Не аднойчы забіты
Уладзіслаў Рубанаў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 287с.
Мінск 1994
Чуйкевіч тым часам заплаціў за гарэлку. Засунуў бутэлькі ў дыпламат і зашчоўкнуў. Яго здушылі з усіх бакоў.
— Прабірайцеся,— прахрыпеў ён дэбілу. Той крыху падаўся — на яго напіралі ад выхада. Чуйке-
віч апынуўся ў шчыльным кальцы. Яго штурхалі ў жывот, у бакі, у спіну. Ледзьве прарваўся да дзвярэй. I тут на іх наваліліся, яны прычыніліся, не даючы Чуйкевічу выйсці. У гэты момант яго асабліва моцна і дружна кухталявалі. Дзверы крута раззяпіліся — і яго выпхнулі на ганак. У радасці ад перамогі і волі ён, яшчэ не цямячы, машынальна хапіўся рукою за задні кішэнь і — абмёр: партманета не замацаў. Сутаргава лапаў па азадку, па кішэнях плашча («Мо забыў і не туды сунуў?») — новенькага, чорнага, бліскучага партманета не было. Адчуў, як зашумела ў галаве. Кудысьці пачала адплываць рэчаіснасць, як бы змывалася з вачэй. Такое ўражанне, што ён у сне. У непрыемным сне. Вось зараз прачнецца і з палёгкаю ўздыхне: як жа добра, што гэта сон.
3 дзвярэй вываліла хеўра. I ён зразумеў, што ўсё адбылося напраўду. Яго аблапошылі, выцягнулі грошы. Немалую суму. Ліхаманкава перабіраў у памяці, што яшчэ было ў партманеце. Візітоўкі з ягоным прозвішчам, тэлефонамі — рэдакцыйным і хатнім, квіток на рамонт гадзінніка, дзе ўказаны адрас. Божа!.. Грошай ужо не было шкада. Свядомасць крычала, што самая жудасная страта — гэтыя візітоўкі і квіток. Розум яшчэ не ў стане быў праясніць, чаму менавіта яны. Шок быў моцны і нечаканы. Аглушыў як даўбешкаю.
Чуйкевіч на нягнуткіх нагах падступіўся да хеўры.
— Хлопцы, у мяне толькі што спёрлі партманет, дапамажыце знайсці,— звярнуўся ён малітоўным голасам, каб паказаць, што нікога не вінаваціць.
— А пры чом здзеся мы? — азваўся п’янаваты хлопец з нямытымі патламі, ці не самы малодшы.
— Вы там, у магазіне, былі... Можа, бачылі? — Чуйкевіч гаварыў і адчуваў, што ягоны зварот па дапамогу бязглузды і безнадзейны.— Грошы няхай забіраюць, там дакументы...
— Ну ідзі, паглядзі...— абыякава параіў хлопец, па-піжонску ўцягваючы ў плечы патлатую галаву.
— Куды? — не зразумеў Чуйкевіч.
— Ну, туды...— паказаў на дзверы.
Залезці туды, да прылаўка, скрозь раз’юшаны натоўп, бачыў Чуйкевіч, не ўдасца. Ды і сэнсу няма.
Хто табе верне партманет, калі наўмысна яго выцягнуў.
— Дзе там яго знойдзеш! Мужыкі, ну дапамажыце...— маліў Чуйкевіч, бачачы, як шушушкаецца хеўра, скоса зіркае ў ягоны бок. «Яны могуць і пырнуць!..— спалохаўся ён.— Ці пабіць... I ніхто не рыпнецца мяне абараняць». Адступіўся далей ад хеўры. Але той п’яны смаркач прысунуўся да яго. Дыхаючы едкім перагарам, раптам міралюбна спытаў:
— Ты колькі можаш выпіць? Адну? А я тры! I на кожны дзень трэба.
Пару чалавек з хеўры, з безнадзейна спітымі, дэгенерацкімі мордамі, паперліся зноў у дзверы. Перад імі надзіва лёгка натоўп расступіўся. Неўзабаве яны вынеслі па бярэмю бутэлек. Да іх падышоў даволі прыстойнага выгляду дзяцюк. У «варонцы», чорных туфлях на тоненькай платформе, белыя шкарпэткі бліскалі з-пад калашын клятчастых штаноў, як голыя косткі.
«Хутка пусцілі ў ход мае грошыкі»,— падумаў Чуйкевіч. Сціснуў ад крыўды і бяссілля зубы. На шэрай каструбаватай сцяне вялізнага ваеннага універмага віселі два абшарпаныя тэлефоны-аўтаматы. Можа, пазваніць у міліцыю? Ага, будуць яны чакаць, покуль прыедзе міліцыя. Як бы счытаўшы ягоныя думкі, хеўра ўмомант разбрылася ў розныя бакі. Дзяцюк у «варонцы» сеў у барвовыя «Жыгулі», што стаялі блізка на дарозе, і пакаціў. Мабыць, дзесьці на кватэры яго чакае шлюха. Яны вып’юць і лягуць з ёю ў ложак. А ты, дурань, стой, апляваны, раздаўлены. Куды ісці? Усё-такі, можа, заявіць у міліцыю? Заяву там возьмуць. А што далей? Хто будзе шукаць гэтых кішэннікаў, калі столькі забойцаў, гвалтаўнікоў, рабаўнікоў гуляе на волі. Злачыннасць расцвіла буйным цветам. Мутным патокам заліла вуліцы, рэстараны, пад’езды. «Сінія» аб’явілі сябе паважанымі людзьмі. Hi створаныя аддзелы па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю, ні «аманаўцы» з гумавымі палкамі на поясе не маглі даць ім рады. Людзі жылі, баючыся за сваё жыццё. Прыстойна апранутаму хоць не выходзь на вуліцу.
Нават калі ўявіць, што злодзеяў зловяць, бадзяцца на ўсе гэтыя допыты, вочныя стаўкі, суды Чуйкевіч бы не змог. Яны знервавалі б яго нашчэнт, знясі-
лелі маральна, бо там трэба быць як бы ў ролі прасіцеля.
Грошы, якія ўкралі, ён нёс жонцы. Яна збіралася на выхадныя ехаць да бацькоў у райцэнтр. Там на «таўкучцы» хацела тое-сёе сабе і дзецям купіць. Чуйкевіч быў супроць іменна такіх пакупак, шкадаваў на іх грошай. I вось Бог усё ўбачыў і пакараў яго. Значыцца, ён не меў рацыі ў сваёй нязгодзе з жонкаю. Колькі ён будзе цярпець ад сваёй непахіснай упэўненасці, што ні ў чым не памыляецца?
У сейфе ў Чуйкевіча ляжала яшчэ ладная сума. I ён у напаўцямным стане паехаў у рэдакцыю. Рашуча адчыніў дзверы кабінета, паказваючы Люшчэні, што спяшаецца. Адамкнуў сейф, узяў пачак дзесяцірублёвак і, не сказаўшы ні слова, выйшаў.
Два магутнейшыя стрэсы глушанулі па галаве. Нервы былі напятыя, аж звінелі. Здавалася, лопнуць ім не давала ўсяго танюсенькая павуцінка. Гэтая павуцінка не адпускала ягоную свядомасць за мяжу, за якой пачынаецца разбурэнне.
А міма беглі ашалелыя людзі, захаканыя, спацелыя... Яны беглі, хоць за імі ніхто не гнаўся. Стаяў ціхі вечар. Слаба чулася ззімавалае цьмяна-ружовае сонца. Каля броўкі тратуара бялеўся цвёрды снег. Асфальт быў сухі, шэры, толькі трэшчыны мокрыя і чорныя, як вужы.
Чуйкевіч падняў каўнер плашча.
Жанчына ў белым халаце і пуховай хусце, з чырвоным абветраным тварам і бэзавымі губамі прадавала агуркі — чыстыя бліскуча-зялёныя таўкачыкі са звялым банцікам жаўтацвету са святлейшага канца.
Чуйкевіч купіў два агуркі.
Жонка сустрэла яго каля парога. Здзіўлена спытала, што з ім. Пад вокам у яе была радзімка ў форме кроплі — як застылая чорная сляза. Калі жонка моргала, здавалася, што сляза капае, а на яе месца набягае яшчэ адна.
Чуйкевіч думаў, што знешнім выглядам ён не выявіць сябе. Лічыў, усё ў ім ранейшае, без змяненняў. Аказваецца, здарэнне налажыла на яго адбітак. Мусіць, на вочы, на паводзіны, рухі.
Ён адказаў, што ўсё о’кэй. I аддаў пачак грошай жонцы, пажартаваўшы:
— Добрая ты ў мяне жонка, ды каб яшчэ чужая.
Яна недаверліва, нейк без ахвоты ўзяла. Нязвык ла ёй было, што ён без просьбаў і напамінкаў так расшчодрыўся. I тады, калі ён выняў з дыпламата і паставіў на стол дзве бутэлькі, яна нават не падумала яго дакараць. Чаму б і самой ёй не выпіць перад выхаднымі? He святуння ж яна. Жывы чалавек, і жанчына яшчэ не мёртвая.
Чуйкевіч амаль не п’янеў. Ен не весялеў, і яго не цягнула на размовы. Стан ягоны сапраўды быў дзіўны. Ён ведаў прычыну гэткіх сваіх паводзін. Але жонцы пра яе не казаў. He хацеў папрокаў. Калі не адразу, то пасля яна абавязкова прыгадвала ўсе ягоныя правінкі. Зрэшты, ён нічым не розніўся ад яе і ад астатніх людзей. А дарма. Бо ведаў жа закон: не даказаўшы сабе — не даказвай іншым; даказаўшы сабе, няма сэнсу даказваць іншым. Але была, мабыць, сіла мацнейшая за яго. Мы шмат што разумеем у спакоі і забываем яго ў спрэчках.
Сядзеў за сталом. 3 сумам тупіўся ў цёмны акіян вакна. Бачыў на вуліцы адно ліхтары ды рознакалёрныя прамакутнікі святла ў бясконцасці цемры. Думкі цяжкія, якіясьці забранзавелыя. Нават не хочацца запісваць у дзённік.
3 жонкаю яны дапілі гарэлку. Ен саставіў бутэльку па звычцы на падлогу за ножку стала: каб не бачылі дзеці.
РАЗДЗЕЛ 7
Заснуў хутка. Спаў моцна і, калі прачнуўся, вакно ледзьве шарэла вузенькаю палоскаю між цёмна-барвовых штор. На дварэ яшчэ не было чуваць прыбіральшчыцы, маладой дзяўчыны, якая звычайна падмятала, грэбла, ляскала восілкаю вядра. Па халаднаватай вусцішнасці, што адчувалася ў грудзях пад лыжачкаю, зразумеў, што заснуць зноў яму не ўдасца. Уключыў насценны свяцільнік, тузануўшы за шнурок. Ляжаў, гледзячы ў столь на цёмныя кружкі — ад гумавых стрэл-прысосак, што пускалі з дзіцячага пісталета Арцём і Вася. Ніякай злосці за гэтае свавольства на сыноў не было. He да гэтага. Абурала несправядлівасць: за што ён пакутуе? Паклёп, а цяпер яшчэ і крадзеж... Ну, няхай бы напраўду штосьці ўчыніў, у нечым правініўся. Чаму ён павінен цярпець
невінаваты? Урэшце, што гэта за грамадства, у якім чалавек пакутуе без віны? А колькі помніцца, усе ягоныя перажыванні былі ад чыёйсьці несправядлівасці. У кожным разе, так яму здавалася.
Пабольвала галава, чуваць было, як штурхалася ў скронях кроў.
У восем гадзін Чуйкевіч набраў нумар тэлефона Пракуратуры. Голас у трубцы азваўся мужчынскі.
— Пётр Пятровіч? — I Чуйкевіч назваў сябе.
— Можаце а дзесятай гадзіне пад’ехаць? — спытаў Пётр Пятровіч.
— У мяне ў дзесяць семінар у райкаме партыі. Можа, пасля'?
Пра райкам Чуйкевіч сказаў свядома. Няхай ведае гэты праваахоўнік, што ён, Чуйкевіч, чалавек не выпадковы, звязаны з саліднай установаю. I тут недаверу ніякага не можа быць.
— He. Я буду заняты. Толькі цяпер.
Мабыць, упершыню Чуйкевіч адчуў такую непахіснасць, няўступчывасць. I адразу ўразумеў, з кім, якімі органамі мае справу. Што ж, нічога іншага не заставалася рабіць, як званіць інструктару Малкавай і казаць, што не зможа быць на семінары. Канкрэтнай прычыны Чуйкевіч не назваў, але намякнуў, што не па якіхсьці палітычных матывах яго запрашаюць у Пракуратуру. I, здаецца, трывогі ў Малкавай не выклікаў. Што за рабская псіхалогія — не здацца кепскім? Так, чалавек — раб, ён не можа адчуваць сябе вольна, бо не ўсё яму дазволена. Дазволіць усё — гэта значыцца, не толькі не прызнаваць грамадскіх нормаў, але і даць волю цёмным інстынктам. У такім разе ты — ужо не чалавек.
Голас: «Не раб — не чалавек».
Едучы ў тралейбусе, тужліва глядзеў на вуліцу. У светлым небе над царквою гарэлі тры залатыя крыжы. Два вышэйшыя і адзін, пасярод, ніжэйшы.
Пракуратура месцілася ў нехлямяжым, зашарпаным мураваным будынку. Калі ішоў па калідоры, маснічыны пад нагамі рыпелі, як косці шкілета. У цьмянае, запыленае знадворку шкло біўся руды матыль з блакітнымі «вочкамі» на крылах. «I тут матыль?..» — здзівіўся Чуйкевіч. Усе фортачкі былі зачыненыя. На іх чарнелі гумавыя п’яўкі сігналізацыі. He вельмі шануе ўлада свае праваахоўныя органы,
падумаў Чуйкевіч, прыгадаўшы, што райкамы, гаркамы, абкамы, не кажучы ўжо пра ЦК, маюць шыкоўныя сучасныя будыніны. Дзіва што: адпаведна будынку і важнасць ды патрэбнасць тых людзей, якія ў ім сядзяць. Марку партапаратчыкі трымаць умелі. Калі на пачатку сваёй працы Чуйкевіч дазволіў сабе жартачкі ў райкаме, сакратар па ідэалогіі, былая дырэктар школы, строга абарвала яго: «Вы дзе знаходзіцеся, Чуйкевіч? Гэта ж вам райком партыі, a не...» Яна не сказала, што «а не...», уклаўшы ўсю сілу сваёй перакананасці ў «райком партыі». А сапраўды: што такое райкам партыі? He Богам жа выдзелены прыстанак. Крамольныя думкі няпрошана лезлі да яго.