• Газеты, часопісы і г.д.
  • Новае стагоддзе  Зянон Пазьняк

    Новае стагоддзе

    Зянон Пазьняк

    Выдавец: Беларускія Ведамасьці
    Памер: 108с.
    Варшава, Вільня 2002
    97.65 МБ
    Грамадзкапалітычная катастрофа можа зьнішчыць любую мову (нават самую распаўсюджаную) тады, калі зьніклі, замерлі ці ліквідаваныя яе этнічныя носьбіты. Такія зьявы, як генацыд, этнацыд, лінгвацыд, мнемацыд, якія вынікаюць, як правіла, з імпэрскай палітыкі, а таксама з ксэнафобіі і нянавісьці, вельмі небясьпечныя для моваў найперш несвабодных народаў (посткатастрафічных супольнасьцяў). Аднак разбурэньне імпэрыі пры пэўных абставінах таксама можа выклікаць зьнікненьне імпэрскай мовы, прытым нават тады, калі існуе прызнаная імпэрская літаратура.
    Тыповымі прыкладамі зьяўляюцца Рымская і Атаманская імпэрыі. Рым разбурыўся, зыходзячы з унутраных прычынаў (перш за ўсё, — зза ўпадку маралі). Рымская (лацінская) мова гучэла ў Сэнаце, сцьвярджалася ў літаратуры і на ўсіх канцах імпэрыі. Але пад друзам гэтай імпэрыі была пахаваная і вялікая рымская мова, ператварылася потым у мёртвую лаціну.
    Чаму так сталася? Сталася так таму, што не было ўжо этнічных носьбітаў гэтае мовы. Лацінскі этнас дэградаваў, бо стлуміў у сабе этнічную сьведамасьць, інстынкт аддзяленьня ад чужога. Этнічная сьведамасьць замянілася імпэрскай. Лаціна рымская абслугоўвала імпэрскую культуру, імпэрскую ўладу і імпэрскую дзяржаву. Яна адрозьнівалася ад этнічнай лаціны. 3 разбурэньнем рымскай улады і дзяржавы, са стратай рымскага набілітэту, рэзка зьмяніліся функцыі дзяржаўнай лаціны, а ў рэальным штодзённым жыцьці, на
    62
    самым нізкім (вусным) узроўні не было каму на ёй размаўляць. Лаціна памерла.
    Трэба ўлічыць, што імпэрыя (гэта значыць — імпэрская ўлада і імпэрская культура) іманэнтна, зыходзячы з сутнасьці сваёй прыроды, імкнецца зьнівіліраваць і разбурыць любы этнас, у тым ліку і свой, які даў пачатак імпэрыі.
    Мова Атаманскай імпэрыі, у адрозьненьне ад рымскай мовы, узьнікла на дэдуктыўным прынцыпе. Гэта была штучная мова, створаная на аснове старажытных моваў Усходу (у асноўным, пэрсідзкай) і абслугоўвала яна якраз толькі імпэрскую дзяржаву, арыстакратыю, чынавенства, афіцыйную культуру і ўвогуле — вярхі. Асноўны народ імпэрыі — туркі — размаўляў на сваёй народнай анаталійскай (турэцкай) мове.
    Пасьля разбурэньня і распаду Атаманскай імпэрыі новая Турцыя, будуючы новую нацыянальную дзяржаву, абаперлася якраз на народную этнічную мову, на якой размаўляў народ, і зрабіла яе дзяржаўнай мовай краіны. Тым часам мова Атаманскай імпэрыі аджыла. У ёй не было патрэбы. Са зьнікненьнем імпэрскіх вярхоў на ёй не было каму гаварыць.
    Калі мы зьвернем увагу на рускую імпэрыю (Расею), то заўважым там адначасна дзьве схемы функцыянаваньня мовы: індуктыўную, з апорай на этнас, і, ў пэўнай ступені, штучную, прыдуманую форму рускай мовы, якая ў апошнім стагоддзі значна рэдуцыравалася, дзякуючы літаратуры. Тым ня менш, улічваючы няспынную абсалютызацыю імпэрскай ідэалёгіі і адпаведна — псіхалёгіі, і беручы пад увагу таксама няспынную дэградацыю асноўнага этнасу, існуе вялікая верагоднасьць, што пры разбурэньні расейскай імпэрыі рускую мову можа напаткаць нават ня мёртвае ўжываньне, як у пострымскай сітуацыі, a глыбокі маргіналізм і звужэньне да лякальнага асяродка. (Заўважым, што ніякія інфармацыйныя сістэмы тут не дапамогуць.)
    Тое ж самае, улічваючы цяперашні працэс асаблівай дэструкцыі ангельскага этнасу, можа напаткаць і ангельскую мову. (Як гэта каму на слых ня здасца неверагодным.) Штуршок такому ходу гісторыі можа пакласьці пасьпешны ўпадак і распад Злучаных Штатаў Амэрыкі.
    Гэтакая верагоднасьць, па маіх назіраньнях, увесь час павялічваецца і абумоўлена ўнутранымі прычынамі. У ЗША беззваротна нарошчваюцца тыя ж працэсы, што некалі ў Рыме, толькі разьвіваюцца больш хуткімі тэмпамі. (Ізноў жа, паўтаруся, ніякія інфармацыйныя сістэмы тут не ўратуюць, бо сістэма — гэта прылада.)
    Імпэрыя, аказваецца, ня можа гарантаваць вечнага (і, тым больш, жывога) існаваньня імпэрскай мовы, Значна лепш гэта спраўджвае і рэалізуе нацыянальная дзяржава, якая і ўзьнікла (прынамсі, у Эўропе) у барацьбе зь імпэрыяй. (Прытым змаганьне йшло, перш за ўсё, за права існаваньня і разьвіцьцё нацыянальнай мовы.)
    * * *
    Стварэньне нацыяў і нацыянальных дзяржаваў ёсьць гістарычная зьява, якая мае ня толькі свае грамадзкія прычыны, але і храналягічныя рамкі (найперш у Эўропе). Сьцісла можна іх пазначыць ад апошняй чвэрці XVIII па першую чвэрць ХХга стагоддзяў. У гэты пэрыяд сфармаваліся і высьветліліся ўсе нацыянальныя канцэпцыі культуры, свабоды і незалежнага дзяржаўнага існаваньня,
    Як правіла, нацыянальныя рухі пачыналіся з самапазнаньня, асьветніцтва, стварэньня нацыянальнага мастацтва, літаратуры, тэатра. Потым разьвіваліся у палітычнае змаганьне зь імпэрыяй і заканчваліся стварэньнем нацыянальнай дзяржавы.
    Уражвае ў гэтым працэсе тое, што народы паўсюдна прызнавалі і паўсюдна змагаліся за дзьве асноўныя каштоўнасьці: за
    нацыянальную мову і за незалежнасьць (гэта значыць — за нацыянальную дзяржаву).
    Сэнс асьветніцкай і мастацкай дзейнасьці быў падпарадкаваны адной мэце: сцьвярджэньню нацыянальнай мовы.
    Гэтую задачу найперш узялі на сябе газэты, літаратура і асабліва вандроўныя тэатры, якія ўзьнікалі паўсюдна. Творца вэнгерскага прафэсійнага тэатра Ота Келеман, які стварыў вэнгерскую вандроўную трупу яшчэ ў канцы XVIII стагоддзя, прызначэньне свайго тэатра і тэатральнага мастацтва сфармуляваў коратка і выразна: сцьвярджэньне і прапаганда вэнгерскай мовы. (Вэнгры змагаліся тады зь нямецкім засільлем.)
    Аналягічна разумеў задачы тэатра Ігнат Буйніцкі і такія яго акторы, танцоры і сьпевакі, як Леапольд Родзевіч ды Алаіза Пашкевіч (Цётка). Гэтак жа ацэньвалі ў той час нацыянальную місію тэатра дзеячы вандроўнай сцэны на Украіне, у Малдове ды Румыніі, у Баўгарыі ды Сэрбіі, у Чэхіі, Славакіі, Летуве і г.д.
    Нацыянальныя рухі ўсьведамлялі нацыянальную мову як галоўную каштоўнасьць нацыі, сцьвярджэньню яе ў грамадзтве падпарадкоўвалі ўсю сваю нацыянальнаасьветніцкую дзейнасьць.
    * * *
    Беларуская нацыянальная ідэя рэалізавалася ў 1918 годзе, калі была створаная Беларуская Народная Рэспубліка і аб’яўлена яе незалежнасьць. Аднак неўзабаве незалежнасьць была страчаная, і нацыянальнай стабілізацыі не адбылося.
    Расейскі камуністычны генацыд і ўсе формы вынішчэньня цярпелі тры пакаленьні беларусаў. У сэнсе культурным, і асабліва — псіхалягічным, 73 гады савецкай акупацыі — гэта чорная дзіра, правал у нацыянальнай сьведамасьці народа. Калі ў 80х гадах XXга стагоддзя аднавіўся беларускі рух за незалежнасьць і за культурнае адраджэньне нацыі, новыя адраджэнцы (некаторыя з жахам і з роспаччу) убачылі, што сутыкнуліся з узроўнем нацыянальнай сьведамасьці грамадзтва, як у канцы ХІХга стагоддзя.
    Камунізм, савецкая акупацыя, вынішчэньне ўсяго беларускага фатальна затармазілі псіхалягічнае разьвіцьцё грамадзтва, дэфармавалі ўнутраны сьвет беларуса, адкінулі сьведамасьць мноства людзей да абсурднай мяжы.
    „Зачэм этат беларускі язык?”; „Какая разьніца, на какомязыке гаварыць?”; „Каму нужэн этат суверэніцет, главнае, чтобы жылась харашо ” і г.д., — вось тыповыя цьверджаньні шмат якіх пасавецку адукаваных беларусаў канца ХХга стагоддзя.
    На жаль, гэта рэальнасьць, і, як кажуць, тут не да сьмеху. Людзі з такой сьведамасьцю — ня рэдкасьць, яны трымаюць уладу, кіруюць беларускім грамадзтвам. На Беларусі адбылася кансэрвацыя саветызму палітычнымі мэтадамі, з выкарыстаньнем аўтарытарнай улады.
    Фантасмагарычнасьць сітуацыі ў тым, што пакуль вялікая частка постсавецкага беларускага грамадзтва паўтарае сэнтэнцыі, кшталту, „зачэм язык” і „какая разьніца”, ні пра якую нацыянальную і сацыяльную свабоду, ні пра якое разьвіцьцё эканомікі, ні пра які дастатак і ні пра якое годнае жыцьцё ня можа быць і гаворкі. Бо такое грамадзтва, якое ня мае агульнасьці галоўных нацыянальных каштоўнасьцяў і, тым больш, адмаўляе іх, такое грамадзтва ня ў стане абараняць свае нацыянальныя інтарэсы. Прытым ня тое, што, скажам, прыродныя рэсурсы, зямлю, фінансы, прадпрыемствы, прыродныя багацьці, але і асабістую працу. Такі беларус будзе шмат і цяжка працаваць, але заўсёды застанецца бедным, не разумеючы прычынаў сваёй беднасьці.
    Прыгадваю выпадак з пачатку 90х гадоў. У час адной з нашых дэпутацкіх паездак па Беларусі, якія практыкавалі дэпутаты Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, мне прышлося чуць у цягніку
    63
    размову нашых сяброўдэпутатаў з адным заслужаным пэнсіянерамнастаўнікам. Заслужаны настаўнік, беларус, з гонарам расказваў паруску, колькі добрых людзей ён навучыў за жыцьцё. Адзін — генэралам у Мурманску, нехта выехаў у Акадэмію навук у Пецярбург, хтосьці цяпер жыве і нешта робіць важнае ў Растове, нехта — спэцыялістам у Навасібірску, а ягоных двох сыноў, дык уладкаваліся ў Маскве. Адзін — выкладчык ва ўнівэрсітэце, а другі — інжэнер, нечым там кіруе, жаніўся на маскоўцы і ўжо гадуе двох дзяцей. Настаўнік быў вельмі задаволены.
    — А якая ў вас пэнсія? — пацікавіліся ў настаўніка.
    — Ой, ведаеце, малаватая, — пажаліўся ён. — Я яшчэ падпрацоўваю, маю некалькі гадзінаў у школе, бо пэнсіі не хапае.
    — Чаму ж так? — запыталіся ў яго. Настаўнік разьвёў рукамі.
    — А цяпер вось глядзіце, — заўважылі мае калегі. — Вы ўсё жыцьцё працавалі, навучалі беларусаў на рускай мове. Беларускі ўнівэрсітэт (таксама на рускай мове) падрыхтаваў зь іх спэцыялістаў, якія паехалі ў Расею і пачалі там працаваць, a значыцца даваць прыбытак рускай дзяржаве і плаціць падаткі ў рускі бюджэт. На адукацыю гэтых спэцыялістаў, на навучаньне іх рускай мове Расея не затраціла ні капейкі. Гэта вынік вашай працы. А дзе ж ён, гэты вынік, для вас? Дзе ваш прыбытак? 3 чаго ваша пэнсія, з чыйго бюджэту?
    — Праўда.., — зьдзівіўся настаўнік.
    — А што б было, калі б уся адукацыя была пабеларуску ў сістэме дзяржаўнай беларускай мовы? — прадаўжалі мы. — Куды была б найперш ськіраваная ўвага нашых маладых спэцыялістаў і ваш „труд”? Аб’ектыўна — ці ж не на вашыя інтарэсы? А што было б, калі б усю беларускую адукацыю перавесьці на ангельскую мову? — працягвалі мы далей. — Да каго б мы былі прывязаныя і дзе б палягала тады прычына нашай беднасьці і бядоты: на Усходзе ці на Захадзе?
    Настаўнік быў крыху ашаломлены. Гэты савецкі інтэлігент ніколі не задумваўся над такімі пытаньнямі. Але гэтакая размова была б нармальнай дзенебудзь у 1890х у вагоне ЛібаваРовенскай чыгункі, а не цяпер, праз сто гадоў, калі час для многіх беларусаў адначасна зьмяніўся і адначасна, як бачым, спыніўся ў самым пачатку.