Пачаткі Вялікага княства Літоўскага
Падзеі і асобы
Вячаслаў Насевіч
Выдавец: Полымя
Памер: 160с.
Мінск 1993
Новым цэнтрам Чарнігаўскай зямлі зрабіўся надзейна схаваны ў лясах Бранск. Менавіта там пачаў княжыць сын Міхаіла Чарнігаўскага Раман з сынамі Міхаілам і Алегам. Пра астатніх чарнігаўскіх князёў амаль нічога не вядома. Ёсць звесткі, што малодшыя сыны Міхаіла Чарнігаўскага атрымалі ўдзелы ў Глухаве і аддаленых гарадах былой зямлі вяцічаў — Казельску і Тарусе. Пазней там, у вярхоўях Акі, утворацца самастойныя княствы. 3 курскай галіяы ў гэты час вядомыя князі Алег Рыльскі і Святаслаў Ліпецкі з братам Аляксандрам.
У Тураўскай зямлі працягваюць існаваць тры дробныя дынастыі: тураўская, пінская і, напэўна, дубровіцка-сцяпаньская. Тураўскіх
князёў летапіс згадвае толькі раз у 1274 годзе, не называючы іх імёнаў. Пінскія князі ў палітычных падзеях адыгрывалі больш істотную ролю. Гэта былі Фёдар, Дзямід і Юрый Уладзіміравічы — напэўна, малодшыя браты таго Расціслава Уладзіміравіча, што ў 1240 годзе хаваўся ад татар, і пляменнікі пінскага князя 1240-ых гадоў Міхаіла. 3 апошняй галіны вядома толькі пра Івана Глебавіча Сцяпаньскага, які памёр у 1292 годзе адначасова з Юрыем Пінскім.
Пра тэрыторыю далей на поўнач — практычна поўнае маўчанне крыніц. Мясцовыя дынастыі ў гарадах Панямоння, калі яны і існавалі дагэтуль, цяпер абрываюцца канчаткова. Апошні іх прадстаўнік — Васілька Слонімскі ў канцы разглядаемага перыяду выступае як служылы князь Уладзіміра Васількавіча Валынскага. Можна меркаваць, што па-ранейшаму ёсць князі ў Друцку і Свіслачы. Праўда, уласны радавод князёў Друцкіх, які быў складзены не раней канца XV стагоддзя, чамусьці лічыць родапачынальнікам невядомага па іншых крыніцах Рамана, быццам бы сына Аляксандра Белзскага, аднак захаванне мясцовай дынастыі Рагвалодавічаў уяўляецца больш верагодным. Пра іншыя гарады: Слуцк, Клецк, Менск, Заслаўе, Лагойск, Лукомль — можна толькі гадаць.
Полацка-віцебская дынастыя, напэўна, таксама згасла, бо інакш цяжка растлумачыць паслядоўнае панаванне ў Полацку літоўскіх князёў. Праўда, яшчэ ў адной грамаце часоў Войшалка ўпамянуты і полацкі князь Ізяслаў (магчыма, які раней правіў у Свіслачы, але ў тых умовах яго паходжанне магло быць самым нечаканым). Што ж датычыць зяця Аляксандра Неўскага — Канстанціна, які ў 1262 годзе быццам бы з’яўляўся віцебскім князем, часова займаў полацкі пасад у 1264-ым, а ў 1280-ыя гады, магчыма, выступаў як полацкі князь Канстанцін Бязрукі ў "Настаўленні" цвярскога епіскапа Сямёна, то пра яго паходжанне таксама выказваліся розныя думкі. Яго лічылі і сынам смаленскага князя Расціслава Мсціславіча, і нават ахрышчаным сынам Таўцівіла, і нашчадкам мясцовых віцебскіх князёў. Выбраць упэўнена якую-небудзь з гэтых версій немагчыма з-за недахопу звестак.
Смаленскія князі на старонкі летапісаў у гэты час таксама трапляюць не вельмі часта. У 1267 годзе згадваецца Канстанцін (ці не той самы зяць Аляксандра Неўскага?), у 1270—1277 гадах у Смаленску пануе Глеб Расціславіч, у 1277—1279 гадах — Міхаіл (ці то брат Глеба, ці то сын Канстаціна). Мажайскім удзелам валодае Фёдар Расціславіч Чорны, які ў 1280 годзе займае Смаленск, але плямсннікі (сыны памёршага ў 1277 годзе Глеба) хутка выганяюць яго адтуль. Існуе ўдзел і ў Вязьме, ім валодае невядомы з імя і паходжання князь (байька пазнейшага Андрэя Вяземскага — Дарагабужскага).
Вялікае княжанне Уладзімірскае пасля смерці Аляксандра Неўскага паслядоўна займаюць яго браты: Яраслаў Цвярскі і Васіль Кастрамскі. Паездкі ў Арду не спрыяюць іх даўгалеццю, і ўжо с канца 1270-ых гадоў вяршэнства пераходзіць да маладых сыноў Аляксандра: Дзмітрыя, Андрэя і Данілы (старэйшы сын Васіль, былы князь Наўгародскі, памёр зусім маладым у 1271 годзе). Яшчэ адзін брат Аляксандра — няўдалы вялікі князь Андрэй памёр амаль адразу пасля Аляксандра ў 1264 годзе. Ён пакінуў непаўналетніх сыноў, да якіх перайшоў яго Суздальскі ўдзел. Ва Уладзіміра-Суздальскай
зямлі ўтварыліся і іншыя дынастыі (растоўская, белазёрская, яраслаўская, стападубская), якія, аднак, на ход падзей, што нас цікавяць, практычна не будуць уплываць.
Гэты працэс здрабнення княжацкіх вотчын працаваў не на карысць Русі. Парадзелае насельніцтва, разбураныя гандлёвыя сувязі ўжо не патрабавалі развіцця самастойнай мясцовай улады. Наадварот, палітычныя ўмовы вымагалі моцнага адзінага кіраўніцтва, якое б наладзіла супрацьдзеянне захопнікам. Аднак не было каму спыніць драбленне абезгалоўленай дзяржавы, і гэты працэс працягваўся стыхійна, па інерцыі, прычым татарскія ханы актыўна яго падтрымлівалі.
I ў Літве ўлада, створаная Міндоўгам, з’яўлялася вярхоўнай, але не зусім аднаасобнай. Хоць валадар і пазбавіўся ад многіх сваіх родзічаў і прадстаўнікоў іншых дынастый, але ж нямала іх яшчэ і заставалася. Ацалеў пляменнік Таўцівіл, што княжыў у суседнім Полацку. Жамойць належала Траняце, які пасля ажыццяўлення змовы заняў і пасаду вялікага князя. Прынамсі, адно з ранейшых малых княжанняў — Нальшанская зямля — таксама захавалася як паўсамастойнае ўтварэнне. Сярод яе ўладальнікаў вядомыя Гердзень і Даўмонт, роднасныя адносіны якіх вызначыць цяжка. У адной з крыніц жонка Гердзеня называецца цёткай Даўмонта. Магчыма, тэрмін ужыты ў тым сэнсе, як і зараз пляменнік часам называе жонку свайго дзядзькі "цёцяй". У такім выпадку можна было б лічыць Даўмонта — сынам брата Гердзеня, што тлумачыла б іх сумеснае валоданне Нальшанамі. Магчыма, аднак, і іншае тлумачэнне: абодва яны ўладкаваліся там як нашчадкі згаслай мясцовай дынастыі па жаночай лініі ("па кудзелі").
Сярод іншых дынастый магчыма іскаванне кагосьці са шматлікіх Рушкавічаў. Да якойсьці асобнай генеалагічнай лініі належаў і будучы вялікі князь Трайдзен з чатырма братамі, трое з якіх на працягу 1260-ых гадоў загінулі ў войнах з валынскім князем Васількам. Іпацьеўскі летапіс называе іх імёны: Борза, Лесій, Свелкеній і Сірпуцій. Пра магчымае паходжанне гэтага роду размова пойдзе ніжэй.
Для Русі дадзены перыяд быў ледзь не самым змрочным за ўсю яе гісторыю. Ваеннае супраціўленне татарам зломлена (апошняй спробай з’явілася паўстанне ў Суздалі і іншых залескіх гарадах у 1262 годзе), каб на працягу амаль двух пакаленняў болып не ўзнаўляцца. Той жах, які вёў татарскіх воінаў да перамог, зараз разліўся па заваяваных імі землях, паралізуючы волю скораных народаў. Усе найбольш мужныя і гордыя ўзняліся першымі і загінулі ці зніклі назаўсёды ў натоўпах палонных, якія праглынула стэпавая бясконцасць. Водгукі гэтай страшэннай негатыўнай селекцыі яшчэ доўга будуць праяўляцца ў рускай гісторыі. Гарады і вёскі прыціснуў цяжкі падаткавы прэс, які абмяжоўваўся толькі клопатам татарскіх ханаў аб тым, каб увогуле не высмактаць апошнія сокі з новых даннікаў, не пазбавіцца такім чынам крыніцы абагачэння.
Нават ацалелыя гарады і храмы прыходзілі ў заняпад. Сіл ставала толькі на тое, каб забяспечыць своечасовую ўплату даніны, не давесці да новага карнага пагрому. Зніклі школы дойлідаў і багамазаў, у болыпасці княстваў абарвалася летапісанне. Летапісы ў гэты час вяліся толькі ў Ноўгарадзе і Пскове, дзе-нідзе ў Залескай Русі ды
на Валыні (але і Валынскі летапіс — адна з асноўных нашых крыніц — абарвецца ў 1292 годзе).
Залатая Арда, як вялізны клешч, прысмакталася да захопленых земляў. У ёй да 1266 года пануе хан Берке, а пасля яго смерці — Менгу-Цімур, які быў ці то малодшым братам, ці то пляменнікам Берке. Пры ім пачала ўзыходзіць зорка цемніка Нагая, які, магчыма, не належаў да нашчадкаў Джучы, але энергіяй і здольнасцямі перасягаў іх. Ён атрымаў у намесніцтва прычарнаморскія стэпы між Дунаем і Дняпром і змяніў Бурундая на пасадзе "куратара" паўднёварускіх спраў. Магутнасць яго параўноўвалася з магутнасцю хана, Нагай самастойна наладзіў знешнепалітычныя зносіны з адноўленай у 1260 годзе Візантыйскай імперыяй, умешваўся ў заходнееўрапейскія справы. Яго блізкая стаўка была для Русі куды больш небяспсчнай, чым далёкая ханская рэзідэнцыя Сарай-Берке.
Але давайце вернемся ў Літву, якую мы пакінулі ў момант забойства Міндоўга. Адразу ж пасля перавароту адносіны паміж галоўнымі змоўшчыкамі абвастрыліся. Транята і Таўцівіл не давяралі адзін аднаму, абодва імкнуліся да аднаасобнай улады. Таўцівіл, аднак, не карыстаўся чамусьці і поўнай падтрымкай полацкага баярства. Адзін з яго набліжаных падчас перамоваў з Транятам выдаў апошняму намеры Таўцівіла. У выніку полацкі князь быў забіты (у 1264 годзе), а затым Транята патрабаваў ад палачан прыняць князем яго стаўленіка і выдаць юнага сына Таўцівіла, які заставаўся ў Полацку. Першую ўмову палачане выканалі, другую — не. Яны дазволілі сыну Таўцівіла збегчы ў Ноўгарад. Далейшы яго лёс невядомы. У Полацку ж на вельмі кароткі тэрмін з’явіўся князь Канстанцін (напэўна, той, што раней княжыў у Віцебску). У тым жа 1264 годзе яго змяняе Гердзень.
Між тым старэйшы сын Міндоўга Войшалк пасля забойства бацькі ўцёк у Пінск (напэўна, з Лаўрышаўскага манастыра). Аднак гэты ціхмяны манах яшчэ раз праяўляе сябе актыўным палітыкам. Нечакана Транята гіне на ўласным двары па дарозе ў лазню ад рук сваіх слуг. У святле наступных падзей можна меркаваць, што без Войшалка тут не абышлося. Пінскія князі даюць яму дружыну, і з ёю Войшалк уваходзіць у Ноўгародак і абвяшчае сябе яго князсм. Ён звяртаецца па дапамогу да галіцка-валынскіх князёў і атрымлівае яе ад свайго швагра Шварна Данілавіча. Даволі хутка яму ўдаецца ўладкавацца і ў астатніх бацькоўскіх уладаннях.
Васілька і Шварн з братамі актыўна падтрымалі Войшалка, праруская арыентацыя якога не выклікае сумненняў. Магчыма, яго рукамі яны намерваліся правесці хрышчэнне Літвы. Ва ўсякім выпадку, з’явіўся вельмі зручны момант для распаўсюджання валынскага ўплыву не толькі на Ноўгародскую зямлю, але і далей на поўнач, на ўласна літоўскія землі.
Цяжка сказаць, наколькі самастойна дзейнічаў Войшалк і ці не з’яўляўся ён палітычнай марыянеткай. Прынамсі, увесь час яго панавання ў Літве побач з ім стаіць постаць Шварна Данілавіча. 3 яго дапамогай Войшалк пачынае помсціць прыхільнікам змовы, што аб’ектыўна выліваецца ў знішчэнне рэшткаў былых паўсамастойных княстваў. Галіцка-ноўгародскае войска ўрываецца ў Дзевалтву і Налыпаны, знішчае замкі тамтэйшых арыстакратаў. Даўмонт уцякае ў Пскоў, дзе гараджане прымаюць яго на княжанне. Там яму пад