• Газеты, часопісы і г.д.
  • Пачаткі Вялікага княства Літоўскага Падзеі і асобы Вячаслаў Насевіч

    Пачаткі Вялікага княства Літоўскага

    Падзеі і асобы
    Вячаслаў Насевіч

    Выдавец: Полымя
    Памер: 160с.
    Мінск 1993
    61.64 МБ
    Для тэўтонцаў у гэтых умовах адзіным апраўданнем іх далейшага існавання заставалася неабходнасць хрышчэння апошніх паганскіх народаў у Еўропе — жамойтаў і літоўцаў. (К гэтаму моманту земгалы ўжо фактычна страцілі самастойнасць. Пасля 1290 года паўночная іх частка прызнала ўладу Лівонскага ордэна, астатнія ж увайшлі ў склад Жамойці.)
    Такім чынам, мэта перамогі над Літвой, якую сфармуліраваў Дусбург у 1280 годзе, ператварылася ў асноўны сэнс існавання ордэнскай дзяржавы. Падрыхтоўка да яе здзяйснення ўжо вялася. У 1289 годзе ў ніжнім цячэнні Нёмана пабудавалі два магутныя ордэнскія замкі — Тылжэ і Рагнету. Яны павінны былі служыць асноўным плаодармам для паходаў на Жамойць. Паходы гэтыя актыўна разгарнуліся з 1294 года, калі комтурам (намеснікам) Рагнеты стаў энергічны Людвіг фон Любенцаль. Ён ажыццявіў масіраванае ўварванне ў жамойцкія землі. На якісьці час большасць мясцовай знаці перайшла на яго бок. Імкнучыся дэмаралізаваць праціўніка, крыжакі разбурылі свяцілішча Ромува, якое незадоўга
    да таго бьыо перанесена з Надровіі ў Жамойць. Пасля гэтага свяцілішча давялося перанесці яшчэ раз — у Вільна, дзе і раней у даліне Свінтарога існаваў буйны культавы цэнтр.
    Аднак Віценю энергічнымі мерамі ўдалося прадухіліць хрышчэнне Жамойці. Спачатку ён дамогся ад тамтэйшых арыстакратаў нейтралітэту, а пазней накіраваў туды войска і зноў узняў іх супраць крыжакоў. Віцень зрабіў сваім ваяводам у Жамойці таленавітага палкаводца Сурміне, які разам з братам Скалдоне арганізаваў супраціўленне тэўтонцам, нанёс ім некалькі паражэнняў.
    Тактыка залучэння на свой бок мясцовай знаці, якая забяспечыла крыжакам поспех у Прусіі, у Літве спрацоўвала горш, хаця і не зусім беспаспяхова. На землях Ордэна дзейнічаў, як мы памятаем, нашчадак былой дынастыі Пялюзе. Удавалася часам схіліць да здрады намеснікаў некаторых замкаў у Жамойці. Напрыклад, Спуда, камендант замка Пуценінкай, перайшоў на бок Ордэна ў 1307 годзе. Замак пасля гэтага быў перададзены Пялюзе. Аднак асноўная колькасць баярства захавала вернасць Віценю.
    Падтрымку яму аказвала і баярства гарадоў Панямоння, a таксама, напэўна, і Полацка. Канчатковае далучэнне Полацка да Літоўскай дзяржавы познія беларуска-літоўскія летапісы звязваюць менавіта з панаваннем Віценя. Быццам бы апошні самастойны полацкі князь завяшчаў свае ўладанні рыжскаму архібіскупу, пасля чаго ў горадзе пачалося засілле каталіцкіх ксяндзоў і нямецкіх купцоў з Рыгі. Полацкае баярства звярнулася па падтрымку да Віценя, які і выбіў рыжан з Полацка (верагодная дата — 1307 год). Магчыма, тады ж новым полацкім князем стаў малодшы брат Віценя Воінь, які будзе княжыць там пры Гедыміне.
    Далучэнне Полацка да Літвы адбылося, верагодна, на падставе дагавора, які гарантаваў палачанам захаванне мясцовых законаў і суда, увогуле недатыкальнасць "старыны". Гэты дагавор потым скрупулёзна аднаўляўся пры кожным новым вялікім князю. Сляды яго, як лічыцца, прасочваюцца ў полацкіх прывілеях ажно да сярэдзіны XVI стагоддзя, калі прыняцце другога і трэцяга статутаў Вялікага княства Літоўскага уніфікавала права ў межах усёй дзяржавы.
    Слядоў такіх пісьмовых дакументаў у дачыненні да панямонскіх гарадоў мы не маем. Аднак і іх зліццё з Літоўскай дзяржавай, якое яшчэ больш узмацнілася ў часы Віценя, адпавядала інтарэсам ободвух бакоў. Для Літвы гэтая тэрыторыя з’яўлялася важнай крыніцай людскіх і матэрыяльных рэсурсаў для барацьбы з крыжакамі. Невыпадкова яна даволі хутка стала аб’ектам спусташальных рэйдаў тэўтонцаў: першы такі налёт на Горадна адбыўся ў 1284 годзе, за ім быў набег 1295 года. Асабліва ўзмацніўся націск на пачатку XIV стагоддзя: уварванні адбываліся ў 1305, 1306 (двойчы), 1311 (тройчы) гадах. У 1314 годзе магістр Генрых фон Плоцке штурмаваў Ноўгародак і спаліў акольны горад.
    Усе гэтыя рэйды суправаджаліся жорсткімі спусташэннямі — крыжакі ўчынялі іх, каб падарваць эканамічную базу праціўніка. Гэта паставіла пад сумненне тыя выгады, якія мясцовае насельніцтва набыло, пазбегнуўшы залежнасці ад татар. Але меліся іншыя перавагі, што і дазволілі захаваць саюз Панямоння з Літвой. Баяры-землеўладальнікі былых удзельных княстваў былі зацікаўлены
    ў моцным, але далёкім гаспадары, які бараніў бы іх ад ворагаў і не перашкаджаў пашыраць маёнткі за кошт навакольных сяляя, асабліва калі намеснікамі гарадоў маглі стаць прадстаўнікі з іх жа асяроддзя.
    Палітычны і эканамічны свет змізарнелых княстваў быў вельмі вузкім, асабліва пасля знішчэння татарамі агульнарускай дзяржавы. Служба дробнаму князю, ва ўладанні якога знаходзіўся адзіны правінцыяльны гарадок з яго наваколлем, не абяцала ні гучнай славы, ні багатай здабычы, ні выслугі новых маёнткаў. У той жа час у баярскіх харомах яшчэ памяталі паданні аб справах дзядоў і прадзедаў, што хадзілі ў слаўныя паходы на Вялікі Ноўгарад, Польшчу, у палавецкія стэпы. Калісьці, за часам моцнай княжацкай улады, з’яўляліся на Дзвіне, Прыпяці і Нёмане купецкія караваны з далёкага і загадкавага Усходу, з Візантыі, пенілі вёсламі хвалю караблі са Скандынавіі, Германіі. Са знікненнем агульнай дзяржавы ўсё знікла.
    Служба ж магутнаму літоўскаму князю абяцала адраджэнне і былой славы, і заморскага гандлю. Уступіўшы ў дружыну Віценя, ноўгародскія і полацкія баяры атрымлівалі магчымасць пазвінець мячамі ля муроў ордэнскіх замкаў ці на берагах Віслы. Маглі выклікаць на паядынак нямецкіх рыцараў (пра такія дуэлі паміж рускімі і заходнееўрапейскімі рыцарамі паведамляе Дусбург). Перамога ў падобным баі — гэта і слава, і каштоўныя даспехі пераможанага. А ўдачны паход у цэлым — новыя халопы, новая здабыча, новае сяло, якое вялікі князь падаруе за асабістае геройства.
    Што датычыць мясцовых князёў (там, дзе яны яшчэ захаваліся), то і яны пад сюзерэнітэтам Літвы нічога не гублялі. Вялікі князь не ўмешваўся ва ўнутраныя справы ўдзелаў. Усё, што патрабавалася,— гэта выходзіць пад сваім сцягам і з дружынай, калі гаспадар пакліча ў паход. Затое і пры нападзе звонку можна быць упэўненым, што вялікі князь абароніць, а пры спрэчцы з суседам — рассудзіць.
    Мала што мянялася і для простага люду. Усяго і клопату, што на валасны пагост за падаткамі прыедзе не рускі баярын, а літовец. He будзь яго — знайшоўся б які-небудзь татарын ці немец. А калі сяло цягнула не да воласці, а да баярскага двара, то перамена вярхоўнай улады і ўвогуле была практычна неадчувальнай: свой гаспадар заставаўся ўсё той жа. Хіба што пасля яго смерці вялікі князь можа перадаць двор ужо літоўскаму баярыну, які і размаўляць па-тутэйшаму як след не ўмее. Але будзе патрэба — навучыцца і ён, бо не пераходзіць жа ўсяму сялу на літоўскую мову з-за змены гаспадара!
    Калі хто і мог адчуваць незадавальненне — гэта праваслаўнае духавенства. I каб яе псаваць адносіны з даволі ўплывовай часткай мясцовага насельніцтва, літоўскім князям-паганцам даводзілася праяўляць верацярпімасць, якая на доўгі час стане традыцыйнай для дзяржавы. Маліся так, як маліліся твае продкі — толькі захоўвай лаяльнасць да ўлады.
    Усё сказанае вышэй дапамагае зразумець, чаму распаўсюджанне ўлады Віценя, а пазней Гедыміна на рускія землі адбывалася параўяальна мірна і непрыкметна, без тых бітваў і паўстанняў, якія суправаджалі кожнае прасоўванне наперад крыжакоў і татар. Таму
    вельмі цяжка вызначыць, дзе праходзіла пры Віценю мяжа ўплыву Літвы, дзе яе суседзяў — Галіцка-Валынскага і Смаленскага княстваў.
    Першае з іх пры князю Юрыю Львовічу часткова пераадолела той заняпад, у якім апынулася ў другой палове XIII стагоддзя.Спрыяла гэтаму не толькі аднаўладдзе Юрыя, але і тое, што мёртвая хватка Залатой Арды на горле Галіцка-Валынскай Русі аслабела ў час барацьбы за ўладу паміж Нагаем і Тахта-ханам, Ужо Леў Данілавіч у канцы жыцця пачаў карыстацца, як некалі яго бацька, каралеўскім тытулам, што перайшоў і да Юрыя. Гэта не абавязкова азначае, што абодва яны прайшлі праз афіцыйны абрад каранацыі, санкцыяніраваны Рымам, але яскрава сведчыць пра іх намер лічыць сябе ўровень з іншымі еўрапейскімі гаспадарамі. Юрый вядзе ўжо і нсзалежную ад хана знешнюю палітыку. Ажаніўшыся другім шлюбам з сястрой Уладзіслава Лакатка Яфіміяй, ён выступае актыўным саюзнікам куяўскага князя ў яго барацьбе за карону Польшчы з Вацлавам Чэшскім. Таксама мае ён дачыненне і да барацьбы за венгерскую карону пасля згасання ў 1301 годзе дынастыі Арпадаў. Маці Юрыя была дачкой караля Бэлы IV, але сам ён на каралеўства не прэтэндаваў, толькі аказваў падтрымку свайму стрыечнаму брату Атону Баварскаму (сыну другой дачкі Бэлы), які часова валодаў Венгрыяй, аднак прайграў барацьбу яшчэ аднаму нашчадку Арпадаў па кудзелі, унуку неапалітанскага караля Карлу-Роберту Анжуйскаыу.
    Захавалася летапісная характарыстыка Юрыя, якую прыводзіць польскі гісторык Длугаш: "Муж мудры і добры, шчодры да духоўнікаў, пад кіраваннем якога Русь славілася шчасцем міру і дастатку". На жаль, няма ніякіх звестак пра яго адносіны з Літвой, пра тое, ці працягваў ён намаганні сваіх папярэднікаў распаўсюдзіць кантроль на тэрыторыю сучаснай Беларусі. Увогуле ж ён адчуваў сябе спадкаемцам былой Кіеўскай Русі, аб чым сведчыць заснаванне ў Галічы другой рускай царкоўнай мітраполіі. Да таго адзіным рэлігійным цэнтрам рускіх княстваў лічыўся Кіеў, дзе мітрапаліт знаходзіўся да 1299 года. Потым у сувязі з заняпадам Паўднёвай Русі і пэўным уздымам Паўночна-Усходняй, мітрапаліт Максім перанёс сваю рэзідэнцыю ва Уладзімір-на-Клязьме. Вось з гэтай падзеяй, якая павінна была азначаць перамяшчэнне ў Залессе апошніх рэшткаў былой кіеўскай дзяржаўнасці, і не пагадзіўся Юрый. Каля 1302 года ён дамогся ад канстанцінопальскага патрыярха заснавання мітраполіі "Малой Русі" з цэнтрам у Галічы. Праўда, яна праіснавала нядоўга — у 1308 годзе, пасля смерці Максіма, галіцкі мітрапаліт Пётр атрымаў пасвячэнне як мітрапаліт "усяе Русі" і пераехаў ва Уладзімір-на-Клязьме.
    Смаленскае ж княства да такога ўзроўню не ўзнялося. Яно, здаецца, пазбегла моцных татарскіх пагромаў, але і эканамічнага ўздыму там не назіраецца. У цэлым гэтыя землі застаюцца пад трывалым кантролем ардынцаў. Спробы распаўсюдзіць смаленскі ўплыў на захад, у Падзвінне і на правабярэжжа Дняпра, істотных вынікаў не мелі. У самастойнае ўладанне ператвараецца нават Віцебскае княства, якое раней даволі часта далучалася да Смаленска. Прычым на падставе больш позніх падзей можна меркаваць, што пад кантроль Віцебска ці Друцка адышла Орша і кавалак тэрыторыі