Пачынальнікі
З гіст.-літар. матэрыялаў XIX ст.
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 549с.
Мінск 2003
Але пяройдзем да сучаснай літаратуры. У цяперашні момант, са з’яўленнем альманаха «Rubon»31, адкрываецца новы шэраг імён, дагэтуль зусім невядомых, тых маладых людзей, бацькі якіх засталіся верныя ўспамінам «Miesi?cznika Poiockiego»32. Яго рэдактар п. Каз. Буйніцкі33, інфлянцкі памешчык, з ваколіц Краслаўкі, у Дынабургскім павеце, у чатырох дагэтуль выдадзеных томіках давёў свае па-сапраўднаму грамадзянскія намеры. Перш за ўсё галоўнай яго думкай было заваяваць для свайго краю тое добрае імя, якім ён дагэтуль, у літаратурных адносінах, не ганарыўся ў параўнанні з іншымі нашымі правінцыямі. Абудзіць думку, што заснула, прыцягнуць моладзь да пяра і кніжкі, а пішучых — да рэчаў свойскіх, хатніх — сапраўды цудоўная мэта! Ужо выявіліся цудоўныя вынікі гэтых намаганняў, шкада толькі, што высакародную мэту не зразумела маса дваранства, а таксама блізарукая крытыка. Выданне з-за адсутнасці падпісчыкаў ледзьве можа ўтрымацца, аднак настойлівасць выдаўца абяцае пераадолець гэтыя непазбежныя на пачатку перашкоды.
П. Буйніцкі стаў у нас вядомым пасля выдання «Вандровак па малых дарогах»34, сатырычна-бытавога нарыса фізіяноміі роднага краю. Бездапаможнасць і камізм высмеяны калі-нікалі досыць дасціпна, хоць крыху дзедаўскім спосабам. Некаторым уздумалася адшукваць у характарах, што выступаюць на сцэну, уласныя партрэты. Сёй-той, прызвычаены верхаводзіць на сейміках, пазнаўшы сябе ў якім Гласковічу, зрабіў антылітаратурную дыверсію супраць поспеху «Rubonu». Гэта першая і найлепшая праца п. Буйніцкага, якая,
апрача пэўнай літаратурнай вартасці, мае заслугу ў выпраўленні нораваў. Castigat quos diligit!35 Бо ён таксама ў самым прамым значэнні адхвастаў тых, каго любіць!
«Запіскі кс. Іярдана»36, раман, напісаны з маральнай мэтай, можна б яшчэ назваць дваранска-інфлянцкай аповесцю, бо як у «Вандроўках» выступае на сцэну сённяшняя беларуская шляхта, так у «Запісках» — даўняя інфлянцкая, пра якую ўспамінае і не ўспамінае гісторыя. Але гістарычная канва тут момант другарадны, галоўны ж складае утапічнае маралізатарства, якое на французскі лад аўтар выказаў у эпізодзе з Раазай. Аб гэту Раазу, дзяўчыну з лясоў, якой аўтар ніколі не бачыў, разбілася мастацкая праўда. Смешныя ў нашых вачах гэтыя фразы, натхнёныя мармантэлеўскім сентыменталізмам 37, у вуснах дзікай дзяўчыны. Герой і гераіня — дэкламатары, як бывала ў раманах пані Катэн і Жанліс48. Твор пісаўся спецыяльна дзеля маралізатарства і таму няўдалы. Вядомы аўтар сатырычных нарысаў, здолеўшы схапіць толькі мясцовы характар грамадства, не выканаў яшчэ ўсіх умоў, якіх мы патрабуем ад чыста народнага пісьменніка. Шаноўны аўтар не будзе злаваць на нас за тое, што мы гаворым, бо яго высакародныя намаганні аж з лішкам даюць яму права на агульную ўдзячнасць публікі і літаратуры.
Працы графа Міхала Борха38, здаецца, прысвечаны даўняй Беларусі. Яе гістарычнасць ён імкнуўся паказаць у творы, што мае форму рамана, — у жыццёпісе полацкай князёўны Прадзіславы, у манашастве св. Ефрасінні40, два тамы якога я прагледзеў у рукапісе. Гэтай карпатлівай працы, якая выяўляе дзіўнае спалучэнне гістарычных поглядаў з рэлігійнымі, я не магу даць іншай назвы, як эрудыцыйна-аскетычная аповесць, якая будзе зусім новай з’явай не толькі ў нашай, але, здаецца, і ў еўрапейскай літаратуры. У заўвагах граф сабраў вялікую колькасць фактаў і тлумачэнняў, мала або зусім невядомых, якія даставіла яму прэльская бібліятэка (у Дынабургскім павеце), багатая хронікамі і рэдкімі рукапісамі. Аднак трэба прызнаць і тое, што, апрача аскетычнай афарбоўкі, прабіваецца тут і паэтычны настрой, які міжвольна ўзнімаецца з-пад карпатлівых даследаванняў аўтара «Гісторыі ў легендзе», пару ўрыўкаў з якой публіка чытала ў «Tygodniku Petersburskim», а адзін — у другім томе «Rocznika Literackiego»41.
Брашура пра пошукі назвы старадаўняй Дзвіны42, якая паказвае толькі з найлепшага боку цярплівасць у асобе з такога арыстакратычнага роду, [вядзе] праз жахлівы сонм Скілаксаў43, Тымеяў44, Эратасфенаў45, Артэмідараў46 і іншых перыплаў47, якія пісалі за 360 гадоў перад Хрыстом! Бясплённы вынік гучнай эрудыцыі... Агульны вывад, што працы графа, будучы вучонымі і з маральнымі мэтамі напісаныя
ў форме французскіх раманаў, хоць і маюць сувязь з палітычнай гісторыяй Беларусі, не з’яўляюцца народнымі, бо ёсць і застануцца назаўсёды чужымі грамадскасці.
П. Адам граф Плятар48 у Краслаўцы, у Дынабургскім павеце, аматар старажытнасці, збірае помнікі, якія адносяцца выключна да гісторыі Інфлянтаў, і цяпер працуе над гісторыяй Дынабурга. Яго працы, якія чыста эрудыцыйна збліжаюць факты, без гіпотэз і сувязі паміж сабою, з’яўляюцца падрыхтоўчымі матэрыяламі для аўтара гісторыі, які яшчэ не знайшоўся.
Што ж можна сказаць пра іншых пісьменнікаў, з той пазіцыі, з якой мы абмяркоўваем нашу тэму? Якую ж сувязь з Беларуссю маюць, напр., рыфмы п. Аляксандра Спасоўскага49, падобныя да якіх пісаліся некалі (бо сёння не пішуцца з-за адсутнасці чытачоў) на ўсіх канцах зямлі, дзе былі школы і альбомы? Або напр., класічна прылізаная «Псіхея» п. Гаўдэнтыя Шапялевіча5" — чым жа могуць хваляваць сумленнага беларуса авантуры міфалагічнай багіні? Сапраўды столькі ж, колькі і «Арэст» Мігановіча або «Палтава» Мусніцкага! А папраўдзе не варта ламаць сабе галаву і пальцы над вырабам прыгожых актаваў — дзеля прадмету, які зусім не датычыць ні роднага краю, ні літаратуры. Маем надзею, што абяцаная гэтым аўтарам паэма «Вар’ятка» выкажа менш класіцызму, а болей мясцовага духу.
Мы закранулі бліжэй пытанне народнасці, бо ад каго ж, калі не ад тых, хто нарадзіўся і вырас на сваёй зямлі, маем права чакаць дакладных уяўленняў пра яе, праяўлення і развіцця яе гістарычнага і сучаснага духу? Гэта іх нядбаласць з’яўляецца прычынай, што Беларусь у іншых правінцыях або ў чужых газетах*9 лічыцца краем глухім, цёмным, ад якога дагэтуль патыхае абскурантызмам Альвара. Пішуць класічныя паэмы, альбомныя вершыкі, нейкія драмымонстры, а не ведаюць зямлі, што іх нарадзіла, і народа, сярод якога ўзгадаваліся! Якім жа бокам, хоць самым далёкім, творы іх хоць у чымсьці судакранаюцца з поўнай паэтычных вымыслаў і фантазій Беларуссю?
Будучы на Беларусі толькі праездам, я быў здзіўлены, наколькі яе пісьменнікі забылі сябе саміх, а таму хоць я і чужы гэтаму краю і маю самыя недакладныя ўяўленні, вырашыў частку сваіх звестак пра яе сабраць у адно, падзяляючы іх на статыстычныя і літаратурныя ў двух асобных артыкулах, шчыра прагнучы, каб мой беглы нарыс выклікаў болып дакладную працу.
Выхадзец з Украіны п. Аляксандр Гроза даў цудоўны прыклад перадачы паэзіі простага народа. 3 асобных паданняў склаў ён нешта цэлае і, афарбаваўшы іх колерамі паэзіі і мясцовымі формамі, стварыў вельмі прыгожую паэму, якая мае
больш характару народнасці, чым усе паэтычныя творы, напісаныя дагэтуль у тым краі. Праўда, узяўся за гэта ўмелы штукар, майстра сваёй справы!
Ёсць яшчэ паэт, які нарадзіўся на Беларусі, — дзіця нешчаслівага лёсу, выпрабаванае ў пакутах, — які ў кожным вершы выліў журбу па блізкіх і моцную прывязанасць да роднай зямлі. Т. ЛадаЗаблоцкі51 выказвае пачуццёвы бок Беларусі, бо ніводны з вядомых там дагэтуль вершапісцаў ніколі не выявіў столькі паэзіі сэрца. Перш за ўсё ён паэт сэрца. I ў гэтым выпадку мы можам верыць яго паэзіі, бо ўсё жыццё ён быў нешчаслівы! Тут няма ні перабольшанняў, ні выдуманых пакут. Няшчасце развіло ў ім пачуцці і схіліла да паэзіі. Вялікі талент, загартаваны ў агні пакут. Бо трэба пакутаваць, каб стаць геніем! Выхаваны на ўзорах еўрапейскай паэзіі, можа, у выніку гэтага ён страціў шмат з той самабытнасці, якая пры іншых акалічнасцях зрабіла б яго сапраўдным народным паэтам. Падрыхтаваны грунтоўным навучаннем ва універсітэце і веданнем англійскай, нямецкай, французскай, а таксама ўсходніх моў, ён, можна сказаць, наблізіўся да таго ўзору паэта, які граф Генрык Ржавускі52 вызначыў для юнака*10. 3 родным краем яго звязвае хутчэй фантазія і пачуццё, чым памяць хатніх звычаяў. Талент яго, выхаваны на Байране, Шылеру і Муру53, меланхалічным Муру, бардзе ўбогай Ірландыі, якога, здаецца, перш за ўсё сабе аблюбаваў, бо ён найбольш адпавядае яго перапоўненай горыччу душы, і якому наследаваў у столькіх элегіях, натуральна мусіў прыняць характар еўрапейскай паэзіі. У маладосці ён напісаў апісальную паэму «Ваколіцы Віцебска», бо тады была мода на апісальныя паэмы, як «Гара» Адынца54 і г. д., у якой выліў эгатычныя пачуцці, як у страфе XXII і г. д. Відаць у ім знаёмства з Янам Каханоўскім55, ад якога пазычыў крыху прастаты (страфа V). Ён пакінуў толькі некалькі мясцовых вершаў, як «Да Дзвіны», «Даўжанскае возера» і г. д. Але найвышэйшая моц праявілася ў паэтычных творах, напісаных за Каўказам. Стыль яго сведчыць аб добрым гусце і мастацкім адчуванні далікатных адценняў нашай мовы. He пазнаеш, што ён пачаў пісаць на крэсах нашай мовы56, аднак імя любімай паэта — Наталля!..*11
Ад самой паэзіі пяройдзем да выяўлення філасофскіх паняццяў пра паэзію ў беларускай літаратуры. Найважнейшай працай у гэтых адносінах, якую я ведаю, з’яўляецца даследаванне п. Ігната Храпавіцкага57, выкліканае, як здаецца, «Rubonem» і прызначанае для аднаго з наступных тамоў, якое я чытаў у рукапісе. Гэта першы самастойны філасофскі погляд на паэзію беларускага народа, першая адзнака набліжэння нацыі да самапазнання ў сутнасці сваёй паэзіі. Праца гэта ўяўляе сабою поўны ахоп тэмы, пранікненне ў глыбіню
і высвятленне паззіі песні, экстракт глыбокіх даследаванняў і самых смелых вывадаў пра паэзію простага народа. Самыя разнародныя элементы народнай паэзіі набліжаны, раскладзены і падведзены пад шырокі погляд самастойнага розуму. Да моцы думкі, адшліфаванай шматбаковай адукацыяй, далучае п. Храпавіцкі гэту прамяністасць стылю, якая надае яго працы нейкую прываблівасць. Першы раз бачу, каб думка беларускага пісьменніка звярталася да прадмета, які кожнаму кідаецца ў вочы і пра які рэдка хто можа сказаць некалькі разумных слоў. Звычайна мы ведаем пра ўсё, апрача таго, што нас бліжэй за ўсё павінна цікавіць. Ведаем, што гавораць у англійскім парламенце або ў палаце дэпутатаў, у салонах мудрагелім з міс Тралоп58 або п. Таквілем59 пра звычкі амерыканцаў, а з п. Шэвалье60 пра чыгункі, але не ўмеем сказаць трох слоў пра край, які нас нарадзіў і ўзгадаваў. Гэта праца — агульны вынік таго інтэлектуальнага руху, які ўжо некалькі гадоў праяўляецца ў наддзвінскай правінцыі. Узнаўляем просьбу, каб выдавец «Rubonu» не марудзіў далей з публікацыяй гэтага цікавага, з такім агнём напісанага даследавання, пасля якога прадмет беларускай простанароднай паэзіі, здаецца, будзе вычарпаны. Апрача таго, п. Храпавіцкі займаецца цяпер укладаннем поўнага збору беларускіх песень, публікацыя якога была б архіважнай*12.