Нёманскі фронт 15-25 ліпеня 1944 года. Баі за Гродна: аналіз падзей, данясенні, успаміны, статыстыка Дзмітрый Люцік

Нёманскі фронт

15-25 ліпеня 1944 года. Баі за Гродна: аналіз падзей, данясенні, успаміны, статыстыка
Дзмітрый Люцік
Памер: 331с.
Гародня 2012
98.76 МБ
вы быді знішчаны240. Па ўспамінах жыхароў прынёманскіх вёсак, ад мястэчка Гожа да в. Пышкі, страты савецкіх частак былі вялізныя. Так І.Пушкевіч узгадвала, што ў раёне м. Каўбаскі савецкія войскі навялі пяць перапраў, якія былі адначасова немцамі разбомблены: “Нёман салдатамі і машынамі пабітымі так запрудзіла, што ён іншым рэчышчам пайшоў. Усё чырвонае ад крыві было”241. Прыкладна тое ж самае адбылося ў Пышках. Са стратамі ў войсках, аднак, савецкае камандаванне лічылася слаба. Па наяўных дадзеных пераправы па рацэ Нёман знаходзіліся: у в. Пышкі, у раёне Крэйдавых Гор, у вёсках Беражаны, Куколі, магчыма, у раёне в. Каўбаскі, у раёне мястэчка Гожа і на поўнач ад яго чатыры пераправы.
Акрамя таго, савецкія войскі фарсіравалі раку Нёман на поўнач ад мястэчка Гожа, у в. Пласкаўцы, збіўшы з пазіцый 3-і паліцэйскі батальён 17-га палп СС242. Гэтыя часці прасунуліся ў напрамку Селіванаўцы Войтаўцы. Магчыма, паліцэйскіх адкінулі сілы 220й Аршанскай сд, якая фарсіравала раку Нёман на поўнач ад мястэчка Гожа 15 ліпеня. 376-ы сп і рухомы атрад дывізіі, якія фарсіравалі раку на поўдзень, у раёне в. Беражаны, хутчэй за ўсё далучыліся да дывізіі.
Раніцай 15 ліпеня пачаліся ўпартыя баі за плацдарм, захоплены падраздзяленнямі 32-й кд і 220-й сд на левым беразе ракі Нёман. Каля поўдня савецкія часці распачалі атакі з мэтай пашырэння плацдарма ў паўднёвым напрамку у накірунку вёсак Пушкары Салаўі — Адамавічы. Нямецкія паліцэйскія часці адышлі, даўшы магчымасць заняць савецкім войскам в. Адамавічы243. Дапамогу войскам у раёне горада ў гэты дзень забяспечвалі машыны 136-га Гв. шап. Імі, напрыклад, была праведзена паспяховая штурмоўка нямецкай тэхнікі на дарозе Пышкі Пушкары. У ёй удзельнічалі дзве групы па 6 “Ілаў” м-ра Герасімава і старшага л-та Казенкова244.
Такое паспяховае пашырэнне плацдарма савецкімі войскамі выклікала трывогу ў немцаў: узнікла пагроза выхаду савецкіх падраздзяленняў у тыл групе г.-арт. Г. Вейдлінга, якая займала пазіцыі на поўдзень ад Гродна. Са штаба карпусной групы патрабавалі неадкладна спыніць прасоўванне рускіх пры дапамозе частак 3-й тд СС. Аднак камандаванне 4-й арміі забараніла заўчаснае выкарыстанне гэтых сіл. Лічылася, што танкавая дывізія знаходзіцца ў рэзерве групы армій і можа выкарыстоўвацца толькі па спецыяльнаму загаду. У гэтым становішчы начальнік аператыўнага аддзела штаба 3-й танкавай дывізіі оберштурмбанфюрар Эрых Эберхард прыняў самастойнае рашэнне на выкарыстоўванне часткі сіл дывізіі для забеспячэння пазіцый карпусной групы. Па яго загаду 3-ці танкавы разведвальны батальён СС і 2-гі батальён 6-га тгр палка СС каля 16.00 15 ліпеня выступілі па дарозе Сакулка Кузніца Каўбасіно245. Гэтыя батальё-
ны дывізіі перакрылі дарогу з Гродна на захад у в. Ласосна і мост праз раку. Калі б савецкія войскі прарваліся на поўдзень ад в. Адамавічы, немцы ўтрымлівалі б лінію па рацэ Ласосна фронтам на захад. Адначасова 3-ці танкавы разведвальны батальён СС павінен быў разведаць мясцовасць будучых баёў у раёне вёсак Падлабенне Ласосна.
У гэты час немцы працягвалі баявыя дзеянні супраць савецкага плацдарма на левым беразе Нёмана сіламі 5-й тд. На дадзены момант толькі сілы баявой групы гэтай танкавай дывізіі маглі рэальна стрымліваць далейшае пашырэнне плацдарма савецкімі войскамі. У в. Скрыннікі разгарнуўся 5-ы танкавы разведвальны батальён для атакі савецкага плацдарма па фронце. Штаб дывізіі разам з камандзірам дывізіі ген. Дэкерам размяшчаўся ў в. Рацічы. Першапачаткова ён здзяйсняў кіраванне ўсімі часцямі дывізіі, у тым ліку і групай ‘Терцага”, аднак ужо 15 ліпеня кіраванне падраздзяленнямі ў раёне горада Друскенікі было спынена.
У другой палове дня немцы нанеслі контрудар сіламі 5-й тд. Група к-на Фрыдрыха (1-ы батальён 13-га тгр палка і 1-ы дывізіён 116-га артпалка)246 атакавала пазіцыі савецкіх падраздзяленняў у раёне вышыні 166.0 і на вышынях на поўнач ад в. Каўбаскі. У адбіцці нямецкіх атак прымыўудзел і 1679-ы атрылерыйска-мінамётны полк 32-й кд. Па ўспамінах камандзіра 1-га эскадрона 65-га кп 32-й кд ст. л-та І.Я.Паўлава, было адбіта да 15 нямецкіх атак. Выратавала становішча зводная знішчальна-супрацьтанкавая брыгада 3-га Гв. кк. Яна паспела фарсіраваць Нёман па пераправе кавалерыйскага корпуса яшчэ да таго, як тая была знішчана247. Своечасовы падыход зводнай знішчальна-супрацьтанкавай брыгады Гв. ппалк. Васіля Яфімавіча Каўтанюка, “якая заняла амаль кругавую супрацьтанкавую абарону”248, дазволіў выстаяць і паспяхова адбіць усе атакі баявой групы 5-й тд. Падчас адной з атак савецкія кавалерысты пакінулі свае акопы і пачалі адступаць. Выратавалі становішча толькі гукі моцнай кананады, якія даносіліся з боку горада Гродна у гэты час пачаўся штурм горада. Немцы, пачуўшы кананаду, таксама спынілі атакі і адступілі.
Другая група 5-й тд пад камандаваннем м-ра Дрэвеса (1-шы батальён 14-га тгр палка, 3-ці дывізіён 116-га артпалка і часці 89-га сапёрнага батальёна пры падтрымцы 6 StuG) атакавала паўночны плацдарм з раёна на ўсход ад мястэчка Сапоцкін у накірунку в. Войтаўцы. У 17.00 атакуючая група выйшла на лінію Войтаўцы Плябаньске249 і ўсталявала сувязь з адступаючым 3-ім батальёнам 17-га палп СС. Нягледзячы на паспяховае прымяненне сіл 5-й тд супраць савецкіх войскаў на паўночны захад ад Гродна, становішча складалася не на карысць немцаў. Раку Нёман фарсіравалі на шырокім адрэзку
падраздзяленні 3-га Беларускага фронту. Стваралася пагроза пашырэння плацдармаў савецкімі войскамі па рацэ Нёман ад горада Гродна да горада Меркіне. Паколькі плацдарм на поўнач ад Аўгустоўскага канала пашырыўся, камандзір 5-й тд ген. Дэкер рызыкаваў быць адрэзаным з баявымі групамі “Фрыдрых” і “Дрэвес” ў раёне мястэчка Сапоцкін. Баявая група нямецкай 5-й дывізіі атрымала загад спыніць атакі на гродзенскім накірунку і ноччу адступіць па дарозе Сапоцкін Капчамесціс Меркіне для злучэння з асноўнымі сіламі дывізіі. Гэтай жа ноччу падраздзяленні баявой групы 5-й тд павінны былі замяніцца прыбыўшымі падраздзяленнямі 3-й тд СС. У ноч на 16 ліпеня падраздзяленні 5-й тд пачалі адыход з пазіцый, якія займалі. Яны павінны былі перамясціцца на поўнач, у раён горада Друскенікі, дзе рака Нёман была таксама паспяхова фарсіравана савецкімі войскамі.
Такім чынам, немцы пачалі адводзіць свае войскі з плацдарма. 1-шы батальён 14-га тгр палка прабіваўся на поўнач ужо з боем праз занятую савецкімі салдатамі в. Лойкі250. Хутчэй за ўсё, ужо гэтай ноччу немцы ўвялі ў бой 3-ці танкавы разведвальны батальён СС першае падраздзяленне з прыбыўшай 3-й тд СС, якое ўдзельнічала ў баях у раёне Гродна. Гэта вынікае з радыёграмы корпуснай групы обергрупэнфюрара К. фон Бэтберга ў штаб 4-й арміі: “Разведвальны батальён тд СС “Мёртвая галава” прадухіліў далейшыя дзеянні праціўніка і сёння на паўночны захад ад Гродна адкінуў яго на усход”251.
Няўдачнымі атакамі 5-й танкавай дывізіі 14-15 ліпеня заканчваюцца першыя спробы немцаў скінуць у раку падраздзяленні Чырвонай арміі, якія пераправіліся праз раку Нёман. У прыватнасці баі 15 ліпеня паказалі, што сілаў баявой групы нямецкай 5-й тд было недастаткова для таго, каб ліквідаваць савецкі плацдарм на левым беразе ракі. Савецкія падраздзяленні пратрымаліся. Немцы таксама прыкладалі намаганні для нарошчвання сваёй групоўкі на паўночны захад ад Гродна. Адвод немцамі сіл 5-й тд палегчыў становішча савецкім войскам на плацдарме у ноч з 15 на 16 ліпеня яны змаглі адносна бесперашкодна перавозіць праз раку Нёман падмацаванні.
Акрамя таго, баі 14-15 ліпеня паказалі, што ўтрыманне плацдарма было, магчыма, толькі дзякуючы сілам 3-га Гв.кк. Палкі 32-й дывізіі і зводнай знішчальна-супрацьтанкавай брыгады вынеслі асноўны цяжар нямецкіх атак. Неабходна было, як мага хутчэй, перакідваць падмацаванні на плацдарм. Аднак кавалерыйскія палкі 6-й і, часткова 5-й Гв.кд яшчэ вялі баі за горад Гродна. Тым не менш, разумеючы складанасць сітуацыі, камандванне корпусам аператыўна накіроўвала на плацдарм усе свабодныя падраздзяленні.
15 ліпеня 1944г. Савецкі плацдарм на левым беразе Нёмана. Другі ўдар нямецкай 5-й т.д.
16 піпеня праз раку Нёман удалося перакінуць 17-ты і 22-гі Гв. кп 5-й Гв. кд у спешаным выглядзе (без коней)252. Такім чынам, групіроўка 3-га Гв. кк была павялічына. Праўда 6-я Гв. кд яшчэ была занята баямі ў горадзе.
У той жа дзень штаб групы армій “Цэнтр” аддаў нарэшце загад аб выкарыстанні 3-й танкавай дывізіі СС у складзе 4-й палявой арміі. У прыватнасці ў загадзе паведамлялася: “...тд СС падпарадкоўваецца 4-й арміі для неадкладнага выкарыстання ўраёне Гродна. Аб запланаванай аперацыі трэба паведаміць загад-
зя. Модэль”253. 3 раніцы 17 ліпеня сілы танкавай дывізіі павінны атакаваць савецкі плацдарм у фланг.
Раніцай 16 ліпеня фарсіраванне ракі Нёман пачаў савецкі 69-ы ск 50-й арміі. Стралковыя палкі і аператыўная група штаба 153-й сд (палк. А.А.Шчэннікаў) пераправіліся праз раку Нёман па пераправе за 6 км на поўнач ад горада 254 хутчэй за ўсё, пераправа 3-га Гв. кк ці 99-га апіб. Яна праіснавала ўсяго некалькі гадзін і была знішчана нямецкай авіяцыяй хутка пасля пераправы асноўнай масы войскаў дывізіі. Больш за палову штаба, асноўная частка аўтатранспарту, артылерыя і склады боехарчавання дывізіі засталіся на ўсходнім беразе. Наконт фарсіравання ракі 153-й сд маюцца розныя версіі і недакладнасці. Так камандзір 557-га сп м-р Ф.С.Фядотаў піша, што яго полк пераправіўся праз раку ў раёне Каложы і правей (у раёне сучаснага Новага маста ў Гродна), куды яны і выйшлі пасля штурму горада раніцай 16 чысла. Ён дастаткова падрабязна апісвае раку Нёман: моцны нямецкі агонь з супрацьлеглага берага, “...баржы, з якіх стралялі фашысцкія гарматы. Па Нёмане насіліся катэры, якія палівалі полк кулямётным агнём...”255 Па яго словах, 557-мы сп тады ж, 16 ліпеня, фарсіраваў раку Нёман у гэтым жа месцы, захапіўшы плацдарм да паўтара кіламетра, а вечарам таго ж дня да яго далучыліся і астатнія палкі дывізіі. Аднак м-р Ф.С.Фядотаў памыляецца ў паказе месца фарсіравання ракі. Па-першае, гэтая інфармацыя супярэчыць успамінам С.М.Вернікава, які, як ужо згадвалася вышэй, адзначаў, што пераправа дывізіі знаходзілася за 6 км на поўнач ад Гродна. Падругое, м-р Ф.С.Фядотаў піша, што далей, 17 ліпеня, дывізія вяла баі за в. Каўбаскі, якая знаходзіцца на паўночны захад ад горада, прычым дывізіі неабходна было б перамяшчацца туды па адзінай дарозе, якая праходзіла праз в. Ласосна, якую эсэсаўцы з 3-й тд СС перакрылі яшчэ вечарам 15 ліпеня, а прабіцца праз іх пазіцыі было б нялёгка256. Трэба меркаваць, 153-я сд спрабавала пераправіцца з раёна Каложы раніцай 16-га, але няўдала, пасля чаго перайшла ўздоўж ракі Нёман на поўнач, дзе і фарсіравала раку. На левым беразе дывізія замацавалася на рубяжы Шэмбелеўцы лес на ўсход ад в. Баля-Касцельная257. Пачала фарсіраванне ракі Нёман і 42-я сд.