Нёманскі фронт 15-25 ліпеня 1944 года. Баі за Гродна: аналіз падзей, данясенні, успаміны, статыстыка Дзмітрый Люцік

Нёманскі фронт

15-25 ліпеня 1944 года. Баі за Гродна: аналіз падзей, данясенні, успаміны, статыстыка
Дзмітрый Люцік
Памер: 331с.
Гародня 2012
98.76 МБ
6-я Гв. кд працягвала прадпрымаць атакі на фронце в. Грандзічы Дзевятоўка. На працягу дня 23-ці Гв. кп страціў 8 чалавек з радавога і сяржанцкага складу174. 25-ы Гв. Апшэронскі кп раніцай уварваўся ў в. Грандзічы. Супраць кавалерыстаў немцы кінулі 5-ы танкавы разведвальны батальён пад камандаваннем к-на Ф. Фэсмана. Гв. г.-л. М.С. Аслікоўскі пісаў, што атакі немцаў “пацярпелі няўдачу”. Немцы, у сваю чаргу, адзначалі, што адкінулі кавалерыстаў і ўварваліся ў Грандзічы, заняўшы палову вёскі175. Па ўспамінах камандзіра ўзвода кулямётаў ДШК 6-й Гв. кд л-та X. Гарэліка, падчас адной з нямецкіх контратак на падыходах да горада 25-ты Гв. Апшэронскі кп Гв. ппалк. М.П. Ляліна ў паніцы адступіў: “Мы падымаліся ўверх па схілу ў накірунку горада і амаль дайшлі да водападзелу, як насустрач нам у беспарадку хлынула маса салдат, а наперадзе ўсіх бег з пісталетам у руках камандзір палка Лялін. Я саскочыў з каня і спытаў: “У чым справа, таварыш падпалкоўнік?” Ён спыніўся і разгублена пракрычаў: “Падняліся ў атаку... маса немцаў!” “Ну дык што? кажу я. Давайце спынім салдат, а я ўдару з кулямётаў”. Лялін прыйшоў у сябе, павярнуўся тварам да салдат, якія ў паніцы беглі за ім. Мы спынілі салдат, Лялін стаў прыводзіць іх у парадак. А я падняў кулямёты на водападзел і адкрыў шквальны агонь па наступаючых немцах”176. Нямецкая контратака была адбіта. Камандзір 1-га эскадрона 65-га кп ст. л-т І.Я. Паўлаў узгадваў, што становішча 6-й Гв. Кд у той дзень “істотна пагоршылася”177. За дзень палкі дывізіі страцілі 17 чалавек забітымі і 77 параненымі. Былі знішчаны 3 станковыя і 2 ручныя кулямёты, 2 СТР.
174-я Барысаўская сд палк. М.І. Дзёміна наступала на фронце Станіславова цагельны завод, разам з кавалерыстамі 6-й Гв. кд. Галоўны цяжар баёў неслі матарызаваныя ўзводы батальёна палявой жандармерыі (поўны склад гэтага падраздзялення глядзі ў апошняй главе).
Каралеўскі маёнтак Станіславова адна з былых рэзідэнцый апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага размяшчаўся на паўночным усходзе ад Гродна (зараз гэты будынак знаходзіцца ва ўласнасці аграрнага ўніверсітэта). Пад час акупацыі горада немцы арганізавалі тут “арбайтсамт” бюро па ўліку і размеркаванні рабочай сілы для адпраўкі ў Германію. У 1944 годзе будынак быў прыстасаваны для абароны. Акопы апаясвалі маёнтак. Тут жа знаходзіліся і кулямётныя кропкі. Штурмаваў Станіславова 495-ты сп ппалк А.П. Булаўка. Баі за маёнтак працягваліся 4 гадзіны. Толькі пасля таго, як рота аўтаматчыкаў абышла немцаў з флангаў, маёнтак удалося ўзяць178. 508-мы і 628мы сп дывізіі, разам з кавалерыстамі, занялі цагельны завод. Немцы зрабілі 6 контратак з мэтай вярнуць яго. Усе яны былі адбіты. Асабліва ў гэтым баі вылучыўся камандзір гарматнага разліку с-на С.Я. Нікулін. Падчас бою ён застаўся адзін з ліку прыслугі гарматы і падбіў тры нямецкія гарматы і кулямёт.
Бой за Гродна фактычна быў выйграны. Немцы не мелі дастатковых сіл нават для далейшага стрымлівання савецкіх часцей. Увечары яны пачалі выводзіць свае падраздзяленні з горада. Я. Карпюк узгадваў, што пад вечар на заходні бераг Нёмана пераправіліся нямецкія танкі ў раёне Крэйдавых гор (знаходзяцца на заходняй ускраіне горада на беразе Нёмана)179.
Такім чынам, злучэнні 36-га корпуса 31-й арміі выйшлі да Гродна з поўначы і паўночнага ўсходу. Наогул, трэба адзначыць, што дывізіі 36-га ск увязлі ў баяў за Гродна. Горад жа знаходзіўся ў зоне адказнасці 2-га БФ і 50-й арміі. Аднак армія адставала. Згодна загаду камандуючага 3-ім Беларускім фронтам, 31-я армія павінна была фарсіраваць Нёман усімі сваімі сіламі. Камандуючы 31-й арміяй вырашыў штурмаваць Гродна разам з кавалерыйскім корпусам.
Неабходна адзначыць, што абарона немцамі пазіцый каля в. Грандзічы Путрышкі была дастаткова трывалай, каб вытрымаць першы націск савецкіх перадавых частак. 13-14 ліпеня дасягнуць тут значных поспехаў савецкім падраздзяленням не ўдавалася, нягледзячы на іх колькасную перавагу. Гв. г.-л. М.С. Аслікоўскі тлумачыў гэта актыўнасцю нямецкай авіяцыі і “...бесперапынным фланкіруючым агнём праціўніка з Верцялішак”180. Нельга не сказаць і пра істотную ролю 12-га танкавага разведвальнага батальёна. Менавіта дзякуючы гэтаму падраздзяленню немцы здолелі так доўга абараняць бліжэйшыя подступы да горада.
Таксама трэба адзначыць, што немцы не выкарыстоўвалі ў абарончых баях на бліжэйшых подступах да горада танкі ці САУ пра што неаднаразова ўзгадвалі ўдзельнікі баёў за горад. Так, Гв. г.-л.
М.С. Аслікоўскі ў сваіх успамінах узгадвае нямецкія танкі і САУ, якія атакавалі дывізію Гв. г.-м. М.С. Чапуркіна 13 ліпеня на мяжы в. Ялаўшчызна Баяры181. Пра нямецкія танкі згадваюцца і ў данясеннях 6-й Гв. кд і 352-й сд. Затое адну з галоўных роляў у нямецкай абароне подступаў да горада адыгралі бронетранспарцёры танкавых разведвальных батальёнаў (5-га і 12-га).
Тым часам, з усходу перайшлі ў наступленне на Гродна і савецкія дывізіі 50-й арміі. Раніцай група палк. Г. Трэптава прадпрыняла дзве контратакі супраць пазіцый 290-й дывізіі, якія былі паспяхова адбіты. Да 16.00 на фронце ў раёне Жытомлі стаяла зацішша. Менавіта ў гэты час немцы адступілі. Батальёны групы палк. Г. Трэптава паступова адыходзілі ў заходнім накірунку. Калі палкі 290-й сд перайшлі ў далейшае наступленне каля 17.00, перад імі адступілі толькі невялікія заграджальныя групы182. Толькі зараз савецкімі войскамі была ўзята в. Жытомля. Паспяховым атакам садзейнічала падмацаванне: падраздзяленні 95-й сд і 1444-га can (у складзе 14 СУ-76). Ппалк. М.Г. Хамулы ацэньваў нямецкія страты у баях за Жытомлю наступным чынам: “Каля трохсот яго (нямецкіх Д.Л.) салдат і афіцэраў былі забіты, некалькі соцен паранены, захоплены адзін танк (бронетранспарцёр Д.Л.), больш за два дзесяткі палявых гармат, каля трыццаці мінамётаў, сорак кулямётаў, некалькі дзесяткаў палонных”183.
Ішлі баі і на поўнач ад Жытомлі. Нямецкая абарона праходзіла праз вышыню 143 (у 2-х км на ўсход ад в. Казловічы) Табала на поўдзень ад Верцялішак. Абарону тут трымалі батальёны 2-га палп СС штандантэнфюрэра Г.Ангальта, батальён 529-га гп, узмоцненыя 1-й ротай PzAA 12. Наступленне вялі палкі 153-й і 42-й сд. Каля абеда штаб карпусной групы г.-арт. Г.Вейдлінга загадаў роце PzAA 12 тэрмінова заняць пазіцыі на поўдзень ці паўднёвы захад ад в. Абуховічы, дзе намеціўся прарыў батальёнаў 290-й сд.
Пасля заняцця в. Жытомля баявая група г.-л. Г. Флёрке (14я пмд) пачала адыходзіць да ракі Нёман. У нямецкай абароне ўтварыўся разрыў. Менавіта яго, камандванне карпусной групы і жадала прыкрыць сіламі разведвальнага танкавага батальёна. Атака бронетранспарцёраў пачалася каля 15.00. Мясцовасць у раёне в. Абуховічы была забалочанай, што не спрыяла прымяненню бранявых сіл. У выніку атакі 1/PzAA 12 страціла два бронетранспарцёры: адзін быў падбіты супрацьтанкавай савецкай артылерыяй, другі заграз у багне184. Дарэчы гэты эпізод апісвае і ўдзельнік баёў за Жытомлю ппадп. М.Г. Хамулы. Па яго словах немцы контратакавалі пазіцыі палка ротай пяхоты пры падтрымцы двух САУ “Фердынанд”(!!!). Адну з самаходак падбілі
15 ліпеня 1944г. Выхад савецкіх войск да Гродна
пэтээраўцы (салдаты, на ўзбраенні якіх знаходзіліся супрацьтанкавыя ружжы скарочана СТР) палка, а другая завязла ў балоце і была кінута сваім экіпажам185. Праўда савецкі афіцэр памыліўся ў даціроўцы нямецкая атака была праведзена не 13 (як у тэксце ўспамінаў), a 15 ліпеня. Бронетранспарцёры SdKfz 250-251 таксама не тое ж самае, што і знішчальнік танкаў “Ferdinand”.
Пасля няўдалай контратакі рота 12-га разведвальнага батальёна адступіла ў Гродна, дзе далучылася да галоўных сіл падраздзялення. Палкі групы г.-л. Г.Флёрке працягвалі адступленне да Нёмана. У в.
Мігава гэтыя сілы пачалі пераправу на паўднёвы бераг ракі. 2-гі палп СС групы обергрупэнфюрара К. фон Готберга таксама адступіў да р. Нёман у в. Шчацінава.
Шлях да горада з усходу быў, такім чынам, адкрыты. 290я сд фарсіраваным маршам пачала наступаць на Гродна. Выхад савецкіх падраздзяленняў да ракі Нёман у в. Коматава Мігава стварыў перадумовы для хуткага фарсіравання ракі і выхаду ў тыл нямецкай 50-й пд, якая адступіла на рубеж р. Свіслач. За нямецкае перадмостнае ўмацаванне ў в. Коматава пачаліся цяжкія баі.
б)	Штурм горада Гродна
Горад Гродна быў дастаткова вялікім заходнебеларускім горадам. Так у 1931 годзе тут пражывала 41 тыс. чалавек. Горад складаўся з двух частак. Большая з іх размяшчалася на правым беразе ракі. Занёманскі фарштат левабярэжная частка горада ўяўляла сабою драўляную забудову. Абедзве часткі злучаліся дзвума мастамі чыгуначным і аўтамабільным. Гэта былі адзіныя камунікацыі праз р. Нёман у гэтым раёне.
Выкарыстанне горада ў якасці доўгатэрміновай пазіцыі для абароны штабам групы армій “Цэнтр” не планавалася. Думкі аб абароне горада з’явіліся толькі ў пачатку ліпеня, калі рака Нёман пачала разглядацца немцамі ў якасці верагоднай лініі фронту. Аднак хуткае наступленне падраздзяленняў Чырвонай арміі не дазволілі ўмацаваць горад належным чынам. Немцы не мелі для гэтага а ні часу, а ні адпаведных войскаў. Як адзначалася вышэй, штаб 4-й арміі наогул аддаў загад пакінуць горад і адступаць на левы берег ракі Нёман.
У дакументах перыяду чэрвеня ліпеня 1944 года Гродна завецца “горадам-крэпасцю”. Прычым тэрмін гэты ўжываўся і савецкім і нямецкім бакамі. Аднак гэтая назва ў 1944 годзе не мела пад сабою ніякага фундамента. Справа ў тым, што горад лічыўся крэпасцю ў перыяд Першай сусветнай вайны. Вакол яго былі пабудаваны 13 бетонных фартоў, умацаваныя пункты і інш. фартыфікацыйныя збудаванні. Кайзераўская армія пасля захопу Гродна ў верасні 1915 г. праводзіла працы па яго ўмацаванні (1915-1918 гг.). Так імі былі ўзведзены некалькі дзесяткаў бліндажоў, нішаў, ДАК-аў на ўсходзе і поўначы ад горада. Пасля заканчэння Першай сусветнай вайны Гродна ўваходзіў ў склад Польшчы. 3 тых часоў умацаванні вакол горада не ўзводзіліся. Рускія фартавыя збудаванні былі знішчаны яшчэ пад час Першай сусветнай вайны. Такім чынам у перыяд Другой сусветнай вайны горад не ўмацоўваўся дадаткова і крэпасцю яго лічыць нельга. Тэрмін “горадкрэпасць” азначаў хутчэй гістарычнае мінулае Гродна.