Новае стагоддзе
Зянон Пазьняк
Выдавец: Беларускія Ведамасьці
Памер: 108с.
Варшава, Вільня 2002
Толькі праз сто гадоў другі раз нарадзіўся яшчэ адзін беларускі Міцкевіч, якога народ ужо ня страціў. Ён стаў Коласам на роднай ніве. Ягоная „Новая Зямля” ёсьць найвялікшым шэдэўрам і праграмным творам беларускага існаваньня. Перамагла беларуская мова.
* * *
Падсумоўваючы размову аб апорнасьці (цэнтральнасьці) беларускай мовы на ўзроўні вышэйшых дачыненьняў жыцьця нацыі і азіраючыся на пройдзены гістарычны шлях супраціўленьня і выжываньня, з палёгкай адзначаю, што ў неверагодна цяжкіх умовах безвыходнасьці і страт беларусы здолелі абмінуць найбольш небясьпечныя камяні, пасткі магчымых будучых няшчасьцяў і пазьбеглі разбуральнай бяды. Мы шмат страцілі: і сталіцу, і велізарныя тэрыторыі, і мільёны насельніцтва, але захавалі ўнітарнасьць нацыі, адзінства культуры і адзінства народу пры шматлікасьці канфэсіяў. Пры невысокім (пакуль што) узроўні нацыянальнага пачуцьця нас, беларусаў, аб’ядноўвае, перш за ўсё, наша культура, гісторыя, мова і не разьядноўвае рэлігія.
Гэта вялікае народнае дасягненьне. У змаганьні з імпэрыяй мы пазьбегнулі таго, ад чаго не зьберагліся некаторыя іншыя народы (ірляндцы, сэрбахарваты, ліванцы і г.д.) — канфэсійнай нянавісьці. Беларусам не змаглі навязаць канфэсійны разлом нацыі, мы разумна абмінулі той час, калі такое магло стацца.
Псіхалягічнаму адзінству і талеранцыі беларусаў паспрыялі
самы падзеі: пратэстантызм і зьнішчэньне пратэстантызму, Вунія і потым зьнішчэньне Вуніі рускімі, затым насаджэньне рускага праваслаўя ды палянізацыя тутэйшага каталіцызму, а потым перасьлед усялякай рэлігіі бальшавікамі і г.д. Народ адчуў, што канфэсія ня ёсьць тым грунтам, на які можна моцна абаперціся. Вывад, які стыхійна быў зроблены з гістарычных пераменаў і які адпавядаў псіхалягічнаму складу беларуса, такі: з суседзямі трэба жыць згодна. Беларус ня любіць канфліктаваць. Гэта той выпадак, калі нашыя сацыяльныя недахопы зьяўляюцца працягам нашых гістарычных пераваг.
Мы, прывыклыя да нармальнага людзкага абыходжаньня адзін з адным, не зважаючы на рознасьць, часам недаацэньваем гэтае сваё жыцьцё.
Каб ацаніць сябе, варта глянуць на іншыя месцы ў стыку былых імпэрыяў. Сэрбахарвацкі народ (а гэта адзін народ) гаворыць на адной сэрбахарвацкай мове (таксама ў Босьні, Чарнагоры і Герцагавіне). Толькі для заходняга насельніцтва (харватаў) яна пішацца лацінкай, для ўсходняга (сэрбаў) — кірыліцай. Усходнія — праваслаўныя, заходнія — каталікі. Кожныя маюць сваю дзяржаву і пры нагодзе ненавідзяць адзін аднаго ды рэжуць з такой лютасьцю, што па сёньняшні дзень ня ў стане разабрацца з гэтым нават Гаагскі Трыбунал. (Я ўжо не кажу пра сэрбахарватаў мусульманаў у Босьні і Герцагавіне.)
Такія ж самыя пэрспэктывы, такая ж небясьпека падсьцерагала ў гісторыі і нас, беларусаў. Больш таго, — нас штурхалі да гэтага нашыя непрыяцелі (а некаторыя, найбольш тупыя, штурхаюць яшчэ й цяпер). Але нічога не дамагліся. To ці ж ня мудры, ці не вялікі наш Беларускі Народ!
Апошняя фармальная небясьпека нацыянальнага расколу была абмінута ў 1912 годзе, калі беларускія адраджэнцы, згуртаваныя вакол падпольнай БСГ (Грамады) і легальнай „Нашай Нівы” (з большага — каталікі) выраіііылі, што трэба ўжываць для газэты адзіны альфабэт, апыталі чытачоў і перайшлі толькі на кірыліцу. (Раней газэта друкавалася падвойна: на кірыліцы і на лацінцы.)
Рашэньне было разумным і правільным. Патрэбны быў толькі адзін альфабэт, і толькі на кірыліцы трэба было пісаць і друкаваць тым, хто рэальна ацэньваў рэчаіснасьць, ведаў гісторыю, думаў пра беларускае Адраджэньне і адзінства нацыі. Цяпер, як кажуць валійцы, мы ўжо за вуглом.
* * *
Ужо дзьвесьце гадоў беларусы прыглядаюцца да сябе, як бы шукаючы прычынаў народнай бяды і выйсьця з залежнага стану.
Выйсьце заўсёды ёсьць. Хаця б, напрыклад, падрыхтаваць станоўчыя палітычныя зьмены. Але, папершае, гэтыя зьмены трэба зрабіць самым. Другое — як бы і куды б мы ні „выходзілі”, мы заўсёды спаткаемся самы з сабой. Адсюль усё і пачынаецца: з унутранага (індывідуальнага і грамадзкага) усьведамленьня нацыянальных патрэбаў і нацыянальнай неабходнасьці, з гатовасьці рабіць, як трэба, а не „як хочацца”, са спадзяваньня на сябе.
Патрэбная духоўная асьветніцкая праца, культурная і палітычная, вялікая і штодзённая, бо нічога само не адбудзецца, ніхто для нас нічога ня зробіць, нічога ня „дасьць”. Беларуская інтэлігенцыя, часам, забываецца пра гэта і чакае нечага ад „народу”, абураючыся за бязьдзейнасьць. Аднак, у пэрыяд апатыі, у міжчасьсі якраз толькі нацыянальная эліта можа і мусіць дапамагчы народу ўсьвядоміць свой грунт, адчуць сілу, расплюшчыць вочы, пракласьці шлях у вечныя каштоўнасьці нацыі, ў храм, які здольны пабудаваць усе разам.
120 лістапада 2001г., НьюЁркВаршава.
73
4. БЕЛАРУСКАЯ
ТЭРЫТОРЫЯ I ПРЫРОДА
Кожны народ жыве на сваёй зямлі, якая зьяўляецца ягонай тэрыторыяй. Гісторыя сьведчыць, што тэрыторыя была і ёсьць найгалоўнейшым нацыянальным багацьцем, найвялікшым народным дабром.
Кожны народ імкнуўся абараніць сваю жыцьцёвую прастору, a некаторыя — пашырыць яе за кошт іншых. За тэрыторыю ішло змаганьне і бясконцыя войны.
Зьява і паняцьце прасторы ёсьць паважная праблема філясофіі, матэматыкі і фізічных навукаў. Прастора, злучаная з часам (ці дакладней — „прасторачас"), ёсьць асновай быцьця фізічнага сьвету. (Гэта значыць — рухомай рэальнасьці, сьвету, у якім мы жывём.)
Прасторавыя парамэтры формы і руху (існаваньня) мусіць мець любое цела, элемэнт, часьцінка ці стан часьцінкі (хваля) на ўсіх узроўнях фізічнага сьвету. Але ўсьведамленьне, пачуцьцё жыцьцёвай прасторы ўласьцівае толькі істотам жывой прыроды.
Усялякі жывы індывідыум (асобіна) акрэсьлівае сваю прастору (гэта значыць межы, у якіх існуе, рухаецца). Прытым, чым больш высокая біялягічная і псіхічная арганізацыя жывой істоты, тым больш выразнае акрэсьленьне ёй сваёй прасторы. Найбольш абазначана яна ў чалавека, што выклікала адпаведныя сацыяльныя формы яе працягу (кшталтаваньне жыльля, уласнасьці, недатыкальнасьці асобы і г.д.).
Сацыяльнае асэнсаваньне сваёй індывідуальнай прасторы чалавекам не заўсёды супадае з рэалізацыяй. Яно можа розьніцца, не супадаць з магчымасьцямі, залежыць найперш ад узроўню разьвіцьця і культуры грамадзтва.
Няроўныя таксама біялягічныя інстынкты адчуваньня ўласнай прасторы, зьвязаныя непасрэдна з целам. Спэцыялісты адзначаюць, напрыклад, значную шырыню індывідуальнай (біялягічнай) прасторы ў нашчадкаў англасаксаў і кельтаў і іншыя (меншыя ці большыя) парамэтры ўспрыняцьця яе ў прадстаўнікоў суседніх зь імі этнічных супольнасьцяў і групаў.
3 таго, што мне ўдалося назіраць асабіста, ездзячы па сьвеце, я магу толькі пацьвердзіць агульныя меркаваньні. Людзі ў Амэрыцы, напрыклад (нават у такім тлумным і выключным горадзе, як НьюЁрк), на вуліцах, у транспарце, у грамадзкіх, гандлёвых месцах, у чэргах — усюды, практычна, не датыкаюцца адзін да аднаго. Калі ў вузкім месцы, на вуліцы, на эскалатары, у вагоне ці ў краме вас мінаюць, то абавязкова просяць прабачэньня. Гэта азначае, што, маўляў, выбачайце, я небясьпечна мінаю вашу тэрыторыю, але я добра да вас настроены, толькі павінен тут прайсьці.
Калі нехта, напрыклад, у чарзе (дзе стаяць, як правіла, амаль што за мэтр адзін ад аднаго) незнарок даткнуўся да іншага, то іншы недаўменна адварочваецца і глядзіць, у чым справа, чаго ад яго хочуць. Таму сітуацыя, каб нехта не заўважыў, што даткнуўся да іншага і не папрасіў бы прабачэньня, проста выключаецца. Інакш — гэта нядобрая сітуацыя.
За пяць гадоў пэрыядычнага знаходжаньня ў Амэрыцы, іншых, скажам так, „тэрытарыяльных” адносінаў між людзьмі — я не назіраў. Тым часам за гэты пэрыяд я ні разу ня бачыў, каб нехта ў гарадзкім транспарце (мэтро ці аўтобусе) саступіў месца старому, калеку ці жанчыне. Людзі (сталыя і маладыя) проста ня ведаюць, што так трэба рабіць. Іх такому не навучылі.
Гэтыя два прыклады праяўленьня сацыяльнай культуры маюць рознае падложжа: з аднаго боку — абкультураны інстынкт пачуцьця прасторы, з другога — маральны нуль, не прыгнечаны тэрытарыяльны эгаізм асобіны.
Абкультураны інстынкт, разуменьне тэрытарыяльнага права,
павага да шырокай індывідуальнай прасторы чалавека спрыяе прыязным дачыненьням паміж людзьмі.
Грамадзтва, дзе ў масе, у натоўпе не датыкаюцца адзін да аднаго, не штурхаюцца, не зьневажаюць, не гавораць грубых словаў, стварае добрыя ўмовы для самапачуцьця асобы. I наадварот: там, дзе адсутнічае пашана да прасторавай аўтаноміі чалавека, адбываецца нарастаньне азлобленасьці і агрэсіі.
Раней, за саветамі, мне рэгулярна прыходзілася назіраць такую карціну. Падыходзіць пусты вясковы аўтобус. Ля дзьвярэй скапліваецца натоўп, чалавек 1520 і шчыльна ціснуцца, чакаюць, пакуль шофер сходзіць у аўтобусную станцыю, вернецца і адчыніць дзьверы. Зь вяртаньнем шафёра ціск павялічваецца, куча робіцца нібы адзінае цела, і, калі дзьверы адчыняюцца, яно — гэтае сьціснутае чалавекацела з жанчынаў і мужчынаў — не адразу можа нават зайсьці праз праём у пусты аўтобус. Нарэшце прарываюцца першыя, ускокваюць унутр і, штурхаючыся, з шумам разьбягаюцца па салоне.
Калі потым спакойна зайсьці ў аўтобус, то людзі ўжо сядзяць, стаяць і размаўляюць між сабой, як ні ў чым ні бывала. Ніхто не адчувае ні зьбянтэжанасьці, ні прыніжэньня, ні сораму за тое, што толькі што адбывалася перад зачыненымі дзьвярыма.
Тут жа побач, за рэспубліканскай мяжой, у балтыйскіх суседзяў, быў той жа сацыялізм, тыя ж калгасы, такі ж узровень жыцьця, практычна, такі ж узровень бытавой культуры і тыя ж савецкія аўтобусы, „ПАЗы” ды „ЛАЗы”, але не стваралася перад імі гэтакае „чалавекацела”.
Я прывёў адзінкавы прыклад. Але „чалавекацела” у нас узьнікае ўсюды, часта — зь нечаканай нагоды, без аніякай лягічнай неабходнасьці і абгрунтаваньня. Мы лічылі гэта раней вынікам дэфіцытнага сацыялізму.
Можна дыскутаваць аб бытавой культуры, аб неабкультуранасьці прыродных інстынктаў, і тут — рацыя. Але ў падложжы гэтай неабкультуранасьці — розны маштаб асэнсаваньня ўласнай прасторы, рознае адчуваньне індывідуальнай тэрыторыі.
Напрошваецца лапідарнае пытаньне: ці не карэлюецца маштаб асэнсаваньня ўласнай прасторы індывідыумам з патрэбнасьцю індывідуальнай свабоды? Напрасткі тут нічога не карэлюецца. Гэта відавочна. Хоць і можна выявіць пэўныя сувязі. Mae значэньне, аднак, сама зьява, сам фэнамэн індывідуальнай прасторы, які ў вельмі адметны і сваісты спосаб праяўляецца на калектыўным, грамадзкім узроўні быцьця людзей як народу, калі ягоная тэрыторыя ёсьць неад’емнай часткай народнага існаваньня.