Новае стагоддзе
Зянон Пазьняк
Выдавец: Беларускія Ведамасьці
Памер: 108с.
Варшава, Вільня 2002
Разьвіцьцё цывілізаванага грамадзтва, сістэма і структурызацыя ўлады рухаліся такім чынам, што ў непасрэднае змаганьне за ўладу ўцягваліся ўсё большыя масы людзей. Адбываецца дыферэнцыяцыя палітычных інтарэсаў, утвараюцца групы, што выяўляюць гэтыя інтарэсы, узьнікаюць канфлікты паміж агульнымі і групавымі патрэбамі. Адчыняюцца магчымасьці для маніпуляцыяў народам і масавай сьведамасьцю людзей.
У стабільнай і суверэннай нацыянальнай дзяржаве такое становішча ня ёсьць найлепшым. Але, як правіла, існуе магчымасьць яго выправіць і ўдасканаліць.
Другое, што важна: нават найгоршы стан палітычных дачыненьняў не пагражае існаваньню грамадзтва, не зачыняе пэрспэктывы яго разьвіцьця. Гісторыя паказвае, што нават самы дрэнны ўнутраны палітычны рэжым ня можа зьнішчыць народ, нацыю і дзяржаву. Самазьнішчэньня не адбываецца.
Гісторыя зноў жа сьведчыць, што ні адзін незалежны народ, ні 38
адно незалежнае грамадзтва не загінула ад дрэннай унутранай палітыкі, ад унутранай тыраніі, ад дрэннай эканомікі і нават ад голаду, калі яно здолела захаваць сваю дзяржаву і незалежнасьць.
Паўночныя карэйцы маюць пэрспэктыву (хоць цяпер у іх кашмарны рэжым і дрэнная ўнутраная палітыка), кубінцы таксама маюць пэрспэктыву (хоць цяпер там беднасьць і дыктатура). A вось пэрспэктыва курдаў, чувашоў ці мардвы — пад вялікім пытаньнем. Чаму — я думаю, зразумела.
Народ, які ня мае дзяржавы і незалежнасьці, — ня мае магчымасьці свабодна распараджацца сваёй дзейнасьцю і разьвіваць свае інтарэсы. Яго дзейнасьць, у лепшым выпадку, накіраваная тады на выжываньне і на змаганьне за існаваньне, у горшым — на прыстасаваньне.
Вынік можа быць дваякім: альбо народ вытрывае і, скарыстаўшы магчымасьць, створыць дзяржаву і даможацца незалежнасьці, альбо зьнікне з кнігі жыцьця.
Незалежная дзяржава ёсьць найвялікшая палітычнапраўная каштоўнасьць нацыі.
У стварэньні незалежнай дзяржавы ёсьць сэнс народнай гісторыі. У арганізацыі ўлады ў дзяржаве, у змаганьні за ўладу заключаецца сэнс’палітыкі.
Найцяжэй незалежнасьць дасягаецца паўторна, у працэсе дэкалянізацыі і ў змаганьні з імпэрыяй. Дасягненьне незалежнасьці і адстойваньне свабоды тут немагчымае без барацьбы ўсяго грамадзтва.
Вельмі істотна, каб пасьля перамогі тыя, хто змагаліся за незалежнасьць, адразу мелі ўладу ў краіне, адхілілі ад кіраваньня каляніяльную адміністрацыю, ліквідавалі б імпэрскі і заклалі б свой нацыянальны парадак. Гэтым адсякалася б умяшаньне старой імпэрыі ва ўнутраныя справы незалежнай дзяржавы. Далейшае, рэглямантаванае законам, змаганьне за ўладу адбывалася б ужо як суверэнная справа вольнай краіны.
Пасьля распаду СССР толькі народы Прыбалтыкі поўнасьцю ажыцьцявілі неабходныя палітычныя пераўтварэньні, якія гарантавалі незалежнасьць і стабільнасьць улады, заснаванай на нацыянальных інтарэсах.
Складаная сітуацыя стваралася ў Беларусі. Тое, што аднавілася незалежная Беларусь, для Масквы стала поўнай нечаканасьцю. 200 гадоў Масква практыкавала асаблівую палітыку супраць Беларусі — свайго галоўнага ворага на захадзе. Было зроблена ўсё, прытым самым варварскім чынам, каб Беларусь ужо ніколі не паднялася і не існавала. I раптам ... — незалежная Беларусь.
Разгубленасьць расейцаў хутка скончылася. Ужо ў 1992 годзе беларускія адраджэнскія сілы адчулі наяўнасьць ў Беларусі маскоўскіх палітычных тэхналёгіяў. Стаўка расейцаў рабілася на КГБ і савецкую намэнклятуру, якая засталася пры ўладзе. Задача — пранікненьне расейскіх спэцслужбаў на вузлавыя пазыцыі ўлады ў Беларусі, увядзеньне ў палітычную рэальнасьць ідэі інтэграцыі з Расеяй (праз аб’яднаньне грашовых сістэмаў), увядзеньне пасады прэзыдэнта і ўсталяваньне на ёй свайго стаўленьніка.
Гэтыя дзеяньні маскоўскіх палітыкаў і КГБ былі настолькі відавочнымі, што ня бачыць і не разумець таго, што адбывалася, маглі толькі сьляпыя.
25 студзеня 1994 года, выступаючы ў Вярхоўным Савеце ад імя Апазыцыі Беларускага Народнага Фронту, я адзначыў: „Руская мафія і рускія спэцслужбы імкнуцца захапіць ключавыя пасады ў беларускай дзяржаве і паздымаць зь іх беларусаў, гэтак жа, як яны пры дапамозе Кебіча і Данілава* паздымалі беларусаў у беларускім войску і зьмянілі беларускае кіраўніцтва буйнейшых заводаў на рускіх функцыянэраў.
Спадар Кебіч і яго акружэньне здрадзілі Беларусі. Яны імкнуцца любымі сродкамі жорстка цэнтралізаваць уладу, рыхтуюць палітычныя ўмовы для інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі перад афармленьнем эканамічнай авантуры аб уваходжаньні Беларусі ў грашовую сістэму Расейскай Фэдэрацыі. Такая палітыка ёсьць антыдзяржаўная палітыка і зьяўляецца злачынствам...
Грамадзяне Беларусі павінны выразна ўсьведамляць, што галоўная небясьпека цяпер для нашага грамадзтва і галоўны вораг нашай дзяржавы ёсьць рускі палітычны і эканамічны імпэрыялізм і кампрадорская дзейнасьць ураду Кебіча. ” (Беларус, — 1994, люты, №410)
Аднак казаць камуністычнаму парляманту пра небясьпеку для Беларусі было дарэмна. Грамадзтва ж у масе сваёй заставалася савецкім. Потым здрадніцкую эстафэту Кебіча пераняў Лукашэнка.
* За часы БССР высокапастаўлены чыноўнік у Менскім Абкаме партыі, курыраваў КГБ. Ва ўрадзе Кебіча кіраваў антыканстытуцыйнай структурай (Дзяржсакратарыятам), створанай пад ціскам Масквы і КГБ. (аўт.)
Палітыканскія тэхналёгіі чужакоў і палітычных цынікаў бездапаможныя, калі ёсьць масавы народны грамадзкі ўздым на змаганьне за агульныя інтарэсы. Тады цынічныя тэхналёгіі можна лёгка адкінуць і перакуліць. Але ўжо ў сярэдзіне 1992 года ўздым скончыўся, а ўлада ў Беларусі не зьмянілася, засталася ў руках савецкай намэнклятуры.
Такім чынам пэрыяд стабілізацыі незалежнасьці пачаўся са старой каляніяльнай адміністрацыяй ва ўладзе, для якой чужымі былі ня толькі беларускія нацыянальныя інтарэсы, але і ўвогуле якоенебудзь нават самае простае дзяржаўнае думаньне. Тыя, хто дамагліся незалежнасьці Беларусі, не маглі рэальна ўплываць на палітыку дзяржавы.
Непрыяцелі беларушчыны, валодаючы ўладай і сродкамі масавай інфармацыі, арыентавалі сваю прапаганду на людзей з дэфармаванай нацыянальнай сьведамасьцю і яшчэ больш дэфармавалі яе. Мноства беларусаў слухалі, верылі і падтрымлівалі не сваіх беларусаўадраджэнцаў, а ворагаў Беларусі. Сытуацыя склалася амаль трагічная.
Але тут не было нічога незвычайнага. Гэта адваротны бок мэдалю нашай вялікай нацыянальнай перамогі ў 1991 годзе, калі на агульным уздыме, дзейнічаючы дакладна і своечасова, беларускім адраджэнцам удалося дамагчыся незалежнасьці, спыніць дзейнасьць КПСС, вярнуць нацыянальныя сымвалы і беларускія школы. Тым часам вялікая частка грамадзтва не была яшчэ гатовая да актыўных дзеяньняў па абароне незалежнасьці, не разумела каштоўнасьці свабоды, ня ведала, як сябе паводзіць, не арыентавалася, хто сябры, а хто ворагі.
Пасьля выбараў прэзыдэнта летам 1994 года я зьвярнуўся да людзей зь лістом, які быў напісаны, праўда, хутчэй да будучых беларусаў, чым выбаршчыкаў, якія толькі што абралі Лукашэнку. Там напісана: „Народ, які шмат гадоў атручвалі камуністычнай прапагандай, пастаўлены перад выбарам: альбо незалежная эўрапейская дзяржава Беларусь і самастойная палітыка, альбо страта незалежнасьці і нацыянальнай пэрспэктывы ў абмен на прывідныя абяцанкі апекі іншай дзяржавы. Гэты выбар галоўны, бо вызначае наш народны лёс.
23 чэрвеня ён адбыўся на карысьць страты, адбыўся хутчэй неўсьвядомлена, пад уплывам прапаганды і дэмагагічнай агітацыі. " (Беларус, — 1994, ліпень, №414)
Праз два гады пасьля зьяўленьня прэзыдэнтакрэатуры КГБ, практычна ўсе дасягненьні беларускага адраджэньня ўнутры краіны былі ліквідаваныя.
Наступнай стратэгічнай задачай расейскай тэхналягічнай палітыкі ў Беларусі стала зьнішчэньне беларускага нацыянальнавызвольнага руху, канкрэтна — Беларускага Народнага Фронту. Скарыстоўвалі тыповыя прыёмы НКВД, якія заключаліся ў фізічнай ліквідацыі кіраўнікоў руху, у стварэньні нібыта больш шырокай квазіапазыцыйнай арганізацыі, у якую ўваходзіла б рэальная нацыянальнавызвольная арганізацыя, ствараліся б нібыта сумесныя структуры і на тое падобнае. У выніку дзейнасьць нацыянальнавызвольнай арганізацыі была б абмежавана, назва яе зьнікла б з палітычнага ўжытку, яе ўцягвалі б у дыскусіі ды канфлікты і, пры дапамозе агентуры, даводзілі б да развалу.
Характэрнай акцыяй такога роду была ініцыятыва стварэньня так званай „хартыі97”, якую шырока падтрымлівалі (нават у міжнародным пляне) у асноўным праз журналістаў. Аднак разгарнуць афёру з „хартыяй” не ўдалося. Адраджэнцы раскусілі задуму.
Больш сур’ёзнай і выніковай аказалася тэхналёгія стварэньня сваёй, паралельнай Вызвольнаму Руху намэнклятурнай апазыцыі да рэжыму і перацягненьня ўвагі на яе, стварэньне ілюзіі іншай альтэрнатывы для дыктатуры.
39
У арганізацыі намэнклятурнай неадраджзнскай апазыцыі найбольш стараўся нямецкі дыплямат Ганс Георг Вік, былы кіраўнік зьнешняй разьведкі Нямеччыны, а цяпер старшыня Місіі АБСЭ ў Менску. Тут расейская дзейнасьць і нямецкая палітыка супадаюць. Нямецкая дыпляматыя дапамагае расейцам інкарпараваць Беларусь узамен за магчымыя эканамічныя ўступкі немцам у Калінінградзкай вобласьці. Вядома, што прамаскоўскія дзеячы („дэмакраты”) зь некаторых заходніх фондаў, якія падтрымлівалі грантамі сваю матэрыяльназалежную агентуру ў „апазыцыі”, канкрэтна ўмешваліся ў справу разбурэньня адраджэнцкай палітыкі Фронту і патрабавалі пэўных дзеяньняў супраць кіраўніцтва БНФ. Частка людзей з БНФ перайшла ў кіруемую „аб’яднаную апазыцыю”, але зьнішчыць БНФ і разбурыць Беларускі нацыянальнавызвольны рух не ўдалося. Фронт ачысьціўся ад „прагматыкаў”. Аднак падзел Фронту дрэнна адбіўся на ўсёй сытуацыі палітычнага змаганьня ў Беларусі.
Намэнклятурная ці так званая „аб’яднаная апазыцыя”, створаная Гансам Вікам, у рэальнасьці зьяўляецца даволі ілюзорнай зьявай і трымаецца на прапагандзе, на „арыентаваных” (так званых „незалежных”) рускамоўных СМІ. Яна, практычна, поўнасьцю залежная ад фінансавай дапамогі з Усходу і Захаду (а гэта абмяжоўвае самастойнасьць). Рэальнай палітычнай сілай яна ня ёсьць, альтэрнатывай рэжыму не зьяўляецца, інтарэсы беларускага народу не выяўляе, вялікіх агульнанародных ідэяў ня мае.
Паглядзім, што за людзі выступаюць пад шапкай так званай „аб’яднанай апазыцыі”.