• Газеты, часопісы і г.д.
  • Олівер Твіст  Чарльз Дыкенс

    Олівер Твіст

    Чарльз Дыкенс

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 456с.
    Мінск 2010
    105.69 МБ
    — Есць у твары хлопчыка нешта, — прамовіў ён сам сабе, адыходзячы ад дзвярэй і паляпваючы кніжкай сябе па барадзе, — нешта, што выклікае сімпатыю і цікавасць. Можа, ён невінаваты? Яго выгляд... Так, дарэчы! — ускрыкнуў стары джэнтльмен, раптам спыніўшыся і ўтаропіўшыся ў неба. — Прамілы Божа, дзе я мог бачыць раней такі пагляд?
    Паразважаўшы колькі хвіляў, стары джэнтльмен гэтаксама засяроджана ўвайшоў у чакальню перад пакоем суддзі і там, прыткнуўшыся ў кутку, паклікаў перад сваё ўнутранае вока цэлы амфітэатр твараў, зацененых пыльнай заслонай забыцця ўжо шмат гадоў.
    — He, — прамовіў нарэшце стары джэтльмен. — Пэўна, мне здалося.
    Ён агледзеў іх яшчэ раз. Паклікаўшы, нялёгка было зноў апусціць перад імі заслону, якая так доўга іх хавала. Тут былі твары сяброў і ворагаў; многіх людзей, якія цяпер назольна выглядвалі з натоўпу, ён амаль не ведаў. Тут былі твары маладых, квітнеючых дзяўчат, якія цяпер — старыя кабеты. Былі твары,
    якія змяніла і пагасіла магіла, але розум, насуперак ёй, усё яшчэ апранаў іх у колішнюю свежасць і прыгажосць, аднаўляючы бляск вачэй, шчырасць усмешкі, ззянне душы, якія праз маску тла нашэптвалі пра хараство па-за магілай, якое было страчана толькі для таго, каб быць паднятым на неба, было ўзята з зямлі, каб стала магчымым паслаць яго назад як прамень святла, лагодна і мякка асвятліць шлях на Нябёсы.
    Але стары джэнтльмен не мог згадаць ніводнага аблічча, у якім можна было б знайсці рысы твару Олівера. Глыбока ўздыхнуўшы, ён развітаўся з успамінамі, якія абудзіў у сабе; на сваё шчасце, быў ён усяго толькі рассеяным старым джэнтльменам, таму схаваў іх зноў у пажоўклыя старонкі кніжкі.
    3 заглыбленасці ў чытанне ён вярнуўся да рэчаіснасці, калі дзядзька з ключамі крануў яго за плячо і прапанаваў ісці следам за ім у офіс. Стары джэнтльмен паспешліва загарнуў кніжку і неўзабаве ўжо стаяў перад велічнай, унушальнай постаццю містэра Фэнга.
    Офіс суддзі знаходзіўся ў наступным пакоі. Сцены ў ім былі аздобленыя панэлямі. Містэр Фэнг сядзеў за канторкай у дальнім канцы пакоя. 3 аднаго боку дзвярэй было нешта накшталт драўлянай загародкі, куды ўжо загналі беднага малога Олівера. Ад жахлівасці становішча ён увесь дрыжаў.
    Містэр Фэнг быў вельмі худы, стрункі мужчына сярэдняга росту; галава ягоная зверху была з плехам, а рэшта валасоў расла ззаду і па баках галавы. Ягоны твар быў пануры і надта чырвоны. Калі б містэр Фэнг насамрэч не прызвычаіўся піць звыш усялякай меры, дык ён мог бы падаць у суд іск на свой жа твар за паклёп і адсудзіць ладныя грошы.
    Стары джэнтльмен з павагай кіўнуў, наблізіўся да судзейскага пульта і, спалучыўшы дзею і слова, вымавіў:
    —	Вось маё прозвішча і адрас, сэр.
    Потым ён адступіў на крок ці два, яшчэ раз ветліва нахіліў галаву і стаў чакаць пытанняў.
    Так здарылася, што якраз у гэты час містэр Фэнг праглядаў перадавіцу ў ранішняй газеце, якая звяртала ўвагу на адно з яго нядаўніх рашэнняў і ў трыста пяцідзясяты раз раіла міністру
    ўнутраных спраў звярнуць на яго надзвычайную і асаблівую ўвагу. Суддзя быў не ў гуморы і злосна зірнуў на наведвальніка.
    —Хто вы такі? — спытаў містэр Фэнг.
    Стары джэнтльмен з некаторым здзіўленнем паказаў на візітоўку.
    — Палісмен! — сказаў містэр Фэнг, з пагардай адкідваючы ўбок газету разам з візітоўкай. — Што гэта за чалавек такі тут?
    — Мяне завуць, сэр, — азваўся стары джэнтльмен, прычым прамаўляў ён менавіта як джэнтльмен, — мяне завуць Браўнлоў. Дазвольце мне даведацца імя суддзі, які пад аховай сваёй пасады беспадстаўна, без дай прычыны абражае шаноўную асобу.
    Сказаўшы гэта, містэр Браўнлоў агледзеў офіс, нібыта ён шукаў некага, хто даў бы яму патрэбную інфармацыю.
    — Палісмен! — выгукнуў містэр Фэнг, кінуўшы ўбок аркуш паперы. — У чым абвінавачваецца гэты тып?
    — Ён зусім не абвінавачваецца, ваша міласць, — адказаў палісмен. — Ен тут па справе хлопчыка.
    Яго міласць выдатна гэта ведаў, але не мог абмінуць такой добрай і бяспечнай адтуліны, каб выпусціць раздражнепне.
    — Што, сапраўды? — спытаў містэр Фэнг, пагардліва мераючы містэра Браўнлоў позіркам з галавы да пят. — Прывядзіце яго да прысягі!
    — Перад тым, як быць прыведзеным да прысягі, прашу даць мне магчымасць сказаць толькі адно слова, — прамовіў містэр Браўнлоў, — а менавіта: я хачу сказаць, што насамрэч ніколі не паверыў бы, каб не ўпэўніўся на ўласным досведзе...
    —Заткніцеся, сэр! — звысоку загадаў містэр Фэнг.
    — I не падумаю, сэр, — быў адказ старога джэнтльмена.
    —Ану, закрыйце рот ураз, або я загадаю выкінуць вас з памяшкання! — прыкрыкнуў містэр Фэнг. — Вы нахабны чалавек! Як вы можаце пярэчыць суддзі!
    — Што? — усклікнуў, чырванеючы, стары джэнтльмен.
    — Прывядзіце гэтую асобу да прысягі! — загадаў містэр Фэнг клерку. — Каб я больш не чуў ні слова. Выконвайце.
    Раздражненне захліснула містэра Браўнлоў, аднак ён, відаць, падумаў, што можа нашкодзіць хлопчыку, калі дасць bo-
    лю сваім пачуццям, авалодаў сабой і згадзіўся, каб яго адразу прывялі да прысягі.
    — Ну, цяпер можна казаць і пра хлопчыка. Якое там супраць яго высунутае абвінавачанне? Што вы маеце сказаць, сэр?
    —Я стаяў ля кніжнага шапіка, — пачаў містэр Браўнлоў.
    — Патрымайце язык за зубамі, сэр! — сказаў містэр Фэнг. — Палісмен! Дзе палісмен! Давайце, прывядзіце да прысягі палісмена. Ну, палісмен, дык што там было?
    Палісмен з належнай ціхмянасцю паведаміў, як ён затрымаў абвінавачанага, як абшукаў яго і нічога пры ім не знайшоў; распавёў пра акалічнасці.
    — Ці ёсць сведкі? — пацікавіўся містэр Фэнг.
    — Ніводнага, ваша міласць, — адказаў палісмен.
    Містэр Фэнг пасядзеў колькі хвілін моўчкі, потым павярнуўся да пацярпелага і, наліваючыся агрэсіяй, прамовіў:
    —Дык вы скажаце, у чым вы абвінавачваеце хлопчыка, вы, тыпус, ці не? Вас прывялі да прысягі. Цяпер вы стаіцё тут і адмаўляецеся сведчыць. Я пакараю вас за непавагу да суда, вось пабачыце, клянуся...
    Кім ці чым ён клянецца, так і засталося невядомым, бо якраз у належны момант клерк і наглядчык вязніцы гучна чыхнулі, a першы яшчэ і выпусціў з рук цяжкую кнігу. Тым самым яны перашкодзілі таму, каб слова было пачутым, — выпадкова перашкодзілі, зразумелая справа.
    Містэр Браўнлоў неяк агораў, хоць яго шматкроць перапынялі новымі абразамі, распавесці сваю гісторыю. Ён расказаў, што пад уражаннем здарэння бег за хлопчыкам таму, што той ад яго ўцякаў, і выказваў спадзяванне на тое, што суддзя, абвінаваціўшы яго не ў злодзействе, а ў супольніцтве са злодзеямі, абыдзецца з ім настолькі мякка, як гэта дазваляе закон.
    — Ен ужо атрымаў пакаранне, — сказаў на заканчэнне стары джэнтльмен. — I я баюся, — дадаў ён з вялікай экспрэсіяй, гледзячы ў бок канторкі, — я напраўдзе баюся, што хлопчык вельмі хворы.
    —А як жа! Справа зразумелая, — сказаў з ухмылкай містэр Фэнг. — He, маленькі ты бадзяга, ніводзін з тваіх трукаў тут не спрацуе. Як цябе завуць?
    Олівер паспрабаваў адказаць, але язык адмовіўся падпарадкоўвацца яму. Ён збялеў, і ўсё паплыло перад яго вачыма.
    —Як цябе завуць, скончаны нягоднік? — дапытваўся містэр Фэнг. — Палісмен, як яго завуць?
    Гэты запыт быў скіраваны да каржакаватага шаноўнага веку дзядзькі ў паласатай камізэльцы, які стаяў ля канторкі. Той нахіліўся да Олівера і паўтарыў пытанне, але бачачы, што той не можа зразумець, чаго ад яго хочуць, і ведаючы, што калі хлопчык не адкажа, дык гэта яшчэ больш раз’ятрыць суддзю, дадасць строгасці прысуду, ён рызыкнуў адказаць сам.
    — Ен кажа, што яго завуць Том Уайт, ваша міласць, — адказаў міласэрны лавец злодзеяў.
    — Ен што, не хоча гаварыць? — спытаў містэр Фэнг. — Добра, добра. Адкуль ён?
    —Жыве там, дзе надасца, ваша міласць, — адказаў палісмен, зноў імітуючы, што ён перадае адказ Олівера.
    —У яго ёсць бацькі? — запытаўся містэр Фэнг.
    — Ен кажа, што памерлі, калі ён быў яшчэ дзіцём, сэр, — азваўся палісмен па колішняй схеме.
    Тут Олівер падняў галаву і з умольным позіркам ледзь чутна папрасіў глыток вады.
    —Лухта і малпаванне! — быў адказ містэра Фэнга. — He спрабуй абдурыць мяне.
    —Мне здаецца, што ён сапраўды хворы, — запярэчыў палісмен.
    — Мне гэта ведама лепш, — адказаў містэр Фэнг.
    —Трымайце яго, палісмен, ён зараз упадзе, — сказаў стары джэнтльмен, інстынктыўна падымаючы руку.
    —Адысці ўбок, палісмен! — загадаў містэр Фэнг. — Няхай валіцца, калі яму ахвота.
    Олівер скарыстаўся з міласцівага дазволу, самлеў і цяжка ўпаў на падлогу. Мужчыны ў офісе паглядзелі адзін на аднаго, але ніхто не асмеліўся што-небудзь зрабіць.
    —Я ведаў, што ён прыкідваецца, — сказаў містэр Фэнг, як быццам гэта было доказам. — Няхай паляжыць. Хутка яму надакучыць ляжаць.
    — Як вы думаеце вырашыць справу, сэр? — ціхім голасам запытаў клерк.
    — Вельмі проста, — адказаў містэр Фэнг. — Ён асуджаецца на тры месяцы, — зразумела, на цяжкіх працах. Усім выйсці з памяшкання!
    Адчынілі дзверы, і некалькі мужчын наважыліся было несці самлелага хлапчука ў камеру, але тут у офіс шпарка зайшоў дзядзька сталага ўжо веку. Выглядаў ён прыстойна, але бедна, быў адзеты ў стары чорны касцюм. Ен накіраваўся да канторкі.
    — Стойце, стойце, не выносьце яго! Дзеля Бога святога. Пастойце хвілю! — крычаў дзядзька, запыханы ад хуткай хады.
    Хоць духі, якія выконваюць уладныя функцыі ў такіх офісах, як гэты, маюць поўную і неабмежаваную ўладу над свабодай, рэпутацыяй, лёсам, адно што не над жыццём падданых Яе Вялікасці, у асаблівасці тых, хто належыць да бяднейшых класаў, і хоць у гэтых сценах штодня пракручваюцца такія махлярствы, што анёлы маглі б выплакаць вочы, яны, гэтыя махлярствы, невядомыя грамадству, хіба толькі тое-сёе часам трапіць у прэсу. Таму містэр Фэнг нямала абурыўся, калі ўбачыў, што няпрошаны госць так безуважна парушыў парадак.
    — Што такое? Хто гэта? Завярніце гэтага чалавека. Усім пакінуць памяшканне! — закрычаў містэр Фэнг.
    — Я хачу гаварыць! — крыкнуў у адказ дзядзька. — He атрымаецца ў вас завярнуць мяне. Я ўсё бачыў. Я ўладальнік кніжнага шапіка. Патрабую, каб мяне прывялі да прысягі. He ўдасца адсунуць мяне ўбок. Містэр Фэнг, вы абавязаны выслухаць мяне. Вы не можаце адмовіць, сэр.
    Праўда была на баку чалавека. Ен паводзіў сябе рашуча і ўпэўнена, і справа прымала выгляд занадта сур’ёзны, каб яе можна было замазаць.