Пачаткі Вялікага княства Літоўскага
Падзеі і асобы
Вячаслаў Насевіч
Выдавец: Полымя
Памер: 160с.
Мінск 1993
З’яўленне новага палітычнага цэнтра на Русі не прайшло міма ўвагі і канстанцінопальскага патрыярха. Пра гэта сведчыць ято дазвол
заснаваць каля 1317 года самастойную мітраполію з цэнтрам у Ноўгародку, што ахоплівала полацкае і тураўскае епіскапствы. Літоўскім мітрапалітам стаў Феафіл, які ўпамінаецца на гэтай пасадзе да 1329 года.
Літоўскі ўладар не прамарудзіў выкарыстаць спрыяльнае становішча. Даволі хутка ён падпарадкаваў свайму кантролю сумежныя княствы і землі (на тэрыторыі сучаснай Беларусі). Некаторыя з іх мелі сувязі ўжо з Віценем — так, нагадаем, Полацкая зямля згадзілася прыняць літоўскага князя ў 1307 годзе. Пры Гедыміне полацкім князем з’яўляецца яго брат Воінь (у гэтай якасці ён выступае ў 1323 годзе), але адносіны Полаччыны з Літвой маюць дагаворны, дынастычны характар.
На ўсход ад Полаччыны ляжала Віцебская земля, князь якой (некаторыя беларуска-літоўскія летапісы называюць яго Яраславам) не меў сыноў. У 1317 годзе Гедымін заключыў з ім і мясцовымі баярамі пагадненне: дачка князя Марыя выходзіць за Гедымінавага сына Альгерда, якога пасля смерці Яраслава віцябляне прымаюць у якасці свайго князя. Так і адбылося даволі хутка — у 1320 годзе. Частка даследчыкаў лічыць, што Альгерд прайшоў фармальны абрад хрышчэння, хаця па сутнасці ён заставаўся прыхільнікам паганства ("вогнепаклоннікам", як назваў яго канстанцінопальскі патрыярх). Магчыма, што хрышчэння ўвогуле не было: ёсць звесткі, што Альгерд значна пазней, у 1350-ыя гады, калі дамагаўся аднаўлення мітраполіі ў Літве, абяцаў у выпадку станоўчага рашэння патрыярха прыняць праваслаўе. Уладкаванне Альгерда ў Віцебску, напэўна, суправаджалася заключэннем такога ж дагавора, як раней у выпадку з Полацкам: "не рухатн старпны" і не ўмешвацца ва ўнутраныя справы Віцебшчыны.
Напэўна, нешта падобнае адбылося і з Пінскім княствам, у якім пазней княжыў Нарымонт Гедымінавіч. Праўда, ніякіх слядоў пагаднення паміж Пінскам і вялікімі князямі літоўскімі ў болып позні час не прасочваецца. Таму не выключана, што Піншчына і ўсё Палессе былі захоплены ў выніку чыста ваеннай акцыі. Вельмі верагодна, што, прынамсі, у Давыд-Гарадку і Дубровіцы са Сцяпанню пры гэтым захаваліся мясцовыя князі (пазней яны будуць згадвацца ў летапісах). Праз некалькі дзесяцігоддзяў на поўдзень ад Палесся, на Усходняй Валыні, з’явяцца праваслаўныя князі Астрожскія, Нясвіцкія, Чацвярцінскія — таксама верагодныя нашчадкі туравапінскіх ці сцяпаньскіх уладароў.
Некаторыя князі захавалі свае вотчыны за кошт леннай прысягі Гедыміну ці яго сынам. Напрыклад, у складзе літоўскага пасольства ў Вялікі Ноўгарад у 1323 годзе мы сустракаем менскага князя Васіля, які выступае такім чынам у якасці васала Гедыміна ці нават служылага князя, Крыху пазней, у 1348 годзе, у такой жа якасці сустрэнем Сямёна Свіслацкага. Паводле ўскосных дадзеных можна меркаваць, што і друцкія князі прызналі сябе васаламі, але не непасрэдна Гедыміна, а віцебскага князя Альгерда (аб гэтым сведчыць пазнейшая сувязь Друцкага княства менавіта з Віцебскай зямлёй).
He ўсім, аднак, такія падзеі прыйшліся да густу. Напрыклад, адзін з друцкіх князёў, Іван з’ехаў у Маскву і падаўся на службу да Івана Каліты — можа, шукаў там паратунку ад вялікага князя літоўскага.
На пачатку ўладарання Гедыміна адбыўся і яго канфлікт з Галіцка-Валынскай Руссю, Паўночны ўскраек Уладзіміра-Валынскага княства — Падляшша і Берасцейшчына — перайшоў пад кантроль Літвы. У гэты момант дзяржава Гедыміна набыла межы, якія амаль супадалі з сучаснымі межамі Літвы і Беларусі.
Далейшы ход падзей на "рускім напрамку" дзеянняў Гедыміна застаецца дыскусійным. Некаторыя беларуск-а-літоўскія летапісы, a ўслед за імі М. Стрыйкоўскі, прыводзяць паданне аб вялікай вайне, што адбылася паміж Гедымінам і галіцка-валынскімі князямі пасля захопу Падляшша і Берасця. Некаторыя дэталі ў гэтым апавяданні з’яўляюцца відавочна памылковымі: уладзімірскі князь названы не Андрэем, а Уладзімірам, побач з ім дзейнічае загадкавы князь Станіслаў Кіеўскі (быццам бы продак пазнейшых князёў Разанскіх, што не адпавядае рэчаіснасці), а таксама Раман Бранскі (такі князь сапраўды княжыў у Бранску, але пасля 1310 года ён знікае з летапісаў). На гэтай падставе частка даследчыкаў увогуле лічыць паданне цалкам негістарычным, нгверагодным. Іншыя ж зыходзяць з таго, што ў ім адлюстраваліся, хаця і ў скажоным выглядзе, рэальныя факты.
Паданне сцвярджае, што пасля захопу Гедымінам Драгічына і Берасця князі Уладзімір (Андрэй Уладзімірскі?) і Леў Луцкі (трэба было б — Галіцкі?) рушылі на Літву. У адказ Гедымін з апалчэннем палачан і жамойтаў уварваўся на Валынь, у бітве з ім уладзімірскі князь загінуў. На наступны год пад Кіевам, на рацэ Ірпень, адбылася бітва літоўцаў з луцкім, кіеўскім, пераяслаўскім і бранскім князямі, на баку якіх былі і татары. Бітва быццам бы таксама скончылася перамогай Гедыміна, пасля чаго ён пасадзіў у Кіеве свайго намесніка — князя Альгімонта Гальшанскага.
Калі такія падзеі сапраўды мелі месца, то яны маглі адбыцца ў 1322 годзе: годам раней Андрэй і Леў былі яшчэ жывыя (аб гэтым сведчыць датаваны запіс адяаго з луцкіх дакументаў), а ўжо ў 1323 годзе Уладзіслаў Лакаток пісаў да папы Іаана XXII пра смерць "двух апошніх рускіх князёў, якія з’яўляліся для нас цвёрдай абаронай супраць лютых татар". Але не выключана, што яны памерлі без удзелу Гедыміна, бо іншыя варыянты тых жа беларуска-літоўскіх летапісаў даюць зусім не такія звесткі пра абставіны падпарадкавання Валыні Літве. Гедымін быццам бы ажаніў свайго сына Любарта з дачкой уладзімірскага князя, пасля чаго Любарт пачаў княжыць ва Уладзіміры і Луцку. Дарэчы, гэта здаецца больш верагодным, бо Валынь пазней мела такі ж федэратыўны статус у складзе Вялікага княства Літоўскага, як Полацк і Віцебск.
Аднак і ў гэтай версіі не ўсё гладка, Любарт быў адным з малодшых сыноў Гедыміна і ў 1322 годзе не мог дасягнуць шлюбнага ўзросту. Да таго ж ёсць звесткі, што Андрэй пакінуў не толькі дачку, але і сына Юрыя, які княжыў яшчэ ў 1335 годзе. Так што адносна вайны Гедыміна за Валынь і Кіеў, магчыма, рацыю маюць тыя, хто ўвогуле не прымае на веру гэтае летапіснае паведамленне.
Наконт Кіева ёсць яшчэ адна версія. Крыху пазней, у 1331 годзе, там упершыню пасля Батыева нашэсця ўпамінаецца мясцовы князь Фёдар. Яго імя супадае з імем аднаго з братоў Гедыміна, звесткі пра якога захаваліся ў грэчаскім зборніку XIV стагоддзя ў Ватыкане. (У адным з запісаў зборніка паведамляецца: "Даў Фёдар, брат
Гедыміна, сярэбраных каўкіеў два".) Гэты факт выклікаў здагадку, быццам бы менавіта брат Гедыміна княжыў у Кіеве пасля захопу горада Літвой. Сапраўды, кіеўскі князь Фёдар у адзіным выпадку свайго з’яўлення ў летапісе дзейнічае ў інтарэсах Гедыміна — спрабуе перахапіць наўгародскага епіскапа, якому супраць волі вялікага князя надаў сан уладзімірскі мітрапаліт (Гедымін падтрымліваў іншага прэтэндэнта на наўгародскі епіскапскі пасад). Аднак побач з Фёдарам дзейнічае татарскі баскак, што сведчыць, прынамсі, пра двайную залежнасць Кіева — ад Літвы і Арды. Ды і супадзенне імёнаў ні аб чым яшчэ не гаворыць. Фёдарам мог звацца ў хрышчэнні і Воінь Полацкі. Сярод падручных Гедыміна вядомы іншы князь — Фёдар Святаславіч, выхадзец са Смаленшчыны (сын Святаслава Мажайскага, а ў канцы жыцця — князь у Дарагабужы). Ён уваходзіў у склад пасольства Гедыміна ў 1323 голзе разам з Воінем Полацкім і Ваплём Менскім. Гэты князь у сваён заблытанай палітычнай кар’еры мог нейкі час займаць і кіеўскі пасад.
Адным словам, наяўныя факты не дазваляюць надзейна вызначыць межы палітычнага ўплыву Гедыміна на Русі. Бясспрэчна, што ён быў вельмі значны. Параўнацца з літоўскім уладаром маглі толькі маскоўскія князі Юрый і Іван, якія абапіраліся на татарскую падтрымку. Hi юны нашчадак галіцка-валынскіх князёў Юрый Андрэевіч, ні смаленскі князь Іван, ні іншыя ўдзельныя князі Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і Разаншчыны самастойнай ролі ў 1320-ыя — 1330-ыя гады не адыгрывалі. У гэты час акрэсліваюцца два патэнцыяльн'ыя цэнтры аб’яднання Русі — Залессе (дзе яшчэ не скончылася барацьба за першынство паміж Масквой і Цвер’ю) і Літва, якая пачала абрастаць рускімі землямі, як снежны камяк.
Праўда, канстанцінопальскі патрыярхат у гэты час мяняе курс і пераходзіць да падтрымкі царкоўнага адзінства Русі. Новы мітрапаліт у Ноўгародак не прызначаецца, а тураўская і полацкая епархіі падпарадкоўваюцца мітрапаліту "усяе Русі" Феагносту, які займаў кафедру ва Уладзіміры з 1328 па 1353 год і вельмі адмоўна ставіўся да спроб утварыць іншыя мітраполіі. He ўдалася спроба аднавіць у 1331 годзе галіцкую мітраполію, ініцыятарам якой, напэўна, быў той жа Гедымін.
Магчыма, літоўскі ўладар дасягнуў бы на Русі і большага, але ў значнай ступені яго ўвага скіравана на захад, дзе па-ранейшаму галоўным ворагам застаецца Тэўтонскі ордэн. Пасля пераносу гросмайстарскай рэзідэнцыі ў Мальбарк амаль уся яго дзейнасць сканцэнтравалася ў Прыбалтыцы. У сувязі з гэтым адбыліся змены і ў арганізацыі. Роля генеральнага капітула ўпала, кіруючым органам Ордэна зрабіўся савет вялікага магістра. У яго ўваходзілі пяць вышэйшых службовых асоб: вялікі маршалак (галоўны военачальнік), вялікі гаспітальер, вялікі пасцельнічы, вялікі комтур і падскарбі (міністр фінансаў)а таксама двое з’ тэрытарыяльных кіраўнікоў (комтураў) па выбару гросмайстра. Апрача дзесятка комтурстваў у склад ордэнскай тэрыторыі ў Прусіі ўваходзілі чатыры біскупствы.
Усе пасады ў Ордэне былі выбарнымі. Комтуры з’яўляліся начальнікамі для братоў-рыцараў, а таксама адміністратарамі і суддзямі для ахрышчаных прусаў і германскіх каланістаў. Ім дапамагалі віцэ-комтуры. Браты-рыцары жылі, як і звычайныя манахі, сумесна, толькі іх манастыры выглядалі як добра ўмацаваныя
6. Зак. 5840.
81
замкі. У выпадку вайны яны выконвалі функцыі афіцэраў войска, якое набіралася з мясцовага насельніцтва. Апрача рыцараў у замку знаходзіліся асобы ніжэйшага рангу — службовыя браты і паўбраты — і свяшчэннікі. Па ўсёй прускай зямлі былі раскіданы таксама ордэнскія фальваркі, дзе працавалі залежныя сяляне, і двары-маёнткі мясцовай і прышлай знаці. Падобную структуру меў і Лівонскі ордэн, толькі ў Лівоніі значна больш зямлі належала царкве.