Нёманскі фронт 15-25 ліпеня 1944 года. Баі за Гродна: аналіз падзей, данясенні, успаміны, статыстыка Дзмітрый Люцік

Нёманскі фронт

15-25 ліпеня 1944 года. Баі за Гродна: аналіз падзей, данясенні, успаміны, статыстыка
Дзмітрый Люцік
Памер: 331с.
Гародня 2012
98.76 МБ
На досвітку 241-ы полк 95-й сд (палк. С.К. Арцем’еў) 81-га ск 50-й арміі пераправіўся праз раку Нёман на поўдзень ад 153-й дывізіі без падрыхтоўкі артылерыі і авіяцыі. Ён заняў плацдарм насупраць в. Адамавічы (у раёне сучаснай турбазы “Нёман”)258. У сярэдзіне дня фарсіраваў раку Нёман з раёна Крэйдавых гор і 90-ы полк гэтай жа дывізіі, пашырыўшы плацдарм. Хутчэй за ўсё, менавіта гэтую переправу апісаў у сваім дзённіку жыхар Гродна Я.Карпюк: “Роўна ў поўдзень нашыя часці пачалі абстрэльваць кулямётамі процілеглы
берег. Немцы прытаіліся і доўга не адказвалі. Але пасля абстралялі некалькі нашых чалавек, якія паспрабавалі на лодцы захапіць пантон, пакінуты імі каля таго берага. Кулямёты і аўтаматы застракаталі, так працягвалася да вечара. Мяне здзіўляла тое, што артылерыйскіх выстралаў не было чуваць. 3 другой паловы дня нашы часці пачалі пераправу падручнымі сродкамі. Пад прыкрыццём ружэйнага і кулямётнага агню салдаты, лежачы на бярвенях і ў лодках, бесперапынна страляючы, перапраўляліся на процілеглы бераг. 4 чалавекі загінулі. Захапіўшы 600 кв.м. берага, нашы байцы зрабілі перадмоставае ўмацаванне. Пасля пачалося навядзенне маста пад агнём непрыяцеля... гарматнага агню не было ні з нашага, ні з варожага боку”259. На працягу дня немцы зрабілі некалькі атак пяхотай, для таго каб скінуць палкі дывізіі ў раку Нёман, аднак поспехаў не дасягнулі.
У другой палове дня кавалерысты Гв. г.-л. М.С.Аслікоўскага пачалі наступаць з мэтай пашырыць плацдарм: зводная брыгада Гв. ппалк. В.Я.Каўтанюка у напрамку в. Каўбаскі, 5-я Гв. кд в. Баля-Касцельная і 32-я кд вёскі Пушкары Салаўі. Асаблівую пагрозу для немцаў уяўлялі атакі ў паўднёвым напрамку в. Ласосна. У выпадку, калі б савецкія падраздзяленні выйшлі да ракі Ласасянка, яны маглі б адсечы нямецкія часці, якія дзейнічалі супраць савецкага плацдарма, ад частак, якія займалі Занёманскі фарштат. Таму ўтрыманне в. Ласосна было важнейшай задачай для немцаў. Памеры плацдарма савецкіх кавалерыстаў былі невялікія: 2 кіламетры па фронце і 1,5 км у глыбіню. Камандзір 2-й батарэі 178-га ап 5-й Гв. кд Гв. старшы л-т М.Г. Гарабчук, які апынуўся са сваёй батарэяй на плацдарме, узгадваў: "... прыйшлося нам (займаць абарону Д.Л.) на гэтым абрэзкавым плацдарміку, які наскрозь прастрэльваўся кулямётным агнём, па ўсёй плошчы пакрываўся мінамётным агнём. Больш менш надзейным укрыццём мог стаць стромкі абрыў над самой ракой, але з усходам сонца і ён страціў значэнне сховішча, а галоўнае, адсюль нічога не было відаць. Нямецкія самалёты трывала завалодалі небам і бесперастанна бамбілі пераправу або іншыя аб’екты, якія былі даспадобы лётчыкам, кружылі над пераправаю, віселі над галавой, пакуль не прылятала на змену другая група”260. Пазіцыі батарэі (8 гармат), што размяшчалася каля берагу ракі Нёман, прыкрываў разлік зенітнага ДШК. Аднак адзін кулямёт не змог утрымаць атакі нямецкай авіяцыі. У час штурмоўкі пераправы ён быў знішчаны.
Мяркуючы па ўспамінах удзельнікаў апісаных падзей, савецкая авіяцыя не змагла дабіцца ўладарання ў паветры. Але гэта зусім не значыць, што яна бяздзейнічала. Паветраныя сілы, якія прыкрывалі наземныя войскі, вялі баі з нямецкай авіяцыяй па меры сваіх магчымасцей. Так на працягу баёў 15-24 ліпеня ў раёне Гродна паветранае
прыкрыццё ажыццяўляла 309-я знішчальная авіяцыйная дывізія. Напрыклад, днём 16 ліпеня паветранае прыкрыццё над плацдармам ажыццяўлялі знішчальнікі 162-га зап. У прыватнасці, чацвёрка Як-9 пад камандаваннем к-на УГ. Шчогалева (камандзір эскадрыллі 162-га зап) перахапіла групу з дваццаці сямі Ju-87 пад прыкрыццём шасці FW-190. Дзякуючы дзеянням савецкіх знішчальнікаў, немцы не змаглі выканаць сваю задачу і страцілі адзін Ju-87 над вёскамі Навумавічы Міцкевічы. Бамбардзіроўшчык быў збіты к-нам УГ. Шчогалевым261. На наступны дзень, 17 ліпеня, на паўночны захад ад Гродна той жа к-н УГ. Шчогалеў збіў знішчальнік FW-190. 21 ліпеня над м. Адэльск, на поўдзень ад Гродна капітан збіў яшчэ адзін Ju-87.
Утойжадзень,16ліпеня,падзякаВярхоўнагаГалоўнакамандавання была аб’яўлена авіяпалкам 290-й зад за баі ў раёне Гродна. Авіяпалкі базіраваліся на аэрадромах у раёне горада Ліда, таму самалёты мелі абмежаваныя магчымасці дзеянняў у раёне Гродна не хапала гаручага. Большасць заданняў, якія выконваліся дывізіяй, датычыліся суправаджэння штурмавой і бамбардзіровачнай авіяцыі, якая наносіла ўдары па левым беразе ракі Нёман262.
Аднак вернемся да падзей на плацдарме. Першапачаткова нямецкі агонь у паласе дывізій кавалерыйскага корпуса быў настолькі моцным, што кавалерыйскія часці, якія фарсіравалі раку Нёман, не маглі прасунуцца наперад. Наступленне 5-й Гв. кавалерыйскай дывізіі Гв. г.-м. М.С.Чапуркіна спынілася. Эскадроны 24-га Гв. кп заляглі ў выніку фланговага агню нямецкага кулямёта і мінамётнай батарэі, якія належылі, хутчэй за ўсё да 2-га батальёна 17-га паліцэйскага палка СС.
Да поўдня артылерыя 5-й Гв. кд не магла раскрыць сістэму нямецкага агню моцны агонь не даваў магчымасці зрабіць гэта. Кавалерысты былі ў прамым сэнсе ўціснуты ў зямлю. Без падтрымкі сваёй артылерыі ўсе атакі не давалі ніякага выніку. Па словах Гв. ст. л-та М.Г.Гарабчука, “узнікла рэальная пагроза быць скінутымі ў раку”. Начальнік артылерыі 24-га Гв. кп Гв. м-р Сонін загадаў абстраляць нямецкія пазіцыі з 45-мм гарматы з артылерыйскага ўзвода Гв. л-та І.Якушына з вышыні, занятай кавалерыстамі. Гв. л-т I. Якушын узгадваў: “Я паглядзеў на стромкі схіл вышыні, указанай маёрам, і адразу ж засумняваўся ў разумнасці гэтага рашэння. Затым я параіў майму камандзіру гарматы, сяржанту Паланевічу, каб ён знайшоў адпаведную агнявую пазіцыю каля падножжа схілу. Сам я тут жа вырашыў узабрацца наверх, каб упэўніцца, ці можна зацягнуць гармату на вяршыню. Аднак, чым вышэй я падымаўся, тым мацней і сканцэнтраваней станавіўся нямецкі агонь. Вакол свісталі кулі. Калі я падабраўся да лініі фронту, дзе нашы кавалерысты абменьваліся
агнём з ворагам, мяне раптам спыніў камандзір іх узвода. “Стой! Паварочвай! Далей ісці нельга!” крычаў ён. На вяршыне схілу былі відаць целы нашых салдат. “Якога чорта ты прэшся ў гэтае пекла?! Жыццё табе не дарагое?!!” крычаў ён на мяне. Я яму растлумачыў, што павінен усталяваць там сваю гармату. Імгненне здавалася, што ён жадае сказаць мне нешта нядобрае, але ён перадумаў і ўжо больш спакойна растлумачыў, што вяршыня ўзгорка праглядаецца немцамі, таму ён не можа забраць адтуль целы нашых людзей, і кожная такая спроба толькі павялічвае колькасць ахвяр. Я зразумеў, што нічога не здолею зрабіць і пачаў спускацца, а хутчэй скатвацца з узгорка, драпаючыся аб калючыя кусты. Унізе, каля падножжа ўзгорка, я знайшоў сваю гармату, падрыхтаваную да абстрэлу першай лініі нямецкіх акопаў, размешчаных пасярэдзіне процілеглага ўзгорка. Відаць, немцы, якія сканцэнтравалі сваю ўвагу на вяршыні, не заўважылі нашай зброі. Мы адкрылі агонь. Хутка да нас далучыліся брыгада мінамётаў і палкавая 76-мм гармата, якую ўдалося пераправіць праз Нёман. Наш сумесны агонь уціхамірыў немцаў, вымусіўшы іх пакінуць акопы”263.
Ст. л-т М.Г.Гарабчук успамінаў, як ён карэктаваў агонь сваёй 76мм гарматы, якую ўзгадваў лейтэнант Іван Якушын: “У асаблівасці нам перашкаджаў адзін кулямёт, з правага боку ад пераправы. Трохі разабраўшыся ў становішчы, вырашыў у першую чаргу заняцца гэтым кулямётам. Аблюбаваў наперадзе, у 400 метрах невялічкі пагорак з палоскаю жыта ў якасці назіральнага пункта,.. Толькі адпаўзлі ад абрыву метраў сто, як кулямёт прыціснуў наз да зямлі... Ізноў папаўзлі, прыціскаючыся да зямлі-матухны так, што ад насоў заставаліся на бульбяным полі барозны. Спёка... Нарэшце, каля заветнай палоскі жыта. Некалькі хвілінаў ляжу нерухома, спрабую зразумець выкрыў мяне праціўнік, ці не... Па гуку і ледзь заўважным ад стрэлаў пылу заўважыў кулямёт. Ён аказаўся трошкі лявей ад таго месца, якое я намеціў. Кулямёт вядзе агонь уздоўж нашых баявых парадкаў і па подступам да іх. Старанна, выкарыстоўваю карту і рыхтую дадзеныя для стральбы. Стрэл узрыва не бачу... Яшчэ стрэл ёсць, пералёт... карэктую ўзровень. Вельмі нізкая траекторыя, палёт снарада адчуваецца спіной. Так нядоўга і па свайму нп урэзаць. Тут мінамёт ці гаўбіца патрэбна. Страляе першая гармата. Наводчык першага сяржант Салфетнікаў лепшы наводчык у палку... Прашу перадаць яму: быць вельмі ўважлівым, асабліва да ўзроўню, падбіраць снарады адной вагі. Чатыры стрэлы разрывы бачу, аднак ацаніць іх цяжка. Кулямёт маўчыць падаўлены ці замоўк? Дзеля вернасці даю яшчэ чатыры снарады”264. Пасля гэтага гарматы ст. л-та М.Г.Гарабчука падавілі нямёцкую мінамётную батарэю. Невялікія паліцэйскія сілы П/17 палп СС адступілі, не прымаючы бою, прыкрываючы свае парадкі кулямётным агнём. Эскадроны 24-га палка прасунуліся
ўперад каля двух кіламетраў, дзе ізноў вымушаны былі спыніцца з-за агню нямецкага кулямёта. Як бачна, немцы не мелі на гэтым адрэзку значных сілаў. Аднак яны вельмі эфектыўна выкарыстоўвалі кулямёты, перашкаджаючы наступленню кавалерыйскага палка. 17-ы Гв. кп у той жа час выйшаў у раён в. Баля-Касцельная. У баях за вёску полк страціў 8 чалавек радавога і сяржанцкага складу265 забітымі.
Прасоўваючыся наперад, кавалерысты 32-й кд (па нямецкіх дадзеных узмоцненыя танкамі) занялі шэраг вышынь у в. Пышкі. Слабыя паліцэйскія батальёны адступілі. Па данясеннях з групы обергрупэнфюрара К. фон Готберга, яе страты за час баёў дасягнулі 50% асабітага складу: “...Вялікія страты з-за недахопу супрацьтанкавай зброі ставяць пад сумненне паспяховую абарону па лініі Нёмана. Неабходна хуткая перакідка абяцаных падмацаванняў (1-га батальёна 34-га паліцэйскага палка і 4-га паліцэйскага палка СС) і мінімум адной танкавай роты ці адпаведна батарэі штурмавых гармат”266. Камандаванне карпусной групы разлічвала толькі на прыбыццё ўжо выступіўшых падмацаванняў: 1-га батальёна 34-га паліцэйскага стралковага палка і 4-га палп СС. Батальён 34-га палсп (камандзір м-р Алоіз Бартч) перакідваўся з горада Цехановец па загаду г.-м. паліцыі Хелвінга, камандуючага СС і паліцыяй у горадзе Беласток. Дарэчы, незадоўга да гэтых падзеяў, батальён прымаў удзел у ліквідацыі паўстання ў Беластоцкім гета. На ўзбраенні батальёна былі 4 цяжкія супрацьтанкавыя гарматы, 20 лёгкіх і 12 цяжкіх кулямётаў267. Пагрузіўшыся на 40 грузавікоў, батальён выехаў да месца баёў. Вечарам ён ужо вёў баі з савецкімі падраздзяленнямі ў раёне в. Салаўі, якія фарсіравалі раку Нёман.