь. Дарма, што няўклюдны з выгляду, касалапы, а бяжыць лёгка, быццам яго спружыны падкідваюць. Вірлак зачапіўся абораю за патарчаку, зарыўся но-
    сам ў твань. Тут яго і нагнаў мядзведзь. Вірлак падхапіўся — за куст крушынніку, а мядзведзь за ім. Носяцца вакол куста, невядома, хто за кім ганяецца.
    Добра, што мужчыны, з коллем ды сякерамі, падаспелі. Але ці змаглі б яны саўладаць з касалапым, калі б у Пахома Гляка не аказалася крамнёўка. Усадзіў ён дранкуліну мядзведзю ў карак, той дзіка зароў, устаў на заднія лапы і рушыў на талаку. Смялейшыя мужчыны коллем яму насутыч — звалілі, заклявалі сякерамі. Зважылі пасля — каля паўтоны туша пацягнула.
    А небарака Вірлак са страху ўмлеў. Гады два слова не мог вымавіць, толькі лыпаў вачыма ды ікаў. Пасля аголтаўся, але ўсё роўна, казаў, у галаве шум, «мутна», быццам з пахмелля. Можа, праз гэта і дзеці ў ягоным родзе пайшлі прыдуркаватыя, абэлтусы.
    Назву вёсцы далі Самадумка: самі надумаліся будаваць яе. Але ўсякай дзяржаве ніколі не падабалася самавольства народа. Яе правіцелям заўсёды здавалася, што яны лепш і ведаюць, і бачаць, і разумеюць. Мусіць, так і павінна быць: маса, калі ёй даць волю, разраджаецца бязладдзю, хаосам, злачынствамі, амаральнасцю. Магілёўскі губернатар загадаў змяніць назоў, угледзеўшы ў ім бунтарскі дух. Вось і пайшлі гаданні, пераборы прымет: багата маліны — значыцца, быць Малінаўцы.
    Праз якісьці час малінаўскія майстры праславіліся на кірмашах хвацкімі таўкачамі. Чаму не засведчыць гэта? Адсюль — Таўкачоўка.
    Надакучылі пану гэтыя частыя змены назоваў. Звярнуўся ён да губернатара: дазвольце ў гонар Аляксандраўскага палка, які вызначыўся ў бітве пад Лясною са шведамі, менаваць вёску Аляксандраўка.
    Такім дайшло да сённяшніх дзён адно з паданняў, паводле якога назвалі Чуйкевічаву вёску.
    РАЗДЗЕЛ 63
    Чуйкевіч прачнуўся ад зычнага мужчынскага голасу і доўга не мог уцяміць, дзе ён. Усё незнаёмае. Доўга лыпаў вачыма, покуль зразумеў, што ён у бацькоў у вёсцы.
    3 вакна лілася чыстая, бэзавая яснасць. Рванымі
    шматкамі слаліся на падваконнік сонечныя блікі. Дзесьці клахатала курыца.