Пачаткі Вялікага княства Літоўскага
Падзеі і асобы
Вячаслаў Насевіч
Выдавец: Полымя
Памер: 160с.
Мінск 1993
Пра іншых князёў Чарнігаўскай зямлі таксама нічога не вядома, аднак, прынамсі, у Казельску і Тарусе пазней будуць дзейнічаць іх нашчадкі. Тое ж можна сказаць і пра тэрыторыю сучаснай Беларусі. Апошнія пінскія князі, якіх мы ведаем па імёнах, гэта Дзямід Уладзіміравіч, што ў 1292 годзе перажыў свайго брата Юрыя, і сын памёршага ў тым жа годзе Івана Сцяпаньскага Уладзімір (дарэчы, якраз на звестках пра іх і абрываецца Валынскі летапіс). Верагодна, і ў Тураве з Гарадцом (Давыд-Гарадком) працягваецца свой княжацкі род. У наступным пакаленні ў крыніцах пачнуць фігураваць князі з Мснска, Друцка і Свіслачы, а таксама Віцебска. Дарэчы, рыжская гандлёвая грамата 1298 года згадвае ў Віцебску князя Міхаіла Канстанцінавіча — магчыма, сына таго Канстанціна Бязрука, пра якога гаворка ішла вышэй. Віцебскі князь Яраслаў (?), які памрэ ў 1320 годзе і з чыёй дачкой перад тым ажэніцца будучы вялікі князь літоўскі Альгерд, па ўзросту наўрад ці можа быць сынам Міхаіла, хіба ўжо братам ці ўвогуле прадстаўніком нейкага іншага роду (яго радавод, што змешчаны ў Хроніцы Быхаўца, не адпавядае рэчаіснасці).
У Залатой Ардзе хан Туда-Менгу ў 1287 годзе быў абвешчаны псіхічнахворым і згубіў уладу. Пры актыўных інтрыгах Нагая пачалася барацьба за ўладу паміж дзесяццю пляменнікамі ТудаМенгу. Спачатку ханам стаў сын Менгу-Цімура Талабуге, аднак у 1291 годзе ён быў забіты прыхільнікамі свайго брата Тахты. У першыя гады панавання хан Тахта з’яўляўся лялькай у руках Нагая, аднак не задаволіўся такім становішчам і пазней распачаў барацьбу супраць цемніка, якая цягнулася тры гады, з 1297-га да 1300-га, і скончылася гібеллю апошняга і канфіскацыяй яго вялізных прычарнаморскіх уладанняў.
Гэтаму пакаленню гістарычных дзеячаў таксама давядзецца перажыць шмат катаклізмаў — як прыродных, так і грамадскіх. Перабудова клімату, што тады пачалася, павялічыла яго нестабільнасць, значна болын стала вельмі халодных ці, наадварот,
занадта мяккіх зім, летніх засух. Апрабаваны вопыт дзядоў пачынаў падводзіць земляообаў: змяніліся аптымальныя тэрміны сяўбы. Як вынік павялічылася колькасць летапісных паведамленняў пра голад і пошасць, якія ў першым дзесяцігоддзі XIV стагоддзя пракаціліся па ўсёй Еўропе. I на Русі яны фіксуюцца летапісцамі ў гэты прамежак часу амаль штогод. Ёсць звесткі пра голад і мор і ў Літве ў 1311, 1313 гадах.
Як быццам у дадатак, адбываліся і іншыя грозныя з’явы. У 1301 годзе ў Ноўгарадзе небывала моцная бура знесла "хоромы н храмы", а ў 1303 годзе ў Прыбалтыцы адбыўся даволі моцны землятрус: у час падземнага штуршка людзі ледзь маглі ўстаяць на нагах. У тым жа годзе ў Ноўгарадзе снегу не было ўсю зіму.
Аднак жыццё ішло сваім чынам. У тым жа бясснежным 1303 годзе наўгародцы здолелі ажыццявіць даволі дарагое прадпрыемства — абнеслі свой горад мурам. Гэта былі другія такія ўмацаванні на Русі — за некалькі гадоў перад тым такі ж мур збудавалі жыхары Пскова пад кіраўніцтвам свайго князя Даўмонта.
I ў Польшчы ў гэтыя турботныя для земляробаў гады ўзводзяцца мураваныя пабудовы. У стольным Кракаве адна з іх — гатычны замак на Вавелі (закончаны ў 1308 годзе). Яго ўзнікненне было выклікана вострай палітычнай барацьбой вакол Кракава, якая распачалася пасля смерці караля Пшамыслава паміж Уладзіславам Лакатком і каралём Чэхіі Вацлавам II.
Наш расказ пра падзеі, звязаныя з панаваннем Віценя, будзе не вельмі дэталёвым: цемра толькі пачынае рассоўвацца над гэтым кутом Еўропы. Рускія летапісцы — сучаснікі падзей — такога князя ўвогуле не ведаюць, што і не дзіўна, бо летапісанне вядзецца толькі ў Залессі, Ноўгарадзе і Пскове. Віцень выступае на старонках хронікі Пятра Дусбурга — летапісца Тэўтонскага ордэна. Упершыню ён з’яўляецца ў 1291 годзе, калі літоўскі князь Путувер, ці Пукувер (у першым выданні хронікі яго імя пададзена ў форме "Лютувер"), пасылае свайго сына Віценя ў паход на Куявію. Хутка затым, каля 1294 года, апошні дзейнічае ўжо як вярхоўны ўладар Літвы.
Бацька Віценя, верагодна, прыйшоў да ўлады ў выніку смуты 1280-ых гадоў. Вышэй ужо казалася пра хісткую версію атаясамлівання яго з князем Будзівідам — братам Будзікіда паводле Іпацьеўскага летапісу. Адкуль узялася новая дынастыя — пытанне даволі загадкавае, бо яно абрасло міфамі ўжо ў сярэдзіне XV стагоддзя. У гэты час Польшча імкнулася падкрэсліць непаўнацэннасць літоўскіх князёў і ўсяго паганскага мінулага Літвы. Такі настрой парадзіў легенду, быццам заснавальнік дынастыі Віцень (звесткі пра яго бацьку да таго часу забыліся) не княжацкага роду, а баярын з Эйраголы ў Жамойці, служыў канюшым князя Трайдзена і атрымаў уладу пасля смерці апошняга з-за таго, што законныя наследнікі (пляменнікі Трайдзена і продкі пазнейшых князёў Гальшанскіх, Гедройцаў і Свірскіх) былі непаўналетнімі.
Насуперак таму стваральнікі іншай версіі — літоўскай — сцвярджалі, што Віцень паходзіў са старажытнага роду Калюмнаў, заснавальнік якога прыбыў з Рыма разам з Палямонам. Віцень па літоўскай версіі быў не канюшым, а маршалкам (найвышэйшай прыдворнай ас 'ай) Трайдзена і ўладу атрымаў паводле завяшчання
апошняга. Сапраўды, родавы герб новай дынастыі ў XV стагоддзі зваўся "Калюмны" ("Калоны" ці "Стаўпы"), але ж гэтую назву ён мог атрымаць дзеля ўзгаднення з легендай. Тое ж датычыць і герба "Кітаўрус” ("Кентаўр"), якім сапраўды карысталіся князі Галыпанскія і які прыпісваўся дынастыі Трайдзена. Наўрад ці ў XIII стагоддзі літоўскія князі ўвогуле ўжывалі гербы.
Трэцяя версія, маскоўская, не адмаўляла княжацкага паходжання дынастыі, але лічыла яе адгалінаваннем смаленскіх ці полацкіх князёў — васалаў вялікага князя ўладзімірскага, пераемнікамі якога былі маскоўскія князі. Тым самым літоўская дынастыя як бы абвяшчалася непаўнацэннай адносна Масквы. У рамках гэтай версіі Віцень часам лічыўся і сынам Трайдзена, а рускае паходжанне прыпісвалася ўсім князям, пачынаючы з Міндоўга.
Усе версіі — тыповыя з’явы для сярэднявечча, калі генеалогія падганялася пад палітычную кан’юнктуру. На самой справе заняцце баярынам княжацкага пасада, калі заставаліся хаця б і непаўналетнія князі, ва ўмовах XIII стагоддзя здаецца неверагодным. Ужо значна пазней і то князем нельга было стаць — ім можно было толькі нарадзіцца. Нават Радзівілы, якія атрымалі княжацкі тытул ад самога германскага імператара, доўгі час лічыліся "несапраўднымі" ккязямі. Дзеля доказу "несапраўднасці" літоўскай дынастыі, уласна кажучы, і ствараліся польская ды маскоўская легенды.
Яшчэ цяжэй уявіць сабе ператварэнне праваслаўных князёў Рурыкавічаў у паганцаў, якое вынікае з маскоўскай версіі. Што б ні казалі пра магчымую славянскую этымалогію імёнаў Віценя (віцязь), Воіня (воін) і нават іншых прадстаўнікоў дынастыі аж да Альгерда і Вітаўта, сапраўдныя імёны славянскіх князёў XIII стагоддзя былі зусім не такімі. Дарэчы, ніводнае імя нічога не даказвае — яно магло трапіць да прадстаўнікоў дынастыі праз шлюб, як імя Трайдзен дасталася мазавецкаму князю.
Польскі даследчык Е. Ахманьскі звярнуў увагу на адно месца з паэмы канца XIV стагоддзя "Задоншчына", у якой апяваецца Кулікоўская бітва. Два яе ўдзельнікі, унукі Гедыміна Андрэй і Дзмітрый Альгердавічы, так звяртаюцца адзін да аднаго: "Сама есмя собе два браты, сынове Олгордовы, а внукн есмя Еднмантовы, a правнукн есмп Сколомендовы" (у адным з сучасных перакладаў чамусьці дадзена "Сколднмеровы"). Гедымін — брат Віценя (аб гэтым ніжэй), таму ў сучасным сэнсе прадзедам Альгердавічаў з’яўляецца Путувер. Аднак слова "праўнукі" магло ўжывацца і ў сэнсе "аддаленыя нашчадкі”. Таму Е. Ахманьскі зрабіў вывад, што Скаламендам звалі пачынальніка дынастыі — бацьку Путувера.
Калі гэта сапраўды так, то варта ўспомніць, што вельмі падобнас імя — Скамонт — насілі два яцвяжскія князі. Праўда, першы з іх загінуў каля 1248 года пры набегу на Драгічын і галава яго была ўздзета на кол, а другі памёр у Прусіі ў 1286 годзе. Там жа, паводле Дусбурга, засталіся яго сыны (можа, не ўсе ці не назаўсёды?). Адным словам, ёсць падставы думаць пра яцвяжскас паходжанне не толькі Трайдзена, але і яго наступнікаў. Магчыма, уклад яцвягаў ва ўтварэнне Літоўскай дзяржавы быў большым, чым павялося лічыць.
Як бы там ні было, Путувер сядзеў на літоўскім княжанні дастаткова трывала, каб перадаць яго свайму сыну Віценю — пры
тым, што недзе ў Прусіі заставаўся пакрыўджаны княжыч Пялюзе, ды і ў самой Літве меліся яшчэ князі — продкі Гальшанскіх і іншых.
3 пачаткам панавання Віценя пачалі адчувацца вынікі той руплівай працы па ўмацаванні дзяржавы, якую вялі яго папярэднікі. Вынікі апошняй усобіцы былі пераадолены даволі хутка, і актыўнасць Літвы ў знешняй палітыцы рэзка ўзрасла. Для процідзеяння экспансіі Тэўтонскага ордэна на берагах Нёмана паўсталі моцныя замкі (праўда, пакуль што драўляныя): Вялона, Вількія, Коўна. У дачыненні да Лівонскага ордэна і ўвогуле з’явілася магчымасць ад абароны перайсці ў наступ. Там якраз абвастрыліся адносіны паміж братамі-рыцарамі і рыжскім архібіскупам, якога падтрымлівалі гараджане. Віцень не прамарудзіў умяшацца ў гэтую барацьбу. Ен заключыў з Рыгай пагадненне супраць Ордэна, і ў 1296—1299 гадах зрабіў тры паходы ў Лівонію. У вусці ракі Трэйры нанёс крыжакам паражэнне, аднак пазней тыя разбілі аб’яднанае войска літоўцаў і рыжан. У 1300 годзе Лівонскі ордэн дамогся часовага замірэння з Рыгай, саступіўшы ёй свой замак у межах горада. Рыжане ўзамен абавязаліся разарваць саюз з Літвой. Аднак пэўны час лівонцам было не да працягу экспансіі.
Адначасова Віцень актыўна ўдзельнічаў у польскіх справах. На пачатку свайго панавання ён выступіў саюзнікам Баляслава Мазавецкага ў яго даўняй барацьбе са стрыечнымі братамі — Уладзіславам Лакатком і Казімірам Ленчыцкім. У час літоўскага паходу 1294 года Казімір загінуў (аднак гэта прывяло толькі да далучэння яго ўдзела да ўладанняў Уладзіслава і спрыяла ўзмацненню апошняга).
Але галоўную небяспеку для Літвы ўяўляў, безумоўна, Тэўтонскі ордэн. Пруска-літоўскія землі зрабіліся галоўнай арэнай яго дзейнасці пасля таго, як на Блізкім Усходзе крыжацкі рух канчаткова захлынуўся. У 1291 годзе Ака, апошні аплот крыжакоў у Палесціне, трапіла ў рукі арабаў. Галоўная рэзідэнцыя Ордэна перамясцілася ў Венецыю, але ў Еўропе мэтазгоднасць захавання духоўна-рыцарскіх утварэнняў пасля страты Палесціны ўсё часцей пачала ставіцца пад сумненне. У 1307 годзе распачаўся гучны судовы працэс "жалезнага караля” Францыі Філіпа Прыгожага супраць Ордэна тампліераў (храмоўнікаў), які праз 7 гадоў прывёў да скасавання апошняга.