Пачаткі Вялікага княства Літоўскага
Падзеі і асобы
Вячаслаў Насевіч
Выдавец: Полымя
Памер: 160с.
Мінск 1993
Міндоўг толькі таго і чакаў. Ён адразу забыўся на сваё хрышчэнне, на пагадненні з крыжакамі і накіраваў войска на дапамогу паўстанцам. У Жамойці з’явіўся. яго намеснік, малады князь Транята, якога крыніцы называюць сынам сястры Міндоўга, напэўна, бацькам быў Лугвень. Сам Міндоўг узнавіў набегі на навакольныя землі. У тым жа годзе яго войска спустошыла Мазовію, захапіўшы нават яе сталіцу Плоцк.
У адказ крыжакі разам з Зямовітам Мазавецкім зімой 1260/61 года арганізавалі карны паход у Літву. Аднак і ён скончыўся іх паражэннем і ўцёкамі. Акрылены Міндоўг, напэўна, пачаў ужо марыць аб тым, каб увогуле скінуць рыцараў у мора. Ён актывізуе дыпламатычную дзейнасць, завязвае зносіны з Аляксандрам Неўскім, Таўцівілам, сынам Данілы Галіцкага Шварнам. У 1261 годзе магутная кааліцыя ў складзе Траняты, сыноў Аляксандра Неўскага, Таўцівіла Полацкага і віцебскага князя Канстанціна (зяця Аляксандра) рушыла ў Лівонію. Аднак з-за несуладнасці дзеянняў літоўскіх і рускіх палкоў выступленне не прывяло да мяркуемых вынікаў.
У наступным 1262 годзе Міндоўг нанёс магутны ўдар па Мазовіі, помсцячы за ўдзел Зямовіта ў крыжовым паходзе. Мазавецкае войска было разбіта, а сам Зямовіт разам са старэйшым сынам Конрадам трапіў у палон. Далей адбылася драматычная падзея. Разам з Міндоўгам у паходзе ўдзельнічаў Шварн. "Велікапольская хроніка" паведамляе, што менавіта ён засек свайго палоннага швагра Зямовіта (праўда, паводле іншых звестак, гэта зрабіў нехта з прыбліжаных мазавецкага князя). Сын апошняга, Конрад, унук Данілы Галіцкага, быў адвезены ў Літву і пазней адпушчаны за выкуп.
Міндоўг дасягнуў, бадай, вяршыні сваёй магутнасці. Яму ішоў ужо сёмы дзесятак, але гады не сагнулі яго магутную постаць. I не на ложку чакала яго смерць. Валынскі летапісец так характарызуе яго ў апошнія гады панавання: "Мнядовг самодержечь бысть во всен землн Лнтовскон. Бысть князяшю ему в землм Лмтовскон н нача . нзбнватн братью свон н сыновцё свою (пляменнікаў.— В. Н.), a другне выгна нз землм, н нача княжнтм однн во всен земле Лнтовскон, н нача гордетн велмм, к вознесеся славою н гордостью велнкою, м не терпяше протнву себе нмкого же". Зразумела, такое самаўладдзе не магло задаволіць іншых князёў і баяр, якія яшчэ добра памяталі часы, калі Даўгерд і Жывінбуд былі толькі першымі сярод роўных. Таму вакол Міндоўга плялася змова. Новае пакаленне князёў рыхтавалася выйсці на пярэдні план.
Пакаленне другое: ВОЙШАЛК I ТРАЙДЗЕН (1260-ыя — 1280-ыя гады)
Міндоўг быў забіты ў той час, калі выправіў сваё войска ў далёкі паход на бранскага князя Рамана Міхайлавіча (сына Міхаіла Чарнігаўскага), які менавіта тады гуляў вяселле сваёй дачкі Вольгі з сынам Васількі Раманавіча Валынскага Уладзімірам. Напэўна, гэтае палітычнае збліжэнне былых ворагаў, валынскіх і чарнігаўскіх князёў, і прымусіла ўладара Літвы ўмяшацца. Аднак адыход войска спрыяў галоўным змоўшчыкам — Траняце Жамойцкаму і Таўцівілу Полацкаму, якія, верагодна, раптам вярнуліся з паўдарогі і здзейснілі свой намер. Разам з Міндоўгам загінулі і двое яго малодшых сыноў, Рэпік і Рукля.
Увогуле розныя крыніцы акрэсліваюць даволі шырокае кола змоўшчыкаў. Сярод іх называюцца і ваявода Астафій Канстанцінавіч, і нальшанскія князі Гердзень і Даўмонт; апошняга лічаць непасрэдным забойцам. Вырашальным штуршком да забойства быццам бы паслужыла тое, што Міндоўг пасля смерці сваёй жонкі пажадаў ажаніцца з яе сястрой, якая ўжо была замужам за Даўмонтам, і гвалтоўна адабраў жанчыну ў нальшанскага князя. Аднак калі гэта і было так, то ўчынак Міндоўга з’явіўся толькі апошняй кропляй, што перапоўніла чашу цярпення літоўскай знаці. Ва ўсякім выпадку, пра пагаршэнне адносін паміж Міндоўгам і Транятам крыжацкая "Рыфмаваная хроніка" паведамляе ўжо ў 1261 годзе. Так ці інакш, але грозны правіцель сышоў са сцэны— прыкладна ў 1263 ці 1264 годзе.
Амаль адначасова з ім смерць спасцігла яшчэ двух вельмі яркіх дзеячаў: Аляксандра Неўскага і Данілу Галіцкага. Смерць Данілы Валынскі летапіс датуе 1264 годам, "Велікапольская хроніка" — 1266-ым. Саракачатырохгадовы Аляксандр па ўзросту быў равеснікам сыноў Міндоўга і Данілы, але і ён цяжка захварэў у час вяртання з Арды і дадому не даехаў. Існуе меркаванне, што перад ад’ездам ён атрымаў у стаўцы хана Берке атруту (хаця смерць магла наступіць і натуральным чынам).
Далей нашымі асноўнымі дзеючымі асобамі будуць сыны і пляменнікі Міндоўга і Данілы, а ў Паўночна-Усходняй Русі — малодшыя браты Аляксандра. У Літве ж найбольш адметнай постаццю хутка стане князь Трайдзен, які пры жыцці Міндоўга заставаўся недзе зусім на заднім плане. Такім чынам, надышоў час тых, хто нарадзіўся прыкладна ў 1220-ыя гады і належаў да новага пакалення.
Але давайце яшчэ раз акінем вокам нашу сцэну, каб лепш усвядоміць тыя змены, што адбыліся на ёй за мінулае трыццацігоддзе. У большасці сваёй змены гэтыя — не ў лепшы бок. Нават у прыродзе,
здавался б, усё такой жа магутнай і шчодрай, нешта быццам сапсавалася. Пачынаецца павольны пераход ад даволі цёплай і сухой кліматычнай фазы, якая панавала некалькі папярэдніх стагоддзяў, да больш халоднай і вільготнай. Адпак гэтыя змены стануць прыкметнымі праз пэўны час. Іншыя ж адразу кідаюцца ў вочы. Асабліва датычыць тое тэрыторыі ўрадлівых лесастэпаў, што была некалі сэрцам Рускай дзяржавы, славілася багатымі паселішчамі і тлустымі пашамі. Зараз толькі кудлатыя татарскія коні пасуцца на тых пашах, большасць жа сёлаў і нават гарадоў уяўляе сабой зарослыя травой пажарышчы. Людзі не сталі адраджаць гэты край, так небяспечна адкрыты на поўдзень, падаліся ў лясныя гушчары, дзе ёсць хоць нейкі паратунак ад уварванняў татар.
Некалі вялікія гарады — Кіеў, Пераяслаў, Чарнігаў — пасля разгрому прыйшлі ў заняпад. Ледзь цепліцца там жыццё пад наглядам татарскіх намеснікаў-баскакаў. I былой дзяржавы ўжо фактычна няма — яна ператварылася ў некалькі слаба звязаных між сабой ардынскіх правінцый. Нават мацнейшыя з іх: Уладзіміра-Суздальская, Наўгародская, Галіцка-Валынская землі — не здолелі захаваць незалежнасць, схіліліся перад неадольным ветрам з усходу.
Але і з захаду дзьмуць на балтыйскія пясчаныя косы не менш жорсткія вятры, што напінаюць ветразі нямецкіх караблёў. На іх плывуць сюды новыя ўдзельнікі крыжовых паходаў, новыя ахвотнікі ўліцца ў драпежнае тэўтонскае брацтва. I тут бачым мы гарэлыя бярвенні прускіх умацаванняў, а таксама і разбураныя ордэнскія замкі і двары ахрышчанай знаці — у Прусіі зноў кіпіць вайна.
Бадай што, Полыпчы пашанцавала больш. Хоць і тут паўсюдна сляды свежых разбурэнняў (у Сандамірскай зямлі — татарскіх, у Мазовіі і Куявіі — прускіх і літоўскіх), але да такога відовішча не прывыкаць было жыхарам сярэднявечча. У адрозненне ад Русі палітычная сістэма ў гэтай заходнеславянскай краіне ацалела, некаторыя змены хоць і адбываюцца, але носяць больш мірны характар. Працягвае нарастаць культурны ўплыў Германіі. Упершыню будуюцца гонкія гатычныя касцёлы, якія хутка выцесняць ранейшыя, больш масіўныя — раманскага стылю. Рынкі запаўняе новая манета з чэшскіх сярэбраных руднікоў — пражскі грош, што пачалі адбіваць з 1276 года. Хутка ён распаўсюдзіцца і ў Літве, і ў Заходняй Русі замест былых срэбраных зліткаў-грыўняў.
Яшчэ адна характэрная рыса новага, занесеная з захаду,— мураваныя ўмацаванні, практыка ўзвядзення якіх пачынае распаўсюджвацца і праз Сілезію, і праз ордэнскія тэрыторыі, дзе будаваць каменныя замкі сталі адразу пасля з’яўлення крыжакоў. Hi на польскіх, ні на рускіх землях раней такіх умацаванняў не ставілі, хоць здаўна ўмелі класці выдатныя мураваныя цэрквы'. Крапасныя сцены і вежы традыцыйна былі драўлянымі.
Праўда, і зараз старая тэхналогія пераважае. Але ў ёй з’явілася новая дэталь: у атачэнні сцен з бярвення пачалі будаваць мураваныя вежы ("стаўпы"). У 1257 годзе такая вежа ўпамінаецца ў буйнейшым сілезскім горадзе Вроцлаве, пазней яны ўзнікаюць і ў іншых гарадах Сілезіі, а адтуль гэтая традыцыя перакачоўвае на Валынь і ў Панямонне. Дакладныя даты з’яўлення новых умацаванняў у крыніцах прыводзяцца рэдка. Напэўна, мураваныя вежы ўзніклі на
Валыні пасля таго, як старыя ўмацаванні гарадоў былі разабраны па загаду Бурундая.
Мураваныя вежы ўзвышаліся над драўлянымі сценамі Холма, Чартарыйска, Стоўп’я. У 1276 годзе Уладзімір Васількавіч заснаваў на паўночнай мяжы сваіх уладанняў, у Берасцейскай зямлі, горад Камянец, дзе злажылі такое ж умацаванне. Яно захавалася да нашых дзён і зараз вядома як славутая "Белая вежа". Такія ж былі і ў Берасці, Ноўгародку, Горадне, Пінску. Іншы раз іх ставілі ўнутры гарадскіх сцен, а часам — звонку, як у Горадне, дзе паводле летапіснага паведамлення 1277 года "каменны стоўп" прыкрываў падыход да гарадской брамы.
Існуе гіпотэза, што пры Міндоўгу ці яго пераемніках такая ж вежа ўзнялася і ў Вільне (сподняя частка вежы на плошчы Гедымінаса). Даказаць гэта цяжка, як цяжка і абвергнуць. Усё ж больш верагодным здаецца, што ў літоўскіх землях такія ўмацаванні з’явіліся пазней.
Як ні дзіўна, але найменш знешніх змен мы ўбачым там, дзе адбываюцца найболей значныя падзеі, дзе ідзе працэс стварэння Літоўскай дзяржавы. У літоўскіх пушчах пакуль што не з’явіліся сапраўдныя гарады (хаця мясцовыя археолагі лічаць гарадскім цэнтрам ХІП стагоддзя Вільна), а выгляд вёсак і ўмацаваных баярскіх двароў застаецца ўсё тым жа. I сумежныя рускія княствы працягваюць жыць па-ранейшаму — з’яўленне літоўскіх князёў у ГІанямонні і Полацку мала што змяніла. Татарскі ўплыў сюды, дзякуй Богу, не дайшоў, а літоўскі адчуваўся і раней. Хіба што знікненне агульнарускага гандлю вымушае купцоў усё больш паглядаць у нямецкі бок, але і гэты працэс пачаўся значна раней, калі яшчэ ў 1204 годзе крыжакі замест Палесціны заваявалі Візантыю — духоўную метраполію Русі, ператварыўшы яе ў "Лацінскую імперыю".
Хто ж будзе дзейнічаць на ўсіх гэтых абшарах у разглядаемы час? У Галіцка-Валынскім княстве пасля смерці Данілы старэйшым князем застаўся яго брат Васілька з адзіным сынам Уладзімірам — тым самым, чыё вяселле ў Бранску імкнуўся папсаваць Міндоўг. У Данілы пасля смерці Рамана заставалася трое сыноў: Леў, Шварн — зяць Міндоўга і Мсціслаў. Пасля смерці Данілы адбылося пераразмеркаванне ўладанняў: Васілька да сваіх Берасця і Кобрына ўзяў Уладзімір-Валынскі, а свой Луцк аддаў Мсціславу Данілавічу. Леў і Шварн падзялілі астатнюю частку бацькоўскіх уладанняў, прычым Галіч з Холмам і Белзам дастаўся Шварну, а Леў атрымаў толькі Перамышль і Львоў, які бацька заснаваў у яго гонар.