Пачаткі Вялікага княства Літоўскага
Падзеі і асобы
Вячаслаў Насевіч
Выдавец: Полымя
Памер: 160с.
Мінск 1993
Усё гэта вельмі спрыяла прэтэнзіям Альгерда на ролю збіральніка спадчыны Кіеўскай Русі. Пакуль ад Арды адвальваліся перыферыйныя кавалкі (адным з іх, напрыклад, была Малдова, якая спачатку трапіла пад кантроль Венгрыі, але хутка ператварылася ў самастойную дзяржаву), а Іван Маскоўскі ледзь адбіваўся ад юнага і энергічнага Алега Разанскага, Альгерд, здаецца, планамерна рыхтаваўся да націску на Русь. Адбыліся новыя палітычныя шлюбы. Дачка Альгерда выйшла за Барыса, малодшага брата новага суздальсканіжагародскага князя Андрэя Канстанцінавіча (патэнцыяльнага канкурэнга Івана Маскоўскага). У гэтых абставінах новы сэнс набываў і шлюб самога Альгерда з Ульянай Цвярской, браты якой Усевалад і Міхаіл ўсё настойлівей высоўваліся наперад (пакуль што толькі ў барацьбе за Цвер са сваім дзядзькам Васілём Міхайлавічам). 3 другога боку, і дачка новага маскоўскага князя паехала ў Літву жонкай Дзмітрыя Карыятавіча, што магло "па-свойску” змякчаць вастрыню магчымых канфліктаў за кантроль над Руссю. •
У 1355 годзе Альгерд зрабіў першую спробу выказаць сябе ўладаром усёй Русі. Спроба датычыла рэлігійных спраў. Пасля смерці ад чумы мітрапаліта Феагноста вакантнай была пасада вышэйшай духоўнай асобы. На гэтае месца Альгерд прапанаваў свайго кандыдата — Рамана, родзіча яго жонкі Ульяны Цвярской. Аднак спроба не ўдалася — візантыйскі патрыярх назначыў мітрапалітам стаўленіка Масквы Аляксея.
Тады Альгерд зноў дамогся аднаўлення на падуладных яму рускіх землях асобнай мітраполіі. Са згоды патрыярха Раман зрабіўся мітрапалітам літоўскім з рэзідэнцыяй у Ноўгародку. У яго падпарадкаванне перайшлі Полацкае, Тураўскае епіскапствы, а пазней да іх былі далучаны Уладзімірскае, Луцкае, Холмскае, Галіцкае і Перамышльскае ў Малой Русі. Паміж двума мітрапалітамі (а фактычна паміж Літвой і Масквой, што стаялі за іх спінамі) адбылася барацьба за кантроль над Паўднёвай Руссю. У 1356 годзе патрыярх пацвердзіў, што Аляксей з’яўляецца мітрапалітам кіеўскім і ўладзімірскім (гэта значыць Кіеў заставаўся па-за кантролем Рамана). Аднак ноўгародскі мітрапаліт не прызнаў рашзнне патрыярха і абвясціў сябе таксама мітрапалітам кіеўскім. У 1358 годзе, калі Аляксей рызыкнуў прыехаць у Кіеў, ён быў там захоплены прыхільнікамі Альгерда і кінуты ў вязніцу, дзе прасядзёў каля двух гадоў. Гэтыя падзеі сведчылі не толькі пра царкоўнае, але і пра палітычнае падпарадкаванне Паўднёвай Русі Вялікаму княству Літоўскаму. Праўда, пасля смерці Рамана (каля 1361 года) адзінства мітраполіі аднавілася. У 1364 годзе ў Канстанцінопалі падрыхтавалі (напэўна, пад націскам Аляксея) праект акта аб захаванні адзінства рускай мітраполіі "на ўсе наступныя гады", але ён не быў прыняты — патрыярх жадаў пакінуць за сабой свабоду манеўра ў рускіх справах.
Тым часам націск Літвы адчулі на сабе Смаленскае і Бранскае княствы, якія і раней бывалі часам звязаны з ёю даволі цесна. У 1355 годзе ў адным з шасці буйных смаленскіх цэнтраў, горадзе Белай з’явіўся літоўскі камеснік. У наступным годзе ў Бранску памёр князь Васіль (магчыма, сын былога ўладара Дзмітрыя), які незадоўга да таго прыбыў туды з ханскім ярлыком. Выкарыстоўваючы наступіўшую затым у Бранску замятню і мала зважаючы на Арду,
7. Зак. 5840.
Альгерд
Альгерд уладкаваў у горадзе свайго другога сына Дзмітрыя. У тым жа 1356 годзе і ў Ржэве з дапамогай Літвы асталяваўся яе стаўленік, князь-ізгой з Яраслаўскага княства, які, праўда, праз два гады быў выбіты адтуль. А ў 1359 годзе, пасля смерці былога літоўскага саюзніка Івана Смаленскага, Альгерд адхапіў ад Смаленскага княства ледзь не палову — усё Пасожжа з Мсціславам і, як можна меркавацЬ, з Прапошаскам, Паповай Гарой, Мглінам, Дрокавам. Такім чынам ізаляванае раней ад літоўскай тэрыторыі Бранскае княства непасрэдна злучылася з ёй. Лёс Мсціслава падзяліў затым і Таропец.
У 1358 годзе Альгерд адкрыта абвяшчае сваю палітычную праграму, заявіўшы паслам германскага імператара, што "ўся Русь павінна належаць Літве”. Хутка ён пасягне і на непасрэдныя ўладанні Залатой Арды, ахопленай жорсткім палітычным крызісам (там пасля смерці Бердзібека з вясны 1359 да 1363 года змянілася дзесяць
ханаў, прычым Арда раскалолася па Волзе на дзве варожыя адна другой паловы). У гэты момант Альгерд уладкоўвае сваіх сыноў Уладзіміра і Канстанціна ў былых ардынскіх правінцыях ("цьмах") — Кіеўскай і Чарнігаўскай землях. На жаль, падрабязнасці гэтай істотнай падзеі дакладна невядомыя. Пазней Кіеўская зямля рэгулярна аднаўляла з вялікімі князямі літоўскімі такі ж самы федэратыўны дагавор, як Полацк і Віцебск, што дае падставу адносіць пачатак гэтай практыкі менавіта да праўлення Уладзіміра Альгердавіча. Тое ж, напэўна, адбылося і ў Чарнігаве. Такое далучэнне істотна адрознівалася ад далучэння Менскага і Свіслацкага княстваў. Мясцовыя воласці і гарады (Мазыр, Оўруч, Чарнобыль, Жытомір, Канеў, магчыма, Пераяслаў у Кіеўскай зямлі, Рэчыца, Любеч, Гомель, Старадуб, Ноўгарад-Северскі, Пуціўль, Глухаў, Курск — у Чарнігаўскай) атрымлівалі намеснікаў па-ранейшаму з Кіева і Чарнігава, якім плацілі і падаткі. Гэтая вялізная, але слаба заселеная з паслябатыевых часоў тэрыторыя павялічыла плошчу Вялікага княства адразу прыкладна на трэць, хоць яе сувязі з Вільнам былі даволі слабымі, фактычна трымаліся на асабістым пагадненні Уладзіміра і Канстанціна са сваім бацькам. Нешта падобнае адбывалася і з меншым па памерах Бранскім княствам Дзмітрыя Альгердавіча. На якіх умовах далучыўся Мсціслаў — сказаць цяжка.
У 1363 годзе Альгерд зрабіў яшчэ адзін паход — супраць татарскіх царэвічаў, што ўладкаваліся на Падоллі і адкалоліся ад Арды. У бітве пры Сініх Водах (як мяркуецца — на рэчцы Сінюсе, прытоку Паўднёвага Буга) войска трох царэвічаў было разбіта, што дазволіла 'Альгерду далучыць і Падолле да сваіх уладанняў, а адначасова дапамагло і маладой Малдаўскай дзяржаве замацаваць сваю незалежнасць. Бадай упершыню з часоў Бурундая ў прычарнаморскіх стэпах панавала не татарская, а руска-літоўская конніца. 3 зямель былой Кіеўскай Русі практычна ўся паўднёва-заходняя палова ўвайшла ў склад Вялікага княства Літоўскага.
Дарэчы, далучаныя ў другой палове 1350-ых — пачатку 1360-ых гадоў тэрыторыі Альгерд ужо не дзеліць са сваім суправіцелем Кейстутам, а падпарадкоўвае непасрэдна сабе. Гэта сведчыць, што першапачатковыя ўмовы падзелу дзяржавы на дзве часткі змяніліся. Што ж адбывалася ў гэты час на Троцкай палове?
Там, як мы памятаем, адразу пасля эпідэміі чумы аднавілася бясконцая барацьба Літвы з крыжакамі. He дапамаглі і спробы спыніць яе дыпламатычным шляхам: перад пасламі імператара Літва выступіла з прапановай перавесці Тэўтонскі ордэн з Прыбалтыкі, дзе ён, паводле меркаванняў літоўцаў, сваю ролю выканаў, у прйчарнаморскія стэпы — для барацьбы супраць татар. Шанцаў на поспех такой прапановы, зразумела, не было. Больш радыкальным сродкам з’явілася б хрышчэнне Літвы. але да гэтага яе кіраўнікі не былі яшчэ гатовыя. Наадварот, там у гэты момант паганства квітнее, сустракаючы падтрымку як у Альгерда, так і ў Кейстута. Калі сыны Альгерда ад Марыі Віцебскай і хрысціліся ў праваслаўе, то толькі з мэтай уладкавацца ў рускіх землях. Сыны ж Кейстута, як і сыны Альгерда ад Ульяны Цвярской, пры жыцці бацькоў увогуле не атрымалі хрьппчэння. Пры ўсёй верацярпімасці Літоўскай дзяржавы язычніцтва яе ўладароў, як і ўласна літоўскага насельніцтва, апраўдвала ў вачах каталіцкай Еўропы дзейнасць Тэўтонскага ордэна.
Вялікім магістрам Ордэна ў 1351 годзе стаў Вінрых фон Кніпродэ, які займаў гэтую пасаду больш за трыццаць гадоў. Пры ім вайна дасягнула найвышэйшага размаху. Хаця асабістыя адносіны Кніпродэ і Кейстута адпавядалі ўсім патрабаванням рыцарскага этыкету, яны заставаліся варожымі.
На працягу 1350-ых гадоў Кейстут дзейнічаў на захадзе даволі паспяхова. На кожны паход крыжакоў ён адказваў спусташальнымі ўварваннямі ў Прусію. Такія набегі адбыліся ў 1*353, 1354, 1356 і 1358 гадах. У 1357 годзе літоўцы вярнулі сабе крэпасць Вялону па суседству з разбураным пасля смерці Гедыміна Баербургам. Поспехам спрыяла і замірэнне з Казімірам Польскім у барацьбе за ГаліцкаВалынскую Русь, якое пратрымалася да 1366 года. Правай рукой Кейстута ў гэты перыяд з’яўляецца яго старэйшы сын Пацірг, Звычайна ў паходах яны дзейнічаюць разам.
3 пачаткам новага дзесяцігоддзя пачаліся няўдачы. У 1361 годзе літоўцы пацярпелі паражэнне, прычым сам Кейстут трапіў у палон, а Пацірг быў збіты з каня і ледзь выратаваўся пешшу. Кейстуту, праўда, удалося вызваліцца з затачэння ў мальбаркскім замку з дапамогай ахрышчанага літоўца, прыстаўленага да яго крыжакамі ў якасці слугі. Годам раней ордэнскі вялікі маршалак Генрых Схіядэркопф спаліў крэпасць Коўна, якую беспаспяхова бараніў другі сын Кейстута Войдат. У 1363 годзе Ордэн зрабіў яшчэ адно безадказнае ўварванне ў Жамойць, а ў 1364-ым пасля доўгай аблогі капітуліравала Вялона. Маршалак Схіндэркопф абяцаў захаваць жыццё бараніўшым яе літоўскім баярам Гасгаўту, Сурміне і Мацевіку, аднак усіх іх пасля капітуляцыі забілі. Тады ж быў зноў спалены і новы замак літоўцаў у Коўне.
Магчыма, гэтыя поспехі крыжакоў з’яўляліся вынікам празмернага захаплення Альгерда пашырэннем уладанняў на Русі. Патэнцыялу адной Троцкай паловы не хапала для эфектыўнага супрацьдзеяння крыжовым паходам, у якіх удзельнічала рыцарства ледзь не з ўсёй Заходняй Еўропы. У 1365 годзе сітуацыя яшчэ пагоршылася ў выніку змовы некалькіх знатных літоўскіх княжычаў супраць Кейстута. Як мсжна вызначыць з супярэчлівых звестак пра яе ўдзельнікаў, сярод іх быў сын Кейстута Бутаўт (Бутаў). Віленскі намеснік Дзірсуне даведаўся пра плануемы замах, але змоўшчыкі забілі яго і ўцяклі да крыжакоў. У тым жа годзе адбыліся ажно два крыжовыя паходы. У адным з іх выступіў родзіч польскага караля Уладзіслаў Белы з Гнеўкава, другі ўзначальваў германскі арыстакрат Ульрых фон Хатнаў, а ўдзельнічалі ў ім пераважна англічане і шатландцы. У гэтым паходзе адбыўся анекдатычны выпадак: крыжакі ўварваліся ў ваколіцы Горадна, аднак яго намеснік Пацірг Кейстутавіч накіраваў насустрач ім папоў з крыжамі і харугвамі. Іншаземцы, не знаёмыя з мясцовымі ўмовамі, збіраліся ваяваць з паганцамі, а калі ўбачылі хрысціянскую атрыбутыку, то разгубіліся і збянтэжана павярнулі назад. Аднак Кейстут застаўся чымсьці раззлаваны на Пацірга