Пачаткі Вялікага княства Літоўскага
Падзеі і асобы
Вячаслаў Насевіч
Выдавец: Полымя
Памер: 160с.
Мінск 1993
Дзейнасць Гедыміна шмат чаго змяніла і сярод літоўскіх лясоў. Замест умацаваных парканам сховішчаў там-сям павырасталі мураваныя замкі з грознымі баявымі вежамі. У сапраўдныя шматлюдныя гарады ператварыліся Вільна, Трокі, важнай крэпасцю стала Коўна. У гарадах пануе шматгалоссе: тут і літоўцы, і русіны, і прывабленыя прывілеямі Гедыміна немцы і жыды*, часам палякі. Таму ў Вільне можна ўбачыць і царкву, і касцёл, і паганскае капішча. Іншыя цэнтры, такія, як Вількамір, Уцяна, Крэва, былая сталіца Кернава, пакуль што нагадваюць хутчэй рускія замкі-дзяцінцы, чым сапраўдныя гарады.
Новая сістэма гандлёвых і палітычных сувязей, арыентаваная на Нёман, а не на Дняпро, спрыяла росту значэння старажытных гарадоў Панямоння: Ноўгародка, Горадна, у меншай ступені Слоніма, Ваўкавыска. Праўда, назваць іх квітнеючымі ў гэты час цяжка — агульны дэмаграфічны заняпад, вынік пагаршэння клімату і эпідэмій, адбіўся і на іх. Аднак нягледзячы на гэта яны з’яўляюцца адным з істотнейшых элементаў Вялікага княства Літоўскага і Рускага. Асаблівую ролю адыгрывае мясцовае баярства. Калі ў Полацкай, Віцебскай землях баяры жывуць у асноўным сваімі мясцовымі справамі, радзяць у думе свайго князя і кіруюць па чарзе валасцямі і замкамі, то панямонскае баярства ў значна большай ступені арыентуецца на службу пры двары вялікага князя.
У той перыяд уласна літоўскіх і рускіх баяр у дружынах сыноў Гедыміна налічваецца, бадай, пароўну. Для ўсіх суседзяў гэтая грозная, закаваная ў сталь сіла ўспрымаецца цалкам, пад агульнай назвай "літва". Абодва яе этнічныя кампаненты пакуль што выразна адрозніваюцца мовай, звычаямі і самасвядомасцю, але хутка сярод князёў і рыцарства пачнецца працэс збліжэння — асабліва ў тых
• У беларускай мове слова "жыд” не мела таго ганебнага адцення, якое набыло ў Расіі. Яно ўтварылася з біблейскага тэрміна "іудзей" і было натуральным і адзіным этнонімам для абазначэння яўрэйскага насельніцтва на Беларусі.
выпадках, калі прадстаўнікі літоўскай знаці прымаюць хрышчэнне і знікае рэлігійны бар’ер. А выпадкі такія нярэдкія, бо ў кожнага з сыноў Гедыміна хаця б частка ўладанняў ахоплівае праваслаўныя гарады Русі (Беларусі ў сучасным сэнсе). Для кіравання імі неабходна хаця б фармальнае прыняцце хрысціянства і, ужо безумоўна,— валоданне мовай.
Тое, што паўночная палова далучаных да Літвы рускіх княстваў (Полаччына і Віцебшчына) належыць да "крывіцкай" этнаграфічнай правінцыі, а паўднёвая (Берасцейшчына, Палессе, у большасці і Панямонне) — да "дрыгавіцка-валынскай", мае вельмі істотнае значэнне. Сярод найболып аўтарытэтнага сацыяльнага слоя — баярства абодва дыялекты пачынаюць змешвацца як паміж сабой, так і з літоўскай мовай. Пад уздзеяннем апошняй верх бяруць тыя моўныя рысы, якія ёй не супярэчаць: паўднёварускі цвёрды "р", паўночнае "дзеканне" і "аканне". Гэта якраз тыя фанетычныя асаблівасці, якія сведчаць пра пачатак эвалюцыі ў бок будучай беларускай мовы (падкрэслю — менавіта мовы як суцэльнай сістэмы, а не ізаляваных моўных рыс). Але каб гэтіяя асаблівасці замацаваліся і развіліся, спатрэбіцца яшчэ шмат часу, пэўная ізаляцыя ад астатняга масіву старажытнарускіх дыялектаў і новыя іншамоўныя ўздзеянні (асабліва польскае). У сярэдзіне XIV стагоддзя гаворка можа ісці толькі пра першыя крокі ў гэтым кірунку.
Суседняя Полыпча толькі пачынае набываць рысы куртуазна-рыцарскай вытанчанасці, якая хутка стане прывабным арыенцірам для грубаватых літоўскіх арыстакратаў і крыху здзічэлага пасля знікнення сувязяў з Візантыяй баярства Русі. На рускіх землях па-за межамі Вялікага княства Літоўскага заходнееўрапейская вытанчанасць не адчуваецца зусім. Наадварот, гэтыя землі глядзяць у бок Залатой Арды, адтуль пераймаюць звычаі і стыль паводзін. Магчыма, менавіта ў гэты час мангольскі баявы кліч "урагх" (уперад) ператвараецца ў рускае "ўра". I новыя словы прыходзяць на берагі Нёмана пераважна з Полыпчы і Германіі, а ў Паўночна-Усходнюю Русь — з усходу, з цюркскіх моў.
Але рашаючая развілка, што прывядзе да ўтварэння ў межах былой Кіеўскай Русі розных славянскіх народаў, яшчэ не пройдзена. Магчыма, пры іншым раскладзе падзей тыя хісткія тэндэнцыі, якія я зараз наўмысна падкрэсліваю, не мелі б ніякага выніку, хутка змяніліся б іншымі. Менавіта ход палітычных падзей надасць ім з цягам часу вырашальнае значэнне.
У гэты перыяд інфармацыя пра падзеі ўнутры Вялікага княства становіцца крыху больш выразнай — памяць пра іх не паспее цалкам заблытацца да таго часу, як двума пакаленнямі пазней з’явіцца ў дзяржаве першы ўласны летапісны твор — "Летапісец вялікіх князёў літоўскіх". Хоць і яго звесткі не заўсёды дакладныя, але яны даюць хоць нейкае ўяўленне пра "сямейныя справы” Гедымінавічаў. Яшчэ пры жыцці Гедымін вылучыў сваім сынам удзелы, прычым большасць з іх атрымала адначасова па частцы Літвы і Русі. Старэйшы сын, Манівід, валодаў былой сталіцай Кернавам, а ў дадатак да яго — Слонімам. Другі, Нарымонт (у хрышчэнні Глеб), княжыў у Полацку і адначасова ў Вялікім Ноўгарадзе. Аўтар "Летапісца" лічыць яго таксама пінскім князем. Альгерд у дадатак да набытага шляхам шлюбу Віцебска атрымаў ад бацькі Крэва. Кейстут валодаў Трокамі,
Жамойцю, Гораднам і Берасцем з Падляшшам. Ноўгародак дастаўся Карыяту, Любарт княжыў ва Уладзіміры і Луцку на Валыні.
Сваім жа пераемнікам Гедымін абраў не старэйшага сына, a аднаго з малодшых — Яўнута, які быў' верагодна, старэйшым сынам яго апошняй жонкі (калі верыць звесткам позніх летапісаў; не выключана, аднак, што яны не зусім адпавядаюць рэчаіснасці). Яўнут атрымаў Вільна разам з Вількамірам, Ашменай, Браславам (апошні горад некалі ўваходзіў у Полацкую зямлю, абставіны яго адрыву ад яе невядомыя).
Аднак той парадак, які склаўся пасля смерці Гедыміна, пратрымаўся вельмі нядоўга. Хутка Яўнут згубіў вярхоўную ўладу ў выніку змовы двух сваіх больш энергічных братсў, Альгерда і Кейстута. Пераварот адбыўся ў 1345 годзе, паводле звестак Троіцкага летапісу, які паведамляе пра бегства Яўнута ў Маскву і хрышчэнне там пад імем Івана. Аднак Пскоўскі летапіс паказвае Альгерда і Кейстута самастойнымі дзеячамі ўжо ў 1342 годзе, калі яны сумесна ажыццявілі паход супраць лівонцаў, каб дапамагчы Пскову. Сын Альгерда Авдрэй тады ўжо ахрысціўся і лічыўся намінальна пскоўскім князем (фактычна гэтую ролю выконваў яамеснік Альгерда, нейкі літоўскі служылы князь Юрый Вітаўтавіч). У гэтым жа паходзе ўдзельнічаў і адзіны сын Воіня Любка (магчыма, памяншальнае ад Любарта), які загінуў у бітве, калі неасцярожна ўехаў у вартавы полк немцаў. Усё гэта ўскосна сведчыць аб тым, што фактычна ўлада ўжо ў 1342 годзе знаходзілася ў руках Альгерда і яго брата-суправіцеля Кейстута. Магчыма, вярхоўная ўлада Яўнута з самага пачатку з’яўлялася намінальнай.
Замятня ў Літве пасля смерці Гедыміна была на руку новаму маскоўскаму князю Сямёну Гордаму, які пасля смерці бацькі даволі лёгка атрымаў у Ардзе ярлык на вялікае княжанне ўладзімірскае. Ён актыўна імкнецца аднавіць велікакняжацкі аўтарытэт ка астатняй Русі, якая пры Гедыміне пачынала ўжо схіляцца ў бок Літвы. Захоўваецца сувязь Масквы з Бранскам — у 1341 годзе дачка тамтэйшага князя Дзмітрыя выйшла замуж за Івана, малодшага брата маскоўскага князя. Тады ж з’ехаў у Маскву і князь Фёдар Святаславіч са смаленскай дынастыі (той самы, што служыў некалі Гедыміну, а потым, магчыма, княжыў у Кіеве). У 1346 гадзе Сямён пасля смерці 'першай жонкі Аўгусты Гедымінаўны зашлюбіў дачку Фёдара Яўпраксію, аднак хутка адаслаў яе назад: нявеста быццам бы на вяселлі была кімсьці зачаравана і па начах здавалася мужу нябожчыцай. Пазней яна выйшла за фамінскага князя Фёдара Краснага, а Сямён трэцім разам ажаніўся з дачкой загінуўшага па віне яго бацькі Аляксандра Цвярскога — Марыяй Аляксандраўнай.
Смаленск жа заставаўся ў арбіце Літвы. Яшчэ у бытнасць князем Віцебска Альгерд у 1341 годзе дапамагаў смалянам у іх спробе адбіць у Масквы Мажайск. Добрыя адносіны паміж ім і Іванам Смаленскім захаваліся і пасля таго, як Альгерд стаў вялікім князем літоўскім. Затое ўзнавілася барацьба з Масквой за ўплыў на Вялікі Ноўгарад, дзе пры Гедыміне княжыў Нарымонт з сынам Аляксандрам. Пасля змены ў 1345 годзе ўлады ў Літве ў Ноўгарадзе ўзмацнілася прамаскоўская партыя. Пасаднік Яўстафій прынародна назваў Альгерда "псом". Каб узнавіць кантроль над Ноўгарадам, прыйшлося
здзейсніць ваенны паход. Літоўская пагроза абумовіла часовае паражэнне прамаскоўскай партыі, Яўстафій быў забіты на вечы.
Карыстаючыся смутай ў канстанцінопальскай патрыярхіі, якая адбывалася ў 1341—1347 гадах, Літва аднавіла галіцкую мітраполію, якой падпарадксўваліся валынскія епархіі, Полацк і Тураў. Аднак у 1347 годзе па патрабаванні мітрапаліта Феагноста новая мітраполія была зноў скасавана. За гэтымі падзеямі таксама стаяла патаемная барацьба за ўплыў на Русі.
Між тым пагроза з захаду заставалася. У Прусіі рыхтаваўся новы крыжовы паход на Літву. Альгерд паспрабаваў шукаць дапамогі ў стаўцы новага хана Джанібека, які пасля смерці Узбека прыйшоў да ўлады праз забойства двух сваіх братоў. У Арду накіравалася пасольства на чале з Карыятам Гедымінавічам. Аднак у выніку інтрыг Сямёна Маскоўскага Джанібек не толькі не даў дапамогі, але і затрымаў паслоў.
Усё ж літоўцы і без татарскай падтрымкі даволі эфектыўна процістаялі тэўтонцам. У вялікім паходзе крыжакоў 1345 года прымалі ўдзел сын старога караля Чэхіі Яна Люксембурга Карл і венгерскі кароль Лаяш (Людовік) Анжуйскі, герцагі Бургундскі і Бурбон з Францыі, знатныя графы з Германіі, аднак гэтае шумнае прадпрыемства скончылася, па сутнасці, безвынікова. Пышнае войска арыстакратаў, упрыгожанае пер’ем страусаў на шлемах і грознымі львамі і грыфонамі на харугвах і шчытах, завязла ў прынёманскіх пушчах і вымушана было павярнуць назад. Пасля няўдачы ініцыятара паходу магістра Людольфа Кёнінга абвясцілі вар’ятам і пасадзілі ў затачэнне. Яго пераемнік Генрых Дусмер здзейсніў узімку 1347/48 года новы паход. На рацэ Страве літоўска-рускае войска панесла цяжкія страты, прычым загінуў брат Альгерда Нарымонт, які кіраваў у бітве дружынамі з Полацка і, напэўна, Пінска, а таксама апалчэннем з Вялікага Ноўгарада. (Апрача таго, у бітве на Страве ўдзельнічалі віцебскае і нават смаленскае апалчэнні) Вынікам смерці Нарымонта стаў адыход Вялікага Ноўгарада пад кантроль Масквы, аднак крыжакам сзаёй галоўнай мэты — скарэння Літвы дамагчыся не ўдалося.