Нёманскі фронт 15-25 ліпеня 1944 года. Баі за Гродна: аналіз падзей, данясенні, успаміны, статыстыка Дзмітрый Люцік

Нёманскі фронт

15-25 ліпеня 1944 года. Баі за Гродна: аналіз падзей, данясенні, успаміны, статыстыка
Дзмітрый Люцік
Памер: 331с.
Гародня 2012
98.76 МБ
цуг каля касцёла і контратакаваць, але спроба не ўдалася з прычыны моцнага агню немцаў. Счацвяроная савецкая зенітная ўстаноўка на аўтамабільным шасі не паспела нават адкрыць агонь і была знішчана гранатамі. Чырвонаармейцы адышлі ў накірунку в. Салаўі.
Баявая група “Кюн” (ІІІ/“Т” і ІІІ/“Е”) павінна была праводзіць наступленне на поўнач. Батальён 5-га тгр палка СС затрымаўся. Ён павінен быў дачакацца паліцэйскіх падраздзяленняў з паліцэйскай групы, каб здаць свае пазіцыі. Такім чынам, атака была распачата 3-ім батальёнам палка “Эйке” (9-я, 10-я і 11-я роты СС). Ён атакаваў з лініі вёсак Адамавічы Міцкевічы Навумавічы на ўсход, да ракі. Заняўшы в. Баля-Сольная, немцы выйшлі да Нёмана. Савецкая пераправа 95-й сд, што знаходзілася тут, была блакіравана.
Часці 3-га дывізіён знішчальнікаў танкаў СС перайшлі ў наступленне ад в. Міцкевічы ў накірунку в. Баля-Касцельная, супраць пазіцый 42-й сд. Камандзір дывізіёна штурмбанфюрар А. Пітчэліс запісаў у асабістым дзённіку пра ўзятыя тут трафеі: “У 11.30 мясцовасць занята. Знішчана: 12 3,7 см супрацьтанкавых гармат, 2 7,62 см гарматы, 3 12,2 см гарматы, 7 кулямётаў, 11 супрацьтанкавых ружжаў.. ”339 Камандны пункт батальёна быў перанесены з в.Баранавічыўв.Капланаўцы (у2-хкм на захад ад Балі-Касцельнай).
Тым часам, баявая група “Кюн” працягвала атаку. У другой палове дня да яе далучаецца і ІІІ/“Т”. Ён здаў свае пазіцыі 1-му батальёну 17-га палп СС і 1-му батальёну 34-га палсп. Падраздзяленні 42-й стралковай дывізіі ўпарта абараняліся. Гэта прызнавалі і немцы. У данясенні ў штаб 6-га трг палка СС (штаб у в. Скрынікі, 2 км на захад ад Балі-Касцельнай) адзначалася: “Становішча на паўночным усходзе змяняецца. Тут мы трапляем у сапраўдны ад”340.
Для забеспячэння наступлення палка “Эйке” ў в. Караліно былі сканцэнтраваны абозныя часці і арганізаваны склад для боепрыпасаў. Падвоз боепрыпасаў ажыццяўляўся простаў баявыя парадкі нямецкіх войск. Вадзіцель з роты забеспячэння ўспамінаў: “...Чым бліжэй мы набліжаемся да пярэдняга краю абароны, тым больш навокал глухога злобнага гарматнага грукату, які напаўняе паветра траскучым канцэртам стрэлаў... У траскатню разрываў савецкіх артылерыйскіх снарадаў, якімі рускія абстрэльваюць тэрыторыю, у глухія разрывы гранат, умешваюцца гукі выстралаў нашых супрацьтанкавых і батарэйных гармат. На сваіх падвозчыках мы імкнёмся як мага хутчэй папоўніць боезапас у палявой базе ў Навумавічах, калі залпавы агонь набліжаецца да яе вельмі блізка. Пад купай дрэў падцягнуты некалькі крытых транспартных павозак забеспячэння паліцыі. Як толькі мы набліжаемся, у кронах дрэў разрываецца граната. Вадзіцель паранены, два кані забіты. Мы спыняемся і спяшаем на дапамогу. Асцярож-
на мы паднімаем вадзіцеля з козлаў і кладзем яго на другую павозку. Паліцэйскія здаюцца нам трошкі бездапаможнымі. Коні толькі лёгка паранены, аднак цяга павозкі разарвана. Два салдаты трымаюць коней за аброці, пастукваюць ім па шыі, супакойваючы, у той час як іншы паліцэйскі завязвае вузлом новыя павады павозкі. Затым мы рухаемся далей і даязджаем да Навумавіч, дзе атрымоўваем загад ехаць да Балі-Касцельнай. 3 поўначы зноў чуваць шум бою. Там бальшавікі яшчэ сядзяць у былых бункерах ...”341
Бункеры, пра якія ўзгадваў нямецкі вадзіцель былі руінамі форта № 1 Гродзенскай крэпасці (в. Загараны, знаходзіцца за 2 км на поўнач ад в. Навумавічы). У выніку нямецкай атакі ў акружэнне трапілі часці 1-га і 2-га батальёнаў (камандзіры к-ны С.А. Бяляеў і М.І. Капанёў) 455-га Верхнедняпроўскага сп і прымкнуўшыя да іх іншыя падраздзяленні палка. Акрамя іх, у акружэнні аказалася і рота 1-й штурмавой інжынерна-сапёрнай брыгады. Іх супраціўленне на пазіцыях форта арганізаваў намеснік камандзіра 455-га палка па страявой падрыхтоўцы м-р М.У Сідарэц342. Пра баі, якія вынеслі гэтыя салдаты, напісаў у тыя дні артыкул у газету “Правда” ваенны карэспандэнт Л. Талкуноў. Працытуем урывак з гэтага артыкула: “Быў выпадак, калі немцам удалося акружыць наш стралковы батальён. Маёр Сідарэц,які кіраваў боем, арганізаваў кругавую абарону ў сяле, якое ён за суткі да гэтага адбіў у ворага. Немцы, мяркуючы, што яны лёгка змогуць пакончыць з нашым гарнізонам, сканцэнтраваліся для атакі. Маёр Сідарэц старанна вызначыў плошчы абстрэлу і выклікаў па радыё агонь Гвардзейскіх мінамётаў. Залпы накрылі сотні эсэсаўцаў. Уцалелыя гітлераўцы адхлынулі назад, а праз некалькі гадзін яны былі прыціснуты да ракі і знішчаны”343. Насамрэч усё было інакш.
Падраздзяленні групы “Кюн” (ІІІ/“Т” і ІІІ/“Е”) пачалі атаку акружаных у другой палове дня 18 ліпеня. Папярэднічаў атацы налёт нямецкай авіяцыі. Паводле інфармацыі вайсковага даследчыка П. Маслава, нямецкую атаку падтрымлівала каля 10 танкаў і штурмавых гармат344. Агнём савецкай 45-мм артылерыі былі падбіты 2 штурмавыя гарматы. Дапамогу ў адбіцці атакі аказалі і мінамётчыкі мінамётнай роты 455-га палка пад камандваннем ст. л-та П.М. Верзанава. Напрыклад, камандзір мінамётнага разліку А.Ф. Жданаў высунуў мінамёт на адкрытую пазіцыю і забяспечыў агнём адбіццё атакі345. Аднак дастаткова хутка ў мінамётнай батарэі скончыліся міны. Мінамётчыкі далучыліся да пяхоты. Некалькі разоў акружаныя байцы пераходзілі ў контратакі.
Гісторык П. Маслаў пісаў, што ў агульнай атацы форта, якая была праведзена пад вечар, удзельнічала да 30-32 танкаў і штурмавых rap-
мат пры падтрымцы 1,5 палкоў пяхоты346. Д. Гаўрылін жа пісаў, што ў штурме форта ўдзельнічала да 8 нямецкіх танкаў і паліцэйскі батальён347. Атакі форта праводзіліся з поўдня, з боку в. Навумавічы, з захаду і паўночнага захаду. Спецыяльна для штурму ўмацаванняў немцы вылучылі 16-ю сапёрную роту СС з 6-га тгр палка СС. Прывядзём успаміны ўдзельніка атакі: “...Мы, сапёры з 1-га ўзвода пад камандаваннем унтэрштурмфюрара СС Якоба, павінны атакаваць умацаванні франтальна. Пад прыкрыццём мы прабіваемся да бункера. Радавы СС Мецке выявіў 10 рускіх, якія абараняліся перад бункерам. Мецке хаваецца ў жывой загарадзі, узводзіць і націскае на спуск свайго пісталет-кулямёта. Следам раздаецца чарга аўтаматычнага агню: некалькі рускіх падаюць мёртвымі ці параненымі на зямлю.. .”348
Атакугрэнадзёраўпадтрымліваў4-тыдывізіёнЗ-га артпалкаСС349. Для абаронцаў становішча магло скончыцца паражэннем. Адзіная іх надзея была на дапамогу дывізіі. Таму м-р М.У. Сідарэц звязаўся па радыёстанцыі з камандзірам дывізіі г.-м. А.І.Сліцам. Выслухаўшы справаздачу, камандзір дывізіі загадаў палку ўтрымліваць занятыя пазіцыі350. Між тым нямецкі штурм працягваўся. Адзін з нямецкіх сапёраў, атакаваўшых форт №1, узгадваў: “Мы прабіваемся далей да бункераў. Аднак загараджальны агонь настолькі моцны, што мы вымушаны адысці назад. Атака павінна быць паўторана ў цемры...”351
Абаронцы форта практычна нічога не змаглі зрабіць з наступаючай нямецкай бранятэхнікай, паколькі мелі толькі некалькі 45-мм гармат. Праўда, ёсць інфармацыя, што акрамя 2 падбітых штурмавых гармат, у другой палове дня абаронцы падбілі яшчэ адзін танк. Так, Д. Гаўрылін пісаў, што с-на Булгач ва ўпор падбіў “Пантэру”352. Хутчэй за ўсё гэта быў не танк T-V “Пантэра”, a T-IV, таму што батальён “Пантэр” 3-й тд СС увогуле не ўдзельнічаў у баях на захадзе ад Гродна. Супраць САУ StuG-40, што былі на ўзбраенні 3-й тд СС (верагодна, менавіта іх у айчыннай літаратуры, прысвечанай баям на захадзе Гродна, ветэраны называюць “Фердынандамі”), савецкія 45-мм пушкі і супрацьтанкавыя ружжы былі мала прыдатныя. Штурмавыя гарматы StuG-40, што падышлі практычна ўсутыч (да 300 метраў) да ўмацаванняў форта, толькі ледзь ад’ехалі пасля стральбы па іх з супрацьтанкавых ружжаў. Пасля гэтага самаходкі працягвалі абстрэл савецкіх салдат, якія абараняліся ў развалінах.
Удала дзейнічалі станкавыя кулямёты з узвода ст. л-та У. Сітнікава. Яны адсеклі нямецкую пяхоту ад танкаў. Абаронцы форта распачалі контратаку, уварваліся на камандны пункт 1-га ўзвода 16-й сапёрнай роты СС і знішчылі яго. Вечарам 2 атакуючыя батальёны групы “Кюн” змяніў 1-шы батальён 34-га палсп, які працягваў блакаду форта. Нямецкая баявая група ў гэты час працягвала наступленне
ў паўночным накірунку. Сярод акружаных было шмат раненых. Былі ранены камандзіры батальёнаў 455-га палка к-ны М.І. Капанёў і С.А. Бяляеў, намеснік камандзіра 2-га батальёна к-н М.І. Асебешвілі, камандзіры рот ст. л-ты А.Г. Капусцін і А.А. Шуціхін, л-ты Х.С. Хабаеў і інш353. У 5-й і 6-й ротах не засталося салдат і на поўны ўзвод. Вялікія страты панесла мінаметная рота палка. Акрамя таго было забіта 7 афіцэраў палка, у тым ліку камандзір роты ст.л-т І.В. Ніканаў, камандзір мінамётнай роты ст.л-т П.М. Верзанаў354.
На працягу баёў м-р М.У. Сідарэц некалькі разоў адпраўляў параненых да ракі невялікімі групкамі. Такім чынам, з акружэння выйшла да 60 чалавек. Як бачна, поўнага акружэння форта не было. Савецкія падраздзяленні маглі адступіць да Нёмана ў першай палове дня. Аднак камандванне 42-й дывізіі спадзявалася працягваць наступленне, таму забараняла адыход да ракі 455-му палку.
Падчас аднаго са штурмаў форта, калі немцы ўжо ўскараскаліся на разваліны форта, м-р М.У. Сідарэц выклікаў па радыё агонь сваёй артылерыі з іншага берага Нёмана на сябе. Рашэнне адкрыць агонь па сваіх жа салдатах, што абараня ліся на форце № 1, аддаў сам камандуючы 50-й арміяй г.-п. І.В. Болдзін, які трымаў сітуацыю з 42-й дывізіяй на асабістым кантролі. Агонь савецкай артылерыі быў выніковым немцы былі вымушаны адысці з пазіцыі.
Увечары на імправізаваным савеце камандзіраў 455-га палка было прынята рашэнне адступіць ноччу з форта і прабірацца да ракі, ў раён в. Шэмбелеўцы, дзе знаходзіўся плацдарм 42-й дывізіі. У ноч на 19 ліпеня калона ацалелых байцоў ціха выйшла з развалін умацаванняў і падышла да ракі. Аднак уначы часткі 455-га палка абмінулі свой плацдарм. Прыкрывала калону рота л-та М.Г. Падгурскага. Каля ракі Нёман салдат заўважылі немцы, пачаўся начны бой. Асноўная частка калоны, падтрыманая з ўсходняга берага ракі сваёй артылерыяй, усё ж здолела пераправіцца. Толькі роце л-та Мікалая Генрыхавіча Падгурскага не ўдалося фарсіраваць раку. Збіўшыся з накірунку, яны выйшлі да Нёмана не ў тым месцы. Каб не быць заўважанымі і знішчанымі на адкрытай прасторы, было прынята рашэнне вярнуцца ў форт. Наперадзе ў іх быў яшчэ дзень баёў. У час начнога бою у палон трапіў л-т Філіпаў. Немцы прывезлі яго ў в. Загараны, дзе пасля допыту расстралялі355.