Олівер Твіст
Чарльз Дыкенс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Галіяфы
Памер: 456с.
Мінск 2010
Каб павялічыць эфект сваёй перасцярогі, містэр Сайкс пагрозліва паглядзеў на Олівера і працягваў:
— Наколькі я ведаю, ніхто не будзе перажываць аб тваім лёсе, калі цябе кончаць, так што мне не варта было б улягаць у тлумачэнні, калі б не жадаў табе дабра. Чуеш ці не?
— Карацей, — рашуча ўмяшалася Нэнсі, кінуўшы на Олівера выразны позірк, каб той зважаў на яе словы, — ты маеш на ўвазе, што, калі Олівер будзе чым-небудзь замінаць табе ў рабоце, якую ты збіраешся рабіць, ты прастрэліш яму галаву, каб потым нічога не казалі, і пры гэтым цябе не спыніць нават пагроза апынуцца на шыбеніцы, бо твой бізнес вымагае ад цябе падобных спраўу шмат большай колькасці і, бадай, штомесяц.
—Вось-вось! — ухваліў містэр Сайкс. — Жанчыны заўсёды могуць сфармуляваць найбольш сцісла, калі толькі не выходзяць з сябе, і тады пачынаецца вярэда. Ну, цяпер ён ведае, што, як
і пачым. Трэба ўкусіць чаго на вячэру дый прыжмурыць вока перад выхадам.
Выконваючы гэты загад, Нэнсі хутка накрыла на стол, потым знікла на некалькі хвілін і неўзабаве вярнулася, несучы гляк портэру і місу з фаршыраванымі авечымі галовамі, што дало падставу містэру Сайксу выдаць некалькі каламбураў, якія грунтаваліся на дзіўным супадзенні значэнняў слова «джэмі», якое на жаргоне азначала якраз гэтыя голавы і хітрую прыладу, шмат ужываную ў яго прафесіі. Годны джэнтльмен, знаходзячыся, мабыць, пад моцным дабратворным уплывам перспектывы ў хуткім часе прыступіць да актыўнай дзейнасці, быў у гуморы. У пацверджанне гэтага няхай дазволена будзе заўважыць, што ён даволі па-гумарному нагбом выпіўувесь збан піва і, па грубым падліку, вылаяўся брыдкімі словамі за ўсю вячэру не болып за чатыры разы.
Пасля вячэры — можна лёгка здагадацца, што ў Олівера не было апетыту, — містэр Сайкс спажыў дзве шклянкі віскі з вадой, потым пляснуўся на ложак і загадаў Нэнсі разбудзіць яго роўна а пятай, загадзя аблаяўшы яе на той выпадак, калі яна не выканае даручэння. Оліверу паводле загаду таго самага камандзіра расцягнуўся ў адзенні на матрацы, разасланым проста на падлозе. Дзяўчына засталася ля агню, каб падкідваць дровы і разбудзіць іх у патрэбны час.
Доўга Олівер не мог заснуць: ён думаў, што не ёсць немагчымай сітуацыя, калі Нэнсі захацела б шапнуць яму некалькі парад, але дзяўчына ў змрочным одуме, не варушачыся, сядзела ля агменя і толькі час ад часу здымала лішні воск са свечкі. Змучаны страхам і бяссоннем, хлопчык нарэшце заснуў.
Калі ж ён прачнуўся, на стале стаяла ўжо ўсё для гарбаты, а Сайкс засоўваў у кішэні свайго плашча, які вісеў на спінцы крэсла, нейкія рэчы. Нэнсі мітусілася, ставячы на стол сняданак. Днець яшчэ не пачало — па-ранейшаму гарэла свечка; знадворку было даволі цёмна. Па шыбах сцябаў калючы дождж, a неба было пакрытае хмарамі.
— Ну, давай! — прабурчэў Сайкс, калі Олівер падхапіўся. — Ужо палова на шостую. Глядзі, варушыся, a то застанешся без сняданка. Мы познімся.
Олівер хутка памыўся, крыху нечага перахапіў ля стала і на сярдзітае пытанне Сайкса адказаў, што ўжо гатовы.
Нэнсі, стараючыся не глядзець на Олівера, дала яму хустку, каб ён абвязаў яе вакол шыі, Сайкс даў яму шырокую накідку з грубай матэрыі, якую Олівер накінуў на плечы. Апрануўшыся, хлопчык даў рабаўніку руку; той спыніўся, паказаў яму рукой на бакавую кішэнь плашча, дзе ляжаў пісталет, заціснуў руку хлопчыка ў сваёй руцэ і, развітаўшыся з Нэнсі, павёў яго.
Калі яны дайшлі да дзвярэй, Олівер на імгненне азірнуўся, спадзеючыся сустрэцца вачыма з Нэнсі. Але тая заняла сваё колішняе месца каля агменя і сядзела нерухома.
РАЗДЗЕА XXI
Экспедыцыя
Калі яны выйшлі на вуліцу, займаўся бязрадасны дзень.
Цзьмуў моцны вецер, ішоў дождж, хмары нізка навіслі над зямлёй. Ноч была вельмі сырая, і на вуліцах стаялі вялікія лужы. Сцёкавыя канавы былі перапоўненыя. Толькі-толькі пачынала брацца на дзень, але слабае святло дня адно азмрочвала панылы краявід: на гэтым бледным тле больш бляклымі выглядалі газавыя вулічныя ліхтары, і мокрыя дахі ды цёмныя вуліцы больш не падсвечваліся цёплымі і яркімі танамі. Здавалася, што ў гэтай частцы горада яшчэ ніхто не прачынаўся, таму што аканіцы паўсюдна былі шчыльна зачыненыя, а вуліцы, якімі ішлі Олівер і Сайкс, былі ціхімі і бязлюднымі.
Калі яны павярнулі на Бэтнэл-Грын-Роўд, ужо добра развіднела. Шмат якія лямпы пагасілі. У кірунку Лондана памалу ехала некалькі вазоў. Час ад часу з грукатам імчалася па дарозе паштовая карэта, і кучар частаваў бізуном дзеля перасцярогі вазніцу на цяжкім возе, які ехаў не па тым баку дарогі, — гэта пагражала кучару спазненнем на паштовую станцыю на чвэрць
хвіліны. Ужо запалілі святло ў корчмах, і яны прымалі першых наведвальнікаў. Паступова пачалі адчыняцца і крамы. Зрэдку траплялі людзі. Потым асобнымі групамі пачалі сустракацца рабочыя, якія ішлі на працу, мужчыны і жанчыны з кошыкамі рыбы на галовах, павозкі з зелянінай, вазы з жывой скацінай або тушамі, малочніцы з бідонамі — бясконцая чарада людзей, што нясуць харчы ва ўсходнія прыгарады Лондана. Калі яны наблізіліся да Сіці, шум дарожнага руху паступова павялічыўся, а калі праходзілі па вуліцах паміж Шордзіч і Смітфілдам, шум перарос у гул, a pyx болып нагадваў куламесу. Было ўжо зусім светла, і для паловы насельніцтва Лондана наступіла раніца дзелавога дня.
Містэр Сайкс павярнуў уніз па Сан-стрыт і Краўн-стрыт, перасёк Фінсберы-сквер і праз Чызуэл-стрыт выйшаў на Барбікен, потым на Лонг-авеню, а далей ужо быў Смітфілд, адкуль з паветрам даносіліся такія дзіўныя хаатычныя гукі, што Олівер быў моцна ўражаны.
У гэты дзень ладзіўся кірмапі. Гразь на пляцы даходзіла да шчыкалаткі; ад скаціны падымалася густая пара, насычаная спецыфічным смуродам. Уверсе яна змешвалася з туманам, які, здавалася, ляжаў на комінах, і воблакі гэтых выпарэнняў цяжка навісалі над галавой. Усе загоны ў цэнтры пляца і ўсе часовыя загоны, якія змаглі ўмясціцца на вольнай прасторы, былі набітыя авечкамі. Уздоўж жалабоў стаялі прывязаныя ў тры-чатыры доўгія шэрагі быкі і іншыя рагачы. Сяляне, мяснікі, пагоншчыкі, разносчыкі, хлопчыкі, злодзеі, разявакі, усялякія валацужнікі змяшаліся ў адзіную масу. Свісты пагоншчыкаў, брэх сабак, мычанне быкоў і кароў, бляянне авец, рохканне і віск свіней, крыкі разносчыкаў, воклічы, лаянка, праклёны з усіх бакоў, звон званочкаў, гул галасоў, які даносіўся з кожнай карчмы, і куламеса, штурханіна, бойкі, гіканне і выкрыкі, агіднае выццё, якое бесперапынна чулася то з аднаго, то з другога канца рынку; нямытыя, непаголеныя, пазначаныя беднасцю брудныя людзі, якія сноўдалі па абшары туды-сюды і час ад часу адбіваліся ад натоўпу, — усё гэта стварала даволі дзіўнае і непрыемнае відовішча, якое збівала з панталыку нязвыклага чалавека.
Містэр Сайкс, цягнучы за сабой Олівера, церабіў сабе дарогу локцямі праз самыя людныя месцы пляца і мала зважаў на шматстайнасць наваколля, якая так уразіла хлопчыка. Разы два ці тры ён ківаў нейкім сваім знаёмым, адхіляў іхнія запрашэнні выпіць разам ранішні кілішак і мэтанакіравана імкнуўся наперад, пакуль яны не прабіліся на волю і не выйшлі па ХаўзэрЛэйн у Хольбарн.
— Ну, містэр Зялёнка! — сказаў Сайкс, паглядзеўшы на гадзіннік на царкве Сант-Эндру. — Хутка сем! Давай, не вісні на руцэ, лянівыя твае ногі!
Гэтую сваю прамову містэр Сайкс суправадзіў практычным дзеяннем, моцна тузануўпіы свайго маленькага спадарожніка за руку. Олівер як мог прыстасоўваўся да хады хатняга злодзея; нарэшце ён пайшоў подбегам — гэта было крыху хутчэй за хуткую хадзьбу, але не так хутка, як сапраўдны бег.
У такім тэмпе яны ішлі, пакуль не дасягнулі кутка Гайд-парка і не скіраваліся ў бок Кенсінгтона. Тут Сайкс запаволіў крок, пакуль іх не дагнала пустая павозка, якая была ззаду. Убачыўшы на ёй надпіс «Хаўнслоў», ён з усёй ветлівасцю, на якую быў здольны, спытаў кучара, ці не мог бы той падвезці іх да Айлсварта.
—Заскоквайце, — дазволіў кучар і спытаў: — А гэта ваш хлопчык?
—Так, гэта мой хлопчык, — адказаў Сайкс, пільна гледзячы на Олівера і засоўваючы руку ў кішэню, дзе ляжаў пісталет.
— Твой бацька ідзе занадта хутка для цябе, га, малец? — запытаўся кучар, бачачы, што Олівер задыхаўся.
—Німала, — умяшаўся Сайкс. — Ен прывычны. Нэд, трымайся за маю руку і залазь.
Сайкс меў на ўвазе Олівера. Ён дапамог хлопчыку залезці ў павозку. Кучар паказаў на гару мяхоў і сказаў, каб яны прылеглі на іх і адпачывалі. Яны міналі адзін указальнік міляў за другім, і Олівер пачаў губляцца ў здагадках, куды гэта хатні злодзей вязе яго. Яны ўжо праехалі Хамэрсміт, Чызуік, Кі Брыдж, Брэнтфорд, але працягвалі рухацца наперад так неадпрэчна, быццам бы толькі што выправіліся ў дарогу. Нарэшце яны пад’ехалі да тракціра, які называўся «Карэта і Коні». Непадалёку пачыналася іншая дарога. Тут павозка спынілася.
Сайкс паспешліва падхапіўся, трымаючы Олівера за руку, потым апусціў яго на зямлю, саскочыў і недвухсэнсоўна паляпаў кулаком па бакавой кішэні, злосна гледзячы на хлопчыка.
—Да пабачэння, хлопчык! — сказаў мужчына.
— Ён не ў гуморы, — азваўся Сайкс і патрос Олівера. — Ён не ў гуморы. Ах ты шчанюк! He звяртайце на яго ўвагі.
— Надта мне трэба звяртаць увагу! — адказаў кучар, зноў залазячы ў павозку. — А надвор’е сёння — першы клас.
I ён ад’ехаў.
Сайкс пачакаў, пакуль ён не знікне з відавоку, потым сказаў Оліверу, што той можа, калі хоча, гапіцца па баках, і павёў яго далей.
Неўзабаве пасля тракціра яны павярнулі налева і потым доўга ішлі дарогай, якая адгалінавалася справа, мінаючы з абодвух бакоў шмат вялікіх садоў і багатых сядзіб, спыняючыся толькі зрэдчас, калі Сайкс хацеў выпіць піва. Нарэшце яны дайшлі да нейкага мястэчка. Тут на сцяне дома Олівер убачыў даволі вялікі надпіс «Хэмптан».
Некалькі гадзін яны блукалі палямі, потым павярнулі ў мястэчка і ў старой карчме з цьмянай пацёртай шыльдай замовілі каля кухоннага агменя абед.
Кухня была ў старым памяшканні з нізкай столлю, якая пасярэдзіне трымалася на доўгай бэльцы. Каля агменя стаялі лаўкі з высокімі спінкамі, на якіх сядзелі некалькі мужчын грубага выгляду ў рабочай адзежы. Яны пілі і курылі; яны не звярнулі ніякай увагі на Олівера і зусім мала — на Сайкса, а паколькі і Сайкс не звяртаў на іх увагі, то ён і ягоны малады спадарожнік сядзелі ў кутку самі па сабе, не абцяжарваючы сябе фактам нечай прысутнасці.