• Газеты, часопісы і г.д.
  • Пачаткі Вялікага княства Літоўскага Падзеі і асобы Вячаслаў Насевіч

    Пачаткі Вялікага княства Літоўскага

    Падзеі і асобы
    Вячаслаў Насевіч

    Выдавец: Полымя
    Памер: 160с.
    Мінск 1993
    61.64 МБ
    хрысціянскім імем Цімафей давядзецца княжыць вельмі доўга, аж да сваёй смерці ў 1299 годзе.
    Што ж датычыць Гердзеня, то ён быццам бы перайшоў на бок Войшалка, бо пэўны час застаецца князем Полацка і Налыпан. Яго імем падпісана пагадненне Полацка з Рыгай у 1264 годзе, а праз два гады Даўмонт з Пскова змагаецца з ім за сваю вотчыну ў Нальшанскай зямлі. У гэтай барацьбе Гердзень, відаць, гіне, і ў 1267 годзе мы сустракаем у новым пагадненні з Рыгай ужо імя Ізяслава Полацкага — сатэліта Войшалка і Шварна. (У гэтай грамаце, напісанай ад імя Ізяслава, ёсць загадкавая фРаза: "а Нзяслав co мной одно", якая быццам бы сведчыць пра існаванне яшчэ аднаго Ізяслава. He выключана, аднак, што гэтая фраза ўстаўлена ад імя Войшалка, які ўпамінаецца ў тэксце вышэй як "Моншелг". Двухсэнсоўнасць з’явілася вынікам памылкі пісара.) Даўмонт жа так і не здолеў вярнуць сабе ўладу ў Нальшанах.
    Такім чынам, усобіца ў Літоўскай дзяржаве была ліквідавана, Літва выйшла з яе нават больш адзінай, чым раней, але за кошт падпарадкавання Галіцка-Валынскаму княству. Войшалк прызнаў сябе васалам Васількі Раманавіча ("нарекл бо бяшет Васнлька отца собе н господнна"). Сумесна са Шварнам ён удзельнічаў у паходзе на Баляслава Мазавецкага, які, верагодна, быў выкліканы канфліктам з-за захопленых раней яцвяжскіх тэрыторый. Ва ўсякім разе, рэакцыя Баляслава паказвае, што галоўную ролю ў паходзе адыгрываў менавіта Шварн — ён атрымаў ад паляка папрок: "Я на Лнтву не жалую, оже мя воевалн немнрннкь мон, а воевал мя тако н гораздо (яшчэ мацней.— В. Н.), то на тя жалую". Малады мазавецкі князь (нагадаю — сын Зямовіта, загінуўшага раней падчас такога ж сумеснага паходу Міндоўга і Шварна) у адказ спустошыў галіцкія ўладанні Шварна. Пазней нарэшце між імі было дасягнута замірэнне.
    Хутка пасля гэтых падзей Войшалк раптам зноў згубіў цікавасць да палітычных спраў і пажадаў аднавіць сваё манаства — ці то ў выніку нейкіх палітычных інтрыг, ці то сапраўды з мэтай пакаяння за пралітую кроў. Ад улады над Літвой ён адмовіўся на карысць Шварна, жанатага з яго сястрой, а сам пайшоў ва Угроўскі манастыр на Падляшшы. Гэта азначала, па сутнасці, прамое падпарадкаванне Галіча і Літвы адзінай уладзе — дынастычную унію. Для Шварна гэта быў значны поспех, але ён выклікаў навокал шмат незадавальнення. Пакрыўджаным адчуў сябе старэйшы брат Шварна Леў, які відавочна адсоўваўся энергічным Шварнам некуды на задні план. Аднак гнеў яго выліўся не на Шварна, а на Войшалка, які і быў засечаны Львом уласнаручна пасля "сяброўскай" размовы на піры, куды Леў сам жа яго і запрасіў.
    У Літве Шварн меў, несумненна, пэўную падтрымку, хаця б ужо з-за аднаго свайго сваяцтва з загінуўшай дынастыяй Міндоўга. Калі б у яго нарадзіўся сын, ён паводле родавых звычаяў лічыўся б законным нашчадкам Міндоўга ”па кудзелі". Аднак Шварн, відаць, не пакінуў дзяцей. 3 другога боку, яго ўзвышэнне не магло не выклікаць моцнага незадавальнення літоўскай знаці, для якой падпарадкаванне чужому князю было абразай. Магчыма, менавіта мясцовыя баяры паспрыялі таму, што панаванне Шварна не зацягнулася: "Шварновм в Лнтовскон земле княжнв лет немного, н
    тако преставнся". Гэта адбылося прыкладна ў 1270 годзе — праз два-тры гады пасля смерці Войшалка.
    Галіцка-валынскія ўладанні Шварна адышлі да яго брата Льва, а ў Літве ўзяла верх антыгаліцкая партыя, якая абрала вялікім князем Трайдзена — старога ворага Васількі Раманавіча (што, дарэчы, памёр прыкладна ў гэты ж час). Пры жыцці Міндоўга і Войшалка Трайдзен у крыніцах не ўпамінаецца (пра яго варожасць з Васількам летапісец паведамляе ўжо потым, заднім чыслом). Якое месца ў палітычным раскладзе Літвы ён займаў раней, сказаць цяжка. Есць нават падставы сцвярджаць, што Трайдзен увогуле быў не літоўскім, а яцвяжскім князем — уладаром княства Дайнава, якое змяшчалася на поўнач ад Горадна абапал Нёмана. Прыкладна з часу Трайдзена дайнаўскія землі робяцца часткай Літоўскай дзяржавы — гэта лёгка тлумачылася б тым, што князь Дайнавы, стаўшы вярхоўным князем Літвы, зліў сваю вотчыну з уладаннямі папярэдняй дынастыі.
    Беларуска-літоўскія летапісы ведаюць князя Трайдзена, уладара Дайнавы і пазней вялікага князя літоўскага. Праўда, Трайдзен у гэтых летапісах XV—XVI стагоддзяў уключаны ў агульны радавод літоўскіх князёў — нашчадкаў міфічнага Палямона. Там ён выступае не як старэйшы, а як малодшы з братоў, і тыя летапісныя браты не маюць нічога агульнага з яго сапраўднымі родзічамі, што загінулі ў войнах з Васількам. Але нельга выключыць, што паведамленне пра сувязь Трайдзена з Дайнавой — адлюстраванне сапраўднага стану рэчаў. Прынамсі, характарыстыку Трайдзена, дзе ён параўноўваецца з Неронам і Ірадам, стваральнік радавода ўзяў з дабраякаснай крыніцы — Іпацьеўскага летапісу.
    З’яўленне дайнаўскога князя на літоўскім пасадзе можна тлумачыць дзвюма акалічнасцямі. 3 аднаго боку, ад старой дынастыі за час крывавых міжусобіц амаль нічога не засталося — хіба што Даўмонт-Цімафей, які трывала асталяваўся ў Пскове, ды, магчыма, сын Гердзеня, што пазней стане цвярскім епіскапам. Абодва яны звязалі свой лёс з Руссю, таму літоўскія праціўнікі Шварна не маглі разлічваць на іх у справе аднаўлсння паганскай старыны. Пра нашчадкаў Булевічаў і Рушкавічаў таксама больш не чуваць. Можа, і яны сталі ахвярамі таго тэрору, які ўчынілі Войшалк і Шварн.
    3 другога боку, у Яцвягіі князёў было шмат, хаця поўнага пераліку іх мы і не маем. Крыніцы ведаюць князёў Скамонта і Борута, якія загінулі ў бітве з Васількам Валынскім у сярэдзіне XIII стагоддзя, пазней — другога Скамонта (напэўна, князя Судавы), які вызначыўся ў барацьбе з тэўтонцамі. У 1273 годзе мір з Валынню падпісваюць князі Мінтэле, Шурпа, Мудзейка і Песціла. Аднак тэрыторыя іх імкліва сціскаецца крыжакамі з захаду, мазаўшанамі і валынцамі з поўдня. Для ўладальніка самага ўсходняга з яцвяжскіх княстваў, Дайнавы, вельмі прадбачліва было б не чакаць, пакуль варожая хваля дасягне яго землі, а загадзя шукаць паратунку ў зліцці з суседняй, адносна маналітнай Літвой, дзе на шчасце якраз выявіўся недахоп князёў.
    Узыходжанне на трон Трайдзена азначала адраджэнне ўсіх паганскіх культаў, магчыма — новую "чыстку", гэтым разам — прыхільнікаў прагаліцкай партыі. Для Галіцка-Валынскага княства падзея была вельмі непажаданай, аб чым сведчыць абурэнне
    мясцовага летапісца: "Нача княжнтн в Лнтве окаянный н беззаконный, проклятый, немнлостнвый Тровден. Его же беззаконня не могохом пнсатн срама радн: так бо бяшет беззаконный, яко н Антнох Сурьскнй, Нрон Ерусалнмскнй н Нерон Рнмскнй. Н нна много злейша того беззаконья чнняше”.
    I вось тут настаў рашучы момант для рускай часткі Літоўскага княства — Ноўгародскай зямлі. Усё, што было раней — запрашэнне ў князі Міндоўга, потым княжанне Рамана, верагодная спроба Таўцівіла аднавіць самастойнае Ноўгародскае княства, потым зноў Міндоўг, Войшалк, Шварн — усё няўстойлівае, часовае, дапускала розныя варыянты наступных падзей. Зараз трэба канчаткова вырашаць, з кім звязаць свой далейшы лёс — з незалежнай Літвой, іншаэтнічнай і варожай да хрысціянства, ці з Валынню, роднаснай і праваслаўнай, але падуладнай татарам. Іншых варыянтаў не мелася, бо іншых палітычных цэнтраў побач не засталося, а самастойнае існаванне, якое працягвала суседняя Полаччына, у абцугах паміж Валынню і Літвой здавалася немагчымым.
    Наступны ход падзей паказвае, што насельніцтва Ноўгародчыны пацвердзіла свой ранейшы выбар на карысць паўночнага суседа. Ніколі б не здолеў Трайдзен утрымаць за сабой гарады Панямоння пад сумесным націскам Валыні і татар, калі б мясцовыя жыхары не хацелі таго. Паход Бурундая, а таксама сумны лёс Галіцка-Валынскай зямлі і іншых падпарадкаваных Ардзе рускіх княстваў, відаць, яскрава паказалі ноўгародцам, што з поўдня нічога добрага чакаць не прыходзіцца.
    Татары ў 1277 годзе прымусілі князёў з Растова, Белавозера, Яраслаўля ісці з імі ў паход ажно на Паўночны Каўказ, у 1280 годзе галіцка-валынскія князі зноў удзельнічалі ў разгроме Сандамірскай зямлі, а праз два гады — хадзілі праз Карпаты ў Венгрыю. У 1280 годзе памёршага Менгу-Цімура змяніў яго малодшы брат Туда-Менгу, пры якім яшчэ болып узмацніўся ўплыў Нагая. Ваеначальнік актыўна ўмешваўся ў справы еўрапейскіх краін, і амаль ва ўсіх яго ваенных авантурах даводзілася ўдзельнічаць апалчэнцам з Галіччыны і Валыні. Для рускіх земляў гэтыя паходы часам бывалі не менш цяжкім выпрабаваннем, чым варожыя ўварванні. Так, у 1283 годзе сын Менгу-Цімура Талабуге зноў сабраўся з Нагаем на Сандамір і Кракаў, але перад тым яго войска два тыдні "кармілася" на Валыні, разрабавала яе ўшчэнт і да таго ж занесла пошасць. Князь Леў падлічыў пасля страты і даведаўся, што загінула каля 25 тысяч жыхароў.
    Тыя ж гарады, што прызналі ўладу Літвы, былі пазбаўлены ўсяго гэтага датуль, пакуль спробы татар скарыць Літоўскую дзяржаву не давалі вынікаў. I таму побач з літоўцамі ноўгародцы секліся на межах свайго княства з татарамі і валынцамі, да апошняга стаялі на сценах гарадоў пры аблогах, хаваліся ў літоўскія пушчы пры перавазе непрыяцеля і вярталіся зноў на сваю зямлю пасля адыходу ворага.
    Перад намі якраз той момант, калі рашучы гістарычны паварот прайшоў міма ўвагі сучаснікаў. Ніводная крыніца не паведамляе пра ролю мясцовага насельніцтва Панямоння ў падзеях, толькі ў народнай памяці, у фальклоры засталіся згадкі пра шэраг бітваў з татарамі на вонкавай мяжы Ноўгародчыны, у раёне Койданава,
    Магільна, Узды, Целяханаў. Пазней мы ўбачым, з якімі гістарычнымі падзеямі можна звязаць гэтыя паданні (дарэчы, пра Койданаўскую бітву ўжо гаварылася).
    Замацаванне панямонскіх гарадоў у складзе Літоўскай дзяржавы азначала пачатак непарыўнага сімбіёзу, у якім адзін бок не мог абысціся без другога. Толькі з дапамогай літоўцаў Ноўгародчына магла захаваць незалежнасць ад татар, іх жорсткага падаткавага прыгнёту і неабходнасці пасылаць сваіх сыноў у іх войска. 3 усіх рускіх зямель толькі тыя, што прынялі ўладу літоўскіх князёў, не зведалі цяжкай рукі ардынскіх ханаў. Але і Літва толькі з дапамогай заходнерускіх дружын здолела выстаяць у смяротнай барацьбе на два фронты — супраць татар і крыжакоў. I невыпадкова, што толькі тыя з балцкіх народаў, хто пайшоў на саюз з Руссю, не зніклі пад пятой тэўтонцаў, як прусы і яцвягі, не правялі некалькі стагоддзяў пад уладай лівонцаў, як продкі латышоў, а ўтварылі слаўную і магутную дзяржаву.