Не аднойчы забіты
Уладзіслаў Рубанаў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 287с.
Мінск 1994
Да зімы было яшчэ далёка.
Гідру подласці знішчыць немагчыма. Яна рэгенеруе. Ссекшы адзін адростак, ёй не нашкодзіш: вырастае другі. Зайздрасць — адзін з адросткаў. Чалавек, пазбаўлены зайздрасці, часцей за астатніх лучае пад нападкі тых, хто ёю валодае з лішкам.
Тужліва, калі не ладна ў жыцці. He вельмі радасна і тады, калі клеіцца і ўсё спрыяе. Ахоплівае туга, што не зможаш нацешыцца шчасцем, якое прываліла. Але ўсё гэта фікцыя — шчасце.
Цішкоў ездзіў у камандзіроўку ў Літву. Расказваў пра тамашнія лозунгі і патрабаванні. Той-сёй дае гарантыю, што праз два-тры гады Літва, Латвія і Эстонія адлучацца ад Савецкага Саюза.
РАЗДЗЕЛ 15
А гром грымнуў сярод яснага неба ў першы дзень лістапада, у аўторак.
Чуйкевічу пазваніла ўпершыню сама Гракавалава:
— Вы ведаеце, таварыш сакратар, што вашы камуністы ўдзельнічалі ў забароненым мітынгу?
Упярэдадзень ён пачуў ужо, што Скронь не толькі браў удзел у мітынгу, але і выступіў на ім. Увогуле раілася багата ўсякіх чутак і здагадак. Шчыра кажучы, Чуйкевіч і не падазраваў, што ўсё гэтак сур’ёзна. Да Маскоўскіх могілак, дзе перадусім намячаўся мітынг, удзельнікаў міліцыя не пусціла. Тады натоўп рынуў на Курапаты. Там і адбылася грандыёзная сутычка між удзельнікамі і захавальнікамі парадку. У ход пайшлі дубінкі, брандспойты, слязлівы газ пад лірычным менаваннем «Чаромха». Перапала па хрыбціне аднаму маладому таленавітаму мастаку, які нібыта сваімі магутнымі плячыма засланяў сястру Скроня. Лідэру БНФ Пазьняку пырснулі ў вочы «Чаромхаю», пасля чаго ён доўга не па сваёй ахвоце плакаў. Камусьці з аператараў пабілі кінакамеру; у другога вынялі з фотаапарата плёнку і засвяцілі.
Калі б Чуйкевіч ведаў, што так, як більярдныя
шары ад спрытнага ўдару кія, раскоцяцца падзеі, то, без сумнення, пайшоў бы на мітынг хоць бы дзеля цікавасці, паразявачыць. Зменлівым рабілася жыццё. Нязвыклым. Раску апатыі, абыякавасці, якою былі зацягнуты хмурныя душы людзей, ускалыхнулі, збэрсалі нечакана крутыя працэсы. Ад іх Чуйкевіч ніколі не стаяў убаку. Ён не мог (як і ніхто) раней тварыць гэтыя, ужо кімсьці вынашаныя ў вярхах працэсы, а толькі праводзіў у жыццё. Ціха, спакойна, не адхіляючыся ні на міліметр. Іначай чалавек партыяйуладай міжволі адсоўваўся, як пясок ад нажа бульдозера, на ўзбочыну; пра яго забывалі, ён нікому не быў патрэбны, зводзіў сваё марненне да вузенькага інтарэсу нейк біялагічна выжыць. Партыі патрэбны былі бязмоўныя рабы — без пачуцця годнасці і ўласнасці.
Паслухаўшы выхаваўчы экспромт Гракавалавай, Чуйкевіч не без гонару сказаў, што пра Скроня ведае.
— У дзве гадзіны з рэдактарам да мяне! — загадала трубка голасам Гракавалавай.
Ямачкі ў кабінеце не было.
— Выклікалі ў ЦК,—сказала сакратарка Жанна — з далікатным тварам, абаяльная дзяўчына. Можа, з усіх жанчын рэдакцыі часопіса «Ідэі перамагаюць» яна асабліва імпанавала Чуйкевічу. Аднойчы ён нават прысніў яе. Яго ахінае неймаверная пяшчотнасць. Ён трэцца няголенай шчакою аб ейную далікатную белую скуру на шыі, грудзях. Адчувае голае цела і жаданне. Ложак. Коўдра. Але — вакол людзі. Яму сорамна, а яна як быццам не саромеецца. Лёгка горнецца да яго і дазваляе цалаваць сябе. У прадчуванні насалоды ад блізкасці, якая будзе з ёю, кружыцца галава... Ен сузірае ейныя вабныя формы. I толькі. I ўсё. I нічога не адбываецца. Ен уплываў. Несумненна, ён уплываў сваімі думкамі на сваю пачуццёвасць і пачуццёвасць тых жанчын, з якімі хацеў блізкасці. Жаданні тут жа, без прамаруджання, ажыццяўляліся ў снах, а пры сустрэчы з жанчынамі ён бачыў, што яны наэлектрызаваныя ўвагаю да яго.
Але зараз было не да пачуццёвасці.
Гадзіны праз дзве Ямачка сам запрасіў Чуйкевіча.
— Я, мілай, толькі што з ЦК...— Ен быў разгублены.— Справа сур’ёзная. Камуністаў, хто ўдзельнічаў, будуць звальняць з работы. Скронь, сабака, засвяціўся! He паспеў аперыцца, а ўжо столькі клопату з ім.
Чуйкевіч сказаў, што іх на дзве гадзіны выклікае першы сакратар райкама. У Ямачкі выпат пакрыў лоб і скроні («з-за Скроня»),
Дарогаю разважалі, што рабіць. Ямачка даводзіў: у ЦК (як у Анатоля Кашпіроўскага) устаноўка — звальняць! Чуйкевіч не разумеў: за што. Гэта была праўда. Ён не прыкідваўся наіўным, што адмыслова ўмеў рабіць дзеля распальвання суразмоўцы. Ямачка мякчэў: самае малае — суровая вымова з занясеннем.
Сядзелі ў прымальні і чакалі запрашэння. На вакне здурнела цёрлася спінаю аб шкло чорная мясная муха.
Гракавалава патрымала іх усяго хвіль пяць. Хоць было падзякуй ёй за такую міласць. Сустрэла нахмураным тварам. Запрасіла садзіцца. На борціку пінжака ў яе блішчэў перламутрам значок дэпутата райсавета. Яна загаварыла пра адказнасць камуніста ў цяперашніх варунках.
Чуйкевіч, слухаючы ейныя разважанні, думаў: не, такія кадры за сабою народ не павядуць. He пойдзе! Ужо не пойдзе. I раней не ішоў за кімсьці. Яго гналі перад сабою. Цяпер пастухі апынуліся спераду, дзе, зрэшты, і заўсёды сябе на словах ставілі.
Калі ўдалося ўклініцца ў размову, Чуйкевіч сказаў на вясёлай ноце, як часта рабіў менавіта ў райкамах, бо перад астатнімі начальнікамі ён адчуваў нясмеласць і скаванасць; дык вось, на вясёлай ноце сказаў, што не бачыць у Скроня «состава преступлення». У чым тут зло, што ён выступіў супроць сталінізму, за адраджэнне беларускасці? Пра гэта ж цяпер гаворыць сама КПСС, ейная перадавая частка. Зразумела, багата каму з партакратаў не падабаецца ПЕРАБУДОВА. Свежы вецер ім пахне толькі навальніцаю страху, а не ачышчэння. Але не той час, калі можна чыніць над чалавекам гвалт.
— Як у мяне парторг? — з двухсэнсоваю задаволенасцю крэкнуў Ямачка. Hi пахвалы, ні асуджэння ў Гракавалавай ён не заслужыў.
— Ды ваш гэты Скронь... — Гракавалава не знаходзіла слоў.— Бэнээфавец!
Чуйкевіч адказаў: наколькі яму вядома, Скронь сябра гісторыка-асветніцкага таварыства «Мартыралог Беларусі».
— Гэта адно і тое,— сказала Гракавалава.— Ваш «Мартыралог», калі хочаце знаць, трымае сувязь з
Прыбалтыкай і пераймае іх формы барацьбы з партыяй. Там ужо створаны не толькі фронт, але й «Інтэрфронт».
Чуйкевіч адчуў, Гракавалава відочна штосьці блытае. Запісала «Інтэрфронт» у ворагі партыі, а ён жа акурат створаны з прадстаўнікоў некарэннага насельніцтва як альтэрнатыва народнаму фронту Літвы «Саюдзісу». Увогуле, напалоханая, засыпаная зверху і знізу званкамі, яна стрыножана боўталася ў бурлівым, непераадольным для яе патоку інфармацыі. Выплысці з яго яна не магла, хапалася за выратавальную саломінку, выяўляючы дзіцячую бездапаможнасць, кволасць інтэлектуальных ноя^ак.
— Дарэчы, а што гэта за слова... мартыралог?
«Што ж нападаць на таварыства, калі не ведаеш сутнасці ягонай назвы і чым яно займаецца?» — і дзівіўся, і шкадаваў Гракавалаву Чуйкевіч.
Ямачка з радасным запалам штосьці тлумачыў ёй. Гракавалава ўвесь час патузвала ўверх борцікі пінжака, міжволі чапляючы вялікім пальцам зеленавата-перламутравы дэпутацкі значок. Як у паўліна, уставала, тапырылася высокая густая прычоска жаўтавата-сівых валасоў.
— Карацей, гэта як бы пералік усіх ахвяр сталінскага генацыду,— праясніў сэнс Чуйкевіч. Апошняе слова, здаецца, кальнула яе іголкаю.
— Звальняйце Скроня! — падвяла строгую рысу пад гутаркаю Гракавалава. Яна, відаць, была задаволеная міралюбнасцю сваіх паплечнікаў па кампартыі.
— Што будзем рабіць? — цяпер ужо спытаў Чуйкевіч, калі з Ямачкам выпнуліся на вуліцу.
Падалі рэдкія крупкі снегу, сухія, цвёрдзенькія, як пярлоўка. Скочваліся з плячэй. У ямачках (не блытаць з дзецьмі рэдактара Ямачкі) на асфальце яны бялеліся, бы шматкі чысцюткай ваты. Такога ж колеру быў твар у Ямачкі. Чуйкевіч шкадаваў і яго: навошта яму, пажылому чалавеку, гэтыя перажыванні?
— Падумаем, мілай,— адказаў Ямачка. Чуйкевіч зразумеў, што яму трэба з кімсьці параіцца, далажыць змест гутаркі ў райкаме. А можа, гэта адно здагадкі. У той дзень Чуйкевіч з Ямачкам больш не сустракаўся.
РАЗДЗЕЛ 16
У кабінеце пацямнела, і Гракавалава ўключыла святло. Пяціражковая люстра засерабрылася глыбаю дарагога чэхаславацкага крышталю.
Гракавалава была ў разгубленасці. Што за насланнё? Скуль узялося гэтае шаленства ў галовах? Хто сумеў за кароткі час парушыць адладжаны тэлефонны механізм кіравання людзьмі? Так і да роспачы дайсці можна, а не толькі страціць уладу. Колькі гадоў, пачынаючы з пасады інструктара райкама камсамола, яна гартавала ў сабе веру ў непераможную моц партыі. Людзі, заходзячы да яе ў кабінет, ніякавелі, былі паслухмяныя, бы гліна ў дужых ганчарскіх пальцах. А цяпер што? Якіясьці гнілыя інтэлігенцікі не баяцца яе, спрачаюцца, даводзяць сваё. Ім, бачыце, волі захацелася, беларускай мовы, гістарычнай праўды... Ніхто ж і так не забараняў ім размаўляць. Партыя нават прэміі прысуджала за творы, напісаныя на г э т а й мове. Як быццам у мове справа. Нават калі ўсе да адзінага на ёй загавораць, заРЭкаюць ды заЧЭкаюць, хіба ад гэтага дадасца каўбасы ды масла на прылаўках? Смехатура!
Асабліва гэты, малады Чуйкевіч, на сценку лезе. Таксама мне знайшоўся пракурор: ён не бачыць крыміналу ў тым, што Скронь выступіў на забароненым мітынгу. Ды гэта, калі разабрацца, дзяржаўнае злачынства! I ў самога рыльца ў пушку: пракуратура занялася.
Ямачка — той мудрэйшы. Адразу відаць, што чалавек прайшоў партыйную шліфоўку. He паддаецца часовым павевам з затхлых куточкаў усякага нацыяналізму-дурнізму. Усміхнулася: «Яшчэ адзін ІЗМ»,
Гракавалава была край узбуджаная. Адчувала, што падняўся ціск. Баялася глянуць у люстэрка: твар будзе шызы, як сліва. Яна дастала з сумачкі ружаваты гузічак крыстапіну, укінула ў рот і запіла вадою з графіна. Адчыніла падвойныя дзверы ў прыёмную. Седзячы каля стала на крэсле, яе чакаў з газетаю ў руках вадзіцель Міша — малады чубаты хлопец, якога яна пераманіла вышэйшым акладам з Саюза мастакоў.
— Адвязі, Міша, мне на кватэру прадукты і можаш гадзінку-другую пазарабляць для сябе. А я сама дабяруся...
Ей хацелася прайсціся пехам, падыхаць свежым паветрам, адчуць людскі настрой. Акурат пралапатаў дождж, і з адчыненай фортачкі цягнула прыемным скразнячком. Для яе, былой вяскаўчанкі, быў блізкі самотны восеньскі водар.
Яна ступала па тратуары малымі крокамі. Баялася пакаўзнуцца, і не так гучна цокалі абцасы італьянскіх ботаў.