Нёманскі фронт 15-25 ліпеня 1944 года. Баі за Гродна: аналіз падзей, данясенні, успаміны, статыстыка Дзмітрый Люцік

Нёманскі фронт

15-25 ліпеня 1944 года. Баі за Гродна: аналіз падзей, данясенні, успаміны, статыстыка
Дзмітрый Люцік
Памер: 331с.
Гародня 2012
98.76 МБ
Паводле ўспамінаў У.Д. Святлова, атрад у 3 гадзіны ночы захапіў паром і пераправіўся на супрацьлеглы бераг Нёмана218. На заходнім беразе першымі занялі абарону рота аўтаматчыкаў з двума СТР і некалькімі мінамётамі. Першую групу салдат 673-га палка, што фарсіравалі раку, узначаліў парторг палка к-н К.А. Кошман. Раніцай абарону ўзмацніў супрацьтанкавы дывізіён.
У выніку выхаду да ракі савецкіх падраздзяленняў 2-гі батальён 17-га палп СС, пад камандваннем к-на Стрэкера, быў вымушаны ў сярэдзіне дня згарнуць свае пазіцыі на ўчастку ад в. Астравок да мястэчка Гожа. Ён пераправіўся на левы бераг ракі і адкаціўся яшчэ далей, пераследуемы савецкімі падраздзяленнямі 220-й сд і кавалерыйскага корпуса, што фарсіравалі раку.
У 15.00 14 ліпеня219 ў раёне в. Куколі (на захад ад вёскі Зарыца, на беразе ракі) уплаў фарсіраваў раку Нёман полк савецкай 32-й кд 3-га Гв.кк. Пад прыкрыццём сваёй артылерыі, 65-ты кп захапіў плацдарм на супрацьлеглым беразе. За ім рушыў 86-ты кп. Баявыя ахоўванні немцаў (мабыць, гэта былі батальёны 17-га паліцэйскага палка СС) адступілі на поўнач раней. Кавалерысты захапілі першы плацдарм.
Вось як успамінаў аб гэтых падзеях ст. с-т супрацьтанкавага сабельнага ўзвода 121-га кп А.М. Клімаў: “У Гродзенскай аперацыі мы наступалі налева ад Гродна, раніцай, у конным строі павінны былі фарсіраваць Нёман. Падчас пераправы побач з канямі плылі, я, як на бераг выбраўся, у боты столькі вады набраў, потым толькі зразумеў, што і боты таксама трэба здымаць. Як пераправіліся, даведаліся, што немцы адступаюць. Каманда: “Па конях!” I мы ў атаку пайшлі. Так першы раз у жыцці трапіў я ў кавалерыйскую атаку. Я свайго першага немца не зарубіў, ён бег, як вар’ят, а я на імгненне замешкаўся, і рубануў па касцы. Ён упаў, у мяне клінок вывернуўся, так локаць потым два тыдні балеў. Пайшоў бы клінок управа адрубіў бы нагу свайму каню. Вось такое глупства нарабіў. Наступнага ўжо дагнаў, прытрымаў каня і з перагібам адрубіў яму галаву, кроў хлынула. Трэцяга ўжо рубануў па плячы”220. Як відаць, немцы практычна не аказвалі супраціўлення і паспешна адступілі.
376-ты сп 220-й дывізіі замацаваўся на рубяжы в. Шэмбелеўцы Беражаны разам з кавалерыстамі 32-й кд, а рухомы атрад 220-й сд на вышыні 166.0 (на поўнач ад в. Баля-Касцельная)221. На працягу дня вёска Баля-Касцельная таксама была занята савецкімі войскамі. 3 гэтага плацдарма савецкіх войскаў на левым беразе р. Нёман на поўнач ад Гродна, павінна было пачацца далейшае наступленне на захад. Фарсіраванне Нёмана палкамі 220-й сд працягвалася ажно да 18 ліпеня.
Удзень 14 ліпеня ў раёне в. Куколі для кавалерыйскага корпуса была пабудавана пераправа праз р. Нёман. Кіраваў будаўніцтвам пераправы л-т І.А. Баянаў з сапёрнага эскадрона 86-га кп. Л-т І.А. Баянаў з 5 узводамі сапёраў за 2 гадзіны выканаў задачу, пастаўленую камандзірам палка м-рам Ф.І. Мановым. Такая аператыўнасць дазволіла хутка перакінуць падраздзяленні кавалерыйскага корпуса праз раку222. Побач з пераправай заняў агнявую пазіцыю 534-ы асобны дывізіён СПА. На працягу 14-17 ліпеня ён прыкрываў пераправу кавалерыстаў праз Нёман. Нямецкая авіяцыя пачала атакаваць пераправу з першага ж дня яе існавання. Напрацягу баёў па прыкрыццю пераправы дывізіён СПА страціў двух кулямётчыкаў забітымі223.
Яшчэ ў ноч на левы бераг пераправіўся і 24-й Гв. кп 5-й Гв. кд. Камандзір 2-га артылерыйскага ўзвода 24-га Гв. кп Гв. л-т Іван Якушын узгадваў пра пераправу свайго палка праз Нёман: “Каля 40 бамбардзіроўшчыкаў атакавалі нашу калону падчас пераправы праз Нёман, а салдаты, якія ўцалелі пасля бамбардзіроўкі, прынеслі мне страшную навіну: адзін з маіх людзей, намеснік камандзіра ўзвода, быў забіты, калі ішоў наперад у другім эшалоне. Тым часам сапёры павінны былі шматразова рамантаваць пераправу, пакуль полк цал-
кам не выйшаў на другі бераг”224. Пры фарсіраванні ракі быў забіты і камандзір эскадрона 24-га Гв. кп Гв. к-н К.С. Мяшкоў. Дарэчы, нямецкая авіяцыя даволі паспяхова атакавала савецкія пераправы праз раку на працягу ўсіх баёў у раёне Гродна. Савецкая авіяцыя не здолела цалкам забяспечыць паветранае прыкрыццё сваіх войск.
Менавіта ў гэты час немцы нанеслі ўдар на правым беразе р. Нёман сіламі 5-га танкавага разведвальнага батальёна (аб гэтай атацы падрабязней пісалася вышэй). Атака была праведзена ўздоўж дарогі Гожа Гродна. Такім чынам, ад сваіх тылоў былі адсечаны савецкія войскі, якія ўжо пераправіліся праз раку. Калі б нямецкія планы па перакідванні сілаў усёй 5-й тд па правым беразе Нёмана ў Гродна былі б рэалізаваны, палкі 32-й кд і 220-й сд былі б знішчаны, а тылы гэтых падраздзяленняў разбіты.
Наступны ўдар быў нанесены немцамі ўжо па савецкім плацдарме на левым беразе Нёмана. 14 ліпеня ў 14.15 камандаванне 4-й нямецкай арміі (штаб арміі размяшчаўся ў горадзе Ломжа, Польшча) аддала загад баявой групе 5-й танкавай дывізіі атакаваць савецкія войскі на левым беразе ракі. Батальёны танкавай дывізіі яшчэ не прыбылі на месца. Толькі ў другой палове дня ў раён в. Рацічы Скрыннікі пачалі прыбываць салдаты і тэхніка 5-й тд.
Удар па плацдарме 32-й кд і 220-й сд нанесла баявая група к-на Фрыдрыха ў складзе 1-га батальёна 13-га тгр палка, узмоцненага танкамі225. Атака праводзілася ў накірунку в. Баля-Касцельная і кантралюючых мясцовасць вышынь, дзе занялі абарону савецкая кавалерыя і пяхота. Паводле інфармацыі нямецкага гісторыка В. Ваперсаля, у выніку гэтай атакі немцы адбілі вёску і некалькі вышынь на поўнач ад яе. Аднак дасягнуць сваёй мэты скінуць савецкія часці ў Нёман ім не ўдалося. Згодна аператыўным данясенням Генеральнага штаба Чырвонай арміі, плацдарм, захоплены падраздзяленнямі 31 -й арміі і 3-га Гв. кк дасягаў вечарам 14 ліпеня 35 км (!) па фронту і 2-6 км у глыбіню226.
Баявая група “Дрэвеса”, якая рухалася ўслед за групай “Фрыдрыха”, перайшла Аўгустоўскі канал і атакавала в. Войтаўцы (на поўнач ад Бале-Касцельнай), дзе замацаваліся падраздзяленні 220-й сд. Аднак выйсці да Нёмана яна таксама не здолела227.
Астатнія сілы 5-й танкавай дывізіі (баявая група “Герцага”228) не паспелі падысці да раёна баёў. У гэты час Нёман фарсіравалі падраздзяленні 31-й арміі і ў раёне Друскенікі-Свентаянск (на поўнач ад Сапоцкіна). Група “Герцага” атакавала іх для ліквідацыі гэтага новага прарыву.
У той жа дзень, 14 ліпеня, працягвалі прыбывалі эшалоны 3-й тд СС. Яны разгружаліся на чыгуначнай станцыі Сакулка (мястэчка Са-
кулка знаходзіцца ў Польшчы, на паўночны-захад ад Гродна). Пасля гэтага тэхніка і салдаты дывізіі адразу ж выступалі ў раён першапачатковага канцэнтравання. Камандзір 4-га дывізіёна 3-га an СС гаўптштурмфюрар Грюнд успамінаў: “У Беластоку стала зразумела, што рускія атакуюць Гродна. Учора мы разгружаліся ў Кузніцы, апошняй (чыгуначнай Д.Л.) станцыі перад старой рускай памежнай крэпасцю Гродна і зараз размяшчаемся ў Брузгах.. ”229 У той жа дзень прыбыў і старшыня аператыўнага аддзела штаба дывізіі (згодна з нямецкай класіфікацыяй Іа) оберштурмбанфюрар Эрых Эберхард. Менавіта гэты чалавек планаваў аперацыі падраздзяленняў “Мёртвай галавы” на працягу баёў у раёне Гродна. Часовае камандаванне падраздзяленнямі дывізіі прыняў камандзір 6-га палка СС штурмбанфюрар Карл Ульрых.
Прарыў 3-га Гв. кк у Гродна і фарсіраванне ракі на гэтым адрэзку разрывалі нямецкую лінію фронту паміж карпусамі 4-й нямецкай арміі (г.-а. Г. Вейдлінга і ХХХІХ-ым танкавым) і стваралі для савецкіх войскаў магчымасць глыбокага прарыву ў тыл нямецкай групоўцы. Аднак для правядзення маштабнай аперацыі па пашырэнні савецкага прарыва неабходна была добрая падрыхтоўка і забеспячэнне войск зброяй і палівам. Гэтага ў савецкіх падраздзяленнях на дадзены момант не хапала. 3-ці Гв.кк, галоўная ўдарная сіла ў раёне Гродна, быў сур’ёзна аслаблены ў папярэдніх баях. Адчуваўся востры недахоп бранятанкавых сродкаў, скончыліся боепрыпасы. Дывізіі 31-й арміі адставалі і не маглі забяспечыць надзейнага прыкрыцця дзеянням кавалерыйскага корпуса на плацдарме. Яшчэ больш адсталі правафлангавыя падраздзяленні 50-й арміі г.-л. І.В.Болдзіна. Тым больш, што ў арміі г.-л. І.В.Болдзіна фактычна не было бранявых сілаў, якія можна было б увесці ў прарыў.
Перад камандаваннем 2-га Беларускага фронту, куды быў перададзены 3-ці Гв. кк, паўстала дылема працягваць наступленне на захад, ці забяспечыць надзейную пераправу праз Нёман войскам усёй 50-й арміі г.-л. І.В.Болдзіна, а пасля гэтага працягваць наступленне. Кожны з варыянтаў меў свае плюсы і мінусы. Хуткае наступленне кавалерыстаў магло прывесці да вялікага разрыву ў абароне 4-й нямецкай арміі. 3 іншага боку корпус павінен быў дзейнічаць адзін, без прыкрыцця пяхоты. У другім варыянце арганізацыя пераправы праз Нёман вымагала вялікіх сродкаў (патрэбны былі шматлікія сапёрныя часці) і часу: пераправа 50-й арміі і кавалерыйскага корпуса заняла б ад 4 да 10 дзён. За гэты час немцы паспелі б закрыць прарыў і сканцэнтраваць у паласе наступлення корпуса значныя рэзервы.
У выніку разважанняў быў прыняты прамежкавы варыянт. Так згодна загада камандуючага фронтам г.-п. Г.Ф.Захарава ад
14 ліпеня 1944г. Савецкі плацдарм на левым беразе Нёмана. Першы ўдар нямецкай 5-й тд.
15 ліпеня 3-ці Гв. кк да 16 ліпеня павінен быў фарсіраваць раку і пашырыць плацдарм на левым беразе Нёмана (сканцэнтравацца ў раёне в. Беражаны Пушкары). Пасля гэтага ён пераходзіў у наступленне ў накірунку в. Каробчыцы (на поўдзень ад Гродна). Гэтым ударам корпус адразаў шляхі да адступлення нямецкай групе г.-а.Г. Вейдлінга, часткі якой абаранялася ў Гродна. Такім чынам, ствараліся ўмовы альбо да акружэння нямецкіх падраздзяленняў, якія абараняліся ў занёманскай частцы Гродна, альбо яны вымушаны былі б адступаць з горада. У любым з двух варыянтаў гэта дазваляла хутка вызваліць горад Гродна цалкам (у тым ліку і Занёманскі фарштат). Акрамя таго, сэнс загаду паказвае, што ў штабе 2-га Беларускага фронту вырашылі не рызыкаваць далёкімі прарывамі ў глыб нямецкай абароны і замацавацца на дасягнутых рубяжах. Пра з’яўленне ў тыле нямецкай 4-й арміі рэзэрва 3-й тд СС інфармацыі ў штабе 2-га БФ не было.
15 ліпеня ў мястэчку Сакулка разгарнуўся штаб 3-й тд СС “Мёртвая галава”. Тут жа занялі пазіцыі падраздзяленні 3-га зенітнага батальёна СС (8,8 см зенітныя гарматы), якія забяспечвалі разгрузку частак дывізіі. У першых пяці эшалонах прыбылі 2-гі і 3-ці батальёны 6-га тгр палка СС “Эйке”, 3-ці танкавы разведвальны батальён СС, 1-ы і 2-гі матарызаваныя артылерыйскія дывізіёны 3-га артпалка СС (на ўзбраенні САУ “Wespe” і “Hummel”)230. Адзначым, што, хаця становішча на паўночны захад ад Гродна складалася не на карысць немцаў, дывізія павінна была спачатку закончыць свае канцэнтраванне, а толькі пасля гэтага, паводле загаду са штаба групы армій, магло здзяйсняцца яе баявое прымяненне.