• Газеты, часопісы і г.д.
  • Пачаткі Вялікага княства Літоўскага Падзеі і асобы Вячаслаў Насевіч

    Пачаткі Вялікага княства Літоўскага

    Падзеі і асобы
    Вячаслаў Насевіч

    Выдавец: Полымя
    Памер: 160с.
    Мінск 1993
    61.64 МБ
    Першыя гады панавання Гедыміна вызначаліся ўсё тымі ж амаль няспыннымі ўзаемнымі набегамі. Асноўным тэатрам вайны з’яўляліся берагі Нёмана ў яго ніжнім цячэнні. Гэта была брама для ўварванняў у глыб княства, і таму літоўцы імкнуліся надзейна зачыніць яе абарончымі замкамі. Ніжэй па цячэнні крыжакі ставілі свае замкі — і для прадухілення літоўскіх набегаў, і як апорныя базы для далейшага наступу. Спачатку такім фарпостам выступала Рагнета, а ў 1313 годзе вышэй па Нёмане заснавалі новы замак Хрысткемель (Скірстымонь).
    У барацьбе супраць Ордэна Гедымін меў выдатнага памочніка — князя Давыда, які быў намеснікам у Горадне, а затым фактычна галоўным ваяводам. Паходжанне гэтай асобы дакладна невядомае. Тэўтонскі храніст Дусбург называе яго гарадзенскім "капітанам" (намеснікам), княжацкі тытул Давыда згадвае толькі пскоўскі летапісец. Сувязь князя с Псковам (пскавічы звярталіся да яго па дапамогу супраць лівонцаў) парадзіла меркаванне, што ён быў сынам Даўмонта-Цімафея Пскоўскага. Аднак Давыд мог быць і нашчадкам якойсьці з былых княжацкіх дынастый Ноўгародчыны ці Піншчыны. Яго ўзвышэнне пачалося яшчэ пры Віценю, але асабліва ярка палкаводчы талент праявіўся на пачатку панавання Гедыміна. Практычна ні адна перамога над крыжакамі як у абарончых, так і ў наступальных аперацыях не абыходзілася без удзелуДавыда. Гедымін нават аддаў за яго сваю дачку.
    Адначасова заставалася небяспека і з боку аддаленага ўсходняга ворага — Залатой Арды. Пры хане Узбеку ўзнавіліся спробы татар схіліць Літву да ўплаты даніны. 3 гэтай мэтай у 1315 і 1324 гадах адбыліся татарскія паходы (на жаль, інфармацыя аб іх вельмі скупая). Каб утрымаць хана ад новых набегаў, прыходзілася актывізаваць дыпламатычныя намаганні, слаць паслоў з падарункамі. Гэта каштавала нямала, аднак для Гедыміна характэрным было пры магчымасці вырашаць праблемы не ваеннымі, а дыпламатычнымі сродкамі.
    Такі падыход, што можна ацэньваць як прыкмету сталення літоўскага дзяржаўнага кіраўніцтва, пачаў намячацца і ў адносінах да крыжацкай небяспекі. У 1322—1323 гадах вялікі князь накіраваў у Рым некалькі лістоў, дзе выказваў намер прыняць каталіцтва, калі хрышчэнне будуць ажыццяўляць Папскія легаты, а не місіянеры Ордэна. Цяжка сказаць, наколькі шчыра выказваўся тут Гедымін. Ён не мог не разумець, што такі крск адразу выбіў бы зброю з рук крыжакоў, але ажыццяўленне яго было звязана з вялікай рызыкай. Непазбежна пачаўся б уплыў каталіцкай царквы на ўнутраныя справы дзяржавы і яе знешнюю палітыку, хрышчэнне ў каталіцызм не магло не выклікаць апазіцыі як сярод прыхільнікаў паганства, так і сярод праваслаўнага насельніцтва дзяржавы.
    Здаецца, што сам Гедымін быў не супраць збліжэння з Захадам. Яно адкрывала больш шырокія магчымасці для гандлю, дазваляла прывабліваць кваліфікаваных майстроў, на якіх існаваў вялікі попыт у маладой дзяржаве. Вайна патрабавала кавалёў, збройнікаў, але асаблівая патрэба мелася ў мулярах і дойлідах — у Літве ўпершыню разгортвалася масавае будаўніцтва мураваных умацаванняў. Таму Гедымін у гэты перыяд прыкладае шэраг актыўных дыпламатычных намаганняў. Выкарыстоўваючы старыя зносіны Віценя з рыжскім магістратам, у 1323 годзе дамагаецца нармалізацыі адносін з Лівоніяй: тэрыторыі Ордэна, архібіскупства і Літвы абвяшчаюцца зонай міру і свабоднага гандлю. Адначасова выдае прывілей, у якім запрашае жыхароў нямецкіх вольных гарадоў на льготных умовах перасяляцца ў Літву.
    Сталіцай дзяржавы пры Гедыміне становіцца Вільна. Існуе прыгожае паданне пра заснаванне ім гэтага горада пасля вешчага сну, які прысніўся князю ў час палявання. На самой справе археалогія сведчыць, што горад на месцы пазнейшага Крывога замка, на Лысай гары існаваў, прынамсі, з XIII стагоддзя і ўзыходзіў яшчэ ад таго паселішча крывічоў, аб якім гаварылася вышэй. 3 імем Гедыміна можна ўпэўнена звязваць заснаванне мураванага замка на гары, што зараз носіць яго імя. Такія ж першакласныя па тым часе крэпасці ■ ўзніклі ў Медніках, Крэве, Лідзе, Троках. Тады ж у дзяржаве з’яўляюцца і першыя каталіцкія кляштары: два ў Вільне, адзін у Ноўгародку.
    Аднак гэтая бурная рэфарматарская дзейнасць, напэўна, выклікала і моцную негатыўную рэакцыю. Сярод літоўцаў і жамойтаў вера продкаў, запаветы даўніны ўспрымаліся як сцяг барацьбы з агрэсіўным Захадам. Супраць збліжэння з Заходняй Еўропай узнялася свайго роду партыя "непрымірымых". Адначасова гэты курс выклікаў адчайныя супрацьдзеянні Тэўтонскага ордэна, які разгарнуў па ўсёй Еўропе агітацыю, каб не дапусціць пагаднення папы з Гедымінам.
    Усё гэта прывяло да таго, што хрышчэнне Літвы ў апошні момант сарвалася. Калі, нарэшце, папскія легаты прыбылі ў Прыбалтыку, ім ветліва растлумачылі, што размовы пра хрышчэнне з’явіліся вынікам непаразумення, недакладнага перакладу Гедымінавых лістоў. Мы можам толькі гадаць, якая ўнутраная барацьба стаяла за гэтым рашэннем Гедыміна даць зваротны ход.
    Рэформы не былі цалкам спынены. Захавалася і дзяржаўная верацярпімасць, каталіцкія кляштары працягвалі існаваць. Мір з Лівонскім ордэнам пратрымаўся да 1330 года. Але адначасова працягвалі палаць свяшчэнныя вогнішчы на паганскіх капішчах, у тым ліку і ў даліне Свінтарога ля самых муроў віленскага замка.
    Дыпламатычным поспехам Гедыміна спрыяла шматлікасць яго патомства. Ён пакінуў не менш сямі сыноў і столькі ж дачок, што дазваляла замацоўваць міждзяржаўныя пагадненні шлюбамі на любы густ. Сыны набывалі правы на спадчыну тых суседзяў, чый род абрываўся, а дочкі выступалі залогам добрых зносін з зяцямі. Адну з іх ён, як адзначана вышэй, выдаў за Давыда, намесніка гарадзенскага, ініпых — за суседніх уладароў. Данміла (у хрышчэнні — Альжбета) стала жонкай мазавецкага князя Вацлава Плоцкага (гэта адбылося ў пачатку панавання Гедыміна). Марыя зімой 1319/20 года ўзяла шлюб
    Гедымін
    з цвярскім князем Дзмітрыем Грозныя Вочы. У 1325 годзе Алдона (Ганна) выйшла за адзінага сына Уладзіслава Лакатка — каралевіча Казіміра. У 1331 годзе Аўгуста абвянчалася з сынам Івана Каліты Сямёнам, а Офка — з сынам Трайдзена Мазавецкага Баляславам. Паводле няпэўных звестак, і апошні ўладар Галіцка-Валынскага княства Юрый Андрэеевіч меў за жонку дачку Гедыміна.
    Звернем увагу на саюз з Уладзіславам Лакатком, які пачаўся з 1325 года. Ен азначаў змену палітычнай арыентацыі ў польскіх справах. Калі раней Гедымін, як і яго брат Віцень, падтрымліваў ворагаў Лакатка (напрыклад, Вацлава Плецкага), то шлюб Ге-
    дымінаўны з нашчадкам польскага караля паклаў пачатак саюзніцкім дачыненням.
    Уладзіслаў у гэты час працягваў барацьбу за адзінства Польшчы і супраць дамаганняў на яе карону з боку чэшскага караля Яна Люксембурга. Аб’яднаўшы пад сваёй уладай Кракаўска-Сандамірскую зямлю, Велікаполыпчу і большую частку Куявіі, Лакаток у 1320 годзе дамогся прызнання яго каралём. У якасці супрацьвагі Чэхіі ён выкарыстоўваў добрыя адносіны з новым венгерскім каралём Карлам-Робертам Анжуйскім, за якога ў 1320 годзе выдаў сваю дачку Альжбету (гэты шлюб пазней прывядзе Анжуйскую дынастыю і на польскі трон). Саюз жа з Літвой дазваляў набыць магутнага саюзніка на поўначы, дзе Ян Люксембург меў актыўную падтрымку Вацлава Плоцкага і Тэўтонскага ордэна, якія ўтварылі грозную кааліцыю.
    Супраць гэтай кааліцыі і быў накіраваны саюз Лакатка з Літвой. У 1326 годзе аб’яднанае польска-літоўскае войска на чале з Давыдам Гарадзенскім праз усю Полыпчу прайшло на землі Бравдэнбургскага курфюрства, дасягнуўшы Франкфурта-на-Одэры, а на зваротным шляху спустошыла ўладанні Ванлава Плоцкага і паўднёвыя раёны Прусіі. Выступленне аказалася апошнім у палкаводчай кар’еры Давыда — яго забіў падкуплены немцамі мазавецкі рыцар, што знаходзіўся ў яго войску. Галоўным літоўскім ваяводам становіцца баярын Маргеліс — ён згадваецца ў гэтай якасці з 1329 да 1336 года.
    Аднак гэты паход не прадухіліў вайны Уладзіслава з Янам Люксембургам, якая пачалася ў 1327 годзе. Праз два гады чэшскі кароль з дапамогай Вацлава Плоцкага выступіў і супраць Гедыміна. У той жа час Тэўтонскі ордэн захапіў Добжынскае княства і частку вотчыны Лакатка ў Куявіі. Вайна працягвалася і пасля смерці Вацлава Плоцкага ў 1330 годзе, і пасля смерці яшчэ праз тры гады сямідзесяцітрохгадовага Лакатка. Толькі яго сын Казімір у 1335 годзе дамогся яе спынення. За вялікую грашовую кампенсацыю Ян Люксембург адмовіўся ад дамаганняў на польскі трон. Затое Казіміру давялося пагадзіцца з канчатковым пераходам Сілезіі ў склад Чэшскага каралеўства. Барацьба ж з тэўтонцамі за Добжынскую зямлю зацягнулася яшчэ на шмат гадоў.
    Гедымін, саюзнік Польшчы, актыўна ўдзельнічаў у гэтай барацьбе, тым больш што яна аб’ектыўна была састаўной часткай абароны ўласна літоўскіх зямель ад Ордэна — саюзніка Люксембурга. У 1328 годзе крыжакі мусілі пакінуць свой далёка прасунуты фарпост — замак Хрысткемель. Але нават гэтую няўдачу яны выкарысталі для чорнага злачынства. Магістр Вернер фон Арселн паабяцаў мірна перадаць замак, які не меў сілы больш бараніць, і запрасіў знатных літоўцаў прыняць яго. Калі ж літоўскае пасольства прыехала, крыжакі зачынілі браму і жыўцом спалілі літоўцаў разам з драўляным замкам. Нават у аднаго з братоўрыцараў, відавочцаў злачынства, ад такой жорсткасці памутнеў розум і пазней ён зарэзаў каварнага магістра.
    У 1330 годзе вайна з крыжакамі і на прускай, і на лівонскай мяжы палыхае зноў, як быццам і не было часовага паляпшзння адносін. Аднаўляецца абмен разбуральнымі набегамі, гараць ордэнскія фальваркі і літсскія вёскі, вытоптваюцца палеткі, льецца кроў.
    Аднак вайна на захадзе не паглынае ўсе сілы Вялікага княства Літоўскага і Рускага — гэтае найменне пры Гедыміне пачынае ўжывацца рэгулярна, каб падкрэсліць прэтэнзіі на ўсходнім напрамку. Пад "Літоўскім" княствам тут трэба разумсць старадаўнія ўладанні літоўскай дынастыі — Літву ў вузкім сэнсе (Аўкштайцію), Жамойць і гарады Панямэння (ад Горадна да Ноўгародка). Пад "Рускім" княжаннем меліся на ўвазе як тыя землі, што прынялі літоўскіх князёў па дагавору ці ўвайшлі ў васальную залежнасць ад Літвы (Полацкае, Менскае, Віцебскае, Свіслацкае, Пінскае, магчыма, Кіеўскае княствы), так і астатнія тэрыторыі былой Кіеўскай Русі, якія Гедымін спадзяваўся падпарадкаваць у далейшым.