Нёманскі фронт 15-25 ліпеня 1944 года. Баі за Гродна: аналіз падзей, данясенні, успаміны, статыстыка Дзмітрый Люцік

Нёманскі фронт

15-25 ліпеня 1944 года. Баі за Гродна: аналіз падзей, данясенні, успаміны, статыстыка
Дзмітрый Люцік
Памер: 331с.
Гародня 2012
98.76 МБ
Аднак нямецкая абарона не была прарвана на працягу дня. Гэтыя няўдачы прывялі да таго, што 5-ю Гв. танкавую армію па рашэнні камандуючага фронтам прыйшлося ўводзіць у бой на поўначы, на ўчастку прарыву 5-й агульнавайсковай арміі35. Камандуючы 5-й Гв. танкавай арміяй генерал П.А. Ротмістраў пазней пісаў: “Выконваць манёўр уздоўж фронту не ўяўлялася магчымым з-за адсутнасці дарог і вялікай колькасці балот. Таму 5-ю Гвардзейскую танкавую армію прыйшлося вяртаць назад у зыходнае становішча, а потым перагрупоўваць у паласу дзеянняў 5-й арміі. У выніку 5-я Гвардзейская танкавая армія страціла больш за суткі часу і ўвайшла ў прарыў толькі на трэці дзень, зрасходаваўшы дарма шмат паліва і рэсурсаў. Праціўнік за гэты час паспеў падцягнуць з рэзерва танкавую дывізію. Яна заняла праходы праз лясіста-балоцістую мясцовасць, чым ускладніла баявыя дзеянні 5-й Гвардзейскай танкавай арміі”36.
26 чэрвеня танкавая армія была ўведзена ў прарыў. Дарэчы, гэта рашэнне нарадзіла канфлікт паміж камандуючым танкавай арміяй генералам П.А. Ротмістравым і камандуючым фронтам І.Д. Чарняхоўскім. Генерал П.А. Ротмістраў лічыў памылковым змяненне планаў і ўвод арміі ў непадрыхтаваным напрамку. У той жа дзень
11-я армія здолела, нарэшце, прарваць нямецкую абарону і прасунуцца на 20-22 км. У прарыў увайшлі танкавыя брыгады 2-га Гв. танкавага корпуса. 26 чэрвеня сілы корпуса абышлі горад Оршу. Перад савецкімі танкамі корпуса, па ўспамінах камандзіра ген. А. Бурдзейнага, адкрывалася магчымасць наступлення ў глыбокі тыл нямецкіх войскаў. Аднак камандаванне 3-га Беларускага фронту накіравала танкі корпуса на ліквідацыю нямецкіх акружаных сіл, якія апынуліся ў катле ў раёне горада37. Толькі праз суткі савецкія танкі вызваліліся для працягу далейшага наступлення.
25 чэрвеня савецкімі войскамі быў акружаны горад Віцебск. Ужо на наступны дзень горад быў вызвалены. У раёне Віцебска ў акружэнне трапіла некалькі нямецкіх дывізій: 252-я, 206-я пяхотныя, 4-я і 6-я авіяпалявыя, часці 197-й, 95-й, 246-й пяхотных дывізій. “Віцебскі кацёл” быў ліквідаваны да 28 чэрвеня. У палон было ўзята каля 10 тысяч чалавек. Яшчэ каля 20 тысяч былі забіты38. Толькі 200 чалавек (!) з усяго ЫІІ-га нямецкага армейскага корпуса здолелі прарвацца да сваіх. 27 чэрвеня быў вызвалены горад Орша. 28 чэрвеня савецкія войскі ачысцілі ад немцаў горад Лепель.
Паспяхова пачалося наступленне 49-й арміі 2-га Беларускага фронту. Ужо 23 чэрвеня савецкія войскі значна ўклініліся ў абарону нямецкай 4-й арміі. Камандаванне нямецкай арміі запытала штаб групы “Цэнтр” аб адступленні да ракі Днепр, аднак атрымала адмову. 25 чэрвеня цэнтр 4-й нямецкай арміі быў прарваны. Увечары таго ж дня камандуючы арміяй г.-і. К. фон Ціпельскірх загадаў падраздзяленням арміі адступаць да ракі Днепр. Рака Днепр была фарсіравана савецкімі часцямі ўжо 26 чэрвеня і на супрацьлеглым беразе былі захоплены плацдармы. Ужо ўвечары 27 чэрвеня злучэнні 49-й і 50-й савецкіх армій акружылі горад Магілёў. У горадзе трапілі ў акружэнне часці 12-й нямецкай пяхотнай дывізіі. У выніку баёў, 28 чэрвеня, Магілёў быў вызвалены савецкімі войскамі. У палон трапіў штаб 12-й пяхотнай дывізіі на чале з камандзірам дывізіі генералам Бамплерам39.
Наступленне войскаў 1-га Беларускага фронту пачалося на дзень пазней 24 чэрвеня. Артылерыйская падрыхтоўка працягвалася 1,5 гадзіны. Шчыльнасць канцэнтравання гармат і мінамётаў на 1 км фронту дасягала 207 адзінак40. Ужо праз 3 гадзіны баёў падраздзеленні паўднёвай ударнай групоўкі дасягнулі поспеху. Войскі 65-й савецкай арміі прарвалі нямецкую абарону. У прарыў былі ўведзены 1-шы Данскі танкавы корпус, a 25 чэрвеня і конна-механізаваная група генерала І.А. Пліева. У гэты крытычны для нямецкай абароны момант камандаваннем групы армій “Цэнтр” быў зняты з пасады камандуючага 9-й арміяй генерал Г. Іярдан. У якасці прычыны называлася недастаткова хуткае выкарыстанне рэзерваў на ўчастку арміі41.
Паўночная савецкая групоўка сутыкнулася з моцным нямецкім супраціўленнем. 3-я і 48-я арміі фронта практычна не прасунуліся наперад. Па словах маршала Г.К. Жукава, адрэзак наступлення быў кепска разведаны і нямецкая абарона аказалася мацнейшай за мяркуемую. Маршал прызнаваў: “У выніку гэтай памылкі 3-й і 48-й арміям быў дадзены завышаны ўчастак прарыву. Да таго ж арміі не мелі дастатковых сродкаў для забеспячэння прарыву. Я, як прадстаўнік Стаўкі, своечасова не выправіў камандванне фронтам”42. 25 і 26 чэрвеня на адрэзку паўночнай групоўкі ў бой быў уведзены 9-ты танкавы корпус, хоць прарыў нямецкай абароны так і не атрымаўся43. За два дні баёў сілы 3-й арміі і 9-га танкавага корпуса прасунуліся наперад толькі на 8 км.
27 чэрвеня войскі 65-й арміі, 1-га танкавага корпуса і 48-й арміі замкнулі кола вакол горада Бабруйска. 15-я Гвардзейская танкавая брыгада 27 чэрвеня, у другой палове дня, атакавала горад. He маючы прыкрыцця пяхоты і артылерыі, брыгада страціла ў баях за горад 27 танкаў Т-34-85 з наяўных 65 адзінак паводле штату44. У той жа дзень перадавыя атрады 18-га корпуса 65-й арміі вызвалілі буйную чыгуначную станцыю Асіповічы.
У акружэнні ў раёне горада Бабруйска аказаліся сілы 6 нямецкіх дывізій, колькасцю каля 40 тыс. чалавек. Яны ўваходзілі ў склад XXXV-ra армейскага корпуса пад камандаваннем барона генерала К. фон Лютцава і XLI-ra танкавага корпуса генерала Э. Гофмейсцера45. Абарону горада Бабруйска ўзначаліў камендант г.-м. А. Гаман. Немцы ўтрымлівалі горад да 29 чэрвеня. Паводле савецкіх дадзеных, у палон у горадзе трапіла 6-10 тыс. чалавек, яшчэ ад 10 да 17 тыс. былі забіты. Акрамя гэтага, былі захоплены 432 гарматы, 250 мінамётаў, 60 танкаў, больш за 500 машын46. Агулам у “Бабруйскім катле” былі ўзяты ў палон 23 680 чалавек. Былі захоплены 366 танкаў і САУ, больш за 5 тыс. гармат і мінамётаў, больш за 16 тыс. машын, забітыя 50 тыс. чалавек. Ліквідацыя “Бабруйскага катла” патрабавала прыцягнення вялікіх сіл: 65-й і 48-й армій, а таксама 1-га танкавага корпуса. Аднак менавіта на працягу гэтых баёў былі разбіты галоўныя сілы 9-й нямецкай арміі. Толькі невялікай колькасці акружаных нямецкіх войскаў пашчасціла вырвацца з катла. Нямецкая авіяцыя скінула акружаным падраздзяленням баепрыпасы і паліва. Дзякуючы гэтаму, прарвацца здолелі рэшткі 20-й танкавай дывізіі. Менавіта яны прарвалі савецкае кола акружэння. Паводле інфармацыі г.-і. К. фон Ціпельскірха, са складу арміі засталося толькі каля 15 тыс. чалавек47. Па іншай інфармацыі ў 9-й арміі засталося толькі каля 30 тыс. чалавек. Ліквідацыя “Барбуйскага катла” была бліскучым поспехам наступлення 1-га Беларускага фронту48.
28 чэрвеня, па загаду А. Гітлера, фельдмаршал Э. Буш быў заменены на пасадзе камандуючага армій “Цэнтр” фельдмаршалам В. Модэлем. Сумяшчаючы камандаванне групай армій “Паўночная Украіна”, новы камандуючы фронтам неадкладна загадаў перакінуць у Беларусь танкавыя дывізіі з поўдня. Акрамя гэтага, ён настойваў на адводзе групы армій “Поўнач” для скарачэння лініі фронту. А.Гітлер адхіліў гэту прапанову.
Камандаванне групы армій “Цэнтр” імкнулася арганізаваць абарону па рацэ Бярэзіна. Дарэчы, рыхтаваць пазіцыі на рацэ Бярэзіна немцы пачалі загадзя, нават без згоды фюрэра49. Да групы армій падыходзілі рэзервы: 12-я, 4-я і 5-я танкавыя дывізіі, 505-ты і 507-мы цяжкія танкавыя батальёны (на ўзбраенні цяжкія танкі T-VI “Tiger”). 5-я танкавая дывізія была ўведзена ў бой супраць наступаючых сіл 3-га Беларускага фронту. 12-я і 4-я танкавыя дывізіі былі кінуты супраць 1-га Беларускага фронту. Контратакі сіламі пералічаных танкавых дывізій былі вельмі моцнымі. Яны нанеслі вялікі ўрон наступаючым савецкім танкавым злучэнням. Коратка ахарэктарызуем іх.
5-я нямецкая танкавая дывізія павінна была закрыць прарыў паміж 3-й танкавай і 4-й арміямі па рацэ Бярэзіна. Да ракі адступалі часці 4-й нямецкай арміі. У выніку савецкіх прарываў у раёне гарадоў Орша, Магілёў і Бабруйск для адступлення 4-й арміі засталася толькі адна дарога: Магілёў Бярэзіна Мінск. Гэту дарогу пастаянна бамбіла савецкая авіяцыя, замаруджваючы адступленне немцаў. Мост праз раку Бярэзіна пастаянна разбураўся. Пры паспяховым і хуткім адступленні нямецкіх сіл на заходні бераг ракі лінія фронту магла быць узноўлена. Аднак 3-ці Гв. кавалерыйскі корпус Гвардыі генерала М.С.Аслікоўскага фарсіраваў раку Бярэзіна на поўнач ад Барысава і захапіў плацдарм, апярэдзіўшы немцаў.
Паміж рэкамі Бобр і Бярэзіна немцы арганізавалі контрудар сіламі 5-й танкавай і 286-й ахоўнай дывізій. Для ўзмацнення танкавай дывізіі немцы далучылі да яе сіл 505-ты цяжкі танкавы батальён. Батальён налічваў у сваім складзе 51 цяжкі танк T-VI “Tiger”50. Танкавая група мусіла абараняць мост праз раку Бярэзіна каля горада Барысава. Цяжкія танкі “Tiger” былі вельмі моцным праціўнікам і маглі затрымаць савецкія войскі, перавышаючыя іх па колькасці ў некалькі разоў.
У першым жа баі 27 чэрвеня каля населенага пункта Крупкі (каля ракі Бобр на шашы Орша Мінск ) 1-я рота 505-га танкавага батальёна знішчыла 16 савецкіх танкаў без уласных стратаў. 28 чэрвеня савецкія атакі ў раёне пункта Крупкі працягваліся. У іх удзельнічала 70 савецкіх танкаў. Аднак абарону нямецкага танкавага батальёна прарваць не ўдалося. У гэтым баі група танкаў “Tiger” знішчыла 34 савецкія танкі51. 505-ты батальён згубіў 6 танкаў T-VI52.
Гэтыя атакі крыху затрымалі прасоўванне сіл 5-й Гв. танкавай арміі. Да 28 чэрвеня баі вяліся ў раёне Крупкі Барысаў. У гэты час да месца баёў падышлі танкі 5-й тд (78 T-IV і 79 T-V), якія ўзмацнілі абарону 286-й ахоўнай дывізіі і 505-га батальёна (група г.-л. фон Альтрока). Вялікія страты ў гэтых баях панёс савецкі 29-ты танкавы корпус. Аднак прарывы нямецкай абароны на поўначы і пагроза выхада савецкіх часцей да Барысава прымусілі немцаў адступаць. Пасля адводу сіл 5-й нямецкай танкавай дывізіі з Барысава была вымушана адступіць і паліцэйская група К. фон Готберга, якая абаранялася тут жа. На працягу баёў 27-30 чэрвеня батальён цяжкіх танкаў “Tiger” знішчыў каля 70 савецкіх танкаў, страціўшы пры гэтым толькі 9 сваіх53. Усяго за два тыдні баёў нямецкі батальён цяжкіх танкаў знішчыў 128 савецкіх танкаў і САУ.
1	ліпеня ў горад Барысаў уварваліся сілы 5-й Гв. танкавай і 31-й савецкіх армій. На працягу наступных дзён цяжкія баі ішлі ў раёне горада Лагойска, дзе абаранялася нямецкая 5-я танкавая дывізія з падраздзяленнямі ўзмацнення. У прыватнасці тут таксама дзейнічаў 505-ты цяжкі танкавы батальён54. На працягу папярэдніх баёў сіламі 5-й тд пры падтрымцы танкаў “Tiger” было знішчана 295 (!) адзінак савецкай бранятэхнікі55. Падраздзяленні 5-й Гв. танкавай арміі тым не менш рухаліся наперад. Разам з тым камандаванне 3-га Беларускага фронту было занепакоена вельмі марудным прасоўваннем арміі. Яе аперажалі нават пяхотныя падраздзяленні. Камандуючаму арміяй генералу П.А. Ротмістраву была зроблена заўвага. Для расследавання маруднага наступлення была створана спецыяльная камісія з прадстаўнікоў Стаўкі.