Пачаткі Вялікага княства Літоўскага
Падзеі і асобы
Вячаслаў Насевіч
Выдавец: Полымя
Памер: 160с.
Мінск 1993
Тым часам і ў Ардзе адбыліся змены. У 1256 годзе памёр Бату-хан, якому было ўсяго 48 гадоў. Яго сын Сартак атрымаў у Каракаруме ярлык на бацькоўскі улус, але па дарозе з Манголіі нечакана памёр (магчыма, і тут не абышлося бсз атруты). Новым ханам стаў малодшы брат Бату — Берке. Ён энсргічна ўзяўся за справу, пабудаваў для сябе новую сталіцу Сарай-Берке на Ніжняй Волзе і таксама пачаў наводзіць "парадак" на Русі. Арда пераходзіла да метадычнай эксплуатацыі заваяваных зямель. 3 мэтай устанаўлення пагалоўнага падатку па ўсёй Русі раз’ехаліся татарскія перапісчыкі.
На парадку дня стаяла аднаўленне татарскага кантролю над Галіцка-Валынскім княствам. Але Берке ўлічыў вопыт свайго брата. Ён накіраваў у паўночначарнаморскія стэпы замест Курамсы свайго лепшага палкаводца Бурундая з незлічоным войскам, якое значна перасягала ўсё, што мог супрацьпаставіць Даніла. Адначасова Бурундай меўся нанесці ўдар і па Літве Міндоўга.'
Даніла апынуўся перад выбарам. На яго ішоў ужо не Курамса, якога ён ніколі не баяўся. Зараз трэба было ці скарыцца, ці змагацца насмерць, падстаўляючы пад татарскія шаблі ўсё насельніцтва сваёй дзяржавы. 1 Даніла вырашыў скарыцца. Аднак гэтага аказалася мала: Бурундай запатрабаваў, каб галіцкі князь разам з ім рушыў на Літву, а гэта значыць — і на ўласнага сына. Пасля аднаго цяжкага рашэння належала прыняць другое!
Даніла паспрабаваў ухіліцца, назваўся хворым і паслаў замест сябе брата Васільку. Але гэта нічога па сутнасці не мяняла: татарскі паход на Літву ўсё роўна адбыўся і ўсё роўна ў ім удзельнічала валынскае войска. Такім чынам, Міндоўг зноў ператвараўся ў ворага, але ўжо пры зусім іншым палітычным раскладзе. Наступныя падзеі паказалі таксама, што Раман ў Ноўгародку і сапраўды з’яўляўся заложнікам — адразу пасля выступлення Бурундая з Васількам ён быў схоплены літоўцамі і некуды знік. Адначасова і манах Войшалк вяртаецца да палітычнай дзейнасці, а разам з ім і былы саюзнік Таўцівіл парывае з Данілам — мснавіта іх летапіс называе галоўнымі віноўнікамі паланення Рамана.
На жаль, скорагаворка летапісу не дазваляе як след разабрацца ў падзеях. Гэты момант — адзін з самых заблытаных. Войшалк, як мы памятаем, хрысціўся ў 1254 годзе і застаўся манахам у манастыры на Валыні. Адтуль ён нават рабіў паломніцтва ў Іерусалім, але дайшоў толькі да Балгарыі з-за ваенных дзеянняў на Балканах, як паведамляс пазнейшая ўстаўка пра жыццё Войшалка, змешчаная ў Гпацьеўскім летапісе. Устаўка гэтая вельмі нагадвае жыцці святых, прынамсі, яна зроблена па іх узору і належыць пяру царкоўніка.
У ёй гаворыцца, што да хрышчэння Войшалк княжыў у Ноўгародку і вызначаўся выключнай жорсткасцю, а спазнаўшы Хрыста, стаў зусім іншым чалавекам — рахманым і богалюбівым. Відаць, падобныя словы не варта надта прымаць да веры. Але далей паведамляецца, што праз тры гады жыцця ў манастыры Войшалк з дазволу Данілы пайшоў прапаведаваць у Літву, дзе заснаваў паблізу ад Ноўгародка так званы Лаўрышаўскі манастыр. Верагодна, гэта ўжо частка гістарычнага падання пра заснаванне манастыра, менавіта ў ім жыццё Войшалка апісана і адсюль трапіла да стваральніка канчатковай рэдакцыі Іпацьеўскага летапісу.
Такім чынам, напярэдадні паходу Бурундая Войшалк знаходзіўся ў манастыры на ўскрайку Ноўгародскай зямлі. Але чаму менавіта ён захапіў Рамана? Наўрад ці гэта было зроблена ў інтарэсах Міндоўга, бо, паводле той жа ўстаўкі, пасля хрышчэння Войшалк жыў з бацькам у нязгодзе. Прычым разам з ім дзейнічаў Таўцівіл — швагер і былы паплечнік Данілы, люты вораг Міндоўга. Застаецца меркаваць, што Войшалк і Таўцівіл выкарысталі татарскае нашэсце для таго, каб адарваць Ноўгародскае княства і ад Літвы, і ад Валыні, зрабіць яго самастойным уладаннем. М. Ермаловіч лічыць, што ўладу ў Ноўгародку атрымаў Войшалк, але пра часовае расстрыжэнне яго паведамляецца пазней, ужо пасля смерці Міндоўга. Да таго часу ён заставаўся манахам. Верагодней, што на ўладу прэтэндаваў Таўцівіл, а Войшалк яму спрыяў.
Між тым войска Бурундая з Валыні ўварвалася ва ўладанні Міндоўга, спусташаючы Літву і Налыпаны (Іпацьеўскі летапіс датуе гэты паход 1260 годам, па іншых крыніцах ён адбыўся ў 1257 годзе). На жаль, падрабязнасцей ваенных дзеянняў мы не ведаем. Валынскі летапіс паведамляе галоўным чынам пра Васільку, які беспаспяхова шукаў у Літве схопленага пляменніка, Наўгародскі ж абмяжоўваецца адной загадкавай фразай: "Тон же знмы взяша татарове всю землн Лнтовскую, а самехь нзбмша" (каго "саміх"? літоўцаў? татар?). Археалогія, са свайго боку, сведчыць, што на шматлікіх паселішчах Беларусі (у тым ліку такіх квітнеючых, як Слуцк і Клецк) з сярэдзіны XIII стагоддзя практычна спыняецца накапленне культурнага слоя — на працягу наступных паўтара стагоддзяў жыццё там ледзь тлее. Магчыма, заняпад пачаўся менавіта з паходу Бурундая.
Бясспрэчна толькі тое, што Бурундаю не ўдалося ажыццявіць сваю галоўную мэту — падпарадкаваць Літву ардынскай уладзе. Магчыма, Міндоўг схаваўся ў лясах і збярог свае асноўныя сілы, a магчыма, "нзбнша" ўсё ж-такі татар. Вельмі ўжо супадаюць некаторыя дэталі падання пра бітву пад Койданавам (сучасны Дзяржынск) з абставінамі паходу Бурундая. Праўда, у паданні гаворыцца, што ўзначальваў татарскую раць Койдан, які там і загінуў (адсюль назва), але ж гэта мог быць і адзін з малодшых ваяводаў Бурундая. Дарэчы, у іншым варыянце койданаўскага падання выступае "цар Балаклай", хаця праціўнікам яго з’яўляецца не Міндоўг, а міфічны князь Скірмунт.
Пра паражэнне Бурундая ўскосна сведчыць і тое, што "хворы" Даніла раптоўна пачынае вельмі актыўна дзейнічаць у пошуках сына — напэўна, Бурундай яму ўжо не страшны. Галіцкі князь з войскам урываецца ў Панямонне, захоплівае Ваўкавыск, але знаходзіць там толькі Раманава цесця Глеба. Hi знайсці Рамана,
ні захапіць Войшалка і Таўцівіла яму не пашчасціла. Далейшы лёс Рамана застаецца загадкай. У рускіх крыніцах ён больш не з’яўляецца — магчыма, на момант пошукаў яго ўжо не было ў жывых. Праўда, "Велікапольская хроніка" паведамляе, што ў аблозе Сандаміра ў наступным годзе ўдзельнічаў і Раман, але, магчыма, гэта памылка храніста.
Таўцівіл пасля ўцёкаў ад Данілы ў Ноўгародак больш не вярнуўся. Затое ў хуткім часе мы сустрэнем яго ў якасці полацкага князя. Прычым вельмі верагодна, што ўладкаваўся ён там якраз у 1258 годзе, бо гэтым годам датуецца набег "лнтвы с полочаны" на Смаленск, у час якога быў спалены замак Воішчына. Праўда, і да Таўцівіла ў Полацку сядзеў літоўскі князь, але той, здаецца, паводзіў сябе больш ціха. Войшалк жа хутчэй за ўсё пазней вярнуўся ў свой манастыр.
Між тым татары, можа, і адступіліся ад Літвы, але Галіцка-Валынскую Русь пакідаць у спакоі не збіраліся. He прайшло і года, як усё той жа Бурундай зноў з’явіўся на мяжы з новым незлічоным войскам. Гэтым разам ён накіраваўся на землі яшчэ аднаго Данілава саюзніка, Баляслава Сарамлівага. I зноў галіцка-валынскія князі вымушаны ўдзельнічаць у паходзе, абрываючы ўсю сістэму сваіх былых палітычных сувязяў. Але перад тым іх чакала яшчэ горшае выпрабаванне — пад пагрозай вайны Бурундай загадаў знесці ўмацаванні іх гарадоў.
Гэта быў канец былой магутнасці Галіцка-Валынскага княства. Сваімі рукамі прыйшлося знішчаць тое, што самі ж і будавалі. Але выбар прадвызначыўся яшчэ годам раней, калі Даніла і Васілька першы раз не здолелі даць рады Бурундаю. Зараз жа, сказаўшы "а", даводзілася казаць і "б".
Услед за тым галіцка-валынскае войска далучылася да войска Бурундая, і яны сумесна спустошылі Сандамірскае княства. Горад Сандамір другі раз за васемнаццаць гадоў быў разбураны татарамі, зараз ужо пры ўдзеле рускіх князёў. "Велікапольская хроніка" прыпісвае ім ледзь не галоўную ролю ў падзеях. Быццам, калі аблога зацягнулася, Васілька Раманавіч і яго пляменнікі Данілавічы пачалі перамовы з гараджанамі, пераконваючы тых здацца. Але як толькі бяззбройныя жыхары Сандаміра выйшлі з брамы, "татары накінуліся на іх, як ваўкі на авечак, праліваючы велізарную колькасць крыві бязвінных людзей, так што патокі яе разліліся, сцякаючы ў Віслу, выклікалі яе паводку. I калі яны стаміліся ў сваёй лютасці, астатніх мужоў, як статак свіней, спіхнуўшы ў раку Віслу, патапілі. Маладых жа кабет, прыгожых дзяўчат і хлопцаў увялі з сабой у палон".
Пасля гэтых падзей палітычны прэстыж Галіцка-Валынскага княства быў падарваны канчаткова. Страціўшы гарадскія ўмацаванні, яно засталося безабаронным перад любым ворагам — бяспека яго залежала зараз ад Арды. Да таго ж двухразовы праход шматтысячнай татарскай конніцы ў абодва бакі праз усё княства прынёс ненамнога менш спусташэнняў, чым сапраўдная вайна. Працэс утварэння самастойнай дзяржавы на поўнач ад Карпат спыніўся.
Але з Літвой справы абстаялі інакш. Hi поспехі крыжакоў на берагах Балтыкі, ні грозны набег Бурундая не паменшылі яе жыццяздольнасці. Як сціснутая спружына, чакала яна аслаблення
варожага напору, каб выпрастацца. I такі момант настаў у 1260 годзе, калі першая ж спроба тэўтонцаў прыступіць да заваявання Жамойці скончылася для іх катастрофай.
Гэта быў вялізны крыжовы паход, які ўзначальваў шведскі прынц Карл. Апрача рыцараў Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў у паходзе ўдзельнічалі добраахвотнікі з Даніі і Швецыі, а асноўную масу воінаў складалі мабілізаваныя прусы, куршы і эсты. Жамойцкае войска сустрэла іх яшчэ ў межах Курляндыі, ля возера Дурбе. Здарылася так, што ў пачатку бітвы пакрыўджаныя напярэдадні крыжакамі куршы перайшлі на бок жамойтаў, а эсты пакінулі поле бітвы. Жорсткі бой цягнуўся некалькі гадзін і скончыўся поўным паражэннем крыжакоў: загінулі прынц Карл, лівонскі магістр Горнхаўзен, маршалак Тэўтонскага ордэна Боцель, да канца верныя новым гаспадарам прускія князі Матха Памезанскі і Склода Самбійскі, 150 братоў-рыцараў (столькі абодва ордэны дагэтуль йе гублялі ніколі).
Вестка пра паражэнне "жалезнабрухіх" крыжакоў абляцела прускія землі. Як іскра, трапіла яна ў грымучую сумесь незадавальнення скораных народаў. У жніўні 1260 года, праз некалькі тыдняў пасля бітвы пры Дурбе, на землях Прусіі ўжо палыхала магутнае паўстанне. У Натангіі яго ўзначаліў прускі арыстакрат Геркус Мантас, у Варміі — Гланне, у Бартыі — Дыване па мянушцы Мядзведзь. Гнеў паўстанцаў быў накіраваны не толькі супраць крыжакоў, але і супраць той часткі арыстакратаў, што верна ім служыла.