Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня
Кніга другая
Сяргей Абламейка
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 374с.
Мінск 2021
3 прычыны таго, што ў выніку Першай сусьветнай вайны Вільня засталася за лініяй фронту, з 1917 году адбывалася палітычнае ўзвышэньне Менску, дзе сканцэнтравалася значная колькасьць беларускіх палітыкаў і вялікія культурныя сілы. Менск становіцца палітычным цэнтрам Беларусі, і ў сакавіку 1918 году менавіта ў гэтым горадзе абвяшчаецца незалежная Беларуская Народная Рэспубліка.
Ня дзіўна, што гісторыя гораду і яго помнікі прыцягнулі ўвагу тагачасных публіцыстаў і палітыкаў — ідэолягаў БНР. У лістападзе 1919 году галоўны
тагачасны орган беларускага друку — штодзённая газэта «Беларусь» — праводзіць спэцыяльную акцыю для прапаганды менскай гісторыі і менскай спадчыны, апублікаваўшы ў пяці нумарах артыкулы пра менскую гісторыю і гістарычныя помнікі гораду.
Зь лістападаўскіх публікацый на гэтую тэму асабліва вылучаецца нарыс Рамуальда Зямкевіча «Стары замак у Менску». Якраз у гэтай публікацыі газэта «Беларусь» прапанавала правесьці археалягічнае дасьледаваньне менскай Замкавай гары, архітэктурную рэстаўрацыю помнікаў старога замку і пабудаваць на Замчышчы новую сядзібу для ўраду і сойму Беларускай Народнай Рэспублікі. Прапанова тая была прыязна сустрэтая грамадзкасьцю, пакінула трывалы сьлед у беларускіх сэрцах і галовах, а таксама ў мастацтве (Язэп Драздовіч, Леў Дашкевіч).
Нададзеная ў часы БНР увага менскай гісторыі не прайшла дарэмна, і клопат аб менскіх помніках зноў праявіўся ўжо ў БССР — адразу, як толькі была наладжаная сыстэматычная праца беларускіх навуковых кадраў. Гэтаму дапамагло і тое, што амаль усе ўдзельнікі падзеяў у Менску 1919-1920 гадоў засталіся працаваць у БССР або вярнуліся туды пасьля нядоўгай эміграцыі.
Ужо вясной 1925 году культурныя сілы, аб’яднаныя вакол Камісіі аховы помнікаў Інбелкульту, пачалі дамагацца ўпарадкаваньня менскага Замчышча і пабудовы там помніка Кастусю Каліноўскаму. Лічылася, што падпольная друкарня Каліноўскага, дзе ў пачатку 1860-х гадоў выдавалася «Мужыцкая
праўда» і паўстанцкія ўлёткі, знаходзілася на менскім Замчышчы ў будынку Гродзкага суду.
У красавіку 1925 году паэт Ўладзімер Дубоўка пісаў:
«... Адначасова вырашыць і пытаньне наконт месца для пабудовы помніка Кастусю Каліноўскаму, тым больш, што па досьледах некаторых вучоныху адным са старых будынкаў — (дзе цяперміж іншым кузьня, што зусім небясьпечна для гістарычнага дому) — месьцілася друкарня Каліноўскага.
Дом мае добра захаваны стары, надзвычайна цікавы стыль і з надворку і зь сярэдзіны, іў ім, пасьля належнага абсталяваньня, можна будзе зрабіць... невялічкі музэй...
Трэба спадзявацца, што і “Маладняк” і Інбелкульт прымуць належныя крокі, кабзьвярнуць увагу нашых кіраўнічыхустаноў і грамадзянства на замчышча, і што ў недалёкім часе яно будзе вабіць да сябе сваёй прыгажосьцю»344.
Камісія аховы помнікаў, а таксама Камісія гісторыі мастацтва Інбелкульту пачалі дамагацца і дамагліся ад уладаў стварэньня пляну рэстаўрацыі і музэіфікацыі Замкавай гары і Старога гораду ў Менску. На жаль, гэтае дасягненьне дзеячоў Інбелкульту супала па часе з пачаткам згортваньня толькі што распачатай палітыкі беларусізацыі — гэта адбылося ўжо ў канцы 1925 году. Hi мэмарыялізаваць Замчышча, ні стварыць там музэй і помнік
344 Савецкая Беларусь. 14красавіка 1925. У гэтымсамымнумары газэты была надрукаваная першая частка паэмы Анатоля Вольнага «Кастусь Каліноўскі».
Каліноўскаму, ні надаць ягонае імя адной з вуліц у Старым горадзе не ўдалося.
У сваім настойлівым клопаце аб Старым горадзе і Замчышчы дзеячы Інбелкульту непазьбежна ўвайшлі ў канфлікт з грозным органам пралетарскай дыктатуры — НКВД, у склад якога ў 20-я гады ўваходзілі і ўправы камунальнай гаспадаркі — так званыя камгасы.
Нягледзячы на часовае ведамаснае разьдзяленьне ГПУ і НКВД у 1923-1930 гадах Народны камісарыят унутраных спраў, як мы бачылі, захаваў за сабой значныя палітычныя функцыі і браў актыўны ўдзел у прыняцьці чыста палітычных рашэньняў. НКВД, напрыклад, кантраляваў кадравы склад саветаў народных дэпутатаў і для «ажыцьцяўленьня сацыялістычнай законнасьці» ў гэтай сфэры часткова ажыцьцяўляў палітычны вышук.
У адказ на клопат інбелкультаўцаў аб Старым горадзе, пад якім тады разумелася вуліца Няміская з усім яе навакольлем — Замкавай гарой, Нізкім і Рыбным рынкамі і дзясяткам сумежных вуліц, камгас НКВД пры дапамозе запрошанага з Масквы прафэсара архітэктуры Ўладзіміра Сямёнава распрацаваў плян сацыялістычнай рэканструкцыі і пляніроўкі Менску, які прадугледжваў поўнае зьнішчэньне Старога гораду з закладаньнем парку і возера на месцы Замкавай гары і Татарскіх агародаў.
Плян той быў настолькі грандыёзны і радыкальны, што Дзяржплян БССР з прычыны недахопу грошай адмовіўся яго зацьвярджаць, але загадаў акруговаму камгасу стварыць на яго аснове пяцігадовы плян пляніроўкі і добраўпарадкаваньня Менску. Гэтага аказалася дастаткова, каб адмовіцца ад
праектаў рэстаўрацыі Замкавай гары і яе помнікаў, чаго раней дамогся Інбелкульт.
Неўзабаве пачаліся рэпрэсіі супраць беларускіх дзеячоў, а ў 1931 годзе з удзелам адмыслова прысланых з Масквы і Ленінграду спэцыялістаў пачаліся грандыёзныя работы па сацыялістычнай рэканструкцыі Менску, якія праходзілі пад спэцыяльным наглядам ЦВК СССР і асабіста яго старшыні Міхаіла Калініна.
У 1934-1936 гадах у ленінградзкім аддзяленьні «Государственного ннстнтута по проектмрованню, сьемке н планнровке населенных мест», так званым «Гшірогоре» РСФСР, на падставе пляну прафэсара Сямёнава (які ў той час ужо быў галоўным архітэктарам Масквы) быў складзены першы варыянт генпляну Менску, які прадугледжваў поўнае зьнішчэньне Старога гораду з усёй яго забудовай, скопваньне Замкавай гары і закладаньне на іх месцы так званага Цэнтральнага парку культуры і адпачынку.
Характэрна, што пасьля вайны ўсю працу па стварэньні і рэалізацыі генпляну Менску ўзначаліў Навум Трахтэнбэрг, які ў 30-я гады, у часе стварэньня першага генпляну, быў непасрэдным распрацоўшчыкам праекту Цэнтральнага парку культуры і адпачынку на месцы Старога гораду і Замкавай гары.
Парк той, у рэшце рэшт, не пабудавалі. Але пракладзены па Замчышчы праспэкт, названы ў гонар плянаванага парку Паркавай магістральлю, а таксама дзьве «паркавыя» спартовыя установы — стадыён «Трудовые резервы» і Дом спорту таго самага спартовага таварыства, засталіся ў гісторыі
сьведкамі тых грандыёзных плянаў і прычыніліся да непасрэднага разбурэньня Замкавай гары ў 1950-я гады.
У выніку Другой сусьветнай вайны і сакрэтных (у сэнсе, хаваных яшчэ і сёньня ад нашчадкаў) захадаў савецкіх уладаў вясной-летам 1944 году ў Менску дзіўным чынам аказаліся цалкам разбуранымі менавіта тыя кварталы Старога гораду і Замчышча, якія прадугледжваліся пад знос генплянам 1934-1936 гадоў і яго варыянтам 1939-1940 гадоў. Стары горад у Менску — а гэта Замкавая гара, Нізкі і Рыбны рынкі, а таксама дзясятак вузкіх і пакручастых вуліц таго раёну — аказаліся ахвярамі процістаяньня ідэі беларускага адраджэньня з расейскай імпэрскай ідэяй нацыянальнага задушэньня ўскраін у яе савецка-камуністычным абліччы.
Сёньня з прычыны амаль поўнай адсутнасьці архіваў камгасу НКВД БССР і недаступнасьці архіваў КГБ мы ня можам дакладна акрэсьліць ролю Масквы ў самы раньні пэрыяд трагедыі Старога гораду — у 1925-1926 гадах, калі НКВД проціпаставіў пляну рэстаўрацыі Замчышча і яго помнікаў, распрацаванаму Інбелкультам, свой плян пляніроўкі Менску, створаны прафэсарам Сямёнавым.
Улічваючы, аднак, той факт, што камгас НКВД у тыя гады ўсімі сваімі рашэньнямі толькі дубляваў аналягічныя пастановы і загады Масквы, можна меркаваць, што без яе справа тут не абышлася. Магчыма, некалі беларускія гісторыкі дабяруцца да адпаведных сховішчаў, якія сёньня дзеля зразумелых прычынаў недаступныя аўтару гэтых радкоў, і пацьвердзяць або абвергнуць гэтае меркаваньне.
Зрэшты, абвергнуць яго будзе даволі цяжка, бо сам ход падзеяў у Беларусі ў 20-60-я гады XX стагодзьдзя паказаў, што нацыянальнае задушэньне беларускага народу выявілася ня толькі ў разгроме нацыянальных кадраў, татальнай русыфікацыі і саветызацыі, але і ў далейшым разбурэньні найкаштоўнейшых помнікаў беларускай архітэктуры, якое пачалося з канца XVIII стагодзьдзя і асабліва ўзмацнілася ў 60-70-я гады XIX стагодзьдзя пры віленскім генэрал-губэрнатары М. Мураўёве.
У гісторыі існуе трагічная недаацэнка гэтага боку расейскай палітыкі ў Беларусі. Сёньня гісторыкі прывычна пералічаюць захады расейскага ўраду пасьля далучэньня Беларусі да Расеі, скіраваныя на «абрусеньне» краю — закрыцьцё Віленскага ўнівэрсытэту і Полацкай акадэміі, скасаваньне Ўніяцкай царквы, адмену дзеяньня Літоўскага статуту, забарону беларускага друку і г. д. Зрэдку ў гэты пералік трапляюць і спрамленьне вуліц у гістарычных цэнтрах гарадоў і грандыёзная кампанія перабудовы беларускіх помнікаў манумэнтальнай архітэктуры, найперш кляштараў, цэркваў і касьцёлаў у эклектычным стылі казённага праваслаўя. Ініцыятарам той перабудовы называюць віленскага генэрал-губэрнатара Міхаіла Мураўёва.
А тым часам яшчэ Аляксандар Цьвікевіч нагадваў, што ў XIX стагодзьдзі ў сыстэме дзяржаўнай улады Расейскай імпэрыі існаваў таемны «Западный комлтет», які і распрацоўваў усе вышэйзгаданыя захады па русыфікацыі Беларусі, у тым ліку і «мураўёўскую» перабудову гарадоў і храмаў345. Зада-
345 Цьвікевіч А. «Западно-русснзм»... С. 15.
ча гэтага таемнага органу, створанага 2 кастрычніка 1862 году, фармулявалася так:
«Прыраўнаць заходнія губэрні, ад Польшчы далучаныя, ваўсіх адносінах даўнутраных велікарускіх губэрняў»346.
Бальшавікі, у рукі якіх пасьля кастрычніцкага перавароту перайшлі ўсе дзяржаўныя архівы Расейскай імпэрыі, ня толькі перанялі ад царскага ўраду шмат якія бюракратычныя традыцыі і парадкі, яны яшчэ і аказаліся ўдзячнымі вучнямі і пасьлядоўнікамі «Западного комнтета».
Сёньня кожнаму зразумела, што для таго, каб зрабіць горад сучасным і зручным для жыцьця, не абавязкова разбураць яго старое ядро — дастаткова стварыць новы дзелавы цэнтар побач са старым і правесьці адпаведныя камунікацыі ў абыход гістарычных кварталаў, не разбураючы іх. Але так зробіць (і робіць) той, чыя мэта — захаваньне культуры.
У Менску ж сытуацыя была адваротнаю. Нацыянальнае задушэньне, ліквідацыя нацыянальнай культуры і русыфікацыя — вось зьмест і сэнс усяго, што рабілі Крэмль і НКВД у Беларусі ў 20-50-я гады — у тым ліку і «сацыялістычнай рэканструкцыі гарадоў». I мэты гэтыя зусім ня розьніліся ад тых, што ставілі перад сабой у XIX стагодзьдзі дзеячы «Западного комнтета».