Нёманскі фронт 15-25 ліпеня 1944 года. Баі за Гродна: аналіз падзей, данясенні, успаміны, статыстыка Дзмітрый Люцік

Нёманскі фронт

15-25 ліпеня 1944 года. Баі за Гродна: аналіз падзей, данясенні, успаміны, статыстыка
Дзмітрый Люцік
Памер: 331с.
Гародня 2012
98.76 МБ
каля в. Галынка. 1-шы батальён лічыўся немцамі найбольш слабым фарміраваннем дывізіі. Ён складаўся з рэкрутаў і не быў падрыхтаваны да цяжкіх баёў. Аднак батальён меў на ўзбраенні бронетранспарцёры, што значна павялічвала яго моц. Тым не менш, дзеянні немцаў былі запозненымі Ліпск быў ужо заняты савецкай кавалерыяй.
Спробы савецкай 5-й Гв. кд прасунуцца на поўдзень за раку Бобр былі адбіты 1-ым батальёнам 5-га тгр палка СС “Туле”, што падышоў сюды. Каля поўдня эсэсаўскі батальён контратакаваў савецкія часці, што ішлі з Ліпска ў паўднёвым накірунку. Паводле нямецкіх дадзеных, у гэтым баю яны захапілі адзін спраўны савецкі танк323. 17-ты Гв. кавалерыйскі полк працягваў наступленне ў заходнім накірунку і выйшаў да в. Ястшэмбна, дзе заняў пазіцыі і заставаўся на працягу паследуючых баёў (з 19 па 30 ліпеня 1944г.).
1-шы батальён палка “Туле” выйшаў да горада Ліпска з мэтай перарэзаць дарогу Гродна Аўгустоў і акружыць кавалерыстаў. На паўднёвай ускраіне горада ў якасці баявой аховы быў выстаўлены толькі эскадрон 17-га Гв. Лідскага кп 5-й Гв. кд (агулам 12 чалавек!) і 6-я батарэя (4 гарматы) 174-га знішчальнага супрацьтанкавага артпалка324.
Да падыходу нямецкіх падраздзяленняў кавалерысты паспелі эвакуіраваць насельніцтва з горада Ліпск ў бліжэйшыя вёскі. Ад камандуючага корпусам быў атрыманы загад знішчыць драўляны мост праз р. Бобр. Аднак у кавалерыстаў не было неабходнай для гэтага ўзрыўчаткі. На шчасце, для нешматлікіх абаронцаў Ліпска, у гэтым раёне знаходзіўся дывізіён рэактыўнай артылерыі корпуса. Ён заняў пазіцыі на ўскраіне в. Стары Рагожын (за 6-7 км на ўсход ад горада Ліпск). Залп “кацюшаў” накрыў калону 1-га батальёна СС, што рухаўся па дарозе да Ліпска, і прывёў да затрымкі нямецкай атакі325. Немцы былі вымушаны разгарнуць сваю артылерыю і пачаць абстрэл савецкіх пазіцый. Пасля гэтага эсэсаўскі батальён зноў перайшоў у атаку.
Як і чакалася, упарты бой разгарэўся каля маста праз р. Бобр на паўднёвай ускраіне горада. Кавалерысты змаглі падпаліць мост пры дапамозе бензіну перад самым падыходам да яго нямецкіх штурмавых гармат. У баі загінула альбо была паранена большасць кавалерыстаў з заслоны 17-га Гв. Лідскага кп. Заканчваліся і боепрыпасы. Камандзір батарэі л-т Аўраменка прыняў рашэнне вывесці з боя 2 гарматы і стварыць тылавую пазіцыю на поўнач ад Ліпска, на скрыжаванні дарог Аўгустоў Гродна і Ліпск Скеблева. 2 гарматы, што засталіся, павінны былі прыкрываць гэты манёўр. Асабліва вылучыўся ў гэтым баі камандзір гарматы ст. с-т М.С. Шавялёў. Застаўшыся з разлікам, ён прыкрываў змену пазіцыі сваёй батарэі. Калі немцы наблізіліся да гармат ушчыльную, артылерысты адбілі атаку аўтаматамі і ўрукапашную.
18 ліпеня 1944г. Прарыў 3-га Гв.кк да г.Аўгустаў
Для ўтрымання Ліпска камандуючы корпусам Гв. г.-л. М.С. Аслікоўскі асабіста загадаў тэрмінова перакінуць 121-шы кавалерыйскі полк м-ра Барадай, які павінен быў заняць абарону на скрыжаванні дарог Аўгустоў Гродна і Ліпск Скеблева, а часткай сваіх сіл дапамагчы абаронцам горада. Адначасова быў аддадзены загад 24-му Гв. кп, што знаходзіўся каля Аўгустоўскага канала, згарнуць свае пазіцыі і спешна выступіць у раён Ліпска.
У гэты час у Ліпску на пазіцыях батарэі 174-га зстап неаднаразова ўзнікалі рукапашныя сутычкі. У выніку бою каля моста праз Бобр, што затрымаў немцаў, была створана другая лінія абароны. Ст. с-т М.С. Шавялёў атрымаў загад адводзіць свае гарматы з горада. Частка кавалерыстаў з адной гарматай адступілі. Немцы пачалі чарговую атаку. Ст. с-т М.С. Шавялёў адкрыў агонь з апошняй гарматы. Калі снарады скончыліся, артылерысты пусцілі ў ход стралковую зброю і гранаты. Паводле данясення ў штаб дывізіі, у гэтым баі гармата старшага сяржанта знішчыла некалькі дзесяткаў нямецкіх салдат, 2 бронетранспарцёры, 1 гармату і 2 кулямёты326. Тым не менш, немцы ўзялі горад Ліпск327. Аднак далейшае прасоўванне нямецкага батальёна 5-га палка было спынена кавалерыстамі 121-га кп на лініі Кур’янка Астроў.
Да вечара 32-я кд выйшла да раёна в. Краснае Выжарне (за 5 км на поўнач ад Ліпска). Кавалерыйская дывізія Гв. г.-м. П.П. Брыкеля за дзень выйшла да горада Аўгустова. Пры гэтым перадавыя эскадроны 23-га Гв. Падгайцаўскага кп Гв. палк. Бондара трапілі ў сам горад328. Часткай сваіх сіл дывізія заняла рубеж: воз. Сайнэк воз. Сайно і заняла пераправу праз канал Чорны Брод. Камандзір узвода кулямётаў ДШК 6-й кд л-т X. Гарэлік узгадваў: “...атрымаў заданне разам з шабельным эскадронам Няўмоева заняць пераправу Чорны Брод. Няўмоеў паказаў мне на карце, як трэба рухацца, і сказаў, што ён накіроўваецца туды ж. Да вечара бамбёжкі прыціхлі, і я з узводам без прыгод пад’ехаў да маста (не памятаю, ці быў гэта мост праз Аўгустоўскі канал або праз нейкую рэчку). Нядоўга думаючы, развярнуў свае чатыры кулямёты і адкрыў агонь па населеным пункце на тым баку моста. Пасля некалькіх чэргаў у адказ агонь з таго боку спыніўся, і мы спакойна занялі вёску. Хутка пад’ехаў і шабельны эскадрон Няўмоева. Ён мяне пахваліў, і кожнае падраздзяленне занялося сваімі справамі на сваіх пазіцыях. А ноччу на нас напалі немцы. Перастрэлка перайшла ўрукапашную, і... немцы драпанулі. Раніцай, калі ўсё ўжо было ў парадку (населены пункт і пераправа ў нашых руках), нас адазвалі. Гэты рубеж павінна была заняць пяхота”329. 23-ці Гв. кп ноччу быў адведзены да. в. Выжарне, дзе заняў абарону.
Увечары, аднак, кавалерысты вымушаны былі адвесці частку сваіх сіл ад горада Аўгустоў. 24-ы Гв. кп дывізіі Гв. г.-м. М.С. Чапуркіна быў адведзены ў раён на ўсход ад Ліпска, каб, у выпадку выхаду немцаў у тыл корпуса, стварыць там абаронную лінію. У мястэчку Сапоцкін у якасці заслоны быў разгорнуты адзін полк 174-й сд330. Астатнія падраздзяленні стралковай дывізіі прасунуліся да сярэдзіны дня ў раён воз. Бражаны Рыголь. Такім чынам, кавалерыйскі корпус знаходзіўся ў 40-50 км на захад ад Нёмана.
У гэты ж дзень 352-я сд 31-й арміі фарсіравала раку Нёман у раёне в. Мельнікі. Здзейсніўшы хуткі марш, яна заняла пазіцыі па паўночным беразе Аўгустоўскага канала ў раёне в. Сонічы.
Адначасова з гэтымі паспяховымі дзеяннямі савецкіх войск, што глыбока ўклініліся ў нямецкую абарону, вызначыўся контрудар 3-й тд СС “Мёртвая галава” ў тыле названых вышэй злучэнняў кавалерыйскага корпуса.
Раніцай 18 ліпеня на вуліцах мястэчка Сапоцкін з’явілася бранятэхніка 3-га танкавага разведвальнага батальёна СС. У мястэчка нямецкія танкі ўвайшлі без адзінага стрэлу: афіцэры савецкай 153-й сд, якія былі непадалёку ад населенага пункта, прынялі іх за сваіх, і толькі разглядзеўшы крыжы, зразумелі, што памыліліся. Вось як апісваў гэты момант перакладчык дывізіі С.М. Вернікаў: “Ледзь толькі ўзышло сонца, як мы ўсталявалі каля адной з амбразур ДАКа стэрэатрубу і пачалі аглядаць мясцовасць. Перад ДАКам суцэльны масіў лесу. Ззаду можна было добра разгледзець Сапоцкін. 3 вышыні мы бачылі яго роўныя вуліцы. Усе з нецярпеннем чакалі ўзнаўлення пераправы і падыходу падмацаванняў з-за Нёмана. Таму, пабачыўшы, як на шырокую вуліцу Сапоцкіна адзін за адным паўзуць танкі, я радасна паведаміў: “Таварыш маёр, пераправа ўзноўлена, танкі на падыходзе, паглядзіце, яны ўжо ў Сапоцкіне!” Нарыжны прыпаў да акуляра стэрэатрубы і праз некалькі секунд, не адрываючыся ад яе, доўга і мудрагеліста вылаяўшыся, сказаў: “Дык танкі ж нямецкія! На іх крыжы!” Танкавая калона, якую я прыняў за нашыя рэзервы, аказалася гітлераўскай”331. Ветэран, аднак пымыляўся, называючы бронетранспарцёры разведвальнага батальёна танкамі. Акрамя таго, з’явіцца на досвтку ў Сапоцкіне яны таксама не маглі да 9 раніцы мястэчка штурмавалі палкі 174-й дывізіі.
Супраць нямецкай бранятэхнікі разгарнуліся сілы 174й Барысаўскай сд. Судзячы па ўспамінах ветэрана дывізіі 1.3. Івашкіна, у баях артылерыя 598-га артылерыйскага палка здолела падбіць некалькі нямецкіх бронетранспарцёраў. Немцы былі выбіты з мястэчка Сапоцкін.
Часці 153-й дывізіі разгарнуліся фронтам да ракі Нёман. Пазіцыі дывізіі аказаліся расцягнутымі ўздоўж дарогі Сапоцкін Ліпск па вёсках Пралейкі Галынка Рыгалаўка332. Камандны пунт дывізіі размясціўся за некалькі кіламетраў на ўсход ад Ліпска. На дапамогу дывізіі праз некаторы час змаглі прабіцца артылерыйскі полк і супрацьтанкавы знішчальны дывізіён. Яны пераправіліся праз Нёман на поўнач ад пераправы дывізіі, праз парадкі суседняга 36-га ск 31-й арміі (каля м. Гожа). Да раніцы 18 ліпеня 557-мы сп заняў пазіцыі на захад ад в. Перстунь на вышынях 138.0 і 198.6333. фронтам на паўднёвы ўсход, замініраваўшы 2 мосцікі праз раку. Паводле ўспамінаў камандзіра батальёна 557-га палка, першы бой адбыўся каля 7 гадзін раніцы і быў праведзены эфектыўна і па ўсіх правілах ваеннага мастацтва. “Да абодвух мастоў рваліся нямецкія танкі. Па раўніне, расцягнуўшыся на паўкіламетра па фронце, пайшла пяхота. У бінокль я бачыў галовы Сусева, Белкіна і сапёраў, што сядзелі ў прыкрыццях прыкладна за сто метраў ад ракі. Танкі ўвайшлі на абодва масты амаль адначасова. Але ўзрывы раздаліся спачатку на адным, потым на другім мосце. Тры танкі рухнулі разам з абломкамі пралётаў у раку. Астатнія затармазілі і сталі збівацца ў калону. Тут жа адкрыла беглы агонь палкавая артылерыя. Пакуль танкі разгортваліся, нашы пушкары знішчылі дзве машыны. Астатнія павярнулі і на хуткасці сышлі прэч. Варожая пяхота, што трапіла пад мінамётны, кулямётны і ружэйны агонь, адступіла на зыходныя пазіцыі”334. Пасля гэтага бою полк змяніў пазіцыі, што пазней рабіў неаднаразова, калі актыўна ўзаемадзейнічаў з кавалерыстамі Гв. г.-л. М.С. Аслікоўскага.
У гэты дзень салдаты 153-й сд захапілі эсэсаўца з дывізіі “Мёртвая галава”. Паводле ўспамінаў ваеннага перакладчыка са 153-й сд 69га ск 50-й арміі С.М. Вернікава, палонны паведаміў, што іх падраздзяленне выехала з Румыніі . 11 ліпеня і трое сутак імчаліся амаль без перапрынкаў з поўдня на поўнач.. ,”335
Асноўны ўдар па савецкіх войсках быў нанесены сіламі баявой групы “Кюн” з раёна, што размяшчаўся на поўдзень ад в. Баля-Касцельная ў паўночным накірунку. Я.П. Елісееў піша аб ўдзеле ў гэтай атацы да 120 танкаў і САУ (!), што падтрымліваліся авіяцыяй і артылерыяй336. Гэтыя лічбы, безумоўна, з’яўляюцца перабольшанымі. Паводле нямецкіх дадзеных, група “Кюн” у той дзень была ўзмоцнена 10 сярэднімі танкамі T-IV, цяжкімі танкамі T-VI і 15 штурмавымі гарматамі337. Асноўная сіла нямецкага ўдару зноў прыйшлася па парадках 42-й Смаленскай сд г.-м. А.І. Сліца. Раніцай у наступленне на в. Адамавічы перайшлі 3-ці батальён 6-га тгр палка і 1-шы батальён 34-га палсп338. Яны ўвараваліся ў вёску пры падтрымцы некалькіх штурмавых гармат. Савецкія салдаты спрабавалі разгарнуцца ў лан-