Не аднойчы забіты
Уладзіслаў Рубанаў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 287с.
Мінск 1994
РАЗДЗЕЛ 68
Афганістан — гэта савецкі боль. Чуйкевіч перад ад’ездам з вёскі глядзеў па тэлевізары дакументальны фільм пра ўдоў і мацярок воінаў-інтэрнацыяналістаў і плакаў разам з гэтымі гаротнымі жанчынамі. Яны падабраліся як быццам знарок. Падоб-
ныя адна на адну — прыбітыя, пасівелыя, з апухлымі ад слёз вачыма. Добра, няхай хлопцы загінулі, выконваючы загад. Непазбежнасць. Але яшчэ мацней сціскалася ў Чуйкевіча сэрца, хацелася крычаць гвалтам, калі жанчыны расказвалі, як ставяцца да іх, няшчасных, тупагаловыя чыноўнікі ў гарадах і вёсках: «Я вашага сына туды не пасылаў». Ен разумеў тую зарана звялую малодку, якая казала, што ў Бога не верыць, але ходзіць у царкву — па міласэрнасць.
Чуйкевіча ў гэты вечар дабіў урывак пра лётчыка. Далі запіс жывых галасоў на стужку. Голас з зямлі: «Срочно оставляйте самолет! Срочно оставляйте самолет!..» А ў канцы немы крык лётчыка: «Проіцайте, мужнкн!..» — I выбух. Стужка абарвалася. Вось такія перадсмяротныя моманты на Чуйкевіча моцна дзейнічалі: гэта ж рушыцца сусвет, наступае небыццё для цэлага жыцця. Жыццё кожнага — гэта планета са сваімі вачыма, вушамі, голасам, пачуццямі. Спыняецца жыццё — і спьіняецца, перастае існаваць планета.
Частка другая
Вывучаць жыццё салаўя, папярэдне забіўшы яго, ці не ёсць гэта варварства?
М. Рэрых
РАЗДЗЕЛ 1
Пасля месячнага перапынку на працу Чуйкевіч ішоў у трывозе: што там? Думалася, за гэты час багата чаго памянялася. Можа, нават і ён ужо не на сваёй пасадзе. Сёлета адпачынак у яго быў незвычайны. Столькі ўсяго пакінуў перад ім! He заглухла яно, дзесьці жыло, хліпала, крывавіла, чакала яго, каб упіцца ў сэрца, мазгі, душу, развярэдзіць іх. А можа, дзесьці за абабітымі жалезам дзвярыма падрыхтаваны яму, як крутому злачынцу, сталёвыя, адпаліраваныя да бляску наручнікі.
Чуйкевіч адчыніў дзверы кабінета. Павітаўся і чакаў ад Люшчэні першых слоў. Акурат першыя будуць самыя важныя, самыя небяспечныя для яго. Нягледзячы на ранні час, кабінет залівала сонца, міма шторы клала на стол свой жоўты след.
Люшчэня павіншавала яго з вяртаннем і сказала, што неўзабаве, як ён пайшоў у адпачынак, заявіўся Пётр Пятровіч. Браў яшчэ копіі аўтарскай картачкі, гартаў журнал уліку. Выходзіць, не даверыўся яму, небяспечнаму злачынцу Чуйкевічу. А можа, што новае трымаў у сваім вялізазным сейфе Пётр Пятровіч і йдзе ў расследаванні, так бы мовіць, паэтапна?
Чуйкевіч надоўга задумаўся. Фінты Пятра Пятровіча відочна яго раздражнялі. Яны не ўкладваліся ў звычайную следчую логіку. Штосьці ім дадаткова кіравала. 3 НІЧОГА раздзімалася магутная справа, коўш якой заграбаў усё больш і больш людзей. Вось, калі ласка, ведайце, хто такі Чуйкевіч! Мала, што ўкраў рукапіс, дык яшчэ і выдаў яго за свой. Ату яго! Зганяйце на край свету як пракажонага?
Як пракажонага? Братцы, а можа, тут усё проста разгадваецца, га? Асёл ён са сваёй інтуіцыяй! Заява Субач — гэта адно зачэпка, каб завесці на яго справу, а тады раскруціць, сфабрыкаваць яе па сур’ёзным рахунку. Можа, у гэтым грамадскім сутонні ўжо ладзіцца, па прыкладу 37-га, новы механізм рэпрэсій? Таму й асцярожныя ўсе. Усё-ткі, як ні круці, частцы люду захацелася свабоды, незалежнасці, нацыянальнай самабытнасці. А ён, колькі сябе помніць, шчыра нёс, аберагаючы далонямі, свечачку сваёй беларускай самасвядомасці. Апошнім часам увогуле адкрыта выступаў супроць русіфікатарства, за вяртанне свайму народу таго, што яму даравана Богам, як любому іншаму народу. Вядома ж, ён кінуўся ў вока пільным захавальнікам грамадскага парадку.
Папраўдзе, гэткі паварот адразу натхніў яго. У такім выпадку ён згодны несці пакутніцкі крыж змагара — гэта святы абавязак кожнага сапраўднага інтэлігента.
Ен тут жа патэлефанаваў Пятру Пятровічу і спытаў, чым быў выкліканы ягоны візіт у рэдакцыю. Той адказаў, што Субач заявіла, быццам ён падрабіў ейную заяўку, і яна даўно пісала свае опусы.
— А вы што сказалі? — ужо дапытваў Чуйкевіч у ярасці.
Пётр Пятровіч, мусіць, адчуў ягоную раздражлівасць.
— Я не згадзіўся з ёю. Я сказаў: вы маглі пісаць і тады, калі Чуйкевічу было тры гады. Яна ажно ўскіпела. I мне нічога не заставалася рабіць, як параіць ёй абскардзіць маё рашэнне ў вышэйстаячы орган.
Вось так! Заміж таго каб была пакарана пляткарка, справу абсядае яшчэ адзін рой абываталей. Ніякія пчолы так не раяцца, як абываталі. Чуйкевіч не на жарт раззлаваўся:
— Прабачце, а вы больш нічога мне не шыеце?
— Покуль не,— аднасэнсова, але, здаецца, не цвёрда адказаў Пётр Пятровіч.
— У такім разе, сябры-таварышы, я падаю на Субач у суд за паклёп! — і ўціснуў трубку ў апарат.
Ад генерала Чуйкевіч ужо ведаў, што заяву трэба падаваць у суд таго раёна, у якім жыве адказчык. Па «09» даведаўся нумар тэлефона Савецкага нарсуда.
Цікавае супадзенне — савецкага: і месцазнаходжанне, і сутнасць.
— Пішыце заяву,— адказаў яму сонны дзявочы голас.
— Па якой форме?
— Пракансультуйцеся ў адвакатуры.
Блізка, на вуліцы Максіма Горкага, у доме, на якім прымацаваны барэльеф другога Максіма — Багдановіча, месцілася «Юрыскансультацыя».
Ідучы туды, Чуйкевіч спыніўся на хвілю каля барэльефа паэта:
<НА ГЭТЫМ МЕСЦЫ ЗНАХОДЗІУСЯ ДОМ, У ЯКІМ 9 СНЕЖНЯ (27 ЛІСТАПАДА) 1891 ГОДА НАРАДЗІУСЯ ВЫДАТНЫ БЕЛАРУСКІ ПАЭТ МАКСІМ БАГДАНОВІЧ».
Зіркнуў на сквер пры тэатры оперы і балета: там між цёмных ствалоў клёнаў і ліп ледзьве ўгледзеў помнік Максіму Багдановічу. Акурат каля яго чыстым, светлым воблачкам завісла густалістая галінка клёна.
РАЗДЗЕЛ 2
Чуйкевіч прысутнічаў, калі помнік адкрывалі. Адчуваў ён сябе радасна.
Гэта было на дзевяностыя ўгодкі паэта. Падалі рэдкія сняжынкі. Помнік стаяў пад белым пакрывалам, як пад снегам, у квадраце з чырвоных канатаў. Сатварыў яго скульптар Сяргей Вакар. Каля помніка выстраіліся дзяўчаткі ва ўсім белым, з гваздзікамі ў руках. Пры іх мітуслівыя, бы квактухі, выхавацелькі. Рэпарцёры з фотаапаратамі і кінакамерамі. Адзін папрасіў дзяўчатак: «Бяжыце на мяне. От як цудоўна зразумелі!..» Багата было вайскоўцаў, нават два генералы — у аднаго, кінулася ў вока Чуйкевічу, закасалася на чаравік калашына з лампасам. На жаўтабокім, як сініца, «газіку» былі ўстаноўлены гарластыя рупары: хор Шырмы спяваў «Зорку Венеру», «Маладыя гады». Яшчэ прыглянулася Чуйкевічу групка маладых, ярка нафарбаваных артыстачак: «Прапусціце жанчын наперад, мы маленькія». Мужчына ў футравай куртцы і шапцы-кубанцы, у акулярах з вя-
пікай рагавой аправай: «Мы таксама маленькія людзі v параўнанні з ім»,— кіўнуў на помнік, прапускаючы артыстак наперад. Рэпарцёр пахваліў яго: «Во, бравыя хлопцы стаяць!»
Пад мажорныя гукі паэты Максім Танк і Пімен Панчанка знялі пакрывала з помніка. Адкрылася зроkv журботная постаць Максіма-кніжніка...
РАЗДЗЕЛ 3
Чуйкевіч, ураз адчуўшы мізэрнасць свайго клопату, быў да беражкоў напоўнены рашучасцю. Спусціўся ў падвальчык юрыскансультацыі. У кабінеце «Адвакатура» сядзелі дзве прыгожыя, набрынялыя дзёрзкаю маладою спакуслівасцю дзяўчыны. Адна з іх чысціла пілачкаю пазногці. Чуйкевіч ажно здзівіўся: такіх бы на рэкламу купальнікаў ці калготак у якісьці мадняцкі каталог, а не ў гэтую сухамяціцу-юрыспрудэнцыю. Яны ўсхвалявалі яго больш, чым сама патрэба, з якою прыйшоў.
Чуйкевіч блытана, утаймоўваючы дрыжыкі ў голасе, давёў дзяўчатам мэту свайго візіту. Яны прыдзірліва, з недаверам глядзелі на яго: нармальны ці, можа, хворы? Пра што ён кажа, пра які паклёп?
— Такога ў нашай практыцы яшчэ не было,— адказала светлавалосая, з яркімі вуснамі, падобная на каханку Сільвестра Сталоне Брыжыт Нільсан. Яны абедзве бралі з шафы запыленыя, высушаныя нерухомасцю томікі, гарталі іх. Але як пішацца заява ў суд на паклёпніка, так і не знайшлі. Ну й заканадаўства! За мяжою, мусіць, гэта самы ходкі артыкул — абарона сваіх правоў. А тут, наадварот, безліч артыкулаў, як чалавека ўнізіць, растаптаць, зняславіць.
— А вам абавязкова трэба? — спытала чарнявая, з какетлівым завітком валасоў на прыемна чыстым лобе.
— Далей нельга трываць,— з надрывам выдыхнуў Чуйкевіч: «Чортавы прастытуткі, ім лянота скласці заяву!»
— Тады перазваніце заўтра,— сказала бландзінка.— Нам трэба параіцца.
Назвала нумар тэлефона.
— Каго спытаць?
— Жаркову Вольгу Уладзіміраўну.
— Вы не сястра журналісткі Жарковай? — пацікавіўся Чуйкевіч. Ен вучыўся на факультэце журналістыкі з Жарковай, якая цяпер працавала ў адной з рэспубліканскіх газет.
Бландзінка заматляла галавою. Мусіць, падумала, што ён зараз пачне шукаць сувязі, прасіць дапамогі ці, яшчэ горш, садзеяння, Хто ведае, што ён за тып, якія ў яго намеры? Цяпер столькі развялося ўсякіх спрытнюг, мярзотнікаў, проста хворых людзей.
Час быў пасляабедзенны. Прыпарвала. Кулажыла ў небе.
Чуйкевіч адчуваў, як кропелькі поту казычуць крайнія куточкі вачэй. У крамцы «Фірменныя воды Лагідзе», што насупроць «Матрошкі», ён папрасіў газіроўкі з малінавым сіропам. П’ючы, жмурыўся ад дробненькіх пырскаў, што ляцелі са шклянкі на твар, прыемна асвяжалі.
Весела плыла перад вачыма маляўнічая даўжэзная вітрына з надпісамі, якія Чуйкевіч, ідучы па вуліцы, чытаў, быццам цягнуў тэлетайпную палоску паперы:
НАШТКІ, КАНСЕРВЫ, КУЛІНАРЫЯ, СЕЛЯДЗЕЦ, РЫБА, ФАРШ, ПТУШКА, ПАЎФАБРЫКАТЫ, ЗАКУСЬ, КАФЕЙНАЯ, ТАРТЫ, ШАШЛЫКІ, ГАРАЧЫЯ БУТЭРБРОДЫ, РЫБНЫЯ СТРАВЫ, АБЕДЫ, КАКТЭЙЛІ, СОКІ, КАВА, МУСЫ, МАРОЖАНАЕ...
Няўжо калісьці і праўда ўсё было на прылаўку? He верыцца. Скуль узяўся гэты Лагідзе са сваёй шыпучкаю?
...Грукатаў гром у аспіднай,шчыльнай цемры. Насоўвалася навальніца. Праз якуюсьці хвілю цемру раз за разам адкідвалі ад вакна ўспышкі бліскавіц.
Чуйкевіч, кладучыся спаць, выключыў святло акурат у той міг, калі блізка ўспыхнула маланка, і было ўражанне, што святло лямпачкі затрымалася ў пакоі.
3 раніцы Чуйкевіч пазваніў у адвакатуру. Жаркова без эмоцый, звыкла, але так, быццам увесь час пра яго думала, прадыктавала:
— У нарсуд такога-та раёна... укажыце раён. Ісцец... Сваё прозвішча, імя, па бацьку. Адрас... Адказчык... Хто — таксама прозвішча, імя, імя па бацьку.
Адрас... Заява. На працягу такога-та перыяду... Што яна там з вамі рабіла? Раскажыце... На падставе выкладзенага згодна артыкула 7 ГК БССР... Прашу вынесці рашэнне аб абароне майго гонару і годнасці шляхам абвяржэння ганьбячых мяне звестак. Подпіс.