Олівер Твіст
Чарльз Дыкенс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Галіяфы
Памер: 456с.
Мінск 2010
—Брахуны* для мяне, Барні, — сказаў Тобі Крэкіт.
—Вось яны, — азваўся Барні, вымаючы пару пісталетаў. — Вы іх самі зараджалі.
—У парадку, — адказаў Тобі і схаваў іх. — Пераканальнікі”?
—У мяне, — прамовіў Сайкс.
— Абцугі, адмычкі, свердзелы, цёмнічкі”* — нічога не забыліся? — дапытваўся Тобі, замацоўваючы ў пятлі пад крысом свайго паліто невялікі лом.
—Усё ў парадку, — адгукнуўся яго таварыш. — Валачы дубінкі для іх. Ужо пара ісці.
3 гэтымі словамі ён узяў з рук Барні тоўсты кій, а той аддаў другі Тобі і пачаў зашпільваць накідку Олівера.
—Ану! — сказаў Сайкс, працягваючы руку.
Олівер, які зусім ачмурэў ад нязвыклых высілкаў, ад паветра, ад пітва, якое яго прымусілі выпіць, механічна паклаў сваю руку ў руку Сайкса.
—Тобі, вазьмі яго за другую руку, — працягваў Сайкс. — Барні, выгляні, што там.
Барні пайшоў да дзвярэй, потым вярнуўся і абвясціў, што ўсё ціха. Двое рабаўнікоў выйшлі разам з Оліверам. Барні, замкнуўшыся, зноў закруціўся ў коўдру і заснуў.
Навокал стаяла густая цемра. Туман цяпер быў куды цяжэйшым, чым звечара, паветра было такім вільготным, што, хоць дажду і не было, валасы і бровы Олівера літаральна за некалькі хвілін пасля выхаду з дому пакрыліся напалову замерзлай імжой, якая насілася ў паветры наўкола. Яны перай-
‘ брахуны — пісталеты (Я. Б.)
" пераканальнікі — дубінкі са свінцом (Я. Б.)
цёмнічкі — ліхтары (Я. Б.)
шлі мост і кіраваліся цяпер у бок агнёў, якія Олівер бачыў раней. Шлях быў недалёкі, і паколькі яны ііплі вельмі хутка, то неўзабаве прыйшлі ў Чэрсі.
— Гайда праз горад, — прашаптаў Сайкс, — ноччу нас ніхто не ўбачыць.
Тобі згадзіўся, і яны пашыбавалі галоўнай вуліцай мястэчка, зусім пустой у такі позні час. Там-сям у акне спальні мігцела цьмянае святло, і час ад часу маўчанне ночы разрываў хрыпаты сабачы брэх. Але на шляху не было нікога, і яны пакінулі мястэчка, калі царкоўныя куранты прабілі дзве гадзіны.
Яны паскорылі крок і збочылі на дарогу налева. Пераадолеўшы каля чвэрці мілі, яны падышлі да асабняка на водшыбе, абнесенага мурам, на які Тобі Крэкіт, амаль не аддыхваючыся, узбіўся ў адзін момант.
— Цяпер давай хлопчыка, — сказаў Тобі. — Падымі яго, а я падтрымаю.
Перш чым Олівер змог агледзецца, Сайкс падхапіў яго пад рукі, і праз тры або чатыры секунды ён і Тобі ляжалі ў траве на другім баку мура. Адразу следам пералез Сайкс, і яны асцярожна пачалі падкрадвацца да дома.
Толькі цяпер Олівер, які ледзь не звар’яцеў ад страху і роспачы, убачыў, што мэтай экспедыцыі былі ўзлом і рабаўніцтва, калі не забойства. Ен склаў далоні, і міжволі вырваўся з яго грудзей глухі крык жаху. У яго пацямнела ўваччу, халодны пот выступіў на попельным твары, ногі болып не трымалі яго, і ён абсунуўся на калені.
—Уставай! — прамармытаў Сайкс, дрыжучы ад шаленства і вымаючы з кішэні пісталет. — Уставай, ані то я вывалю табе мазгі на траву.
—О! Імем Бога адзінага адпусціце мяне! — выкрыкнуў Олівер. — Дайце мне ўцячы і памерці ў палях. Я ніколі не набліжуся да Лондана, ніколі, ніколі! О, малю, злітуйцеся і не прымушайце красці. Дзеля любові ўсіх шчырых анёлаў на небе, злітуйцеся!
Чалавек, да якога былі скіраваныя гэтыя словы, выдыхнуў страшэнны праклён і ўзвёў курок пісталета, але Тобі, выбіўшы ў яго з рук зброю, заціснуў рукой рот хлопчыка і павалок яго да дома.
— Ціха! — крыкнуў ён. — Размовы тут не маюць сэнсу. Яшчэ слова — і я сам з табой разлічуся, урэжу табе разок па кумпалу. Гэтаксама надзейна, затое без шуму і больш высакародна. Ану, Біл, узламай гэтую аканіцу. Думаю, хлопчык крыху ачомаўся. У такую халодную ноч людзі больш дарослыя, чым ён, бывала, губляліся на хвіліну ці дзве, сам бачыў.
Сайкс, наклікаючы на галаву Фэджына грозныя праклёны за тое, што ён паслаў на такую справу Олівера, рашуча, але ціха пусціў у ход лом. Праз некаторы час, дзякуючы падтрымцы Тобі, аканіца, да якой прыкладваліся намаганні, расхінулася і павісла на петлях.
За ёй было маленькае акенца з кратамі, каля пяці з паловай футаў над зямлёй. Яно знаходзілася ў задняй частцы дома ў канцы калідора і належала, напэўна, да памяшкання для мыцця посуду або браваранькі. Адтуліна была такой малой, што жыхары, відаць, не думалі, што варта засцерагацца болып надзейна, але тым не менш яна была дастаткова вялікай, каб у яе мог пралезці хлопчык з камплекцыяй Олівера. Вельмі кароткай акцыі накшталт той, якую ажыццявіў Сайкс, хапіла, каб адолець мацаванне кратаў, і хутка акенца было шырока расчыненае.
—А цяпер слухай, ягня, — прашаптаў Сайкс, вымаючы з кішэні ліхтар з зацямненнем і накіроўваючы ўсё святло на твар Олівера, — зараз я апушчу цябе праз акно ўнутр. Вазьмі ліхтар з сабой, паціху падыміся на прыступкі проста перад табой і цераз маленькую залу шыбуй да дзвярэй на вуліцу; адчыні іх і ўпусці нас.
— Наверсе засаўка, ён не дастане, — перапыніў Сайкса Тобі. — Станеш на адно з крэслаў. Іх у залі тры, Біл, а на спінках вялізны сіні адзінарог і залатыя вілы, гэта герб старой лэдзі.
— I ні гу-гу мне, чуеш? — нагадаў Сайкс з пагрозлівым позіркам. — Дзверы ў пакой адчыненыя, так?
— Наўсцяж, — адказаў Тобі, паглядзеўшы, каб быць пэўнаму. — Самае смешнае, што яны заўсёды пакідаюць гэтыя дзверы адчыненымі, каб сабака, у якога тут посцілка, мог бегаць тудысюды па калідоры, калі захоча. Ха-ха! А Барні зманіў яго ўчора ўвечары. Усё як трэба!
Хоць містэр Крэкіт гаварыў ледзь чутным шэптам і смяяўся бязгучна, Сайкс уладарна загадаў яму маўчаць і брацца за справу. Тобі паслухаўся: па-першае, выняў свой ліхтар і паставіў яго на зямлю, а потым моцна ўпёрся галавой у сцяну, а рукамі ў калені так, каб яго спіна была прыступкай. Як толькі ён гэта зрабіў, Сайкс залез на яго, спачатку асцярожна прасунуў Олівера нагамі ўперад у акно, а потым, не адпускаючы каўняра, акуратна паставіў яго на падлогу ўнутры.
— Вазьмі ліхтар, — сказаў Сайкс, заглядваючы ў пакой. — Бачыш прыступкі перад сабой?
Олівер, больш мёртвы, чым жывы, выдыхнуў: «Так». Сайкс, паказваючы ручкай пісталета на дзверы на вуліцу, сцісла параіў яму мець на ўвазе, што ён увесь час у дасягальнасці стрэла і калі прамарудзіць, то адразу ўпадзе мёртвым.
—Усё павінна быць зроблена за хвіліну, — сказаў Сайкс тым самым ледзьве чутным шэптам. — Як толькі адпушчу цябе, бярыся за справу. Ціха! Што такое?
— Што там? — прашаптаў другі мужчына.
Абодва пільна прыслухаліся.
— Нічога, — прамовіў Сайкс, адпускаючы Олівера. — Руш!
За той кароткі прамежак часу, калі можна было разважыць, хлопчык цвёрда вырашыў, што, памрэ ён пры гэтай справе ці не, але паспрабуе ўзбегчы ўверх па лесвіцы з залы і папярэдзіць сям’ю. Сцвердзіўшыся ў гэтай задуме, ён адразу, але яшчэ крадучыся, рушыў наперад.
— Назад! — раптам загукаў Сайкс. — Назад! Назад!
Спалоханы раптоўным парушэннем мёртвай цішыні і гучным крыкам, які пачуўся пасля гэтага, Олівер выпусціў ліхтар і не ведаў, рухацца яму наперад ці бегчы.
Потым крык паўтарыўся, з’явілася аднекуль святло, перад яго вачыма праплыў відзеж двух напалову адзетых мужчын наверсе лесвіцы, потым была ўспышка, гучнае шыпенне, дым, нешта гахнула (дзе — ён не ведаў), і ён адхіснуўся назад.
Сайкс на момант знік, аднак праз імгненне ён зноў з’явіўся і схапіў яго за каўнер перш, чым дым рассеяўся. Ён выпаліў
па мужчынах, якія ўжо адступалі, са свайго пісталета і падняў хлопчыка ў акно.
—Трымай руку мацней, — сказаў Сайкс, працягваючы яго цераз акно. — Дай мне сюды шалік. Яны трапілі ў яго. Хутка! Каб яго чорт пабраў, хлопчык сплывае крывёй!
Потым моцна зазванілі ў звон, пачуліся стрэлы, воклічы; Олівер адчуў, што яго хуткім крокам нясуць па няроўнай глебе. А потым усе піумы адышлі ў нязмерную далячынь, у сэрца хлопчыка запоўз смяротны холад, і ён больш нічога не чуў і не бачыў.
РАЗДЗЕЛ XXIII,
дзе апавядаецца аб прыемнай размове паміж містэрам Бамблам і адной лэдзі і пацвярджаяцца, што нават прыходскі кур ’ер часам бывае не пазбаўлены чуллівасці
Вечар быў надзвычай халодны. Снег, які ляжаў на зямлі, пакрыўся тоўстай цвёрдай коркай, так што нападам рэзкага ветру былі аддадзеныя толькі гурбы снегу, якія залеглі тут і там на сцежках і завулках, і вецер, трапляючы на такую здабычу, быццам падвойваў сваё шаленства і з дзікай энергіяй хапаў яе, воблакамі завіхурваў над зямлёй і рассейваў, разбіваў на тысячы часцінак. Гэты халодны, цёмны, пранізлівы вечар прымушаў тых, хто быў сыты і меў над галавой дах, размясціцца каля агменя і дзякаваць Богу за тое, што маюць прытулак, а галодных, бяздомных ён схіляў легчы на зямлю і памерці. Такімі вечарамі шмат хто з адрынутых навечна заплюшчыў вочы на нашых вуліцах, і няхай злачынствы, учыненыя імі, былі жахлівымі, але наўрад ці яны прачнуцца ў свеце, болып жорсткім за гэты.
Такія чыніліся справы за дзвярыма, калі місіс Корні, наглядчыца працоўні, які нашы чытачы ўжо ведаюць як мес-
ца нараджэння Олівера Твіста, села перад вясёлым цяпельцам ва ўласным пакойчыку і не без самазадаволенасці паглядзела на маленькі круглы столік, на якім стаяў адпаведнага памеру паднос з усім, што толькі можа пажадаць сабе на вячэру наглядчыца працоўні. Місіс Корні якраз мела намер дазволіць сабе кубачак гарбаты. Калі яна перавяла позірк са століка на агмень, дзе тонкім голасам ціха высвістваў песеньку самы малы з усіх існых чайнічкаў, яе ўнутраная задаволенасць відавочна ўзрасла, — узрасла настолькі, што місіс Корні ўсміхнулася.
—Добра! — сказала наглядчыца, абапершыся локцямі на стол і задумліва гледзячы на агонь. — Што казаць, кожны з нас мае прычыны, каб быць удзячным. Вельмі важкія прычыны, толькі мы гэтага не разумеем. Ах!
Місіс Корні жаласліва пахітала галавой, быццам аплакваючы духоўную слепату тых беднякоў, якія ну не разумелі гэтага, і палезла сярэбранай лыжачкай (прыватная ўласнасць) у нетры бляшанкі з гарбатай умяшчальнасцю ў дзве унцыі, збіраючыся заварыць сабе гэты напой.
Як лёгка можа нейкая драбніца парушыць спакой нашага духу! Пакуль місіс Корні заглыблялася ў рэфлексію, чорны чайнік, вельмі малы, і таму заўсёды поўны, перакіпеў, і вада злёгку абварыла руку місіс Корні.
—А каб цябе! — сказала шаноўная наглядчыца і хуценька паставіла чайнік на камін. — Ах ты маленькая, нягодная рэч, што змяшчае ўсяго два кубачкі! Ну што ад яе за карысць каму! Хіба што самотнай, адзінокай асобе накшталт мяне. О Божа!