Новае стагоддзе
Зянон Пазьняк
Выдавец: Беларускія Ведамасьці
Памер: 108с.
Варшава, Вільня 2002
Тым часам нічога падобнага не рабілі дэмакраты і нацыянальнавызвольныя рухі. У іх іншая, не таталітарная прырода.
Але трэба ведаць камунізм і Расею, каб зразумець характар іхняе прапаганды, пабудаванай на агрэсіўнай хлусьні.
Рэцэдывы гэтай прапагандысцкай агрэсіі мы сустракаем і цяпер. Нічога дзіўнага — існуюць пастаянныя крыніцы рэпрадукцыі старой нянавісьці да беларускага адраджэньня — гэта савецкая псіхалёгія часткі насельніцтва і — галоўнае — нязьменнасьць імпэрскай палітыкі Расеі ў дачыненьні да Беларусі. ’’
Праграма „Рэзананс” пацьвердзіла ўсе мае высновы.
Можна задаць пытаньне, чаму шалёная антыбеларуская прапаганда такая прымітыўная. Прычына ў тым, што гэтакія людзі, як на тэлебачаньні, і сістэма, у якой яны існуюць, ёсьць, як заведзены будзільнік. Гэта машынка, якая сама па сабе ня думае і думаць ня можа. Той, хто займаецца палітычнай арганізацыяй людзей, ведае, якую шкоду робяць для арганізацыі дурні, асабліва ў кіраўніцтве. Але ў беларускай рэчаіснасьці гэта ня самая вялікая бяда. Дурнякіраўніка, патраціўшы шмат энэргіі, можна ў нечым пераканаць, нешта яму растлумачыць, нарэшце, прымусіць яго падпарадкавацца закону лёгікі ці бальшыні калектыву.
Калі ж у кіраўніцтве палітычнай арганізацыі агентстукач, то ўсе дзеяньні і размовы зь ім — марната часу. Машынка заведзеная, і ўсе вашы лягічныя аргуманты (і тым больш — эмоцыі) ні да чаго. Будзільнік будзе званіць сваё.
У нестукачоў гэтай машыннай сістэмы таксама свая псіхалёгія (свой унутраны будзільнік). Памятаю, за саветамі ў парткам аднаго акадэмічнага інстытута патэлефанавалі з ЦК, што інстытуту неабходна прыняць польскую дэлегацыю ветэранаў вайны. Дырэктару загадалі зрабіць даклад пра савецкапольскае брацтва і т.п.
Марка БНР.
За некалькі дзён да прыёму паведамілі, што польскіх ветэранаў ня будзе, прыйдуць савецкія. Дырэктар (таварыш, які трэба) моцна напружваўся, каб зразумець сітуацыю. Але калі, бразгаючы мэдалямі, прыцягнуліся савецкія ветэраны, ён так і ня змог пераарыентавацца. Дырэктар усяроўна прывітаў „польскіх ветэранаў”, не адрываючыся ад паперкі, якую раней падрыхтаваў і якую адобрылі ў ЦК, сказаў пра ўклад польскай зброі ў разгром агульнага ворага і прачытаў даклад пра польскасавецкае брацтва.
Ніхто з савецкіх ветэранаў нічога не западозрыў. (Праўда, адзін усё нешта галавой круціў. Але, як высьветлілася, ён проста лічыў прысутных — „все лн в сборе”). Поўная адпаведнасьць попыту і прапановы.
Вось так і зь менскім тэлебачаньнем, і зь яго афіцыйнай праграмай. Жывая гісторыя саветызму. Матэрыялізацыя залюстранай рэчаіснасьці.
Дасьледваньнем і іроніяй, аднак, тут справа не павінна абмежавацца. У нянавісьці да ўсяго беларускага прыслужнікі рэжыму на менскім тэлебачаньні перакрочылі ўсе межы. Тыя зьнявагі ў адрас беларускай нацыі, беларускай гісторыі і беларускіх людзей, той бруд, які выліваецца тэлебачаньнем на ўсё беларускае, немагчыма цярпець, нельга забыць і ніколі нельга дараваць.
Якім трэба быць злым, якім адшчапенцам, да якой нізасьці можа апусьціцца чалавек, каб сусьветна паважанага пісьменьніка, вялікую асобу, гонар беларускай нацыі — Васіля Быкава — абзываць „літаратурным паліцаем”. А менавіта гэтакія словы гучаць у адрас Васіля Быкава на менскім афіцыйным тэлебачаньні, якое, гэтак жа, як і расейскае, ілюструе, што нічога там няма сьвятога, нічога людзкага і нічога беларускага.
Пасьля ліквідацыі акупацыйнага рэжыму ў Беларусі мусяць адбыцца глыбокія перамены ў сацыяльным грамадзтве. Людзі подлыя, нізкія, амаральныя, беларусафобы і прадажнікі не павінны будуць займаць пасады дзяржаўнага і высокага грамадзкага ўзроўню. Цяперашняе становішча вельмі выразна паказвае, што адбываецца, калі нізкасьць падымаецца ўгару.
Каб запабегчы сацыяльнаму самаатручваньню, супольнасьць мае шэраг грамадзкіх мэханізмаў. Але пасьля ліквідацыі рэжыму (асабліва напачатку) шмат павінна будзе ў гэтым паспрыяць абноўленая, вольная і справядлівая Беларуская Дзяржава.
23 сакавіка 2001 г., НьюЁрк.
ЧУЖАЯ СУЧАСНАСЬЦЬ
I БЕЛАРУСКАЯ ПАЛІТЫКА
Напісаць гэтыя кароткія развагі мяне падахвоціў Яўген Мірановіч.
У канцы красавіка мяне і вядомага польскага перакладчыка беларускай паэзіі Чэслава Сэнюха запрасіла шаноўная спадарыня прафэсар Альжбэта Смулкова прыехаць у Беласток ва ўніверсітэт на катэдру беларускай культуры, спаткацца з выкладчыкамі ды паразмаўляць пра беларускую гісторыю і маю фотакніжку
„Глёрыя Патрыя”. Гэтая кніжка для мяне — мінулы час дваццацігадовай даўнасьці, хоць і вельмі дарагі.
Прыехалі мы са спадаром Чэславам Сэнюхам, хораша нас спаткалі, сардэчна пагаварылі, кавагарбата, навокал добрыя людзі, шчырыя беларусы: Яўген Мірановіч — гісторык, аўтар выдатных кніжак, Алег Латышонак, Віталь Луба, выкладчыкі, журналісты.
42
Вярнуўся я ў Варшаву і праз нейкі час чытаю ў беластоцкай „Ніве" артыкул (13 траўня 2001 г.); піша сімпатычны Яўген Мірановіч:
„Чытаючы і праглядаючы кніжку Зянона Пазьняка „Глёрыя Патрыя".., можна зразумець, чаму аўтару не пашанцавала ў палітычнай дзейнасьці... Ня веру, што посьпехуў палітыцы можа дачакаць чалавек, які піша: „Мілая Радзіма, Ты —уся мая памяць. Усё, што бачыў і перажыў за жыцьцё, усё, што пра Цябе чуў і чытаў, і нават уяўляў — усё са мной. Ты такая вялікая і прыгожая перапоўніла маё сэрца і маю галаву.., ” — і далей, — „Глёрыя! Хвала! Хвала цьвітучаму дрэву! Хвала зямлі і людзям... ”
Потым робіцца заключэньне: „Зьмест кніжкі паказвае, што Пазьняк зьяўляецца фанатыкам жыцьця (якім толькі мяне „фанатыкам” ужо ні называлі) і бліжэй яму па натуры да лідэра экалягічнага руху, чым правадыра народу, які стаіць на ростанях і ня ведае, у які бок павярнуць — да незалежнасьці ці каляніяльнага статусу. ”
Далей сябра Мірановіч тлумачыць свае погляды, чаму ён так піша. Пазьняк, на яго думку, „гаварыў тое, што думаў а гэта не найлепшая прыкмета для палітыка. Посьпех у палітыцы, — лічыць Яўген Мірановіч, — забраніраваны цынікам, якія гатовыя здрадзіць найлепшаму сябру, ідэі, за якую толькі што выказваліся, зьнішчыць тысячы людзей, каб дамагчыся намечанай мэты... Узорам сучаснага палітыка, які, напэўна, ня піша вершаў, a малапраўдападобна, што іх калінебудзь чытаў, зьяўляецца прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі... Пазьняк разважае пра сьвет у катэгорыях маральнае — немаральнае, справядлівае — несправядлівае, хаця ў палітыцы няма месца на маральнасьць. Ведае пра гэта кожны гмінны чыноўнік, кожны павятовы радны і нават парафіяльны вікарны... ’’ і г.д.
Такія погляды, якія выказаў паважаны сябра Мірановіч, даволі пашыраныя і характэрныя для людзей, якія палітыкай не займаюцца, але, спажываючы інфармацыю пра палітыку, ствараюць пра яе сваё пэўнае ўяўленьне. Яны, як заўзятары на стадыёне, якія глядзяць і думаюць, што лепш разьбіраюцца ў футболе і лепей ведаюць, як трэба гуляць, чым самы футбалісты.
Справа ня ў тым, што працытаваныя погляды максімалісцкія, і таму памылковыя (хоць ёсьць у іх пэўная рацыя і доля праўды), справа ў тым, што гэта спрошчанае асэнсаваньне складаных рэчаў, адлюстраваньне распаўсюджанага цяпер правінцыялізму (гэта значыць, ацэнка шырокага — вузкім, вялікага — малымі меркамі, прымітывізацыя зьявы).
Аляксандар Квасьнеўскі не таму „сучасны палітык” і ёсьць прэзыдэнтам Польшчы, што ня піша вершаў ды іх не чытае (як мяркуе Яўген Мірановіч), і не таму, што ня кажа тое, што думае (тым больш, што ён думае, піто кажа), а таму, што яго палітычныя погляды і дзеяньні адпавядаюць уяўленьням і настроям бальшыні палякаў. Гэта галоўнае. Акрамя таго, за ім стаіць вялікая і моцная арганізацыя, зь вялікімі ўплывамі, сродкамі і магчымасьцямі, здольная шырока данесьці пазыцыі Квасьнеўскага да людзей. У такім становішчы, для таго, каб стаць прэзыдэнтам, трэба адпавядаць сітуацыі і патрабаваньням.
Лукашэнка не таму стаў прэзыдэнтам Беларусі, што быццам бы казаў ня тое, што думаў, а таму, што якраз тое, што ён думаў і казаў (а я яго ведаю з 1990 г.), адпавядала пашыраным настроям і падтрымлівалася тады большасьцю савецкага насельніцтва, а КГБ як палітычная сіла, якая яго вяла, здолела гэта шырока данесьці да жыхароў Беларусі.
Выбары прэзыдэнта ў Польшчы, у Амэрыцы ды Эўропе — гэта выбар грамадзтвам унутранай арыентацыі палітыкі і разьмеркаваньня жыцьцёвых магчымасьцяў. Тым часам выбары прэзыдэнта ў Беларусі ёсьць выбар існаваньня незалежнай дзяржавы, выбар нацыянальнага лёсу: альбо Беларусь
незалежная дзяржава, альбо частка Расеі. Так важыцца цяпер пытаньне пра ўладу ў Беларусі.
Польскія і эўрапейскія крытэрыі палітыкі да Беларусі не падыходзяць. Ня той зьмест. Беларуская палітыка ня мераецца чужой „сучаснасьцю”.
Змаганьне адбываецца паміж Масквой, якая поўнасьцю кантралюе беларускую ўладу, і нацыянальнымі незалежніцкімі сіламі Беларусі. Барацьба за ўладу ў Беларусі ёсьць выяўленьне і працяг антыкаляніяльнага канфлікту змаганьня за незалежнасьць.
Вырашальным чыньнікам у такога роду змаганьні ёсьць не сацыяльны інтэрас, а нацыянальная сьведамасьць людзей. Вось той доўгатэрміновы капітал, які можа забясьпечыць перамогу ў антыкаляніяльнай барацьбе. Каб яго набыць, трэба сьведчыць ідэалы. Патрэбныя людзі, якія падымуць нацыянальны сьцяг і будуць казаць беларускую праўду (тое, што думаюць). Бяз гэтага дзеяньня нічога немагчыма дасягнуць, ніякай незалежнасьці і свабоды, ніякай падтрымкі на выбарах і ніякай улады. Нацыянальна сьведамая эліта павінна абапірацца на нацыянальна сьведамы электарат.
Гэта галоўны прыярытэт беларускай палітыкі. Без яго — няма будучыні.
Пасьля Савецкага Саюзу на Беларусі засталося дэфармаванае грамадзтва, выхаванае ў антыбеларускім бяспамяцтве, у рускай савецкай школе і ў рускай савецкай арміі. Калі ў 1991 годзе Беларускі Народны Фронт скарыстаў грамадзкі інтэрас (скіраванасьць супраць КПСС і хвілёвы страх камуністаў пасьля правалу путчу ў Маскве) і праз парлямант (маючы там толькі 8% дэпутатаў) дамогся незалежнасьці Беларусі, то потым, калі зьнікла КПСС і іншыя грамадзкія раздражняльнікі, нясьпеласьць нацыянальнай кансалідацыі грамадзтва не дазволіла Фронту незваротна замацаваць незалежнасьць, і нават прайсьці ва ўладу.
Небясьпечна будаваць палітыку і балянсаваць толькі на інтарэсах, калі вырашаецца лёс народу. Інтарэсы — часовыя. Імі могуць скарыстацца чужыя антыбеларускія сілы. (Прэзыдэнцкія выбары ў 1994 годзе гэта добра праілюстравалі.) Трэба ствараць пастаяннае нацыянальнае апірышча ў народзе, пашыраць нацыянальнавызвольны грунт. А гэта працэс, які патрабуе часу і адкрытай палітыкі.