Пачаткі Вялікага княства Літоўскага
Падзеі і асобы
Вячаслаў Насевіч
Выдавец: Полымя
Памер: 160с.
Мінск 1993
Даніла Галіцкі не мог не ведаць пра гэтыя падзеі, калі рыхтаваўся да сваіх паходаў у Чэхію, Яцвягію і Літву. Пра яго няўпэўненасць
сведчыць і тое, што ён аднавіў зносіны з Інакенціем IV. Па дарозе на яцвягаў, у 1253 годзе, ён атрымаў у Драгічыне прысланую ад папы каралеўскую карону — такую ж, як і яго праціўнік Міндоўг, і практычна адначасова з ім (хоць Іпацьеўскі летапіс і дае іншыя даты, але пра храналогію гэтага летапісу я ўжо казаў). Каранацыя Данілы апрача ўзняцця палітычнага аўтарытэту мела на мэце збліжэнне з каталіцкай Еўропай у разліку на дапамогу супраць татар. Даніла даў папярэднюю згоду на унію каталіцкай і праваслаўнай цэркваў. Аднак ні яго абяцаннс, ні абяцанне дапамогі з Захаду так і не былі выкананы, таму і акт каранацыі застаўся чыста фармальным.
Паход Курамсы адбыўся ў той час, калі Даніла ў трэці раз спустошыў Ноўгародскую зямлю. Аднак галіцкі князь, напэўна, ведаў, што рабіў: пакіпуты ім заслон у горадзе Крамянцы на поўдні Валыні зрабіў сваю справу. Татары не здолелі ўзяць гэты горад "і возвратішася во страны своя". Тым не менш сітуацыя патрабавала канцэнтрацыі ўсіх сіл. Таму Даніла лёгка згадзіўся на тыя кампрамісныя ўмовы, якія прапанаваў яму старэйшы сын Міндоўга Войшалк, калі з’явіўся на перамовы: Міндоўг застаецца вярхоўным правіцелем Ноўгародскай зямлі, аднак уладаць ёй будзе на правах яго васала няўдалы шукальнік аўстрыйскага трона Раман Данілавіч. Мір быў замацаваны (каля 1254 года) шлюбам трэцяга Данілава сына, Шварна, з дачкой Міндоўга.
Летапіс называе ініцьтятарам такога пагаднення Войшалка. Верагодна, самому Міндоўгу яно прыйшлося не надта да густу ці Войшалк на перамовах псравысіў свае паўнамоцтвы. Чамусьці ён пасля гэтага не вярнуўся да бацькі, а ахрысціўся і пастрыгся ў манахі. Магчыма, галіцкі князь пакінуў яго ў якасці заложніка, бо і Данілаў сын Раман пад вярхоўнай уладай Міндоўга ад заложніка не вельмі адрозніваўся. Але не выключана, што Войшалк пастрыгся добраахвотна, бо хрысціянства вельмі кранула яго ўражлівую душу — мы звычайна за кожным учынкам шукаем палітычную падаплёку, зусім нс пакідаючы месца імпульсіўным парывам.
Tax ці інакш, але пагадненне пачало выконвацца ободвума бакамі. У 1254 годзе Даніла зноў збірасцца на яцвягаў з братам Васількам і сынамі Львом і Шварнам. Ёп звяртасцца да Рамана, і той прыходзіць з ноўгародскім палком, а разам з ім два рускія князі — Глеб, цесць Рамана, і Ізяслаў Свіслацкі. Гэты ж Глеб крыху пазней будзе знаходзіцца ў Ваўкавыску. 3 яго дачкой Раман ажаніўся пасля няўдалага шлюбу з Гертрудай. Цяжка сказаць, ці ў Ноўгародскай зямлі княжыў ён раней пад уладай Міндоўга, ці недзе паблізу. A ў Ваўкавыск трапіў, магчіяма, дзякуючы свайму зяцю. Што ж датычыць Ізяслава Свіслацкага, то яго княства даследчыкі марна шукалі на нёманскай Свіслачы, але там няма слядоў старажытнарускага горада. Амаль несумненна, што яго ўладанне — старажытны горад Свіслач — знаходзілася пры ўпадзенні аднайменнай ракі ў Бярэзіну дняпроўскую. Удзел гэтага не надта слыннага князя ў паходзе на яцвягаў паказвае, што літоўска-валынскі ўплыў сягаў даволі далёка на ўсход.
Азначаны паход (у ім удзельнічалі таксама Зямовіт і атрад Баляслава Сарамлівага) замацаваў адыход часткі яцвяжскай тэрыторыі (будучас паўночнае Падляшша) пад уладу Валынскага княства.
Яцвягаў на чале з іх князем Юндзілам абклалі данінай. Напэўна, не засталіся пакрыўджанымі і мазаўшане — да іх адышла тэрыторыя на поўнач ад Нура, за горадам Візнай.
А затым настаў час яшчэ аднаго смелага прадпрыемства — паходу ў Кіеўскую зямлю, якая трапіла пад уплыў Галіцка-Валынскага княства, але пасля набегу Курамсы зноў адпала. Фактычна то быў паход супраць Арды, за кантроль над часткай яе тэрыторыі.
Гэтым разам Міндоўг паслаў на дапамогу не толькі Рамана з ноўгародцамі, але і літоўскі атрад на чале з князем Сірвідам Рушкавічам і ваяводам Хвалам. Апошняе паказальна: князі іншых дынастый ужо зведзены Міндоўгам да ўзроўню ваявод, вымушаных служыць яму гэтак жа, як служаць баяры накшталт Хвала. Дарэчы, імя апошняга сведчыць аб яго рускім паходжанні (напэўна, з баяр Ноўгародчыны), між тым ён — вядомы палкаводзец Міндоўга, які вадзіў літоўскія палкі на Русь ("нже велііко убнство твореша земле Черннговской"). Крыху пазней мы ўбачым у Літве збеглага з Разані князя-ізгоя Астафія Канстачцінавіча — ён таксама стане служыць Міндоўгу ваяводам.
Між тым пакуль літоўска-ноўгародскае войска дабіралася да Кіеўшчыны, там ўсё было скончана: Даніла выбіў татарскіх намеснікаў (сярод іх выхадца з курска-северскай галіны чарнігаўскіх князёў Ізяслава Уладзіміравіча) з гарадоў па Паўднёвым Бугу і Цецераву. Паспеўшы да разбору шапак, літоўцы засталіся без ваеннай здабычы. дзеля якой, уласна кажучы, і пайшлі ў паход. На зваротным шляху, дачакаўшыся, пакуль Раман паедзе наведаць бацьку, яны кінуліся рабаваць ваколіцы Луцка: трэба меркаваць — каб кампенсаваць сваё спазненне. Так ледзь наладжаная літоўскавалынская згода імгненна ператварылася ў новую бойку. Валынцы хутка дагналі рабаўнікоў і адбілі палон, забіўшы ваяводу Хвала. Гэты інцыдэнт наўрад ці спрыяў паляпшэнню адносін. Ва ўсякім выпадку, наступны набег Курамсы (каля 1257 года) Даніла і Васілька адбіваюць самастойна — пра літоўскую дапамогу няма ўжо ні слова.
Праўда, няўдалы Курамса і гэтым разам нічога не дасягнуў. Разбіты галіцка-валынскім войскам, ён адкаціўся назад у стэпы. Перамогу Данілы і Васількі азмрочыў толькі нечаканы пажар іх лепшай крэпасці Холма, які згарэў "от окаянной бабы" — ад незагашанага своечасова нейкай гаспадыяяй агню.
Для Міндоўга дзеянні Курамсы, безвыніковыя для татар, мелі куды больш важкія вынікі — яны адцягнулі ўвагу Данілы і прыпынілі на пэўны час разбуральную вайну за Панямонне. Маладая літоўска-ноўгародская дзяржава ацалсла, хоць і не без вялікіх страт. Галоўнай з іх было вымушанае хрышчэннс Міндоўга. Праўда, гэты акт азначаў далёка не тое самае, што хрышчэнне прусаў і ліваў, ён не прывёў да страты дзяржаўнай незалежнасці Літвы. Аднак Міндоўг як хрысціянскі кароль не меў цяпер маральнага права дапамагаць суседнім паганскім плямёнам, землі якіх дагэтуль з’яўляліся буферам між ім і крыжакамі. Больш таго, яму давялося адмовіцца і ад сюзерэнітэту над Жамойцю і паўднёвай часткай Земгаліі, што ўжо былі ўвайшлі ў склад яго дзяржавы.
У крыжацкім архіве ў Кёнігсбергу захавалася некалькі пагадненняў паміж Міндоўгам і Тэўтонскім ордэнам, у якіх замацоўваецца адыход шэрагу жамойцкіх і земгальскіх валасцей пад уладу апошняга.
Яшчэ болып дакументаў сфальсіфікавалі крыжакі, каб сгварыць прэцэдэнт для пашырэння сваёй экспансіі. Адна з такіх грамат (калі і падробленая, то даволі праўдзіва) мае подпісы не толькі Міндоўга, але і набліжаных да яго асоб, што дазваляе нам хаця б часткова ўявіць стан літоўскай дынастыі. Пасля Міндоўга там названы муж яго сястры Лангвінус (напэўна, той самы Лугвень, які ўзначальваў адзін з літоўскіх набегаў на Драгічын), іншыя родзічы: князь Парбусе з якогасьці ўладання Нене (магчыма, скажоная форма назвы "Нярыс" — нейкай воласці на рацэ Віліі), Гердзень з Нальшан, Веге, Весягайла і малодшы Парбусе, а таксама чацвёра баяр ("баронаў") — Лігейка, Схабле, Біец і Буне. Характэрна, што на чале Нальшанскага княства ўжо стаіць родзіч Міндоўга Гердзень — верагодна, ён заступіў месца знікнуўшай тамтэйшай дынастыі. У познім радаводзе (XV стагоддзе), увогуле зусім неймаверным, ёсць звесткі пра Г'ердзеня, сына Давіла і стрыечнага брата Міндоўга. Некаторыя даследчыкі схіляюцца да таго, што Гердзень і сапраўды мог быць сынам князя Даўята (Даўяла) з дагавора 1219 года і блізкім родзічам Міндоўга (праўда, не стрыечным, а траюрадным яго братам). Праўдзівыя звесткі пра яго маглі захавацца таму, што ў Цверы, дзе афармляўся гэты радавод (пазней змешчаны ў Васкрасенскім летапісе), пэўньт час быў епіскапам Андрэй — быццам бы ахрышчаны сын Гердзеня. Усе пералічаныя довады вельмі хісткія. Але Гердзень — постаць безумоўна гістарычная, мы яшчэ сустрэнем яго ў далейшых падзеях. Тое ж можна сказаць і пра Лугвеня, які згадваецца не толькі ў Іпацьеўскім летапісе, але і ў ордзнскай "Рыфмаванай хроніцы", дзе ён паўстае як адзін з буйнейшых уладароў Літвы, уладальнік дружыны ў 500 чалавек і двара з чэляддзю.
Між тым прусы, ад якіх адракліся і Святаполк Паморскі, і Міндоўг, працягвалі супрацьстаяць Тэўтонскаму ордэну. Галоўным ачагом іх супраціўлення на пачатку 1250-ых гадоў зрабілася Самбія — найбольш густанаселеная старажытная пруская тэрыторыя (заходняя частка сучаснай Калінінградскай вобласці). Зімой 1252/53 года самбійцы нанеслі крыжакам сур’ёзнае паражэнне. Адказам на яго быў маштабны крыжовы паход 1254 года, які ўзначаліў пераможца ў барацьбе з Раманам за спадчыну Бабенбергаў — малады чэшскі кароль Пжэмысл Отакар. На бок захопнікаў перайшоў адзін са знатнейшых прускіх арыстакратаў — Гедуне са старажытнага роду Кандэйм. Ён перадаў Отакару звесткі пра ваенныя сілы самбійцаў. За гэта кароль адправіў яму сцягі, вывесіўшы якія Гедуне мог захаваць уласныя маёнткі ў час уварвання крыжакоў. Але лёс пакараў здрадніка: пасланец са сцягамі спазніўся, і імклівае крыжацкае войска знішчыла двор Гедуне і ўсіх яго родзічаў.
Самбія мусіла скарыцца, на месцы яе крэпасці Тавангеце быў заснаваны магутны замак, у гонар чэшскага караля названы Кралеўцам (Крулеўцам, па-нямецку — Кёнігсбергам). Крыху раней, у 1253 годзе, на поўначы ад вусця Нёмана на землях племені ламатаў, якія "падараваў" тэўтонцам Міндоўг, узнік ордэнскі замак Мемельсберг (сучасная Клайпеда). Экспансія Ордэна з боку Прусіі сутыкнулася з сустрэчным рухам лівонцаў па Курляндыі, балтыйскі бераг амаль цалкам апынуўся пад уладай крыжакоў.
У 1255 годзе плямёны, што захавалі нсзалежнасць,— скалвы і надровы — разам з яцвягамі пайшлі ў Самбію з намерам пакараць арыстакратаў-адступнікаў і зноў узняць народ на барацьбу. Але крыжакі адбілі ўдар, уварваліся ў адказ у Натангію і разбурылі балцкі культавы цэнтр Ромува, які ў выніку быў перанесены на землі Жамойці, да вусця ракі Дубісы. У рэчышчы гэтых падзей знаходзіўся і падзел Яцвягіі на сферы ўплыву паміж Ордэнам, Мазовіяй і Валынню, і заснаванне валынскага апорнага пункта Рая на яцвяжскіх землях, пра якія размова ішла вышэй. Кола варожай аблогі з усіх бакоў набліжалася да мсжаў Літвы.