Пачаткі Вялікага княства Літоўскага
Падзеі і асобы
Вячаслаў Насевіч
Выдавец: Полымя
Памер: 160с.
Мінск 1993
Падобная ж тактыка раскалола і супраціўленне яцвягаў. К 1283 году іх незалежнасць скончылася. Частка князёў і арыстакратаў перайшла на бок Ордэна, астатнія пакінулі свае ўладанні і падаліся ў Літву. Сярод апошніх былі князі Скурда і Скамонт.
На поўначы ж, супраць Лівонскага ордэна, літоўцы і падтрымліваемыя імі земгалы дзейнічалі болып удала. Каля 1281 года Трайдзен захапіў ордэнскі замак Герцыке, колішняе ўладанне палачан, і тым самым адсек прасунуты наперад Дынабург ад асноўнай лівонскай тэрыторыі. Крыжакі вымушаны былі пайсці на перамовы і ўзамен за Герцыке мірна ўступілі Дынабург, які раней Трайдзен не змог узяць зброяй.
У самы разгар гэтых падзей, прыкладна ў 1282 годзе, Трайдзен памёр. Час яго ўладарання прыпаў на цяжкую пару. Амаль з усіх бакоў былі ворагі, якія імкнуліся не толькі адхапіць кавалак, але пры магчымасці і цалкам скарыць маладую Літоўскую дзяржаву. I трэба аддаць належнае "акаяннаму і беззаконнаму" Трайдзену — у гэтых найскладанейшых умовах ён здолеў ўтрымаць яе практычна ў тых самых межах, у якіх атрымаў, і пры гэтым не паступіцца ні палітычнай незалежнасцю, ні верай продкаў (а як мы памятаем, яго папярэднікам даводзілася ісці на даволі значныя кампрамісы).
Бадай, найбольш важным момантам было захаванне ў складзе Літоўскай дзяржавы сумежных рускіх гарадоў: Ноўгародка, Горадна, Ваўкавыска, Слоніма, Турыйска. Наўрад ці засталася па-за літоўскім
кантролем і суседняя Менская зямля, што ляжала яшчэ далей ад Валыні і татар. Праўда, ніякіх звестак пра яе ў гэты час няма. Вельмі ўрывачная інфармацыя і пра Полацк з Віцебскам, аднак, яна прымушае меркаваць хутчэй пра знікненне там літоўскіх князёў. Як гаварылася вышэй, у Полацку сучаснікам цвярскога епіскапа Сямёна быў князь Канстанцін Бязрук. У Віцебску ж каля 1280 года сядзеў намеснік смаленскага князя Фёдара Чорнага. Калі ўлічыць, што смаленскае паходжанне Канстанціна таксама не выключана, можно дапусціць даволі значны ўплыў Смаленска на Падзвінні. Напэўна, і друцкім князям прыходзілася выбіраць паміж Смаленскам і Літвой.
Між тым пасля смерці Трайдзена палітычная гісторыя Літвы раптоўна апускаецца ў змрок. Імя яго пераемніка не называюць ні рускія, ні крыжацкія, ні польскія крыніцы. Сваіх братоў ён перажыў, пра сыноў надзейных звестак таксама няма. Магчыма, яго пераемнікам стаў нейкі князь Даўмонт (не блытаць з Даўмонтам Пскоўскім), якога Троіцкі летапіс называе князем літоўскім і паведамляе пра яго смерць у дальнім набегу на вярхоўі Волгі ў 1285 годзе.
Літоўскія генеалагічныя легенды, пісьмова зафіксаваныя ў XVI стагоддзі, гавораць пра змену "дынастыі Кітаўруса", апошнім прадстаўніком якой з’яўляўся Трайдзен, новай дынастыяй — "родам Калюмнаў". Пры гэтым нашчадкі "рода Кітаўруса" засталіся ў Літве. Сярод іх быў і Даўмонт — продак пазнейшых князёў Свірскіх, a таксама Гольша (родапачынальнік Галыпанскіх) і Гедрус (родапачынальнік князёў Гедройцаў). Прынамсі, варыянт легенды, які захавалі Гедройцы (яго прыводзіць М. Стрыйкоўскі), можа ўтрымліваць нейкія водгукі сапраўдных падзей.
Між тым іншы след знаходзіцца ў Прусіі. Там каля 1282 года з’яўляецца знатны ўцякач з Літвы — князь Пялюзе, чымсьці моцна пакрыўджаны на свайго сюзерэна (на жаль, імя апошняга не называецца). Магістр Конрад Тыерберг дае Пялюзе войска, з дапамогай якога той захоплівае ў 1283 годзе замак Бісены (напэўна, ля ўпадзення Дубісы ў Нёман), дзе яго вораг у гэты час піруе, і ўчыняе жорсткую помсту — пад мячамі крыжакоў гіне каля 70 знатных літоўскіх нобіляў. Пасля гэтага Пялюзе застаецца на службе ў тэўтонцаў, атрымлівае ад іх адзін з памежных замкаў, з якога бясконца трывожыць Літву сваімі ўварваннямі. Тэўтонцы разглядаюць яго як прэтэндэнта на вялікае княжанне. Гэта пацвярджае і позняя звестка Хронікі Быхаўца, што ведае яго пад імем "Пелюша, сына Тронятового".
•Малаверагодна, канешне, што Пялюзе і сапраўды быў сынам гістарычнага Траняты, з дня смерці якога прайшло ўжо дваццаць гадоў. А вось даўно выказанае меркаванне, што ён быў сынам Трайдзена, заслугоўвае ўвагі. Праўда, ордэнская хроніка быццам бы называе яго сынам Даўмонта, князя Уцянскага (таго самага, што загінуў на Русі?). Гэта таксама не выключана, хоць Даўмонт і гіне, здаецца, ужо пасля з’яўлення Пялюзе ў крыжакоў.
У гэты ж час чамусьці пакідае Літву і яцвяжскі князь Скамонт, які знайшоў там прытулак пасля захопу яго земляў тэўтонцамі. Зараз гэты заўзяты вораг Ордэна мірыцца з крыжакамі, прымае хрышчэнне і атрымлівае ў Прусіі маёнтак. Ён таксама чымсьці
5. Зак. 5840.
65
пакрыўджаны на літоўцаў, бо ў 1284 годзе наводзіць сваіх новых саюзнікаў на Горадна. Памёр ён у 1286 годзе, пакінуўшы трох сыноў на службе Ордэну.
Усё гэта ўскосна сведчыць аб тым, што адразу ці праз кароткі час пасля смерці Трайдзена ў Літве зноў адбылася замятня. Яна і выклікала з’яўленне ў Прусіі знатных уцекачоў. Усобіца прыйшлася вельмі недарэчы, бо Літва па-ранейшаму знаходзілася ў надта складаных знешнепалітычных умовах. Залатая Арда не збіралася пакідаць яе ў спакоі — пад 1282 і 1288 гадамі Ніканаўскі летапіс паведамляе пра новыя татарскія паходы на Літву. Галіцка-Валынскае княства таксама не адмовілася ад сваіх намаганняў захапіць Ноўгародскую зямлю. 3 другога боку якраз пачыналі няўмольна сціскацца абцугі Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў.
Літоўцы, праўда, і зараз спрабуюць дзейнічаць энергічна. У 1286 годзе яны здзяйсняюць вялікі паход на Лівонію, аж да самай Рыгі, але не дамагаюцца поспеху. Варожае кола працягвае сціскацца, і да 1289 года Літва губляе (часова) частку тэрыторыі як на захадзе, так і на поўдні: крыжакі захапілі шэраг памежных жамойцкіх валасцей (Каршуву, Шаўле і Цверы), а на карысць луцкага князя Мсціслава Данілавіча давялося саступіць Ваўкавыск.
У крыніцах пад гэтым годам з’яўляецца, нарэшце, імя літоўскага ўладара. Валынскі летапіс называе яго Будзікідам, а тэўтонская хроніка — Бутэгайдэ. Калі і якім чынам ён. прыйшоў да ўлады — невядома. Магчыма, гэта адбылося яшчэ ў 1282 ці 1283 годзе. У час пагаднення з Мсціславам Луцкім побач з Будзікідам дзейнічае яго брат Будзівід, што, паводле адной з гіпотэз, хутка стаў яго наступнікам на пасадзе вялікага князя. Гэты новы ўладар названы ў крыжацкай хроніцы Путуверам, што і дало гісторыку Ю. Пузыну падставу атаясамліваць яго з Будзівідам, хаця сугучнасць імёнаў не такая ўжо і блізкая. Аднак усе меркаванні пра паходжанне новай дынастыі мы разгледзім у сувязі з пачаткам панавання сына Путувера — Віценя, які належыць ужо да новага пакалення.
Пакаленне трэцяе: ВІЦЕНЬ (1290-ыя — 1310-ыя гады)
Зараз мы разгледзім перыяд, калі Літоўская дзяржава пераадолела самыя цяжкія часы і пачала паволі, але няўхільна ўзыходзіць да вяршыні сваёй магутнасці. У першую чаргу гэта было звязана з дзейнасцю вялікага князя Віценя. Аднак наспела неабходнасць зноў зрабіць агляд сцэны і дзеючых асоб, асэнсаваць змены, што адбыліся.
Паўднёвым суседам Віценя будзе спачатку ўсё той жа Леў Данілавіч, якому лёс адмерыў доўгае жыццё, а потым яго адзіны сын Юрый — аднаасобныя ўладары Галіцка-Валынскага княства. Уладзімір Васількавіч памёр у 1288 годзе пасля доўгай і цяжкай хваробы, якую яскрава апісвае летапісец. Усе свае ўладанні (гарады Уладзімір, Берасце, Камянец, Бельск, замкі Любамль і Рай) ён завяшчаў малодшаму сыну Данілы Раманавіча Мсціславу, але і той ненамнога перажыў стрыечнага брата, памёр каля 1291 года. Пасля гэтага Леў і Юрый атрымалі поўны кантроль над вялізнай дзяржавай, хаця і стомленай татарскім прыгнётам.
У суссдняй Польшчы таксама адбываецй,а пэўная канцэнтрацыя ўлады. Апошні прадстаўнік велікапольскай дынастыі — Пшамыслаў II (1257—1296), сын Пшамыслава I і пляменнік Баляслава Набожнага, падобна Льву, стаў нашчадкам вялікіх уладанняў у выніку смерці ўсіх блізкіх родзічаў. Абапіраючыся на Велікапольшчу, ён здолеў дамагчыся перавагі над здрабнелымі суседнімі дынастыямі — сілезскімі і куяўскай — і распаўсюдзіць сваю ўладу на апусцелую пасля смерці Баляслава Сарамлівага Кракаўска-Сандамірскую зямлю. Такім чынам, амаль палова Польшчы апынулася ў яго руках. У 1295 годзе ён абвяшчаецца каралём.
А ў Куявіі, пасля смерці яе першага вотчынніка Казіміра падзеленай між пяццю яго сынамі, калі памерлі на працягу 1280-ых гадоў двое старэйшых,— Лешак Чорны і Зямомысл — старэйшынам стаў таленавіты кіраўнік і выдатны палітык Уладзіслаў Лакаток (1260—1333), яркая постаць якога будзе адметнай на працягу гэтага і большай часткі наступнага перыяду. Яго брат Зямомысл пакінуў трох непаўналетніх сыноў, між якімі пазней падзеліцца і без таго невялікі бацькоўскі ўдзел з Інавроцлавам, Быдгашчу і Гнеўкавам. Старэйшы ж брат, Лсшак, не пакінуў дзяцей і ў 1283 годзс адпісаў сваё Серадзкае княства ў спадчыну Уладзіславу, удзелам якога быў Бжэст-Куяўскі. Двое малодшых братоў, Казімір і Зямовіт, валодалі адпаведна Ленчыцай і Добжынам.
Другая палова вотчыны Конрада Мазавецкага, Мазовія, застаецца падзеленай на Чэрскае і Плоцкае княствы між Конрадам і Баляславам
Зямовітавічамі. Аднак Конрад не мае сыноў, і пасля яго смерці ў 1294 годзе Баляслаў стане спадчыннікам усёй Мазовіі.
У Залессі вялікае княжанне Уладзімірскае з’яўляецца аб’ектам дамаганняў двух старэйшых сыноў Аляксандра Неўскага, прычым барацьба гэтая не дабаўляе славы яго нашчадкам. Зводзіцца яна галоўным чынам да выкленчвання ярлыка ў Залатой Ардзе і навядзення адным братам на другога татарскіх набегаў. Фактычна рэальным вярхоўным уладаром з’яўляецца хан, які кантралюе палітычныя падзеі і пераразмяркоўвае вымарачныя вотчыны. Так, з татарскага дазволу князь Фёдар Расціславіч Чорны, які страціў Смаленск, замацоўваецца на працягу 1280-ых гадоў у Яраслаўлі пасля згасання мясцовай дынастыі.
Што ж датычыцца Смаленскага княства, то яно належыць тром Глебавічам, пляменнікам Фёдара Чорнага: Аляксандру, Раману і Святаславу. Апрача іх нейкі князь Андрэй валодае Вяземскім княствам. Важным набыткам смалян стала ўладкаванне Рамана Глебавіча ў Бранску (верагодна, у выніку смерці сыноў мясцовага князя Рамана Міхайлавіча, якія не пакінулі нашчадкаў). Падрабязнасці гэтай падзеі невядомыя, аднак бясспрэчна, што без санкцыі хана адыход Бранска да смаленскага князя не мог адбыцца.