Не аднойчы забіты
Уладзіслаў Рубанаў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 287с.
Мінск 1994
Чалавек узяў з падваконніка шпільку, якой мацавалася да кардоніны кашуля. На тупым канцы шпількі была маленькая, з канапліну, чорная бубка. Чалавек прышчаміў шпількаю асу і праткнуў ёй шыю — тонкую белую жылку, што злучала плоскую, падобную на зернетка спелай грушы галаву з точаным, порсткім тулавам.
...Аса ляжала на баку. У яе канвульсіўна паторгвалася сярэдняя нага зверху і трохі драбней — пярэдняя. Жываток раздзімаўся і патаўшчаўся, акурат у чалавека, які зняможана дыхае. Услед заторгаліся ногі знізу — пярэдняя і сярэдняя. Дзве пярэднія былі падагнуты да грудзей — так, як у сабачкі, калі ён становіцца на заднія лапы — і паторгваліся разам.
Правае верхняе крыло было адтапыранае і прамое, як наструненае для палёту. Ніжняе падломлена пад жываток, і відаць, як тырчыць убок маленькае, вузенькае падкрыльца. Праз жоўтае, з цёмнай абводкаю крыло прасвечваліся рудаватыя нітачкі, як жылкі на вачах у стомленага чалавека. Задняя верхняя нага выструнілася акурат уздоўж чорных кропачак на прадаўгаватым кольчатым жыватку; ніжняя была пад жыватком, і тырчаў толькі кончык — на полі падваконніка выразна выдзяляліся два кіпцюрыкі і елачка вострых шыпоў.
Галава асы была павернута ўгору зубчастымі сківіцамі. Вусік з жоўтага лоба, сагнуўшыся, упіраўся ў падваконнік, другі тырчаў прама.
За вакном усчаўся вецер і туга ўпаў на шыбіны.
Востра засачыўся ў шчыліну пад рамаю скразнячок, скрануў асу. Яна напялася, падцяўшы да грудзей жываток, чуйна заварушыла вусікам і закратала нагамі, сілячыся дастаць імі падваконнік. Часта-часта зачыкалі сківіцы. Але шпілька з чорнай бубкаю на канцы была цяжкая, і аса ніяк не магла стаць на ногі.
Тады чалавек узяў шпільку за бубку і падняў асу — на падваконніку засталася жаўтлявая кропелька. Валаскі, што густа пакрывалі асу, былі шызыя ад пылу, які набраўся з падваконніка.
Аса імпэтна затузалася — усім тым, што магло кратацца, і нават з кончыка жыватка тыцнулася колькі разоў джала з празрыстай макулінкаю яду. I — раптам ураз сцялася, знерухомела, адно квола трэсліся канцы ног; адна, сярэдняя знізу, мёртва падціснулася да жыватка — як паралізаваная.
Чалавек зноў паклаў шпільку з асою на падваконнік — так, каб асе можна было апіраода на ногі. Аса імгненна ажывілася і пачала хапатліва штурхацца нагамі, крыльцы варушыліся, толькі адно, выпрастанае, служыла асе падпоркаю.
Аса «хадзіла» кругамі, апіраючыся на ніжні рад ног і адно крыльца. Шыпы на нагах дапамагалі адштурхоўвацца ад падваконніка. Бубка ад шпількі ляжала нерухома, і рух асы вакол яе напамінаў цяля на вяроўцы, якое трымае чалавек. Чорная бубка — чалавек, шпілька — вяроўка, аса — цяля, якое натурыцца і не хоча ў хлеў. Ад крыла і ног на падваконніку заставаліся ледзьве прыметныя пісягі — святлейшыя за падваконнік.
Аса, змучыўшыся, знерухомела, адно пярэднія ногі ўсё яшчэ торгаліся і згіналіся ў кручкі. Жываток час ад часу расцягваўся, як быццам у ім білася сэрца,— то шырэлі, то звужаліся чорныя і жоўтыя палоскі.
Потым знерухомелі і пярэднія ногі, але закратаўся кончык задняй нагі знізу — пад жыватком. I зачыкалі жоўтыя, апраўленыя чорнай рыскаю, сківіцы.
Чалавек, здаецца, пачуў, як яны паскрыпваюць зубамі, і сам сцяў зубы, аж выступілі на пашчэнках жаўлакі. Зноў глянуў у вакно. ПІпака на траве не было ўжо. На небе стаялі густой чарадою цямнявыя, з бэзавым налётам хмары. Ківаліся і блішчэлі лістотаю бярозкі вакол бледна-ружовых старых баракаў на два паверхі. Каля іх гулялі дзяўчаткі ў белых
фартушках, стаяла раскладушка, і вецер бязглузда гартаў старонкі пакінутай на траве кнігі. Чуўся ўладны жаночы голас, гукаў дахаты Афрадытку. 3 пастаўленай на высокія слупы будачкі, да якой была прыпята лесвіца, сарваліся галубы і панесліся над горадам. Чалавек сачыў за імі, покуль іх не страцілі вочы.
Тады ён зноўку вярнуўся да асы.
Аса была нерухомая, без прымет жыцця. «Няўжо?..»— падумаў чалавек і адчуў у грудзях незразумелы халадок і трывогу: аса — не чалавек і нават не сабака ці кот і не птушка, але... Гэта жывое стварэнне, маленькае, прымітыўнае, але з Богам дадзеным правам жыць. Нягледзячы ні на што і смела прымаючы смертаносны выклік бязлітаснай чалавечай рукі.
Чалавек пільна ўгледзеўся ў асу. Здалося, быццам зыбнуўся кончык пярэдняй нагі. I толькі. Чалавек абрадаваўся, і ў вачах з’явіўся бляск. А потым ён убачыў, што бурштынавая плямка на лобе асы, між чорных пукатасцей вачэй, падобна абрысамі на чалавечае сэрца, якім яго малююць на руках зэкі і якое азначае «Гатовы за сябра пайсці на забойства». Чалавек насупіў бровы, аж схаваліся пад імі вочы, і адчуў, што вярэдлівай калючкаю заварушылася ў грудзях крыўда, якую ён сіліўся забыць і не ўспамінаць ніколі. I ўсё змяшалася ў галаве, адно лез у вушы скрып асіных зубоў, нечакана цвёрды і ядраны, і скакала перад вачыма бурштынавая плямка ў форме чалавечага сэрца...
Чалавек зразумеў, што перажывае моцнае нервовае ўзрушэнне. Ен папярхнуўся, незнарок дыхнуўшы на асу, якую палічыў ужо мёртвай. Яе адкінула да рамы. I, дзіва дзіўнае, аса з новаю сілаю, акурат адпачыўшы, задрыгала нагамі. Ды так, што кульнулася праз галаву і легла на спіну. Апіралася на крыльцы і той мясцінкаю жыватка, дзе ён прырастае да грудзей. Кончыкі ног нервова дрыжэлі. Пярэднія ногі чапляліся за вусікі, прыгінаючы іх да грудзей... I чалавек ажно адхіснуўся: кінулася ў вочы белая вострая дзюбачка шпількі, што выткнулася з шыі. Як нож у чалавечым целе.
У чалавека пабялелі вусны, і ён кусаў іх зубамі, амаль не адчуваючы болю. А за вакном было пуста. Hi неба, ні дамоў, ні людзей, адно жоўты змрок.
...Аса жвава кратала нагамі. Спружылася целам і, кульнуўшыся, зноўку стала на ногі... пасунула, пасунула бубку па гладкім падваконніку і ўперлася ў раму. I раптам нейк рэзка скурчылася, звузіліся, мала не скруціліся ў трубачку крыльцы, як бывае ў павуціне. Hori апруцянела і мёртва абвіслі. Як завадныя, зачыкалі сківіцы, потым цвёрда сцяліся, а жываток затрымцеў. Вольна, як у сабачкі вушы, апусціліся вусікі — яны былі белыя ад пылу.
«Усё...»
Чалавек хуценька ўзяў асу за адтапыранае крыльца і паклаў на сярэдзіну падваконніка. I — у асы заварушыліся пярэднія ногі. Упіраліся ў падваконнік, чапляючыся за сагнутыя ўніз вусікі. Заднія і сярэднія ногі нейк нежыццёва і суха, як травінкі сіўцу, тырчалі ў бакі. Ды аса зноўку напялася і кульнулася праз галаву, аж было чуваць, як стукнулася аб ладваконнік ейнае цела.
Чалавек асцярожна дакрануўся пальцам да жыватка і — уга! — войкнуў: палец быццам працяло токам. На носе выступіў дробны пот, а па лагчынцы спіны прабеглі мурашкі.
«Яшчэ кусаецца!» — здзівіўся ён, наглядаючы, як з кончыка жыватка торкаецца чорны шпянёк з ядавітай макулінкаю.
Аса сутаргава стрыгла пярэднімі нагамі, і ёй, мусіць, здавалася, што яна ўджаліла — забіла — свайго ворага, і цяпер ён не будзе балюча калоць ёй у шыю, прыціскаць да падваконніка. Але сілы ў яе было зусім мала, і яна не магла скрануць з месца бубку. Толькі зацята чыкалі сківіцы, быццам хапалі, заграбалі ў рот паветра. Так задыхаецца чалавек.
Ён падняў яе і паставіў на скручаныя трубачкаю крыльцы і ад таго — пруткія. Белыя вусікі леглі на вочы, пярэднія ногі, скрыжоўваючыся, квола ўздрыгвалі... Аса — жыла.
Чалавек сядзеў перад ёю, і яму было сорамна і брыдка за сябе.
1978 .
РАЗДЗЕЛ 68
На Паўночных могілках стаіць сціплы помнік — шар з белага каменю. Hi дат, ні надпісу, ні фатаграфіі на ім няма. Такая была просьба да
бацькоў у чалавека — майго сябра Міколы В., — які тут пахаваны.
Як гэты помнік сярод пампезных манументаў, так сябра вылучаўся сярод людзей. Калі гэта праўда, што Бог выбірае на зямлі асобных людзей і трымае праз іх сувязь, то ён, сябра мой, акурат і быў гэтакі чалавек — чалавек Неба, альбо, як цяпер кажуць, медыум. Яму было даравана права ўваходу ў храм Духоўнасці. Гэтую духоўнасць ён выносіў на людзі. Я бачыў, як ён слабее з кожнай хвіляю, распавядаючы пра незямныя, нячутыя мною рэчы. Яму пад канец цяжка было прамаўляць словы, гаворка блыталася, і ён замаўкаў. Толькі сінія вочы гарэлі выразлівым, гіпнатычным святлом — водбліскамі духовай чысціні. Ен казаў, што не чытаў ніякіх духоуных кніг, усё прыйшло яму як бы само сабою: і назвы, і фразы, і цытаты... Ен пасвячаў мяне ў свае адчуванні. Тое-сёе я запісваў, і мне свярбела палазіць па Бібліі, Каране, «Махабхараце», іншых гасподніх кнігах і пашукаць адпаведнікаў.
Я не верыў і са страхам глядзеў на яго. Розум незвычайны, а лад жыцця прымітыўны. I гэта мне цяжка было ўразумець, нават немагчыма. Ен мяняў працу, як цыган коней, бязбожна піў («усё, што гарыць»), хоць меў хліпкае, гарманічнае, але вельмі тонка зладаванае прыродаю здароўе. Яго не раз выратоўвалі дактары. Нейкім часам і яны не змаглі...
Я не хачу сказаць, што ў гэтым творы ўнутраны свет галоўнага героя спісаны з майго сябра (так не бывае), але тое ўражанне ад яго, якім, паводле Дастаеўскага, трэба запасціся, каб напісаць раман, засталося. I я, паламаўшы ўсе творчыя планы, яго напісаў. Калі палічыў раздзелы ў кожнай частцы, то здзівіўся: іх было пароўну ў першай і другой — па 68.
Зусім рэдка я купляю кветкі, саджуся у аутооус і еду міма Навінак на Паўночныя могілкі. Стаю перад белым, без намёку на пранікальнасць, шарам, і мне здаецца, што я жыву ў якімсьці новым, таямнічым свеце.
1976, 1986, 1991 — 1992
Рубанаў У.
Р82 He аднойчы забіты: Раман у 2 ч.— Мн.: Маст. літ., 1994.— 287 с.: іл.
ISBN 5-340-01432-0.
Гэта псіхалагічны раман з элементамі такіх новых з'яў, як містыка, выхад чалавечай душы ў паралельны свет, незвычайны стан свядомасці. Галоўны герой Чуйкевіч трапляе ў выключна складаныя варункі. 3 аднаго боку, ім занялася па лжывым даносе пракуратура, з другога — ён трапляе ў поле зроку рэкеціраў-вымагальнікаў, якія ў рэшце рэшт, нягледзячы на меры, прынятыя міліцыяй. забіваюць галоўнага героя. ’
Такая фабула твора, з дапамогай якой раскрываецца наша сённяшняе жыццё, бязладнае, трагічнае, з актыўнасцю злых сіл, накіраваных на знішчэнне ўсяго духоўнага, прыгожага, нацыянальна адметнага, а таксама робяцца экскурсы ў крывавую гісторыю беларускага народа.
8820600000-073
р 19-94
М 302(03) 94
ББК 84(Бен)6
Літаратурна-мастацкае выданне