Нёманскі фронт 15-25 ліпеня 1944 года. Баі за Гродна: аналіз падзей, данясенні, успаміны, статыстыка Дзмітрый Люцік

Нёманскі фронт

15-25 ліпеня 1944 года. Баі за Гродна: аналіз падзей, данясенні, успаміны, статыстыка
Дзмітрый Люцік
Памер: 331с.
Гародня 2012
98.76 МБ
Разам з рухомым атрадам у мястэчка Скідзель уварваліся і палкі 238-й сд. Адразу пасля ўступлення ў мястэчка немцы пачалі яго абстрэл з-за ракі Котра, якая працякала ў 1 км на захад ад населенага пункта. З’явіліся нямецкія самалёты. Абстрэл вуліцы Гродзенская, дзе рухаліся савецкія войскі, працягваўся да вечара. У адказ, з наступленнем цемры, з мястэчка Скідзель (раён в. Гліняны) адкрылі агонь па нямецкіх батарэях савецкія “кацюшы”.
Мястэчка Скідзель было ўзята пасля напружаных баёў на падыходах да яго. Падраздзяленні нямецкай 14-й пмд занялі абарону на захадзе па рацэ Котра. Узяцце гэтага населенага пункта фактычна адкрывала савецкімі войскамі шлях на г. Гродна. Немцы, аднак здолелі выйсці з акружэння і адступіць на ўсход. Акрамя таго, баі за м. Скідзель дазволілі немцам выйграць час. Група г.-л. Г. Флёрке паспела стварыць абарончы рубеж у раёне в. Жытомля (у 10 км на ўсход ад Скідзеля). Частка сіл нямецкай групы пачала перапраўляцца на супрацьлеглы бераг р. Нёман.
У пятніцу 14 ліпеня 238-я сд, умацаваная 23-й Гв. атбр і 233-ім атп, 1444-ым і 1434-ым can пры падтрымцы 16-га Гвардзейскага ran, пачала фарсіраванне ракі Котра ў раёне мястэчка Скідзель в. Котра. У канцы дня адзін з палкоў дывізіі фарсіраваў раку. Пры фарсіраванні Котры дапамогу войскам аказалі салдаты і афіцэры 3-га і 5-га асобных штурмавых інжынерныхсапёрныхбатальёнаў(1-й Гв. ашісбр). Будаўніцтваперапраў праходзіла ў складаных умовах, пад нямецкім агнём. Пры гэтым 5-ты Гв. ашісб страціў 3 чалавек забітымі113. Два палкі 238-й сд працягвалі знаходзіцца на ўсходнім беразе ракі ў раёне в. Некрашы, на поўнач ад мястэчка Скідзель. Адначасова пачаліся работы па ўзнаўленні чыгуначнага маста праз раку Котра, узарванага немцамі пры адступленні. Дапамогу ў будаўніцтве аказвалі таксама і жыхары мястэчка. У Скідзелі размясціўся штаб 121-га ск г.-м. Д.І. Смірнова. У раён Скідзеля пачалі падыходзіць астатнія сілы савецкай 50-й арміі. На поўнач ад населенага пункта (у раёне в. Юрэвічы Лакно) выйшлі 42-я і 153-я сд 69-га ск.
14 ліпеня да в. Пясчанка (за 5 км на ўсход ад Скідзеля) выйшлі падраздзяленні 199-й сд 70-га ск. Яны паспрабавалі адсекчы адыходзячыя на захад нямецкія злучэнні114. Аднак немцы, выкарысталі нешматлікую бранятэхніку (бронетранспарцёры), а таксама моцны артылерыйскі агонь, змаглі прарваць абарону савецкай дывізіі і адысці. Асноўны цяжар гэтых баёў выпаў на роту Гв. л-та В.І. Дзячкова. Рота адбіла 5 нямецкіх атак, аднак панесла вялікія страты. У гэтым баі загінуў і сам камандзір роты115. Магчыма, згаданыя нямецкія падраздзяленні былі 2-ім дывізіёнам (дзве лёгкія і дзве цяжкія батарэі) 14-га ап, што прарваліся з “Мінскага катла” і вывезлі цяжкую зброю і боепрыпасы116. На поўдзень ад Скідзеля часці 718га сп 139-й Чырвонасцяжнай Раслаўльскай сд 121-га ск выйшлі да в. Пузавічы (цяпер в. Партызанская).
Такім чынам, у выніку баёў з удзелам падраздзяленняў 50-й арміі г.-л. І.В.Болдзіна 12-13 ліпеня 1944 года ўдалося выйсці на адлегласць аднаго дзённага пераходу да Гродна. На жаль, савецкім войскам не ўдалося адсечы адступаючыя нямецкія войскі і тым самым палегчыць сваё будучае наступленне. Ударная сіла армейскага рухомага атрада г.-л. А.А. Цюрына бранятанкавыя сілы былі вельмі нязначнымі па колькасці, расцягнуліся ў час маршу з-за паломак і недахопу палівазмазачных матэрыялаў і не змаглі своечасова перашкодзіць прарыву 50-й нямецкай дывізіі. Беластоцкая франтавая аперацыя працягвалася і войскі 2-га БФ усё бліжэй падыходзілі да Гродна. Праўда, прарыў да горада здзейснілі падраздзяленні 3-га БФ. Менавіта ім удалося прарвацца да ваколіцаў Гродна першымі.
Обергрупэнфюрар Курт фон Готберг
Генерал Г.Вейдлінг.
Генерал Г. Хаўс, камандзір 50-й пд
Маёр X. Эгелейн. Камандзір PzAA 12
Камандзір 14-й пяхотной матарызаванай дывізіі г.-л. Г. Флёрке
Камандуючы 50-й арміяй генерал І.В.Болдзін
Член ваеннага савета 50-й Генерал А.А.Цюрын, арміі г.-м. А.І.Карамышаў намеснік камандуючага 50-й арміі
Наступленне савецкіх войск пад Гродна ў ліпене 1944 г. 45-мм
СУ-85.1944год
РАЗДЗЕЛ 3.
БАІЗА ГОРАД ГРОДНА
а)	Баі на рубяжы в. Жытомля-Верцялішкі
Звыхадам савецкіх войскаў да Гродна і фарсіраваннем ракі Нёман (апошняй вялікай воднай перашкоды на гэтым накірунку) з’явіліся перспектывы для прасоўвання не толькі да даваенных межаў СССР, але і да тэрыторыі Германіі Усходняй Прусіі. Натуральна, гэта выклікала заклапочанасць нямецкага камандавання, якое імкнулася не дапусціць лініі фронту да межаў Рэйха.
Сілы 4-й нямецкай арміі, якая адыходзіла ў напрамку Гродна, былі занадта малымі, каб стрымліваць падраздзяленні Чырвонай арміі, што імкліва рухаліся наперад. Найбольшую пагрозу для левага фланга немцаў уяўляў 3-ці Гвардзейскі кавалерыйскі корпус Гв. г.-л. М.С. Аслікоўскага117, прыданы 3-му Беларускаму фронту. Тым не менш, камандаваннем нямецкай арміі 10 ліпеня было вырашана стварыць фронт на ўсход ад Гродна па лініі Лунна Азёры Парэчча Ліскева (в. Лішкява, на поўнач ад Гродна па рацэ Нёман). Для гэтага меркавалася выкарыстаць загараджальную групу г.-арт. Г. Вейдлінга на правым флангу і паліцэйскую групу обергрупэнфюрара К. фон Готберга на левым.
Як ужо адзначалася, гэтыя часці 4-й арміі, былі значна аслаблены папярэднімі баямі і панеслі вялікія страты ў цяжкай зброі. Аднак камандаванне нямецкай арміі спадзявалася на прыбыццё танкавых злучэнняў. Яны павінны былі спыніць савецкае наступленне і стабілізаваць фронт на подступах да межаў Усходняй Прусіі.
Аднак планам нямецкага камандаванння не было наканавана пераўтварыцца ў жыццё. Нямецкія войскі не змаглі заняць усю лінію меркаванага фронту на адрэзку Лунна Азёры Парэчча Ліскева. Непрыкрытым застаўся адрэзак абарончай лініі ад в. Хамуты (за 2 км на поўнач ад воз. Белае) да ракі Нёман у в. Ліскева. Левафлангавы 22-гі паліцэйскі полк СС з групы обергрупэнфюрара К. фон Готберга не здолеў своечасова злучыцца з баявой паліцэйскай групай СС
оберста Г. Ганібала, што ўтрымліваў сувязь з нямецкім ХХХІХ-ым танкавым корпусам, які займаў пазіцыі ніжэй па цячэнні ракі. Сутык паміж двума нямецкімі карпусамі застаўся непрыкрытым. Яго і выкарыстала савецкае камандаванне для прарыву. Менавіта тут нанеслі ўдар кавалерысты, што рухаліся наперадзе.
Першымі да горада Гродна падышлі з паўночнага ўсходу злучэнні 3-га Гвардзейскага кавалерыйскага корпуса і дывізіі 31-й арміі (г.-п. В.В. Глаголеў) 3-га Беларускага фронту. Так у баях на падыходах да горада прымалі ўзел 174-я, 220-я і 352-я дывізіі 36-га стралковага корпуса. 174-я Барысаўская дывізія была сфарміравана ў трэці раз летам 1943 года. 220-я дывізія была перафарміравана з мотастралковай. Дарэчы, арганізавана дывізія была яшчэ ў красавіку 1941 года з уражэнцаў Заходняй Беларусі і Украіны.
Кавалерыйскі корпус з 9 ліпеня знаходзіўся ў падпарадкаванні камандуючага 31 -й арміі. Згодна дырэктыве 3-га БФ корпус павінен быў да канца 13 ліпеня 1944 года заняць горад Гродна ўдарам з поўначы. Акрамя таго, корпус павінен быў захапіць плацдарм на левым беразе Нёмана ў раёне горада. У задачу 31 -й арміі ўваходзіла вылучыць моцныя перадавыя атрады, якія павінны былі замацавацца на рубяжах, якія занялі кавалерысты.
12	ліпеня 1944 года перадавыя падраздзяленні кавалерыйскага корпуса Гв. г.-л. М.С. Аслікоўскага нанеслі ўдар з раёна в. Бершты па непрыкрытаму немцамі лясістаму ўчастку фронту ў паўднёвазаходнім напрамку ў раён в. Парэчча, не даўшы немцам як след замацавацца. Праз Парэчча праходзіла чыгунка ў накірунку горада Вільня. Захоп станцыі пераразаў камунікацыі 4-й нямецкай арміі. Таму захоп станцыі быў неабходнай умовай для далейшага наступлення.
Верагодна, у вёсцы і на чыгуначнай станцыі Парэчча знаходзіліся батальёны 22-га палп СС. Аднак ніякай нямецкай абароны станцыі не існавала. Паводле ўспамінаў Гв. г.-л. М.С. Аслікоўскага, атака Парэчча была праведзена “імгненным ударам”118. 28-мы Гв. кп і 198-мы атп 6-й кд занялі в. Парэчча практычна без бою да 11 гадзін дня119. Першымі на станцыю ўварваліся эскадроны Гв. к-наў Я.М. Неўмоева, Шэпелёва і Крывенкі. Танкі 198-га атп атакавалі проста па чыгунцы120. На чыгуначнай станцыі былі кінуты некалькі саставаў: немцы не паспелі іх знішчыць. Адзін з іх быў з танкамі T-IV121. Акрамя гэтага, кавалерыйскія часці захапілі і харчовыя прыпасы. Камандзір кулямётнага ўзвода ДШК 6-й кд л-т Хаім Гарэлік успамінаў: “Па дарозе, пры ўзяцці станцыі Пажэч’е (Парэчча Д.Л.) захапілі першыя харчовыя трафеі ў нямецкіх вагонах. Надоўга запасліся партугальскімі сардынамі і смачнымі мяснымі кансервамі”122.
12-13 ліпеня 1944г„ савецкая атака ст. Парэчча. Нямецкі фронт Скідзель-Азёры
Камандаванне 4-й нямецкай арміі паспрабавала ў спешцы арганізаваць атаку з наяўных рэзерваў. Кінутыя немцамі ўвечары ў раён прарыву разрозненыя сілы (з раёна горада Друскенікі часткі 48-га грэнадзёрскага палка, рота 78-й штурмавой дывізіі групы В. Остэрхольда123 ХХХІХ-га тк, з Гродна 2-гі батальён 17-га паліцэйскага палка СС124) аказаліся не ў стане яго ліквідаваць і вярнуць станцыю Парэчча. Батальён 17-га паліцэйскага палка к-на Стрэкера, верагод-
на, адступіў у Гродна, не ўтрымаўшы пазіцый. Такім чынам, спробы немцаў ліквідаваць гэты прарыў не далі вынікаў.
Астатнія сілы кавалерыйскага корпуса таксама падыходзілі да месца баёў. Так 5-я Гв. кд у гэты час выйшла да в. Новая Руда (за 10 км на паўднёвы ўсход ад в. Парэчча). Яе перадавыя атрады знаходзіліся ў раёне в. Рыбніца. 32-я Смаленская кавалерыйская дывізія скончыла фарсіраванне ракі Котра і прасоўвалася ў другім эшалоне корпуса ў раёне в. Бершты125.
Такім чынам прарыў да станцыі Парэчча 3-га Гв. кк стварыў перадумовы для хуткага ўзяцця Гродна ўдарам з поўначы. Немцы да гэтага не былі гатовы.
13	ліпеня разгарэліся баі на ўсход ад горада Гродна па лініі фронта в. Котра Губінка Азёры. Наступленне на гэтым накірунку вялі дывізіі 50-й савецкай арміі. На гэтым участку абараняліся падраздзяленні нямецкай групы г.-л. Г. Флёрке (часткі 14-й дывізіі і 1069-ты грэнадзёрскі полк), а таксама часткі 2-га паліцэйскага палка СС (на паўночным флангу). На поўдні да палкоў групы г.-л. Г. Флёрке далучыліся 121-шы і 122-гі гп 50-й нямецкай дывізіі. Аднак хутка нямецкія падраздзяленні вымушаны былі адступіць126 на новую лінію абароны, якая праходзіла праз в. Верцялішкі Табала Жытомля.