Пачаткі Вялікага княства Літоўскага
Падзеі і асобы
Вячаслаў Насевіч
Выдавец: Полымя
Памер: 160с.
Мінск 1993
ІІаміж Альгердам і Кейстутам пасля выгнання Яўнута адбыўся падзел дзяржавы на дзве часткі (як мяркуецца, з мэтай больш паслядоўнага правядзення палітыкі ў двух напрамках: у адносінах да Ордэна і Русі). Альгерд узяў сабе ўсходнюю палову з цэнтрам у Вільне і з гарадамі Вількамірам, Уцянай, Кернавам, Меднікамі. Крэвам, Ашменай. Да яе ж далучыўся Слонім, што застаўся пасля смерці Манівіда, а таксама, верагодна, Менск, дзе мясцовыя князі больш не згадваюцца. Пад кантролем Альгерда, хаця і на дагаворных пачатках, знаходзілася вотчына яго жонкі Марыі (памёршай, дарэчы, прыкладна ў гэты час) — Віцебскае княства. а таксама Полацк, які пасля смерці Нарымонта прыняў Альгердавага сына Андрэя. У іншых уладаннях правілі свае князі, якія знаходзіліся з Альгердам у васальных адносінах. Гэта былі яго брат Карыят Ноўгародскі, удзельнік пасольства ў Арду Сямён Свіслацкі, Васіль і Сямён Міхайлавічы Друцкія.
Цэнтрам уладанняў Кейстута сталі Трокі. Яму, ж належала ўся Жамойць, а таксама Коўна, Пуня, Горадна, Ваўкавыск, Берасце з Падляшшам. Верагодна, яго васалам лічыўся валынскі князь Любарт.
Пінск, здаецца, застаўся за нашчадкамі загінуўшага Нарымонта, крыху пазней там будзе княжыць яго сын Міхаіл (магчыма, гэта ён з’яўляецца тым загадкавым князем Міхаілам — яшчэ адным удзельнікам затрыманага ў Ардзе пасольства). На Палессі захаваліся і дынастыі мясцовых князёў. Пра князёў Тураўскіх, праўда, болей не чуваць, але хутка пачнуць дзейнічаць Іван Гарадзецкі з братам Юрыем, князі Сцяпаньскія, а таксама іх родзічы, што атрымалі гарады на Валыні: родапачынальнікі Астрожскіх, Нясвіцкіх, Чацвярцінскіх. Аднаго з іх, пахаванага ў Кіева-Пячорскай лаўры князя Дзмітрыя, мясцовы пацярык лічыць сынам таго Юрыя Уладзіміравіча Пінскага, які памёр яшчэ ў 1292 годзе (што малаверагодна), і бацькам Данілы Астрожскага (выглядае больш праўдападобна). Магчыма, славуты род Астрожскіх паходзіць ад кагосьці з дробных турава-гарадзецкіх ці сцяпаньскіх князёў, хто перайшоў на службу да Гедыміна ці Любарта і атрымаў ад іх замак Астрог на ўсходзе Валыні.
Загадкавым застаецца ў гэты момант лёс Клецка і Слуцка, уладальнікі якіх па-ранейшаму не называюцца ў крыніцах. У тым, што яны ўвайшлі ў склад Вялікага княства Літоўскага, можна амаль не сумнявацца, але калі, якім чынам і на якіх умовах — дакладна невядома. Тое ж можна сказаць і пра стан Рагачова на Дняпры, які мог уваходзіць у адно з суседніх княстваў (Друцкае ці Свіслацкае), мець уласнага князя, а мог адносіцца і да Смаленска ці Чарнігава.
Што датычыць Галіцка-Валынскай дзяржавы, то барацьба за яе пасля падзелу 1340 года, калі Галіч адышоў да Казіміра Польскага, Уладзімір і Луцк — да Любарта, а Берасце і Падляшша праз некалькі гадоў — да Кейстута, яшчэ далёка не скончылася. I Літва, і Польшча не пакінулі намеры цалкам захапіць гэты край, не адмовіліся ад яго і іншыя прэтэндэнты — Арда і Венгрыя. Галіцкія баяры і малады князь Даніла Астрожскі спрабавалі выкарыстаць татар, каб выбіць палякаў, аднак перамога засталася за Казімірам. Пасля страт, панесеных Літвой у бітве на Страве, польскі кароль атрымаў магчымасць мацней націснуць і на Валыяь. У 1349 годзе ён адабраў у Любарта гарады Белз, Холм, Уладзімір і Ратна. У апошняга застаўся толькі Луцк і, магчыма, Крам інец.
У гэтых умовах захоўваць варожыя адносіны з Масквой — азначала для Вялікага княства апынуцца ўжо не між двух, а між трох агнёў. Таму у тым жа 1349 годзе адбылося пагадненне з Сямёнам Гордым. Літва часова адмовілася ад намаганняў уладкаваць сваіх князёў не толькі ў Ноўгарадзе, але і ў Пскове, дзе князь-намеснік Юрый Вітаўтавіч у гэты час загінуў у бітве з немцамі, а яго жонка з дзецьмі з’ехала ў Літву. За вялікі выкуп Сямён згадзіўся выпусціць на волю Карыята і іншых паслоў, перададзеных яму Джанібекам (Міхаіла, Сямёна Свіслацкага, баярына Айштаса). Пагадненне, як водзіцца, замацавалі шлюбам. Аўдавелы Альгерд узяў за жонку юную цвярскую князёўну Ульяну Аляксандраўну, родную сястру жонкі Сямёна Гордага. Адначасова і Любарт ажаніўся з пляменніцай маскоўскага князя, растоўскай князёўнай. Адбылося прымірэнне і з выгнаннікам Яўнутам — ён вярнуўся ў Літву, дзе атрымаў ва ўдзел невялікае Заслаўскае княства (напэўна, вылучанае са складу Менскага).
Пасля гэтага вайна на Валыні ўспыхнула з новай сілай. У 1350 годзе войска Альгерда, Кейстута і Любарта перайшло ў контрнаступленне, захапіла страчаныя напярэдадні гарады і ўвайшло ў Львоў. Каб заручыцца падтрымкай Рыма, літоўскія суправіцелі аднавілі перамовы наконт прыняцця каталіцтва, якія некалі вёў іх бацька (хутчэй за ўсё, гэта быў толькі дыпламатычны манеўр). Аднак ужо ў наступным годзе Казімір зноў дамогся перамогі, прычым Кейстут і Любарт трапілі ў палон. Кейстуту ўдалося вызваліцца коштам фальшывай клятвы, Любарту ж давялося ўнесці за сябе выкуп. Вынікам барацьбы стаў кампраміс: Любарт захаваў за сабой Луцк і Уладзімір, у Белзе пачаў княжыць малады сын Нарымонта Юрый, які прыняў двайны васалітэт — і ад Літвы, і ад Полыпчы. Львоў, Холм і Галіч засталіся за Казімірам. Землі Падолля, натуральны працяг Галіччыны, захавала за сабой Залатая Арда.
Тым часам у палітычныя падзеі ўмяшалася грозная знешняя сіла — пандэмія лёгачнай чумы, "чорнай смерці”, адно з самых цяжкіх бедстваў за ўсю гісторыю сярэднявечча. Гэта быў адзін з тых рэдкіх, але катастрафічных выпадкаў, калі ў выніку мутацыі ўзнікае новая форма хваробы, да якой чалавецтва не мае імунітэту. Такой новай формай і з’явіўся вірус лёгачнай чумы. У актыўнай фазе захворванне суправаджалася характэрным крывахарканнем і ў лічаныя дні зводзіла чалавека ў магілу. Узнялася пандэмія ў Кітаі, адкуль пракацілася па ўсёй Еўразіі. У 1346 годзе чума спустошыла гарады Прыкаспія і Прычарнамор’я, Залатую Арду. У 1348 годзе яна з гандлёвымі караблямі трапіла ў Заходнюю Еўропу і выкасіла там трэць насельніцтва. У 1349—1350 гадах пошасць панавала ўжо ў Скандынавіі і ў Прусіі, дзе сарвала новы паход на Літву.
Па Русі першая хваля чумы прайшлася ў 1352—1353 гадах. Скучаныя гарады былі для яе ідэальнай мішэнню. Пра ход эпідэміі мы маем толькі ўрывачныя звесткі, але і ад іх павявае жахам. Цалкам, да апошняга чалавека, вымер горад Глухаў у Чарнігаўскай зямлі. За дзень у Пераяславе-Залескім, Кастраме, Ніжнім Ноўгарадзе памірала па пяцьдзесят, па сто чалавек пры агульнай колькасці насельніцтва не больш чым дзве-тры тысячы чалавек. Жывыя не паспявалі хаваць мёртвых. Пошасць не абыходзіла ні простых, ні знатных: у 1353 годзе памёр у росквіце гадоў вялікі князь Сямён Горды з двума маленькімі сынамі, а таксама яго малодшы брат Андрэй. Памёр і мітрапаліт Феагност, і наўгародскі епіскап Васіль.
Колькасць насельніцтва, якая не паспела аднавіцца пасля татарскіх пагромаў і кліматычных катаклізмаў, зноў рэзка ўпала. Можна меркаваць, што найбольш пацярпелі гарадскія жыхары. У такім выпадку Літва, дзе гарады толькі пачыналі ўзнікаць, павінна была адчуць вынікі эпідэміі слабей. Відаць, вельмі моцна пацярпела Залатая Арда, аб чым ускосна сведчыць часовае падзенне яе ўплыву ў наступныя гады.
Але жыццё працягвала ісці сваім чынам. На вялікай палітыцы бедства адбілася слаба. Былыя канфлікты ўзнавіліся бадай з тых самых пазіцый, на якіх іх засцігла бяда. Ужо ў лютым 1353 года Альгерд разам з Кейстутам і сынам апошняга Паціргам ажыццяўляе паход на Прусію ў адказ за спусташэнне крыжакамі Жамойці. Абмен набегамі ўзнаўляецца. Хіба што ідзе ён больш вяла, бо запаволь-
ваецца прыток у Ордэн новых братоў і каланістаў са спустошанай Еўропы.
У гэты час Літва набывае новыя ўладані на ўсходзе. Адным з іх стала Свіслацкае княства, уладар якого Сямён, напэўна, адышоў з гэтага свету. Княства было далучана непасрэдна да велікакняжацкай маёмасці і падзелена паміж Вільнам і Трокамі згодна дагавору, які заключылі Альгерд з Кейстутам яшчэ пры захопе ўлады: кожны новы набытак дзяліць між сабой пароўну. Свіслацкае княства ў выніку гэтага падзелу знікла як самастойная адзінка, ператварыўшыся ў сукупнасць некалькіх валасцей, даход з якіх ішоў непасрэдна ў Вільна і Трокі. Гэтае двайное падпарадкаванне воласці абапал рэк Свіслач і Бярэзіна (Любашанская, Свіслацкая, Бабруйская) захоўвалі яшчэ ў першай палове XVI стагоддзя.
А ўслед за тым перад Альгердам адкрылася прывабная перспектыва — распачаць экспансію на асноўную частку старажытнарускай тэрыторыі, што заставалася пад кантролем Вялікага княства Уладзімірскага і Залатой Арды. Для гэтага мелася некалькі падстаў. Пра адну з іх размова ўжо ішла вышэй — на рускіх землях абуджалася імкненне да эфектыўнай цэнтралізаванай улады. Між тым новы маскоўскі князь Іван Іванавіч хаця і атрымаў ад хана ярлык на вялікае княжанне, па характары і здольнасцях значна менш падыходзіў на ролю ўз’яднальніка, чым яго бацька і брат Сямён, які загінуў ад чумы. Іван застаўся ў гісторыі пад мянушкамі Красны ці Рахманы, і яго панаванне сапраўды не вызначаецца рашучымі дзеяннямі. Ён выступае хутчэй як руплівы вотчыннік, чым як актыўны палітык.
Між тым і другі стрымліваючы цэнтр — Залатая Арда ўступіў у не самыя лепшыя часы. Я ўжо нагадваў пра страты, нанесеныя эпідэміяй. Аднак была і больш трывалая прычына: ардынская дзяржава знаходзілася якраз у "супрацьфазе" свайго эвалюцыйнага развіцця. Ад былой маналітнасці яна няўмольна пераходзіла да той дэцэнтралізацыі, з якой Русь ужо пачынала выходзіць. Хан Джанібек першым па-сапраўднаму сутыкнуўся з сепаратызмам мясцовай знаці, з эканамічных меркаванняў зацікаўленай у "бліжнім" гаспадары. Яго сыну Бердзібеку, што пачаў панаваць у 1356 годзе, давялося яшчэ горш. Намеснікі аддаленых улусаў, такія, як магутны правіцель Харэзма Цімур-Кутлуг, фактычна ператвараліся ў самастойных царкоў, абзаводзіліся пышнымі тытуламі і пачыналі амаль адкрыта ігнараваць сталічны Сарай-Берке. Сепаратысцкія тэндэнцыі мелі прыхільнікаў, як і на Русі ў свой час, сярод бліжэйшых ханскіх родзічаў, яго родных і стрыечных братоў.
Бердзібек, зразумела, не мог асэнсаваць глыбінных працэсаў, што разрывалі дзяржаву. Ён бачыў толькі свавольства родзічаў, якое пагражала цэнтральнай уладзе. Таму, не вельмі ламаючы галаву, ён адразу пасля ўзыходу на трон учыніў вялікае кровапусканне, перарэзаўшы ўсіх бліжэйшых сваякоў. He злітаваўся нават над васьмімесячным братам. Гзтая наіўная спроба змагацца з вынікам без разумення прычыны ні да чаго добрага, зразумела, прывесці не магла. I калі праз тры гады Бердзібек і сам нечакана памёр, адсутнасць законнага наследніка пасада ўвагнала Залатую Арду ў жорсткую палітычную анархію і толькі паскорыла яе распад на паўсамастойныя улусы.