• Газеты, часопісы і г.д.
  • Не аднойчы забіты  Уладзіслаў Рубанаў

    Не аднойчы забіты

    Уладзіслаў Рубанаў

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 287с.
    Мінск 1994
    80.42 МБ
    Кастусёк стаяў прыціснуты да сцяны. Яго калаціла ад неўсвядомленага страху і холаду. ён пераступаў з нагі на нагу і чуў, як рыпіць снег.
    Дзе ж падзеліся бабуля і маці? Яны замкнулі яго і кудысьці пайшлі... Ці гэтак жа нечакана зніклі, як бацька? А Глебік дзе? Здаецца, каб дзверы былі незапёртыя, ён не адчуваў бы такога страху і, можа, ужо ў сенцах супакоіўся б. Ен быў бы ўпэўнены, што пры небяспецы можна вырвацца.
    У Кастуська дубелі ногі, густа паколвалі, быццам за скуру чапляліся шышкі дзядоўніку. Ен адчуваў, як холад і страх выціскаюць з ягонага цела душу, вось яна ўжо над ім, і ён бачыць сябе з неба маленькім сінім камячком...
    «Бойся замкнутай прасторы!» — прагрукатаў
    чыйсьці Голас. Ен сказаў Кастуську: «Ты маленькі, духова чысты хлопчык, Кастусь. Ты ні ў чым і ні перад кім не вінаваты. Але я штурхну цябе ў самую бузу чалавечых заган і пакажу табе ўсё хараство, што ёсць у свеце. Ты ўбачыш тое, што табе і не снілася. Ты не зразумееш таго, што ўбачыш. Ты ўвогуле не павінен разумець дарослых. Ты яшчэ зусім малы, табе толькі восем гадкоў. Хоць ты і сур’ёзны хлапец, але забавы ў цябе дзіцячыя. Ты не павінен пераскокваць дзіцячы ўзрост. Наадварот, ты павінен яго расцягнуць. Твае розум і сэрца будуць цягам усяго жыцця вяртаць цябе ў дзяцінства. Калі будуць рушыцца сцены твайго розуму, застанецца адно самая ніжэйшая частка — падмурак, закладзены ў дзяцінстве. Гэты падмурак вытрывае пэўны час, які — я называць табе не буду, і на ім ты пабудуеш новы палац розуму, больш дасканалы і ўстойлівы пад землятрусам нягод і людзінай подласці. Гэты палац яшчэ доўгі час будзе пуставаць.
    Ты марыш стаць дарослым. Ты, Кастусь, памыляешся. Гэтае тваё імкненне — першая істотная памылка ў жыцці. Калі станеш дарослым, будзеш не адзін раз жадаць вярнуцца ў свет дзяцінства. Але толькі памяццю будзеш вяртацца ў яго ды перад сном, каб заснуць, у цяжкія хвіліны.
    Насычай сваю памяць малюнкамі прыроды. Ты кажаш, нецікава глядзець на лес, на неба, на снег, на траву, на ваду і на кусты? Гэта залежыць ад тваіх розуму і сэрца.
    У лесе ты ўбачыш вавёрку. На снезе — след.
    У траве — кузурку. На вадзе — жабу. У кусце — птушынае гняздзечка. Гэта — НАТУРА.
    Усё гэта ёсць дзеля цябе. Яно жывое, як і ты. Яно не хоча няволі, як і ты. Яно баіцца замкнутай прасторы, як і ты. He верыш? Вядома, ты не верыш, іначай не рабіў бы тое, што задумаў. He ты сам, гэта д’ябал наштурхнуў цябе лавіць у сіло сінічак. Я ўсё бачу і ведаю, бо я вельмі высока і вельмі блізка.
    Ты адарваў пад страхою хлява апошні аполак, рассунуў і так рэдкія сцяблы кукурузы, каб не замятала ў сянніцу снег. Ад гэтага аполка ты адрэзаў
    пілою пядзі на дзве плашку. Малаток, цвік ты ўзяў з бацькавай сталярскай скрыні, запалкі ў пячурцы. Самае складанае для цябе — конскі волас. Ты пачынаеш думаць, як яго дастаць. Гэтае «як» усё жыццё будзе ўсплываць у тваёй галаве. «Як» дабіцца чагосьці і «як» знайсці выйсце? Ты зразумеў, што «як» патрабуе ад цябе гвалту над сабою, чорных кропляў на светлае поле душы. Надыдзе час — і душа твая счарнее. Гэта ёсць жыццё.
    He бойся пераадольваць сорам, Кастусь!»
    РАЗДЗЕЛ 11
    Маруся з маці насілі Глебачку ў шэпты да Лісаветкі. Начамі ён румзаў і не спаў. Пасля таго, як выпудзілі дзядзькі ў шынялях, што прыйшлі па Рыгора. Яны моцна грукалі ботамі, імі адчынялі дзверы.
    ЗАМОВА АД КРЫКСЫ
    Першым разам, добрым часам. Госпаду Богу памалюся, матцы прачыстай пакланюся. Матка божая, святая, стань, стань жа мне на помач, рабу божаму, младзенцу, крыксы гаварыці. Зора-зараніцы, красныя дзявіцы, вазьміце вы крыксы-начніцы — і бацькавы, і матчыны, і дзявоцкія, і парабацкія, і жаласныя, і карысныя, і ўсцешныя, і пасмешныя, і светавыя, і заравыя. I вам, зорачкі, на стаянне, а рабу божаму, младзенцу, на здароўе; вам, зорачкі, пасвяціці, а рабу божаму, младзенцу, паспаці.
    Даў Бог, што Маруся з маці вярнуліся на мінуту раней. Гэтай мінуты было б даволі, каб Кастусёк акалеў канчаткова.
    РАЗДЗЕЛ 12
    Кастусёк узяў нажніцы і адвячоркам падаўся да стайняў. Ен нічога яшчэ не рабіў, але ўжо палахліва азіраўся. Думкі болып наганяюць страху, чым учынкі.
    Стайні былі ў вялізнай драўлянай будыніне — даўнейшым гумне. Ен ведаў, што ў адным вакне няма
    шыбкі, з яго заўсёды пёрла пахкая густая пара, два верхнія вянцы над ім аб’інелыя. Ен меркаваў улезці ў гэтае вакно, балазе сумёт яго панізіў да росту.
    3 боку сасонніку, адкуль колісь набягалі і ваўкі, ён падкраўся да стайняў. Прысеўшы пад вакенцам, прыслухаўся. Цішыня, толькі форскаюць за сцяною коні, стукаюць капытамі ў жэрдкі. Вёрткім тхаром ён прашмыгнуў у стайні і замёр, каб агледзецца, абвыклі ў цемры вочы.
    Праз вокны з процілеглых сцен цадзіўся морак. У стайнях было цёпла, як у лазні. Востра патыхала конскім потам і сцулямі.
    Вочы ягоныя ўжо рознілі цёмныя жывыя сілуэты. Здавалася, усе коні павярнулі галовы да яго і стрыглі вушамі. Ен забаяўся, што яны прымуць яго за воўка і заржуць на ўсе стайні. Ен выпрастаўся, каб яны бачылі, што гэта чалавек, а ім ягоная постаць і не патрэбна была: яны выдатна чулі ноздрамі.
    Кастусёк не ведаў покуль, што ў стайнях ужо ёсць адзін чалавек. Конюх, якога дражнілі Бунда. Ен быў нетутэйшы, прыблытаўся скульсьці ў суседнія Смародзічы. Там жыў у прымах. Кастусёк бачыў не адзін раз яго: белы зморшчаны твар і сінія размаляваныя рукі — «як у вязёнках».
    А калі вочы асвоіліся і Кастусёк глянуў у кут — ногі ў яго падкасіліся. На варотцах загона стаяў Бунда, а задам да яго Найда — кабыла светла-папяловай масці, якая гады два невядома скуль прыбілася ў калгасны табун. Загон быў вузенькі, у ім зачынялі звычайна неаб’езджанага жарабка. Бунда быў без штаноў, ногі белыя, як папера, свяціліся ў паўзмроку. Ен то прыціскаўся да Найды, то адхіляўся, адштурхоўваючыся рукамі ад шырокага, як дзве ступы, крыжа.
    У Кастуська застукала ў грудзях сэрца, ён баяўся, што яно разарвецца, не вытрымае таго, што ўбачыў.
    Кастусёк убачыў тое, што ніколі не бачыў і пра што ніколі не думаў. Ен не разумеў таго, што ўбачыў, але быў стрэсены жудасцю, непраўдзівасцю ўбачанага.
    Гарачыя абцугі ўхапілі ягоныя мазгі, патрымалі над агнём, акурат кавалак зялеза ў горане, і, перавярнуўшы, паклалі зноў у чэрап на ранейшае месца. Цяпер яны думалі інакш. I душа была ўжо не тая.
    Кастусёк ластаўкаю вылецеў у вакно. Сасоннікам, полем, набіраючы ў катанкі снегу, палупасіў дахаты.
    Пяць дзён ён сядзеў на печы і няўмелым плугам дзіцячага розуму араў непадатлівы дзірван дарослых таямніц.
    РАЗДЗЕЛ 13
    Пётр Пятровіч тузануў ручку сейфа, ці не забыўся замкнуць, і, прыціснуўшы локцем папку, выйшаў з кабінета. Жаласна рыпалі пад нагамі маснічыны. Пад гэтую музыку ён вываліў сваё паўнаватае цела на ганак. Невысокі кусцік бэзу абпырскаўся кволай зеленню разбубелых пупышак. Дыхаў вільгаццю падагрэты за дзень чарназём абоч дарожкі.
    Пётр Пятровіч сам сабе пасміхаўся, раз-пораз хітаў галавою. Цікавая справа трапіла яму на стол, надзвычай цікавая. Старая карга, якаясьці графаманка, абвінавачвала пісьменніка, загадчыка аддзела саліднага часопіса ў плагіяце. 3 самага пачатку ён, лічы, не верыў ніводнаму ейнаму слову. А калі ён пабачыў «вінаватага», не сумняваўся ні на макулінку.
    Але Пётр Пятровіч належаў да ліку тых юрыстаў, якія кіруюцца не юрыдычнай ісцінай, а собскімі амбіцыямі і маральнымі перамогамі. Ен лічыў, што кожны чалавек — маральны злачынец і патрабуе псіхалагічнага пакарання гэтак жа, як і крымінальны забойца. Таемна, нікому не прызнаючыся, ён ганарыўся, што яму дадзена права караць такіх маральных злачынцаў. Адзін з іх і быў пісьменнік Кастусь Чуйкевіч. Справа ягоная была загадзя адказная, але ён не збіраўся яе закрываць. Вельмі лёгка, любата адна весці справу, у зыходзе якой з першага моманту не сумняваешся. А ўпэўненасць у рабоце — далёка не апошняя рэч. I менавіта яе ацэніць шэф, пракурор, калі ён пакладзе перад ім з бляскам расследаваную справу, першую ў іхнай практыцы. Дый сам адказчык, адпакутаваўшы ні за што, па вартасці ацэніць ягоныя прафесійныя навыкі пасля пастановы. Так што ёсць сэнс расцягнуць асалоду.
    Блазенская ўсмешка выплыла на вусны Пятру Пятровічу. Ен бадзёра падпіхнуў пальцам уверх акуляры.
    РАЗДЗЕЛ 14
    Зазваніў тэлефон. У Чуйкевіча мільганула думка: падыходзіць ці не? Было яму непамысна. Прапусціў два гудкі і ўзяў трубку. I — жах! — маўчанне. Хтосьці слухаў ягоны голас. Ён вымавіў толькі адзін раз «алё» і таксама маўчаў. Здранцвелая рука выпусціла трубку. «Яны!..» Ну, канечне ж, яны. Ужо звоняць, вывучаюць сітуацыю. Чуйкевіч адчуў, як мандраж скруціў ягонае цела. Собіла ж яму застацца аднаму! Што цяперака рабіць? Прыйдуць, падбяруць ключ да дзвярэй ці ўвогуле ўзламаюць іх. Яго саб’юць, звяжуць і выпатрабуюць усё, што цюкне ім у башку. Ды гэта быў яшчэ не самы горшы зыход.
    Ён уявіў, што будзе, калі заловяць Васю ці Арцёма, зацягнуць да сябе на кватэру і адтуль па тэлефоне будуць вярэдзіць, даючы трубку сыну. Той будзе плакаць, прасіць, маліць: «Тата, выратуй мяне, дапамажы!..» Ад такой сцэны, адчуваў, у яго не вытрымае, разарвецца сэрца. Добра, што покуль сыны з’ехалі з Мінска. Хоць на гэтыя тры дні, калі мярзотнікі асабліва актыўна, па свежых слядах абмяркоўваюць свой гнюсны план.
    Чуйкевіч, мякка ступаючы, падышоў да дзвярэй. Віселі яны на трох завесах, два замкі, ланцужок. Завесы хліпкія, добра налегчы — і дзверы схвіцнуць. Ен пачаў думаць, як умацаваць. Узбуджаная падкорка пасылала імпульсы з уражлівай яснасцю і вынаходлівасцю.
    Чуйкевіч узяў з рассоўнай рамонтнай скрыні шэсць доўгіх шурупаў і ўкруціў па адным вышэй і ніжэй кожнай завесы. Цяпер як ні штурхай дзверы, яны не саскочаць. Хіба што можна вынесці разам з вушакамі. Каб шурупы не кідаліся ў вочы і не дапытвалася жонка, дзеля чаго ўкруціў, Чуйкевіч квэцнуў па іх белай фарбаю. Цяпер калі і згледзіш іх, то падумаеш, што яны тут патрэбныя.
    Чуйкевіч узяў дзверы на ланцужок, прачыніў іх — шчыліна здалася шырокай. 3 калідора можна лёгка прасунуць руку і выняць з паза фіксатар ланцужка. He паспееш чымсьці і здзюжыць па руцэ зламысніка. Выйсце знайшлося хутка. Ен перанёс металічны касячок з пазам далей ад края дзвярэй і прыкруціў. Гэтым
    разам адчыненыя дзверы пакінулі зусім вузкую шчыліну — хіба што для пальцаў. Здаецца, з боку дзвярэй ён забарыкадзіраваўся. У вакно не палезуць: кватэра на трэцім паверсе. А калі б была на першым? Чуйкевіч не ўяўляў, як бы ён ратаваўся сам і ратаваў сям’ю.