Нёманскі фронт 15-25 ліпеня 1944 года. Баі за Гродна: аналіз падзей, данясенні, успаміны, статыстыка Дзмітрый Люцік

Нёманскі фронт

15-25 ліпеня 1944 года. Баі за Гродна: аналіз падзей, данясенні, успаміны, статыстыка
Дзмітрый Люцік
Памер: 331с.
Гародня 2012
98.76 МБ
Нажаль, такі стан рэчаў не быў выключэннем і для 50-й арміі. Яшчэ 14 ліпеня 1944 года г.-л. І.В. Болдзін, заклапочаны тым, што войскі рухаюцца наперад практычна ўсляпую, не ведаюць нямецкія сілы, выдаў загад наступнага зместу:
1.	Неадкладна актывізаваць усе віды разведкі частак і злучэнняў.
2.	Кожнай сд першай лініі ставіць наперад сябе на галоўным накірунку разведатрад у складзе 35-40 разведчыкаў з 2 гарматамі ПТО, групай сапёраў і хімікаў.
3.	Атрадам дзейнічаць на аддаленасці 10-12 км ад галоўных сіл, маю-
чы задачу: смела пранікаць на шляхі адыходу праціўніка, граміць штабы, захопліваць палонных і дакументы, выяўляць наяўнасць гатовых рубяжоў абароны, склад сіл, намеры праціўніка і галоўны накірунак адыходу.
4.	Кожнаму сп мець не менш за 2 пастаянна дзеючыя разведгрупы па 12-14 чалавек, якія выкарыстоўваліся наперадзе і на флангах на дыстанцыі 4-6 км.
5.	Камандзірам сд і сп асабіста ставіць задачы разведатрадам і разведгрупам і кантраляваць іх выкананне”576.
На жаль, і пасля гэтага загаду дзейнасць разведкі не заўсёды знаходзілася на належным узроўні. Успомніць хаця б наступленне 42-й Смаленскай ці 95-й сд на плацдарме, калі з’яўленне нямецкіх танкаў стала поўнай нечаканасцю для савецкіх салдат.
Сувязь у войсках, паміж штабамі і падраздзяленнямі таксама пакідала жадаць лепшага. Калі ж савецкія падраздзяленні 2-га БФ трапілі ў акружэнне, то сувязь з імі наогул была страчана. 3 акружанымі падраздзяленнямі 3-га Гв. кк і 153-й сд сувязь падтрымлівалася пры дапамозе авіяцыі. Так, камандзір палка 153й дывізіі м-р Ф.С. Фядотаў узгадваў: “3 другой паловы дня 18 ліпеня сталі з’яўляцца нашы самалёты. Звёны знішчальнікаў праносіліся над размяшчэннем дывізіі і корпуса Гв. г.-л. М.С. Аслікоўскага, скідвалі вымпелы з загадамі камандавання арміі і фронту, агнём пушак і кулямётаў рассейвалі сканцэнтраванні гітлераўцаў”. Акрамя таго, з кавалерыйскага корпуса пасылаліся і сувязныя. Падтрымлівала сувязь і карпусная эскадрылля. Аднак усе гэтыя дзеянні не забяспечвалі войскі надзейнай і трывалай сувяззю.
Паўстае пытанне чаму ж нельга было падтрымліваць сувязь па радыё? Адказ вельмі просты арганізацыя перамоваў знаходзілася ў катастрафічным стане! У падцверджанне гэтага прывядзем цікавы дакумент “Баявое распараджэнне камандуючага войскамі 2-га Беларускага фронту № 0037/оп аб недаліках у працы штабоў і мерапрыемствах па іх ліквідацыі (25.7.44г.)”. У прыватнасці ў ім адзначалася: “Радыёсувязь штабы выкарыстоўваюць незадавальняюча. Данясенні па радыё прадстаўляюцца з лішнімі падрабязнасцямі. Камандзіры ўсіх ступеняў радыёстанцый пры сабе не трымаюць. Дапускаюцца перамовы па радыё адкрытым тэкстам (штабы 49-й і 50-й армій). Пытаннямі скрытага кіравання войскамі штабы займаюцца дрэнна, выкарыстоўваюць прымітыўнымі перамоўнымі табліцамі, прымітыўнай кадзіроўкай, што вядзе да перахопу праціўнікам аператыўных распараджэнняу’577. У барацьбе з лепшымі нямецкімі падраздзяленнямі такая пастаноўка працы у штабах 50-й арміі была проста недапушчальнай. Як бачна з прыведзеных вы-
шэй вытрымак кіраванне войскамі па радыёсувязі ў 50-й арміі было пастаўлена вельмі дрэнна. Як вынік войскі арміі штораз аказваліся кінутымі самі па сабе, а памылкі і недахопы штабоў выпраўляліся за кошт крыві байцоў. У той жа час г.-п. Г.Ф. Захараў адзначаў добрую працу штаба 3-га Гв. кк, які знаходзіўся пад час баёў на плацдарме ў больш цяжкім становішчы. Акрамя гэтага батарэі для радыёстанцый 50-й арміі не былі наладаваны сілкавання для іх ужо 15 ліпеня было толькі на 3-4 дні! Таму работа радыястанцый 50-й арміі была строга абмежавана578. Як мог дапусціць да такога становішча штаб і камандванне арміі не зразумела.
Наогул дзейнасць штаба 50-й арміі і падначаленых карпусоў не была належным чынам арганізавана. Падцверджаннем гэтага з’яўляецца тое ж “Баявое распараджэнне камандуючага войскамі 2-га Беларускага фронту № 0037/оп (25.7.44г.)” дзе ў прыватнасці адзначалася незадавальняючая праца штабоў 50-й арміі і 69-га ск. Так у баявым распараджэнні падкрэслівавалася неаднаразовая страта штабамі арміі кіравання сваімі войскамі. Прывядзем адзін з эпізодаў працы 69га ск, апісаны ў гэтым дакуманце: “Праца штаба 69-га ск пры прарыве абарончай паласы па р. Нёман на поўнач ад Гродна была арганізавана дрэнна. Разлікі па арганізацыі ўзаемадзеяння на мясцовасці штабам корпуса праведзены не былі. He было адпрацавана пытанне кіравання ў частцы перасоўвання каманднага пункта у глыбіне, на захад ад р. Нёман. 23.7.44 штакор (штаб корпуса Д.Л.) знаходзіўся ў Яцвезь і, не правёўшы праверку дадзеных аб заняцці Рацічы, стаў перамяшчацца ў раён Рацічы, тады як перадавыя часці корпуса яго знаходзіліся на ўсход Рацічы і вялі бой за гэты пункт. Штакор быў вымушаны спыніцца ў Васарабы, не маючы там падрыхтаванага вузла сувязі; натуральна, кіраванне было парушана. У такім жа становішчы аказаліся і штабы 324-й і 307-й сд”579. Складваецца ўражанне, што штабы арміі жылі сваім жыццём, не арыентуючыся ў баявой абстаноўцы. Дарэчы, такое становішча вельмі нагадвае абставіны лета 1941 года, калі вайна толькі пачалася і ў савецкай арміі панавала разгубленасць. Аднак 4 гады баёў, як бачна, мала навучылі савецкае камандванне. Аднак працягнем. Штаб 50-й арміі рэгулярна затрымліваў загады, атрыманыя са штаба фронту. Адпаведна гэтыя загады адпраўляліся ў войскі з затрымкай. Тым самым палявым войскам заставалася менш часу на падрыхтоўку да аперацый. Нездавальняючай была прызнана і праца ўсіх штабных афіцэраў сувязі. Наогул штабы 50-й арміі ўсіх узроўняў няправільна выкарыстоўвалі сувязь з ніжэйшымі падраздзяленнямі.
Адсутнасць добрай разведкі і сувязі былі аднымі з галоўных прычын паражэнняў дывізій 50-й арміі і 3-га Гв. кк у ліпені 1944 года ў раёне Гродна. На жаль такія памылкі дорага каштавалі.
Артылерыя
Зусім непадрыхтаванымі аказаліся падраздзяленні 50-й арміі для барацьбы з нямецкай бранятэхнікай. Складаеццаўражанне, што войскі 2-га БФ і не разлічвалі сутыкнуцца з нямецкімі танкамі ці САУ. Хутчэй за ўсё, сказвалася эйфарыя пасля перамог ва ўсходняй Беларусі і ў раёне Мінска.
Часта савецкія стралковыя падраздзяленні на плацдарме вялі баі наогул без артылерыі і, зразумела, не вытрымлівалі танкавых атак. Пры батальёне знаходзіліся, у асноўным, састарэлыя 45-мм супрацьтанкавыя пушкі, якія былі малаэфектыўнымі ў барацьбе нават з сярэднімі танкамі T-IV, не гаворчы ўжо пра цяжкія танкі “Tiger”. Прывядзем прыклад баёў 290-й сд. Паводле штату артылерыйскае ўзмацненне 878-га палка дывізіі на 14 ліпеня складалася з 13 мінамётаў 82-мм калібра, чатырох мінамётаў калібру 120-мм, а таксама дзвюх 76-мм гармат і адзінаццаці 122-мм гаўбіц з артылерыйскага дывізіёна 1420-га ап. Аднак на левы бераг ракі Нёман, дзе змагаўся полк, уся гэта артылерыя не трапіла. Яе не маглі пераправіць. Таму падтрымка палка была змушана весціся з-за ракі580. Да канца баёў гэта сітуацыя не была выпраўлена581. Падраздзяленні 290-й дывізіі неслі вялікія страты і не маглі рухацца наперад, стрыманыя толькі слабымі паліцэйскімі сіламі і артылерыяй СС.
He аказалася неабходнай артылерыі і ў падраздзяленнях 42-й стралковай дывізіі. Яе роты неаднаразова траплялі пад прамыя атакі баявой групы СС, танкаў і штурмавых гармат, неслі вялікія страты. 3-за адсутнасці значнай колькасці супрацьтанкавай артылерыі дывізія наогул некалькі разоў была скінута ў Нёман. Як вынік пасля баёў у раёне Гродна гэта падраздзяленне вывелі са складу арміі на пераўкамплектаванне.
95-я сд падышла да Гродна наогул без дывізійнай артылерыі і без артылерыі ўзмацнення582. Ёсць сведчанні толькі пра дзеянні ў баях на плацдарме 97-га азстд са складу дывізіі. Так, паводле ўспамінаў Г.З. Адагова: “У чэрвені 1944 г. баявыя разлікі артылерыйскіх батарэй нашага дывізіёна папоўніліся з рэзерву нашай дывізіі і дывізіёна. Мне таксама прапанавалі заняць месца заражаючага ў баявым разліку супрацьтанкавай 76-мм пушкі ў 2-й батарэі. У склад нашага дывізіёна таксама ўваходзіла рота СТР (супрацьтанкавых ружжаў). Асноўнай задачай нашага артдывізіёна і роты СТР з’яўлялася барацьба з танкамі, жывой сілай і агнявымі кропкамі праціўніка”583. Калі 76-мм гарматы былі дзейснай сілай у барацьбе з нямецкай бранятэхнікай, то СТР ужо безнадзейна састарэлі і не былі прыдатны для гэтага.
Падводзячы высновы можна працытаваць “Журнал баявых дзеянняў 50-й арміі”, дзе, у прыватнасці, адзначаецца: “ЗЗО-я, 42я, 95-я сд, якія наступалі цягам трох дзён на адну ўзмоцненую танкавую дывізію праціўніка няпоўнага складу, у выніку выключна неарганізаваных і няўмелых дзеянняў панеслі значныя страты і не дасягнулі станоўчых вынікаў”. Гэта адбылося па прычыне таго, што наступаючыя баявыя парадкі пяхоты не былі дастаткова забяспечаны артылерыяй СТА і артылерыяй узмацнення для барацьбы з танкамі. У выніку незабяспечанасці першых эшалонаў пяхоты сродкамі для барацьбы з танкамі, немцам вельмі лёгка ўдавалася адкідваць іх назад584.
У арміі не хапала боепрыпасаў. У табліцы №1 паказана іх колькасць. Натуральна, што недахоп боепрыпасаў стаў прычынай вялікіх страт сярод савецкіх войск
Табліца № 1. Копькасць боепрыпасаў у 50-й арміі на 16 ліпеня 1944 года.
Назва боепрыпасаў
У войсках

штук
боекамплект
Вінтовачныя патроны
2110000
0,25
ППШ
1801000
0,35
Міны 82-мм
14203
0,25
120-мм
4593
0,25
Снарады 45-мм
21276
0,35
76-мм
4222
0,35
76-мм (ПА-43г)
10613
1,6
76-мм (ДА)
17513
0,45
122-мм (гаўбіцы)
5092
0,4
122-мм (пушкі)
838
3
152-мм
1982
2,2
57-мм (ЗІС-2)
16129
0,8
85-мм (СУ-85)
870
1
Табліца складзена на аснове Журнала баявых дзеянняў 50-й арміі (ЦАМА, Ф. 50 арміі, воп. 9769, с. 323, л. 73).
3 табліцы №1 бачна, што войскі арміі адчувалі востры недахоп у боепрыпасах яшчэ да пачатку актыўных баявых дзеянняў. Весці
ж інтэнсіўную агнявую падтрымку наступаючым войскам з такой колькасцю артылерыйскіх боепрыпасаў было проста немагчыма. Адсюль і праблемы з няўдалымі наступленнямі і неапраўданымі стратамі. Недахоп боепрыпасаў адчуваўся ў войсках на працягу ўсіх баёў на плацдарме.
Дзеянні савецкай авіяцыі
Варта заўважыць, што авіяцыйнае прыкрыццё на плацдарме савецкіх войскаў не было арганізавана. У асобныя дні, напрыклад, падчас знішчэння немцамі перапраў праз р. Нёман, прыкрыцця не было наогул. Гэта вельмі дзіўна, таму што забеспячэнне фарсіравання Нёмана падраздзяленнямі Чырвонай арміі павінна было быць галоўнай задачай для авіяцыі. Хутчэй за ўсё адсутнічала адпрацаванае ўзаемадзеянне авіяцыі і пяхотных і кавалерыйскіх падраздзяленняў яны не маглі выкарыстоўваць сваё авіяцыйнае прыкрыццё ў той момант, калі гэта было неабходна, што рабілася ў Вермахце яшчэ з пачатку вайны.