Олівер Твіст
Чарльз Дыкенс
Выдавец: Галіяфы
Памер: 456с.
Мінск 2010
— He болей, — згадзіўся габрэй, які ўвесь час пра нешта думаў і пачуў толькі апошнюю фразу. — Біл!
— Ну, што яшчэ? — запытаў Сайкс.
Габрэй кіўнуў галавой у бок Нэнсі, якая ўсё яшчэ, не адводзячы вачэй, глядзела на агонь, і знакамі паказаў, што ён хацеў бы, каб яна выйшла. Сайкс нецярпліва паціснуў плячыма, як быццам ён думаў, што перасцярога залішняя, але тым не менш паслухаўся і загадаў Нэнсі прынесці яму куфаль піва.
— Ніякага піва ты не хочаш, — Нэнсі склала рукі і засталася сядзець ля каміна, як быццам нічога не здарылася.
—А я кажу, што хачу! — закрычаў Сайкс.
—Лухта, — халодным тонам запярэчыла дзяўчына. — Працягвай, Фэджын. Я ведаю, што ён хоча сказаць, Біл, яму няма чаго хаваць ад мяне.
Габрэй вагаўся. Сайкс з пэўным здзіўленнем глядзеў то на габрэя, то на дзяўчыну.
—Дык што, хай застаецца, як, Фэджын? — нарэшце спытаўся ён. — Ты ведаеш яе даволі доўга, каб давяраць; яна ж не з балбатлівых. Хіба д’ябал тут улезе, а так усё будзе чын-чынаром, так, Нэнсі?
—А як жа! — адказала маладая лэдзі, падсунула сваё крэсла бліжэй да стала і села, абапёршыся локцямі на стол.
— He, мая даражэнькая, ты не з балбатлівых, але... — і стары зноў запнуўся.
—Але што? — пацікавіўся Сайкс.
—Я не ведаю: можа, яна зноў выйдзе з берагоў, як тым вечарам, ты ж помніш, даражэнькі, — адказаў габрэй.
Пачуўшы гэтае прызнанне, Нэнсі гучна засмяялася, нагбом выпіла шклянку брэндзі, з выклікам патрэсла галавой і выкрыкнула пару фраз кшталту «Гуляй далей», «Не губляй надзеі» і да таго падобныя. Гэта відавочна заспакоіла абодвух джэнтльменаў, бо габрэй з задаволеным выглядам пахітаў галавой і сеў на месца. Тое самае зрабіў і містэр Сайкс.
—А цяпер, Фэджын, — сказала, смеючыся, Нэнсі, — адразу кажы Білу пра Олівера.
—Так, так, разумніца, даражэнькая мая; больш праніклівай дзяўчыны я не сустракаў, — зазначыў габрэй, паляпваючы Нэнсі па шыі. — Сапраўды, я збіраўся гаварыць пра Олівера, ха-ха-ха!
— I што пра Олівера? — запатрабаваў Сайкс.
— Гэта якраз той хлопчык, які патрэбен табе, мой даражэнькі, — адказаў габрэй хрыпатым шэптам, прыставіўшы палец да носа і гідка ўсміхаючыся.
—Ен? — не даў веры Сайкс.
— Вазьмі яго, Біл! — сказала Нэнсі. — Я ўзяла б, каб была на тваім месцы. Ен не такі падрослы, як іншыя, але ж табе не гэта трэба, ён жа толькі мае адамкнуць знутры дзверы. Будзь пэўны, Біл, на яго можна спадзявацца без сумневаў.
—Я пэўна кажу, што так, — пацвердзіў габрэй. — За апошнія пару тыдняў я добра яго памуштраваў, і цяпер прыйшоў час яму самому зарабляць на хлеб. Акрамя таго, іншыя ўсе занадта вялікія.
—Так, што да росту, то ён якраз прыдасца, — раздумліва сказаў Сайкс.
— I зробіць усё, што ты пажадаеш, Біл, мой даражэнькі, — уставіў габрэй. — Ен не мае іншага выйсця. Толькі прыпалохаеш яго як след.
—Прыпалохаць! — адгукнуўся Сайкс. — Загіомніце, я не проста запалохаю яго. Калі мы пачнём працаваць, і ён стане адлыньваць або выкручвацца, хоць на пені, хоць на фунт, — папомніш маё слова, Фэджын: не ўбачыце яго больш жывым. Падумайце яшчэ раз, перш чым пасылаць яго да мяне, — сказаў рабаўнік, паказваючы на жалезны лом, які ён выцягнуў з-пад ложка.
—Я ўсё ўжо абдумаў, — энергічна прамовіў габрэй. — Я... я даўно ўжо пільна сачу за ім, мае даражэнькія, пільна сачу. Трэба адзін раз даць адчуць яму, што ён адзін з нас, адзін раз убіць яму ў галаву, што ён злодзей — і ён наш! Наш на ўсё жыццё! Але! Так дарэчы ўсё складваецца!
Стары скрыжаваў рукі на грудзях, уцягнуў галаву — здавалася, ён сам сябе абдымаў ад радасці.
— Наш! — сказаў Сайкс. — Ты маеш на ўвазе — твой.
— Можа быць, даражэнькі, — адказаў габрэй і пранізліва захіхікаў. — Калі ты хочаш, Біл, няхай будзе мой.
— Што ж, — панура сказаў Сайкс, злосна гледзячы на свайго згодлівага сябра, — што ж прымушае цябе так цацкацца з нейкім задрыпам, ведаючы, што кожны вечар на Коман Гардэн віруе штук пяцьдзясят падшыванцаў, і з іх можна ўзяць кожнага?
—Таму што ад іх — нуль карысці, даражэнькі, — растлумачыў крыху збіты з панталыку габрэй. — Няма пра што казаць. Калі яны заляцяць, то іх выдасць іхняя фізіяномія — і яны прапалі. Калі папрацаваць як належыць, мой даражэнькі, то ад гэтага хлопчыка будзе аддача? як ад дваццаці іншых. Да таго ж, — дадаў габрэй, крыху ачуняўшы ад разгубленасці, — ён закладзе нас толькі тады, калі ўцячэ ад нас, таму ён павінен быць з намі ў адной лодцы. Ці не ўсё роўна, пры якіх абставінах гэтае яднанне
адбудзецца? Маёй улады над ім дастаткова, каб прымусіць яго ўзяць удзел у рабаўніцтве, — і гэта ўсё, што патрэбна. Да таго ж, гэта шмат лепш, чым прыбраць з дарогі беднага маленькага хлопчыка: гэта было б небяспечна, ды і страцілі б мы на гэтым.
— На які дзень дамовіліся? — Нэнсі сваім пытаннем перашкодзіла Сайксу выразна і адназначна адказаць на чалавекалюбныя патугі Фэджына.
— Але, каб быць ужо пэўным, на калі дамовіліся, Біл? — далучыўся габрэй.
-Мы з Тобі планавалі, што ўначы пазаўтра, — змрочным голасам азваўся Сайкс, — калі толькі я не дам адбою.
—Добра, — сказаў габрэй, — месяца не будзе.
— He, — пацвердзіў Сайкс.
— Ці ўсё падрыхтавана, каб знесці здабычу? — спытаў габрэй.
Сайкс кіўнуў.
—I наконт таго...
— I, а, о... Усё спланавана, — перапыніў яго Сайкс. — Няма чаго ўлазіць у дэталі. Лепш прывядзі сюды заўтра позна ўвечары хлопчыка. Аты трымай язык на прывязі, ды падрыхтуй тыгель. Вось і ўсё, што ад цябе трэба.
Пасля невялікага абмеркавання, у якім усе трое ўзялі актыўны ўдзел, было вырашана, што заўтра, калі возьмецца на прыцемкі, Нэнсі пойдзе да габрэя і возьме з сабой Олівера. Тут Фэджын уставіў, што пры любым адхіленні ад дамоўленасці будзе сачыць за дзяўчынай з большай ахвотай, чым хто іншы, бо ж яна паказала сябе нядаўна як заступніца Олівера. Таксама ўрачыста прынялі рашэнне, што дзеля запланаванай экспедыцыі бедны Олівер цалкам будзе аддадзены пад увагу і апеку містэра Уільяма Сайкса і што згаданы містэр Сайкс будзе абыходзіцца з ім так, як знойдзе належным, і не будзе прыцягнуты габрэем да адказнасці, калі хлопчыка напаткае няшчасны выпадак або нешта накшталт гэтага, або калі будзе неабходна нейкім чынам пакараць дзіця. Па апошнім пункце дамовіліся так, што любое сцверджанне містэра Сайкса пасля яго вяртання са справы павінна быць ва ўсіх істотных падрабязнасцях пацверджана і засведчана спрытнюгам Тобі Крэкітам.
Такім чынам, перамовы скончыліся, і тут містэр Сайкс накінуўся на брэндзі. Ён піў з ашаламляльнай хуткасцю, увесь час парушаў мір, махаючы ломам, гарланіў нейкія абрыўкі песень уперамешку з агіднай лаянкай. Нарэшце ён у прыпадку прафесійнага энтузіязму настаяў на тым, каб паглядзелі ягоную скрынку са зладзейскімі прыладамі. Ён паспеў толькі ўваліцца з гэтай скрынкай у пакой і адкрыць яе, каб растлумачыць прызначэнне і якасці розных прылад, якія былі там у камплекце, асаблівую прыгажосць іх канструкцыі, — як раптам абсунуўся на скрынку і на месцы заснуў.
— Дабранач, Нэнсі, — сказаў габрэй, зноў захінаючыся да вушэй.
—Дабранач.
Іх позіркі сустрэліся. Габрэй пільна паглядзеў ёй у вочы. Яна вытрымала ягоны позірк. У гэтай справе яна была не менш сумленная і пэўная, чым сам Тобі Крэкіт.
Габрэй яшчэ раз даў «дабранач», цішком заехаў выспятка распасцёртаму целу містэра Сайкса і, намацваючы нагамі прыступкі, спусціўся па лесвіцы.
—Заўсёды тое самае! — мармытаў сам сабе габрэй, ідучы дадому. — Найгоршае ў гэтых жанчынах тое, што самая малая драбніца можа абудзіць нейкія даўно забытыя пачуцці, а вось што гэта хутка праходзіць — гэта добра. Ха! Ха! Мужчына супраць хлопчыка за торбу золата!
Бавячы час такімі прыемнымі развагамі, містэр Фэджын па гразі і слоце дайшоў да свайго змрочнага схова, дзе яго ўжо з нецярпеннем чакаў Махляр.
— Олівер ужо спіць? Я хачу пагаварыць з ім, — было першае, што сказаў Фэджын, калі яны спусціліся ўніз.
— Ужо даўно, — адказаў Махляр, расчыняючы дзверы. — Вось ён!
Хлопчык моцна спаў на цвёрдай пасцелі, пасланай на падлозе. Ён быў такі бледны ад страхаў, змрочнасці, няволі сваёй турмы, што нагадваў мерцвяка, — не такога, што ахінуты саванам у труне, а таго, якога жыццё пакінула толькі што, чый лагодны юны дух імгненне таму ўзнёсся на Нябёсы, а грубае
паветра матэрыяльнага свету яшчэ не паспела сваім подыхам сапсаваць тленную абалонку, якую ён поўніў.
— He сёння, — сказаў габрэй, паціху адыходзячы ад пасцелі. — Заўтра. Заўтра.
РАЗДЗЕА XX,
у якім Олівер адыходзіць у распараджэнне містэра Сайкса
Калі раніцай Олівер прачнуўся, то моцна здзівіўся, убачыўшы ля сваёй пасцелі пару новых чаравікаў на тоўстай падэшве. Старыя нехта забраў. Спачатку гэтая знаходка яго ўзрадавала, бо ён падумаў, што яго, мабыць, неўзабаве адпусцяць, але хутка высветлілася, што яго спадзяванні былі марнымі: калі ён сеў снедаць з габрэем, той сказаў яму, што сёння ўвечары яго завядуць да Біла Сайкса, прычым сказана было гэта такім тонам і ў такой манеры, што хлопчык яшчэ больш спалохаўся.
—I... і пакінуць там, сэр? — занепакоена запытаўся Олівер.
— He, не, мой даражэнькі, не пакінуць, — супакоіў яго габрэй. — Мы не хочам губляць цябе. He бойся, Олівер, ты вернешся да нас. Ха-ха-ха! Мы не настолькі жорсткія, каб выпіхваць цябе прэч, мой даражэнькі, о не!
Стары, які смажыў кавалак хлеба, схіліўшыся над агнём, азірнуўся на Олівера і захіхікаў, быццам хочучы паказаць, што ён ведае, з якім задавальненнем той уцёк бы, каб толькі мог.
—Я так мяркую, мой даражэнькі, — сказаў габрэй, спыняючы позірк на Оліверы, — што ты хочаш ведаць, навошта ты ідзеш да Біла, га?
Олівер міжволі пачырванеў: стары быццам чытаў яго думкі. Але калі сказаць шчыра, ён сапраўды хацеў ведаць.
—Дык навошта, га? — дапытваўся габрэй, не даючы адказу сам.
—Я сапраўды не ведаю, сэр, — адказаў Олівер.
— Вось і маеш! — прамовіў габрэй, пільна ўгледзеўся ў твар хлопчыка і расчаравана адвярнуўся. — Тады пачакай, пакуль Біл сам табе скажа.
Выглядала на тое, што габрэя раззлавала гэтая безуважнасць Олівера, але насамрэч хлопчыка адпалохала і ўтрымала ад далейшых роспытаў непадробная шальмаватасць габрэевых позіркаў, а больш магчымасці папытацца не выпала, бо габрэй увесь вечар быў панурым і нясхільным да размовы, а потым пачаў збірацца ў дарогу.