Нёманскі фронт 15-25 ліпеня 1944 года. Баі за Гродна: аналіз падзей, данясенні, успаміны, статыстыка Дзмітрый Люцік

Нёманскі фронт

15-25 ліпеня 1944 года. Баі за Гродна: аналіз падзей, данясенні, успаміны, статыстыка
Дзмітрый Люцік
Памер: 331с.
Гародня 2012
98.76 МБ
Група армій “Цэнтр”
Нямецкія сілы, якія абараняліся ў Беларусі, былі зведзены ў групу армій “Цэнтр” (ням. “Heeresgruppe Mitte”). Абарона нямецкай групы армій абапіралася на буйныя ўмацаваныя гарады ўсходняй Беларусі: Віцебск, Оршу, Магілёў і Бабруйск. Працягласць пазіцый групы армій дасягала 950-1100 км. Большасць сіл нямецкай групы “Цэнтр” размяшчалася ў тактычнай зоне. Рэзервы ў тыле нямецкіх армій былі вельмі слабымі. Таму савецкае камандаванне лічыла неабходным прыкласці ўсе намаганні на прарыў нямецкай абароны і выхад на аператыўную прастору.
Для ўмацавання фронту ў Беларусі яшчэ ў 1943 г. нямецкім камандаваннем было санкцыянавана будаўніцтва ўмацаванай лініі. Яна атрымала назву “Пантэра”. Гэта была частка Усходняга вала абарончай лініі, якая працягнулася ад Балтыйскага да Азоўскага мора. Так на працягу прыкладна 1 года ўздоўж лініі “Пантэра” было ўзведзена да 5-6 тыс. бункераў. Праўда, большасць з іх была разлічана на 2-3 чалавек7. Такім чынам, бункераў хапала толькі на 2 паўнакроўныя дывізіі. Гэтага было вельмі мала. Акрамя таго, было запланавана ўзвядзенне ўмацаванай лініі “Мядзведзь”, якая павінна была праходзіць уздоўж р. Днепр. Аднак яе будаўніцтва знаходзілася толькі на пачатковым этапе.
Сілы групы армій “Цэнтр” складаліся з 3-й танкавай арміі, 4-й, 9-й, 2-й палявых армій. Узначальваў групу армій фельдмаршал Эрнст Буш. Лінію фронту займалі 49 нямецкіх дывізій і 3 брыгады8. Паводле дадзеных савецкай літаратуры, у складзе сіл групы было 1200 тыс. салдат і афіцэраў, 9,5 тыс. гармат і мінамётаў, 900 танкаў і САУ Паветранае прыкрыццё здзяйсняла авіяцыя 6-га Паветранага флоту (1300-1400 самалётаў)9. Аднак гэтыя дадзеныя не зусім дакладныя. Звесткі з еўрапейскіх крыніц прыводзяць колькасны склад групы ў 800 тыс. чалавек і 1555 самалётаў10.
Прааналізуем колькасць бранятэхнікі, якая знаходзілася на ўзбраенні групы армій “Цэнтр” перад пачаткам аперацыі “Баграціён”. Колькасць бранятэхнікі ў складзе нямецкай групы армій была меншай за названую лічбу ў 900 адзінак. У складзе нямецкіх сіл знаходзілася 9 брыгад штурмавых гармат, кожная з якіх, паводле штату, складалася з 31 самаходкі. На жаль, аўтар не валодае дакладнымі дадзенымі па колькасці штурмавых гармат у гэтых брыгадах. Калі меркаваць, што ўсе яны былі ўкамплектаваны (што, праўда, малаверагодна), колькасць САУ групы “Цэнтр” была роўнай 279. Акрамя гэтага, немцы мелі ў сваім распараджэнні толькі адну танкавую дывізію, а менавіта 20-ю. На яе ўзбраенні было толькі 49 спраўных сярэдніх танкаў T-IV (агулам у дывізіі іх было 56). Да 30 чэрвеня дывізія атрымала яшчэ 27 танкаў11. Матарызаваная дывізія “Feldherrnhalle” мела 8 непашкоджаных танкаў T-IV. Яшчэ 9 знаходзілася ў рамонце. У чэрвені дывізія была папоўнена 25 танкамі. Акрамя гэтага, у складзе групы армій “Цэнтр” знаходзіўся 501-ы цяжкі танкавы батальён. Ён меў на ўзбраенні 20 цяжкіх танкаў Т-VI “Tiger” 12. Таксама ў складзе нямецкіх пяхотных дывізій былі асобныя батальёны штурмавых гармат. Колькасць САУ ў іх была меншай за штатную, аднак агульная колькасць штурмавых гармат у пяхотных дывізіях групы “Цэнтр” дасягала 452 штук. Такім чынам, агульная колькасць штурмавых гармат на момант пачатку аперацыі “Баграціён” была роўнай 731 штуцы. Колькасць танкаў, паводле інфармацыі аўтара, вагалася ў межах 100-120 штук. Агульная колькасць адзінак бранятэхнікі дасягала такім чынам 800. У ходзе аперацыі ў групу армій перакідваліся падмацаванні, у тым ліку і бранятанкавыя: 2 танкавыя дывізіі і 2 батальёны цяжкіх танкаў. Акрамя гэтага, папаўняліся і падраздзяленні, якія вялі баявыя дзеянні. Аднак вызначэнне дакладнай колькасці бранятэхнікі падчас правядзення аперацыі “Баграціён” дастаткова складаная задача, якая патрабуе асобнага даследавання.
Наконт нямецкай авіяцыі варта адзначыць, што 31 мая 1944 г. у складзе 6-га Паветранага флоту знаходзілася 729 прыдатных да палётаў самалётаў. 3 іх знішчальнікаў 104: 84 Me-109 і 30 нач-
ных Ju-88. Яшчэ 51 знішчальнік FW-190 выкарыстоўваліся ў якасці штурмавікоў13. Такім чынам, савецкія дадзеныя па колькасці нямецкай авіяцыі завышаны ў 2 разы. Адзін з удзельнікаў баёў і аўтар адной з фундаментальных прац па гісторыі Другой сусветнай вайны г.-і. К. фон Ціпельскірх адзначаў, што 22 ліпеня ў флоце засталося толькі 40 знішчальнікаў якія былі спраўнымі і маглі падняцца ў паветра.
Цяпер прааналізуем склад групы армій “Цэнтр”. 3-я танкавая армія абараняла раён горада Віцебска. Яна складалася з трох пяхотных карпусоў ў складзе: 252-й, 246-й, 206-й, 197-й, 299-й, 256й, 95-й пяхотнай, 201-й ахоўнай, 4-й і 6-й авіяпалявых дывізій і тактычнай групы “D”. Цікава, што ў склад танкавай арміі не ўваходзіла ні адна танкавая дывізія (!). Таму назва арміі “танкавая” існавала толькі на паперы. 3 механізаваных сіл арміі можна назваць толькі 245-ю і 281-ю брыгады штурмавых гармат14.
4-я армія абараняла цэнтральны накірунак будучага савецкага наступлення. У цэнтры яе абароны знаходзіўся горад Магілёў. Армейскія злучэнні ўтрымлівалі вялікі плацдарм на ўсходнім беразе ракі Днепр. Узначальваў армію г.-і. К. фон Ціпельскірх. У склад арміі ўваходзілі 260-я, 110-я, 337-я, 12-я, 31-я, 267-я, 57-я пяхотныя, 78-я штурмавая, 18-я і 25-я матарызаваныя, 286-я ахоўная дывізіі. Армія была ўзмоцнена 667-й, 185-й і 190-й брыгадамі штурмавых гармат, а таксама 501-ым цяжкім танкавым батальёнам.
Сілы 9-й нямецкай арміі ўтрымлівалі раён горада Бабруйска15. Асноўны накірунак атакі горада Бабруйска з савецкага плацдарма на поўнач ад горада Рагачова быў умацаваны нямецкімі войскамі. На поўдзень пачыналіся вялікія балоты. Магчымасць атакі праз іх буйнымі сіламі немцы не разглядалі. Армія складалася з 134-й, 296й, 6-й, 383-й, 45-й, 36-й, 35-й, 129-й, 292-й і 102-й пяхотных дывізій і была ўзмоцнена 244-й брыгадай штурмавых гармат.
2-я армія займала пазіцыі па рацэ Прыпяць аж да горада Ковеля. Армія складася з 203-й ахоўнай, 7-й і 211 -й пяхотных, 5-й стралковай і 12-й, 5-й, 23-й рэзервовых венгерскіх дывізій, 1-й кавалерыйскай венгерскай дывізіі, 17-й брыгады, 3-й і 4-й кавалерыйскіх брыгад, тактычнай групы “Е”. Армія ўзмацнялася 237-й і 904-й брыгадамі штурмавых гармат.
У рэзерве групы “Цэнтр” знаходзіліся 20-я танкавая, 60-я матарызаваная “Feldherrnhalle”16, 14-я, 707-я пяхотныя, 52я, 221-я, 391-я ахоўныя і 390-я паліцэйская дывізіі, 177-я брыгада штурмавых гармат17.
Такім чынам, найбольш слабымі сіламі нямецкай групы былі 3-я танкавая і 2-я арміі. У многіх месцах абарона была занята авіяпалявымі ці ахоўнымі дывізіямі, якія па сіле ў некалькі разоў
саступалі пяхотным дывізіям. Група армій “Цэнтр” мела вельмі слабыя танкавыя сілы. Група распараджалася толькі 20-й танкавай дывізіяй, што была ў рэзерве ў раёне на захад ад Бабруйска. 15 чэрвеня 1944 года, г. зн. за тыдзень да савецкага наступлення, 5-я танкавая дывізія была перададзена з групы “Цэнтр” ў групу армій “Паўночная Украіна”. Мала было і матарызаваных дывізій толькі 3.
Сілы Чырвонай арміі
Да 14 мая 1944 года савецкі Генеральны штаб пад кіраўніцтвам генерала А.І. Антонава скончыў распрацоўку планаў наступлення ўБеларусі. НазвуаперацыіпрапанаваўВярхоўны Галоўнакамандуючы І.В. Сталін. Генерал С.М. Шцеменка ўзгадваў: “Паводле першапачатковага варыянта плана “Баграціён”, мэта аперацыі заключалася ў тым, каб ліквідаваць выступ варожай абароны ў раёне Віцебска, Бабруйска, Мінска і выйсці на рубеж Дзісны, Маладзечна, Стоўбцаў, Старобіна. Задумай прадугледжваўся разгром флангавых груповак праціўніка, ахоп флангаў і прарыў цэнтра яго пазіцый з наступным развіццём поспеху па накірунках на Мінск. Усе сілы чатырох нашых франтоў трох Беларускіх і 1-га Прыбалтыйскага нацэльваліся на групу армій “Цэнтр”. Забеспячэнне аперацыі з поўначы і паўночнага захаду здзяйснялася нязначнай часткай войскаў” 18. Такім чынам, галоўнай задачай аперацыі быў прарыў фронту групы армій “Цэнтр” і акружэнне часткі яе сіл ва Усходняй Беларусі. Глыбіня правядзення аперацыі дасягала 70-160 км не далей за горад Мінск. Сілы групы армій “Цэнтр” ацэньваліся ў 42 дывізіі. Савецкія сілы павінны былі налічваць 77 стралковых дывізій, 3 танкавыя карпусы, 1 механізаваны, 1 кавалерыйскі, 6 дывізій ствольнай артылерыі і 3 дывізіі Гвардзейскіх мінамётаў19. Займальна таксама і тое, што ў перыяд планавання не прадугледжвалася акружэнне вялікіх сіл праціўніка. Сам тэрмін “акружэнне” ўжываўся толькі для віцебскай групоўкі немцаў, дзе выгін лініі фронту спрыяў гэтаму. У адносінах да астатніх накірункаў наступлення меркавалася прарываць фронт і змушаць да адступлення нямецкія войскі. Пасля правядзення Сталінградскай аперацыі ў савецкім Генеральным штабе лічылася, што акружэнне значных нямецкіх сіл патрабуе вялікага часу і сродкаў і не заўжды апраўдана.
У хуткім часе аказалася, што першапачатковая ацэнка нямецкіх сіл у Беларусі была некалькі заніжана Генеральным штабам. Да таго ж, савецкія войскі, рыхтуючыся да наступлення, яшчэ не мелі дастатковай колькасці рухомых бранятанкавых сродкаў. Гэта зніжала моц і хуткасць плануемага наступлення. У выніку далейшага абмеркавання ў Стаўцы, а таксама з камандучымі франтоў планы былі адкарэк-
таваны20. 30 мая 1944 года план аперацыі “Баграціён” зацвердзілі ў Стаўцы. Мэтай аперацыі было ”... акружыць і знішчыць у раёне Мінска буйныя сілы групы армій “Цэнтр” 21. Меркавалася, што гэта будуць сілы 4-й нямецкай арміі. Папярэднічаць гэтаму акружэнню павінен быў разгром нямецкіх армій у раёне гарадоў Віцебска, Магілёва і Бабруйска. Акрамя гэтага, была зменена задача для 1-га Прыбалтыйскага фронту: ён павінен быў засцерагчы ад небяспекі групоўку 1-га, 2-га і 3-га Беларускіх франтоў ад магчымага ўдару з поўначы.
2-і Беларускі фронт павінен быў скаваць масу сіл групы армій “Цэнтр”. Яму не былі дадзены буйныя танкавыя сілы. Аднак для рашэння аператыўных задач у складзе частак фронту была створана рухомая група пад камандаваннем намесніка камандуючага 49-й арміі генерала А.А. Цюрына. У склад групы ўваходзілі дзве танкавыя брыгады, адна знішчальна-супрацьтанкавая артылерыйская брыгада і невялікія спецыяльныя падраздзяленні. Мэтай фронту была атака горада Магілёва з наступным выхадам у накірунку Стоўбцаў, Навагрудка, Ваўкавыска.