Нёманскі фронт 15-25 ліпеня 1944 года. Баі за Гродна: аналіз падзей, данясенні, успаміны, статыстыка Дзмітрый Люцік

Нёманскі фронт

15-25 ліпеня 1944 года. Баі за Гродна: аналіз падзей, данясенні, успаміны, статыстыка
Дзмітрый Люцік
Памер: 331с.
Гародня 2012
98.76 МБ
Асаблівай сілы дасягнулі баі за в. Жытомля (за 19 км на ўсход ад Гродна). Праз вёску праходзіла чыгунка Гродна Масты, а таксама дарога са Скідзеля на Гродна. Да раніцы 13 ліпеня на рубеж р. Пыра, што працякала непадалёку ад Жытомлі, выйшлі перадавыя часці савецкай 290-й Магілёўскай ордэна Чырвонага сцяга сд г.-м. І.Г. Гаспарана. У авангардзе яе падраздзяленняў рухаліся 878-мы стралковы і 1420-ты артылерыйскія палкі. Немцы пабудавалі абарону вёскі ў 2 эшалоны: асноўную пазіцыю па вышынях на паўночны ўсход ад Жытомлі, перакрываючы дарогу Скідзель Гродна (яна праходзіла праз чыгуначную станцыю Жытомля), і далей на поўдзень праз чыгунку і праз шашу Ліда Гродна. Перад гэтай пазіцыяй размясціліся дазоры нямецкай пяхотнай матарызаванай дывізіі. Савецкія крыніцы ўзгадваюць, што абарону пазіцыі занялі 1065-ты, 1068-мы і 1069-ты грэнадзёрскія палкі, якія былі перакінуты ў раён Гродна з-пад Варшавы127. Згодна нямецкай інфармацыі на станцыі і вёсцы Жытомля ўмацавалася група палк. Г. Трэптава (рэшткі 101-га грэнадзёрскага палка, 2-гі батальён 1065-га гп, 2-гі батальён 1068-га гп).
Зыходзячы з характару нямецкай абароны, камандзір 878-га стралковага палка ппалк. М.Г. Хамулы вырашыў атакаваць нямецкія пазіцыі на ўчастку паміж шашой і чыгункай сіламі двух батальёнаў. Пасля кароткай артпадрыхтоўкі 1-шы і 3-ці батальёны прарвалі лінію баявой аховы немцаў і да поўдня выйшлі да чыгуначнай станцыі
Жытомля128. Рухацца далей савецкая пяхота не здолела з-за моцнага нямецкага агню. Працытуем ппалк. М.Г. Хамулы: “Па інтэнсіўнасці і дакладнасці артылерыйска-мінамётнага абстрэлу было ясна, што праціўнік добра падрыхтаваў свае рубяжы. Ды і абсталяваць абарону таксама паспеў. На асобных адрэзках мясцовасці, асабліва на бачных з нашага боку схілах пагоркаў, у бінокль былі відаць паўнапрофільныя і старанна замаскіраваныя траншэі. Актыўнасць жа кулямётнай стральбы сведчыла пра тое, што ў абароне праціўніка дастатковая колькасць гэтага віду зброі. Асабліва лютавалі фашысцкія кулямёты на чыгуначнай станцыі Жытомля. Адтуль адначасова білі некалькі ручных і адзін буйнакаліберны кулямёты. Да таго ж цагляны двухпавярховы будынак станцыі заўважна ўзвышаўся над мясцовасцю. А гэта давала магчымасць фашыстам праглядаць з яго гарышча не толькі баявыя пазіцыі палка, але і наш глыбокі тыл, карэктаваць агонь сваёй артылерыі”129.
Некалькі лабавых атак чыгуначнай станцыі ні да чаго не прывялі. Полк ппалк. М.Г. Хамулы быў вымушаны залегчы. Пасля гэтага камандаваннем дывізіі было прынята рашэнне атакаваць Жытомлю ў ноч з 13 на 14 ліпеня, пры гэтым задзейнічаць і 882-гі сп пад камандваннем ппалк. Ф.М. Сцефаненка для абыходу немцаў з правага фланга і ўдару па населеным пункце Жытомля.
13 ліпеня баі пачаліся таксама ўздоўж паўночнай ускраіны Гродна за в. Малышчана, Кульбакі Лапенкі, Путрышкі, сяло Верцялішкі, дзе праходзіў першы нямецкі рубеж абароны горада. Сюды прарваліся злучэнні 3-га Гв. кк і перадавыя злучэнні 31-й арміі.
Фронт непазбежна набліжаўся да Гродна. Немцы праводзілі спешную эвакуацыю. Жыхар горада Я. Карпюк запісаў у гэты дзень у сваім дзённіку: “Каля дзвюх гадзін паказалася эскадрылля з 30 самалётаў. Яны накіроўваліся на ўсход. Самалёты былі нямецкія значыць, недалёка павінны былі знаходзіцца перадавыя часткі. Мы хваляваліся за маму і Галю, якія засталіся дома. Пачалі прыбягаць з горада заклапочаныя людзі, якія таксама шукалі сховішча. Хутка прыйшлі і нашы. Мама расказвала мне, што ў горадзе паніка, што падаюць снарады і што першы ўпаў каля пошты. Стрэлы станавіліся часцейшымі. Над горадам з’явіліся нашы самалёты. Уверсе ўспыхвалі малочныя воблакі ад ўзрываў снарадаў. Было зразумела, што немцы адкрылі агонь з зянітак. Збоку з’явіліся нямецкія самалёты, а нашы, зрабіўшы круты паварот, пайшлі насустрач. Распачаўся паветраны бой. Было чуваць выццё матораў і траскатня кулямётаў”130.
Нямецкія сілы, што абаранялі бліжэйшыя падыходы да Гродна з поўначы, былі размешчаны наступным чынам: 2-гі батальён 17-га палп СС займаў пазіцыі паўсходнім беразе ракі Нёман (ад в. Астравок
да мястэчка Гожа, кантралюючы дарогу ў накірунку м. Друскенікі), 1-шы батальён таго ж палка займаў в. Грандзічы. Тут жа размясціўся і 1-шы зянітны дывізіён СС гаўптштурмфюрэра Г. Фібінгера. 22гі палп СС (два батальёна) заняў пазіцыі у раёне в. Путрышкі. Камандаванню палка быў падпарадкаваны зводны батальён 530-га гп, які заняў раён в. Вялікая Капліца. У раёне в. Касцёлаўшчызна заняў пазіцыі 2-гі батальён 1068-га гп. Матарызаваны батальён палявой жандармерыі і батальён 51-га ахоўнага палка рыхтавалі абарону ў раёне маёнтка Станіславова131. Нямецкі гісторык В.Ваперсаль адзначаў, што ў раёне сяла Верцялішкі абараняліся 2-гі палп СС і 529-ты батальён м-ра Венкеля з 299-й дывізійнай групы132.
Вядома, што ў раёне в. Путрышкі Капліца Грандзічы немцы выкарыстоўвалі для абароны лінію Гродзенскай крэпасці, што засталася тут з часоў Першай сусветнай вайны. На гэтым адрэзку яна ўяўляла сабой пас невялікіх бетонных бліндажоў, ніш для боепрыпасаў, назіральных пунктаў, злучаных паміж сабой ланцугом акопаў з калючым дротам. Такім чынам, нямецкае камандаванне мела на пазіцыях у раёне Гродна вельмі нязначныя сілы каля трохчатырох пяхотных палкоў няпоўнага складу. У савецкай літаратуры нямецкі гарнізон Гродна дасягаў проста фантастычных памераў каля 6 дывізій (!), уключаючы танкавую дывізію СС “Мёртвая галава”, якая ў гэты час наогул не скончыла сваю перадыслакацыю ў раён горада133. У артыкуле, прысвечаным вызваленню Гродна ў энцыклапедычным даведніку “Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941 1945” колькасць нямецкіх дывізій па фронце Гродна Свіслач наогул дасягае 10 штук (!)134.
Кавалерысты пасля прарыву ў в. Парэчча завязалі баі за бліжэйшыя падыходы да горада Гродна. 13 ліпеня савецкая 6-я Гв. кд Гв. г.-м. П.П. Брыкеля выйшла на лінію в. Грандзічы вышыня 181.4 Лапенкі Малышчана Кульбакі (зараз усе гэтыя вёскі знаходзяцца ў межах горада). Кантралюючы шэраг вышынь і выкарыстоўваючы кулямёты, немцы спынілі наступленне савецкіх войск. Кавалерыя вымушана была спешвацца і займаць пазіцыі. Прарваць нямецкую абарону з ходу не ўдалося. 23-ці Гв. кп 6-й Гв. кавалерыйскай дывізіі страціў у баях на гэтым рубяжы 8 кавалерыстаў135. На гэтых пазіцыях кавалерысты занялі некаторыя ўмацаванні Гродзенскай крэпасці. Так Гв. ст. с-т Д.К. Памагайка, які служыў у артылерыйскай батарэі 45-мм гармат 6-й Гв. кд успамінаў: “I вось пад Гродна мы ўжо вялі абстрэл нямецкіх пазіцый, там была якаясьці вышыня, казалі, што раней тут стаялі царскія войскі, мы выцягнулі гарматы на ўзвышша. I горад, праз раку Нёман, быў нам відаць, як на далоні, мы па ім стралялі”136.
Увечары перадавая ўзмоцненая рухомая група 352-й сд 31-й арміі
выйшла на мяжу Лісіная Гара Верцялішкі вышыня 174.0. Група складалася са стралковага батальёна 1160-га сп, разведвальнай роты і пяці артылерыйскіх батарэй 914-га ап на механізаванай цязе (амерыканскія грузавікі “Студэбекер”)137. Рухомай групай камандаваў намеснік камандзіра дывізіі па палітычнай частцы палк. А.С. Логінаў. Разам з падраздзяленнямі 352-й сд рухаліся і злучэнні 5-й Гв. кд. Так 17-ты Гв. кп Гв. ппалк. М.Ц. Шаўчэнка 13 ліпеня выйшаў да ваколіц вёсак Путрышкі Ялаўшчызна, разам з 22-ім Гв. кп. Да в. Казіміроўка Баяры выйшаў 24-ты Гв. кп. Пачаліся баі за в. Путрышкі, якую кавалерысты атакавалі з паўночнага ўсходу. Аднак першыя атакі вёскі скончыліся беспаспяхова. Нямецкім пяхотным падраздзяленням эфектыўна дапамагала свая авіяцыя. На працягу дня 22-гі Гв. кп згубіў у баях за вёску 8 чалавек забітымі138. 65-ты кп 32-й Смаленскай кд падышоў да сяла Верцялішкі139.
Нягледзячы на тое, што першыя савецкія атакі не здолелі прарваць нямецкую абарону, немцы не чакалі такога імклівага прасоўвання савецкіх падраздзяленняў. Яны арганізоўвалі абарону ў спешцы, прыцягваючы для павелічэння трываласці фронту новыя падраздзяленні. Так для адбіцця атак кавалерыі нямецкае камандванне выкарыстала 12-ы танкавы разведвальны батальён пад камандваннем м-ра Г. Эгелійна140. Разведвальны батальён уяўляў сабой моцнае механізаванае злучэнне. Ён складаўся з 5 ротаў: штабной, 1-й разведвальнай, 2-й разведвальнай (лёгкай), 3-й разведвальнай і 4-й роты падтрымкі (цяжкай). У батальёне налічвалася 122 бронетранспарцёры SdKfz 250, 251, 222, 223 і 232141.
Ужо раніцай 13 ліпеня камандванне групы г.-арт. Г. Вейдлінга аддало загад аб падпарадкаванні PzAA 12 групе обергрупэнфюрэра К. фон Готберга. Батальён павінен быў спыніць кавалерыйскія атакі ў раёне на поўнач ад Гродна. Для правядзення атакі камандзір батальёна м-р Г.Эгелійн падзяліў падраздзяленне на тры часткі: 1-я павінна была забяспечыць дарогу на ўсход ад горада на адлегласць да 10 км; 2-я атакаваць у паўночным накірунку (в. Грандзічы); 3-я павінна была кантраляваць раён в. Вялікая Капліца. Контрудар сіламі танкавага батальёна быў нанесены з раёна в. Грандзічы.
У 16.22 2-я група разведвальнага батальёна заняла Грандзічы. Пасля гэтага сілы групы пачалі прасоўвацца ва ўсходнім напрамку. Тут нямецкія бронетранспарцёры трапілі пад агонь савецкіх кавалерыстаў. Працытуем баявое данясенне батальёна: “16.49. У 16.30 у раёне 24 (зашыфраванае абазначэнне вышыні 181,4 Д.Л.) дзве супрацьтанкавыя гарматы, два супрацьтанкавыя ружжы і стралкі. Адзін наш бронетранспарцёр падбіты”142. Такім чынам немцы панеслі стра-
ты, а сілы кавалерыйскай дывізіі патроху працягвалі прасоўвацца ў накірунку Грандзіч. Ужо ў 17.30 баі праходзілі ў 80 м на ўсход ад вёскі. Нямецкія бронетранспарцёры стрымлівалі атакі кавалерыстаў. У данясеннях PzAA 12 адзначалася, што яны вялі “цяжкі бой” на гэтым рубяжы. Паводле баявога данясення 6-й Гв. кд ад 13 ліпеня, штаб дывізіі ацэньваў сілы немцаў у два батальёны, падтрыманыя танкамі (да 15 адзінак) і зенітнымі ўстаноўкамі на шасі транспарцёраў. Штаб кавалерыйскай дывізіі паведамляў, што ў выніку адбіцця контратакі быў выведзены са строю 1 нямецкі танк. Як відаць, нямецкія бронетранспарцёры былі прынятыя за танкі. Танкаў, аднак, на ўзбраенні нямецкіх танкавых разведвальных батальёнаў не было.
Вечарам савецкая кавалерыя атакавала в. Верцялішкі і Путрышкі. Атакі в. Верцялішкі 65-ым кавалерыйскім палком была адбіта сіламі паліцыі. Тут абараняліся 2-гі батальён 2-га палп СС і батальён 529га гп. Камандзір 1-га эскадрона 65-га кп ст. л-т І.Я. Паўлаў узгадваў: “У в. Верцялішкі наш полк сустрэў упартае супраціўленне праціўніка, які меў да батальёна пяхоты падтрыманы мноствам кулямётаў і мінамётаў, і быў вымушаны прыпыніць далейшае прасоўванне.. ”143