• Газеты, часопісы і г.д.
  • Не аднойчы забіты  Уладзіслаў Рубанаў

    Не аднойчы забіты

    Уладзіслаў Рубанаў

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 287с.
    Мінск 1994
    80.42 МБ
    калодачкі, пальцамі. I толькі дарослы — нядаўна — зразумеў, што іншыя ў яго такога рукі і быць не павінны. Іншыя рукі — іншы ён, а значыцца, не ЕН, а значыцца, і без гэтых думак. I, можа, зусім без думак. Бо, як-ніяк, выглядзеў у кніжачцы па хірамантыі, што ягоная рука належыць ці то да філасофскай, ці то да духоўнай.
    Гледзячы на генерала, на ягоныя рухі, чуючы ўпэўнены голас, Чуйкевіч разумеў, што таго цяжка чымсьці здзівіць. He хацелася здацца і самому баязлівым хлапчуком, наіўным, недаверлівым. Доўга не рашаўся выціснуць з сябе слова.
    Сакратарка (генерал назваў яе ласкава — Лідок) прынесла на плоскай талерцы два кубачкі кавы. Паставіла на стол. Яна ішла плаўна, ледзь-ледзь пахітваючыся целам, як сытая рыбіна. Толькі цяпер Чуйкевіч міжволі ацаніў ейную зграбнасць, спрыт манекеншчыцы ва ўменні паварочвацца, ставіць нагу, трымаць рукі, не прыціскаючы да стану локцікаў, нахіляць галаву, усміхацца. На верхняй губе ў яе была глыбокенькая прадаўгаватая ямачка, усцеленая мякенькім эратычным пушком.
    Генерал узяў кубачак, пабоўтаў у ім белай пластыкавай лыжачкаю, крэкнуў:
    — Мне ўжо і кавы нельга выпіць — сэрца бухае. Хутка і на жанчын перастану глядзець...
    Шчырасць Чуйкевічу спадабалася, і ён коратка распавёў генералу гісторыю з Субач. Той абурыўся, паслаў у паветра мацюк, спытаў, у якім раёне яна жыве. У адным ён мае знаёмага суддзю, і калі яна адтуль, яе можна правучыць. Але Чуйкевіч не ведаў ейнага адраса. (Зрэшты, мог бы і ведаць — на заяўцы яна пісала). Генерал нахіліўся, націснуў адну са шматлікіх кнопак на самым высокім селектары.
    — Слухаю! — пачуўся голас.
    — Дайце мне дадзеныя на Субач...— глянуў на Чуйкевіча, той падказаў імя і па бацьку: — Зінаіда Сяргееўна.
    Секунд праз сорак звесткі былі атрыманы.
    — He, на жаль, не ў тым раёне,— пашкадаваў генерал. Далей дакладнымі фармулёўкамі выклаў два меркаванні. Можа, той Субач і сын ейны, але нічога не ведае аб распачатай мацерай крутні. I, можа, гэта выпадковае супадзенне прозвішчаў.
    Усё-такі, прызнаўся Чуйкевіч, яму не хочацца рызыкаваць: а раптам яго задумалі злавіць на непрыстойнасці (ворагаў хапае!), страціўшы надзею скампраметаваць абвінавачваннем у плагіяце. Генерал, чалавек вопытны і асцярожны, хоць і вельмі сумняваўся, не выключаў гэткага варыянта.
    — У нас усё могуць,— сказаў ён, мусіць, не думаючы ў гэтую хвілю, што ён і ёсць адзін з тых, хто «ўсё можа».
    Чуйкевіч падзякаваў генералу за каву. Той маўчаў чамусьці так доўга, што можна было выкурыць цыгарэту.
    — Вось што, Канстанцін,— генерал нарэшце выпрастаўся ва ўвесь магутны рост,— дай ты мне сваю экзаменацыйную картачку і пасведчанне аб навучанні ў СТК. Так будзе надзейней.
    Чуйкевіч вельмі пашкадаваў, што не ўзяў іх з сабою. А думка такая дома была мільганула. Ен часта цярпеў, што не слухаўся ўнутранага голасу.
    — He страшна. Я пазней падашлю машыну, і ты перадасі.
    Генерал уражваў Чуйкевіча дзелавітасцю, кемлівасцю, тым, што выйсце знаходзіў хутка і ўпэўнена. Міжволі ў Чуйкевіча палепшаў настрой. Нават якаясьці бязглуздая ўсмешка выбівалася з ягоных вуснаў. He так часта сустракаліся на жыццёвай дарозе людзі, перад якімі адчуваў сваю мізэрнасць і бездапаможнасць, а сябе — мізэрнай кузуркаю.
    Генерал правёў Чуйкевіча да дзвярэй. Лідок за сталом не зварухнулася, чытала замежны каляровы часопіс, ці не шведскі «Rapport». Ен усё роўна сказаў ёй «да пабачэння». Упершыню ён адчуў, што ў яго ёсць абарона. Яму хацелася ажно спяваць. Здавалася, жыццё пераніцавалася. Можа, на гэтым абарвецца чорная паласа, далей пацягнецца светлая, як палатно. Праявілася ў вачах з дзяцінства: разасланыя на выгане палотны — бель, быццам снег. Паехаць бы з такім самаадчуваннем ў «Цяля на вяроўцы», пасля ў вёску. Гэта вельмі важна — перад адпачынкам адкараскацца ад усіх клопатаў, болек, згрызот. Пакінуць іх за мяжою, а самому перайсці ў дзяржаву дабраты, спагадлівасці, цяпла, паразумеласці.
    РАЗДЗЕЛ 51
    Увечар Чуйкевіч запісаў у ДЗЁННІКУ:
    Усе намаганні чалавека зводзяцца да аднаго: скампраметаваць, зламаць, падмяць пад сябе іншага, падобнага на сябе. Робіцца гэта вельмі проста, на грунце зусім бяскрыўдных, разавых фактаў. Выпіў — шый, што п’яніца. А ці так гэта? Убачылі пад ручку (ці побач) з жанчынаю — значыцца, бабнік. I нікому няма справы, што ты з сястрою. За нестандартнасць думак, шчырыя незакамплексаваныя паводзіны могуць назваць вар’ятам (прыгадайма дэсідэнтаў)... I гэтак далей і да таго падобнае.
    Адсюль — бачыце: ЕН лепшы, ЁН асуджае, ЁН дае адмоўную ацэнку.
    Выбачайце, але я не маю патрэбы ў вашай, панедабрадзею, высакароднасці: вучыце жыць і пісаць (калі пра пісьменніка) сябе.
    РАЗДЗЕЛ 52
    Пад скляпеністай столлю ў сутарэнні фасфарысцыравалі лямпы незямнога святла. Вочы звычайнага чалавека ад яго аслеплі б. Жанчына Няміла нават не прыжмурылася. Але знік ейны стан: засталіся плечы з галавою і ніжняя частка строяў.
    Перад ёю стаяў шыхт струкападобных істот.
    — Як справа з кампраметацыяй?
    — Магчымасці ў Пятра Пятровіча вычэрпваюцца! — забалбаталі гарошыны.
    — Трэба яшчэ пацягнуць. Выклічце Пятра Пятровіча.
    3 тых дзвярэй, адкуль высыпалі істоты, выйшаў Пётр Пятровіч. Спыніўся за спінамі істот. Дзве істоты зліліся з суседнімі,і заміж чатырох стала дзве. Пётр Пятровіч ступіў тры крокі. Ён быў бязмоўны як рыба. Працягнуў да жанчыны Нямілы дзве рукі. Далоні ўздрыгвалі. На адну ляглі акуляры ў залатой аправе, на другую — японскі электронны гадзіннік. Пётр Пятровіч зняў з куцанькага носіка свае залапаныя акулярыкі і начапіў залатыя.
    РАЗДЗЕЛ 53
    Прыкаціўся па худасочна-хваравітай траве першы дзень лета. Вясны сёлета, лічы, не было. Той вясны, якую любіў Чуйкевіч,— з ціхімі туманнымі ранкамі, мяккім сонцам у павалоцы, радасным пераклікам шпакоў у шатах апранутых сакавітай лістотаю дрэў. I на душы не чулася веснавой цеплыні. Усё заканамерна, як мае быць. Без узаемнасці з прыродаю чалавек не жыве.
    Закончыўся візіт Рэйгана ў Савецкі Саюз. Да позняй ночы Чуйкевіч глядзеў па тэлевізары прэс-канферэнцыю Гарбачова і Рэйгана. I ўражанне ад амерыканскага Прэзідэнта было зусім не тое, што склалася з прэсы, калі той аб’явіў Савецкі Саюз «імперыяй зла».
    Прапаганда мусіруе «Тэзісы ЦК КПСС да XIX Усесаюзнай партканферэнцыі». У тэорыі, здаецца, усё добра. Як будзе на практыцы. Дасюль разыходжанні былі велічэзныя. I любы дакумент мала мяняў жыццё людзей.
    Рэдакцыі часопіса «Ідэі перамагаюць» не давалі чынна працаваць. Пачаліся вылучэнні кандыдатаў у дэлегаты на партканферэнцыю. Той жа манер, тыя ж фармальнасці, што і раней былі ў падобных мерапрыемствах. Значыцца, і мізэр спадзяванняў на сур’ёзныя перамены ў грамадстве, небывалы энтузіязм якога аплятаўся хмелем апатыі і расчаравання. ПЕРАБУДОВА не давала бачнай рахубы. Выключэннем была хіба што галоснасць. Людзям адкрыліся вочы на сталінскія рэпрэсіі. I ў Чуйкевіча паволі ачышчаліся мазгі. Мільёны ахвяр! Дзед ягоны Арцём, дый бацька таксама. Хто адкажа за ўвесь дэспатызм, здзек, турмы, гулагі? Саміх кіраўнікоў, апроч Кагановіча, ужо няма ў жывых. Дый колькі б чалавек ні панесла пакаранне, усё роўна не аплоціш пралітых слёз і крыві.
    Бадай, за ўсё адкажа сама СІСТЭМА, сацыялізм.
    РАЗДЗЕЛ 54
    Жонка ягонай творчасці не спрыяла. У яго была глыбокая душа, а ў яе блізарукія вочы, якія не маглі ўбачыць дна, дзе напластоўваліся ягоныя дум-
    кі. ёй было пляваць на тое, што яму наканавана пісаць. А каб пісаць, край патрэбны адзінота, зацішак, спакой. У кожным разе, для той засяроджанасці, з якою Чуйкевіч вадзіў пяром, Дом творчасці «Цяля на вяроўцы» ў ягоных варунках уяўляўся самым утульным месцейкам. Калі ехаць туды аднаму. Чуйкевіч жа выбраўся з малодшым сынам. I не шкадаваў. Стан ягоны цяпер быў такі, што заставацца аднаму не пажадана. Увечар будзе да каго абазвацца. Талент — гэта наравісты конь: чым ён большы, тым цяжэй яго закілзаць і падступіцца да яго. А з Арцёмам ён увогуле адчуваў паразумеласць. Нейк само сабою складвалася, што ягоныя бацькоўскія сімпатыі ўсё часцей пераходзілі да Арцёма. He, абодва сыны былі яму аднакава родныя і дарагія, але штосьці між ім і Васем нацягвала вяровачку непрымальнасці, непрыязі ці нават вараговасці. Падрастаючы, старэйшы сын станавіўся як бы супернікам яму. Мужчынскім супернікам. I адносіны між імі браліся як між мужчынамісупернікамі, і толькі адсюль натуральна вынікалі пачуцці адзін да аднаго. I ў гэтай натуры нельга было нічога змяніць, бо ўсё дыктавала падсвядомасць. Дзякуй Богу, Чуйкевіч гэта разумеў, і сынаў эгаізм, несумленнасць, няшчырасць да яго, бацькі, дзеля абароны маці, не прымаючы ўнутрана, апраўдваў. А апраўданне — гэта заўсёды дараванне.
    РАЗДЗЕЛ 55
    Дом творчасці стаяў у лесе. Яго абступалі хвоі, сярод якіх пракідаліся гонкія яліны і бярозы. Зусім непадалёку булькатала рэчачка пад назваю Іслач — колісь самая чыстая на Беларусі. У ёй вадзілася стронга. Пару гадоў назад Чуйкевіч яшчэ бачыў яе. Тарпедкаю яна вышмыгнула з-пад чорнага, як вугаль, карча, замёрла над залаціста-жоўтай намыінай пяску — цёмна-бурая спінка, па баках, усеяных чырвонымі і жоўтымі кружочкамі, бэзавая палоска, насцярожаныя пярэстыя плаўнікі. Рэчачку абселі кусты ракітніку, вербалозу і вольхі, перавітыя гірляндамі хмелю з жоўта-белаватымі шышачкамі. Імклівая вада вымывала карэнні, расчэсвала іх па цячэнні. У завоінах круціліся віркі, тут можна было злавіць на вуду акунька ці тоўстагаловага бычка. Рыбакоў пры-
    ваблівала яшчэ і сажалка на далёкім краі лугавіны, у ёй жылі карасі. Над сажалкаю навісалі старыя дуплістыя вольхі з парэпанымі крамяністымі камлямі. Лісце з іх падала ў ваду, гніючы, фарбавала яе ў фіялетава-чорны колер. Такога ж колеру былі і карасі — цялёпістыя, маларухомыя парасяты. Праўда, браліся яны рэдка: ежы ім хапала сваёй, звыклай. А Чуйкевічу нічога іншага, апроч клёву, і не трэба было. Асалоду ён чэрпаў ад самой мажлівасці вудзіць, ад клёву — тузання паплаўка. Дзеля гэтага ён і ўзяў з сабою складзенае бамбукавае вудзільна.
    Аўтобус «Мінск — Валожын» спыніўся, і яны з Арцёмам выйшлі. У Чуйкевіча целяпалася на плячы туга напакаваная брызентавая торба. Сын, трымаючы ў адной руцэ вуду, узяў Чуйкевіча другой за руку. Паўз дарожку высокая трава белазуба ўсміхалася рамонкамі. Фыркалі ў паветры празрыстыя стракозы. Іх саміх не было відаць, а толькі цені, якія бегалі па шэрым палатне дарогі. Пры ўваходзе на абнесены загародаю абшар красаваўся драўляны цемнаватавасковы церамок. Сын прыпыніўся, чытаючы на ім словы: «Дом творчасці пісьменнікаў «Цяля на вяроўцы». Яму ўсё было тут цікава: прыехаў першы раз.