Нормы камічных паводзін
Эміль Гакл
Выдавец: Логвінаў
Памер: 287с.
Мінск 2018
Узыходны паток Мургі нясе мяне вышэй і вышэй. Лоўны перада мной як на далоні смугою замглёныя дахі, касцёл, пару комінаў.
-А-гууй! гарлае аднекуль Мургі. Куды ляціш, гуцул?
-Усё ўверх, адказваю я.
12
Дзе той русін з бычынай паставай, Канштанц Грубы? Сяржант, у якога было неадчэпнае хобі кінуць у распаленую апілкавую печ у гарнізоннай вартоўні прыгаршч аўтаматных набояў, стрэлы якіх тут жа прыводзілі ў жах усё жывое? Следствы раз за разам грузлі на мёртвым месцы. А Канштанц надалей падкрадаўся ўначы да вартоўні, хаваў цыклапічнае цела ў расцвілым бэзе і чакаў, пакуль не дачэкваўся. Патрульны афіцэр, называны вялікілі канёлі, кісла выбіраўся на абход, Канштанц пранікаў у будку, кідаў у печку прэзэнцік і змываўся. Бабах! Бах! Бррух! Паступова ён зрабіў дурняў з усіх, хто ўдзень спрабаваў парушыць яго санлівы закарпацкі спакой.
-Швеейк! Правую! Да сябе!
-Ага, ну, кажу я.
Цягну правую ўправа, як у танку.
Дзе злосны палкоўнік Грабскі? У чыім кабінеце мы з адным хлопцам з пражскага Бубенча, пісарчуком, як і я, уначы падключалі нелегальна трыманага гібсана і праз афіцэрскае радыё ціхенька брынькалі рок-н-рол? Аднойчы, глыбока за поўнач, страшны палкоўнік адамкнуў дзверы кабінета і настолькі быў здзіўлены відам двух памятых салдат без галаўных убораў і рамянёў, якія праз паважаны рускі рэпрадуктар ягонага апарату наігрывалі нешта з “Крафтвэрка”, што аж гаўкнуў: “Вольна, працягвайце!”, узяў са стала папку і зваліў.
Ну, пабачымся на губе, канстатавалі мы з бубенчскім мальцам і пайшлі спаць. Аднак назаўтра палкоўнік, звыклы рычаць, дакуль ахвяра не абсярэцца
клетачным жахам, нават поглядам за нас не зачапіў. Наадварот, выглядаў неяк асабліва задаволеным. Гэта на ўсіх нагнала яшчэ большы жах. «Вартаўнік, які не дапільнуе вартоўню, заслугоўвае расстрэл на месцы, давай сюды стакан», сказаў ён вялікаму каню, які не мог суняць дрыжыкаў, бо папярэдняе ночы на яго навалілася Канштанцава помста, і наліў яму гарэлкі.
Пра-вай, дрынчыць у мяне ў слухаводзе. Правай! Пра-вай!
13
Куды занесла палітрука з рыжай конскай галавой? Які загадваў салдатам зварыць яму кавы, потым выклікаў іх і паведамляў, што ведае, што тыя варылі яму з фузоў, высушаных на батарэі, каб прысабечыць грошы, выдадзеныя ім на куплю свежай кавы. Дзе цяпер тая непрадказальная свіння, якой салдаты куплялі каву за ўласныя бабкі, каб толькі не пайсці на губень? He сумняваюся, недзе тут, у кабінеце ў гарадской управе. Водзіць знаёмствы з кожнай блыхой, бярэ ды раздае хабары, займаецца шкодніцтвам, бухае і ўспамінае перажытае.
Дзе тыя салдаты, што сунулі сабе на варце рулю ў рот? Якая ў іх была прычына? Ці вылятае з галавы свядомасць разам з куляй? I ці ўвогуле яна знаходзіцца ў галаве?
Дзе рэгуліроўшчыкі, якіх падчас начной трывогі бээмпэ, што жвава дало задні ход, утрамбавала ў снег? Выглядалі некранутымі, адно што былі нежывыя. Што засталося ад усіх тых, якім я, будучы пісарчуком, запаўняў на машынцы фармуляр “Выдача абмундзіравання у труну: 1 пара паучаравікаў карычневых, 1 пара шкарпэтак зялёных, 1 кашуля парадная, 1 галытпук
парадны, 1 кгцель парадны, 1 пілотка”? Ясна, што нічога. Але ж як гэта было незвычайна, крухмальна, нова! Пах карболкі й саляркі!
-Крх яго, заклікае мяне голас з далечы. Крх кхтэн, гр! Угору!
Цягну левую, правую, пускаю, падскокваю, зноў спакойна. Мора спакою. Галоўнае не заснуць.
Лоўны. Што там яшчэ было? I хто? “Салдат, буху бабу за піздзюк дзяржаў, а цяпера табе рука трасецца? Бос мэг, не дрыхні мне тут, о будош курва элетбэ!” Хто гэта казаў? Гэта казаў маёр Богнар, славацкі вугорац.
Між тым пядзенік паспеў перамясціцца мне на рукаў. Бяру яго на палец і пстрыкаю ўніз. Ён ляціць у хмызняк на ўзножжы гары сярэдніх памераў.
-Не-цяг-ні! хоча ад мяне голас. Трымай, дзядзька! Спакойна!
14
А дзе цяпер Гафа? Сяброўка са школы, якая ні села ні пала прыехала да мяне праз паўгода з Прагі? Якая пятніцу, суботу і кавалак нядзелі прасядзела ў кавярні на плошчы, п’ючы адну гарбату за другой, пакуль мне не далі звальненне. Каб потым на лапіку ў кустах за казармай безадкладна паваліць мяне і пазбавіць цнатлівасці. Бо яна не магла ўжо чытаць мае лісты, поўныя выхваляння, з колькімі дзеўкамі што і калі ў мяне было. Якая прывыкла ездзіць да мяне на выходных, каб разам ушчэнт разнесці кожнага разу новы пакой у гасцініцы ля касцёла святога Мікалая. Пакойчык мы зноў і зноў грамілі і залівалі юшкай. Хто ведае, з чаго і чаму яна ў нас бясконца цякла.
Дзе цяпер Гафа, вымаленае адзінае дзіця падстаркаватых бацькоў? Хулейманка і вядзьмарка. Падат-
лівыя губы, свавольныя вочы і несаступнае эга. На нагах зімой і летам кеды і скураныя тырольскія шорты. 3 ёй няпроста было прыйсці да згоды. Яна ўсё рабіла па-свойму. Нам было ў кайф хадзіць па грані, мы мучылі адно аднаго, узаемна шукалі чуллівыя месцы. Яна са значна большым поспехам. Якраз гэта мне і падабалася. Магчыма, ёй таксама. Са мной ёй было няпроста, але ўрэшце яна мяне навучыла, як вызваліць крык з цела. Я не веру ў звягню пра чакры, але з яе прамежжа выходзіў просталінейны неўтаймоўны жар. Сіла, што ўмела кіраваць маімі глуздамі.
Я захлынаўся гэтым сваім новым адкрыццём. Адгэтуль для мяне ўсё пачало набываць сэнс. Дык вось дзеля чаго столькі народу нішчыць сябе, прыніжаецца, раскідваецца дабром. Забівае, страчвае клёк. Так, яно таго варта! Нахіліся, хадзі сюды!
3 набліжэннем дэмбеля я навучыўся лазіць да яе цераз плот. У грубае парушэнне статуту я пераадзяваўся ў цывільнае, таемна схаванае на дне бляшанай тумбачкі. Мы цягаліся вакол Огры, пазіралі, як бягуць яе воды. Як пад грэбляй куляюцца чорныя сучкі.
- А што, калі я не той, за каго ты мяне прымаеш? адважыўся я аднойчы спытаць яе ў прыцемку дэрмацінавага бокса вінарні, схаванай на вулцы пад гарадскімі мурамі. Я быў трохі запознены, у іншых у маім веку ўжо былі дзеці.
- He ведаю, адказала яна, але я ўпэўненая, што я не тая, за каго мяне прымаеш ты.
Рэшту вечара яна прамаўчала над рыслінгам, як Піфія. Яна была звыклая ўпадаць у транс, блукаць па норах вымерлых нямых істот. У мяне мазгі ходырам хадзілі ад няпэўнасці. Прарасталі парасткамі самых вычварных падазрэнняў. Калі мы дабілі другую
пляшку, яна агоўталася, утаропіла ў мяне зенкі і са здзіўленнем сказала:
Пацан, ты мяне рэальна кахаеш, не рабі гэтага.
I мы пачапалі ў гатэль. Там я праз пару гадзін, насуперак свайму намеру, заснуў. Ужо пачынала віднець, калі я цмокнуў Гафу пад вухам і панёсся з Лоўнаў вуліцай Бэнэша, потым вуліцай Пражскай, прабег вулачкай Безыменнай і нізам-задам пагнаў вакол цукраварні да казённых будынкаў. Аж пад маімі дарагімі дранымі джынсамі пяткі бліскацелі. Калі я пераходзіў скрыжаванне пад казармамі, пагасла вулічнае асвятленне. Далей мяне чакаў рызыкоўны адрэзак. Роўны бляшаны плот, шаша. Па ходніку мне напярэймы шыбаваў Нэплех, капітан. Раз’юшаны як чорт ад таго, што яго праз нейкую лухту выцягнулі з ложку. Пляскаты твар пад фуражкай увесь у пурпуровых плямах. Я, задыханы, ішоў яму насустрач. Уцячы не было куды. Мяне ён тыранізаваў часта і з асаблівым задавальненнем. Гыркаў мне зблізку ў твар: “Вы не толькі ганьба роты, вы мая асабістая ганьба! Заткніце рот і не нахабнічайце! Трыццаць разоў да гаража нумар шэсць і назад, трухам!” Мы размінуліся. У асацэ ля абочыны гучна стракатаў цвыркун. Вясна 1981-га. Праз некалькі крокаў я не вытрымаў. Азірнуўся. Стаіць, пазірае на мяне. Аднекуль мяне знае, каб яго! Дзе ж ён мяне бачыў, гражданскага?! He пазнае. He ведае. Абарочваецца і, нахіліўшыся наперад, шуруе да панэлек.
-Мі-хур-вай, галёкае Мургі. Будзь у ім!
Ага, адвазваю я, я ж і так.
15
Мы рвалі адно на адным майкі, выкусвалі языкі, выварочвалі суставы, раздзіралі нервы, але ўзаемна пры-
блізіцца так і не здолелі. Дый як, у дваццаць гадоў? Я гэтаму не навучыўся ані пазней. Хто ведае, мо першыя глыбокія адносіны ствараюць прэцэдэнт, мадэль, якой потым сярэдні гетэрасэксуал кіруецца да самага канца сваіх дзён? Гафа ў гэтым плане не абмяжоўвала сябе і сустракалася яшчэ з Тэрэзіяй. То-бок агулам нас было трое. Яна нават колькі разоў прывезла яе з сабой у Лоўны, гэтую Тэрэзію. На гэтую мамзэлю я не мог нават дыхнуць, яна на ўсё пярэчыла, была белая і цынічная, як смерць. Гартаваная фрыгідка. Болей статуя, чым баба. Паўночы Гафа была са мной, другую палову з ёй. Трэці ляжаў у нумары побач, крышыў у попельніцы “старты”, вастрыў вушы і кусаў губу. Апартаментаў мы бралі двое, калі магчыма было, па суседстве, дзеля далікатнага абмену. У мяне бывала падазрэнне, што з Тэрэзіяй у Гафы ўсё неяк глыбей. Са мной яна ніколі так доўга і настырна не скрыпела.
Плюнь ты на ўсё і будзь нармальнай, каза, бывала, хацелася мне сказаць нараніцу за сняданкам гэтай яе скалапендры, Тэрэзіі. Але не сказаў, бо да мяне пачынала даходзіць, што афектацыя тут складнік працэсу. Што вядзецца найперш пра яе. Пра драконскую мацярынскую гордасць, здольную разнесці ўсё, што падаецца неспалучальным з яе латэнтным клонам. Я зразумеў, што мне няма чаго тузацца. Што я толькі ахвяра для вопытаў. Цацка, на якой вучацца падточваць сківіцы. Ах, мне хочацца спаць, я ў гневе, у адчаі, ты пахнеш, смярдзіш. Я цябе так кахаю. Ведаеш што, ідзі ты лесам.
-Эгээ! Уніз! Пукаай-ся! гікае знекуль на мяне чалавек у бейсболцы.
Гафа. Вярнуўшыся з войска, я нейкі час яшчэ бегаў за ёй. Яна здымала ў адной бабкі каморку ў Кіях, на
пражскай перыферыі, у цагляным дамку за аблезлым полем. Ад станцыі трэ было ісці праз кукурузу, дзе кішэлі гракі, а неба было нізкім, як бетонная столь. Мы пацелі ў мокрым чорным ложку, аддыхваліся. Пакой пах алеем і шкіпінарам. Мы абое хварэлі на мастацкія схільнасці, з эцюднікам пад пахай не расставаліся. Адразу ўсё крэмзалі і занатоўвалі. Вугалем, алоўкам, тэмперай. Постаці, галовы, касцельныя вежы, недапітыя шклянкі, раскіданыя шмоткі. 3 дзелавітасцю, якая ўганяла мяне ў транс, яна агалялася і падтрымлівала мае патугі перанесці на паперу вестку пра яе ненасытнае цела. Пра галавакружную дугу яе спіны. Адбывалася гэта пад вінілавае гучанне “Спірытуал-квінтэту”. У тым часе я свежа падсеў на “Clash” і “Joy Division”, і доўга гэта цягнуцца не магло. Я ведаў, што яна мяне неўзабаве выплюне, і я рыхтаваўся ёй гэта з ухмылкай дараваць. Будучыня рабацела перад намі, як басейн, поўны старэйшых і больш дасведчаных звяроў. Трэ было сабраць адвагу і скочыць да іх. Яна скочыла, а я глядзеў, як яна адплывае. Што гэта? пытаўся я ў сябе. Датычыць гэта мяне ці не датычыць?