Пачынальнікі
З гіст.-літар. матэрыялаў XIX ст.
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 549с.
Мінск 2003
Для паўнаты карціны разумовага руху на Беларусі мы павінны дадаць, што, апрача пішучых, ёсць і іншыя працаўнікі, не менш карысныя збіральнікі матэрыялаў, тут і там раскіданыя, як п. Алякс. Абрампальскі61, Вінцэнт Газдава Рэут62, п. Сымон Вярыга63, юнак, натхнёны найвысакароднейшымі намерамі, які цяпер засноўвае чытальню польскіх кніг у Віцебску, п. Юзаф Жаба з Ша64, які здаўна рупліва збірае рукапісы па гісторыі Беларусі і кнігазбор якога вядомы ў ваколіцы. На месца п. Чачота, які пакінуў Лепель65, прыбыў п. Тамаш Зан66, якому люстрацыйныя заняткі, напэўна, не перашкодзяць звярнуць увагу на беларускую народнасць. Чалавек добры і развіты ўмее і павінен умець выкарыстоўваць усё, што яго акружае, і звяртаць на ўжытак сваіх братоў.
Занадта жывая ўвага да пісьменнікаў, што ўскосна датычаць нашай тэмы, адцягнула нас ад галоўнай мэты, якую мы перад сабою паставілі, і таму паспешліва звяртаемся да галоўнай асобы, якая мае быць героем, мае быць львом нашага артыкула.
Ян Баршчэўскі нарадзіўся ў 1794 г.67 на Беларусі, над возерам Нешчарда, на мяжы Невельскага і Себежскага паветаў, і выйшаў з той шматлікай, хоць і беднай шляхты, якая, не ведаючы сябе, не пазнаўшы сама сябе ў сваёй сутнасці, мае найбольш жывых народных элементаў, захоўвае з нязгладжаным
цывілізацыяй характарам найбольш народных успамінаў. Гэты бедны клас шляхты, які мае такія блізкія сувязі з класам сельскага народа, што амаль зліваецца з ім у адно — уяўляе сабой пераход і паяднанне тых двух саслоўяў, якім наш пісьменнік прысвяціў сваё пяро. У многіх аповесцях маляваў ён быт абодвух гэтых класаў з усёй палкасцю паэтычнага сэрца, з тым пачуццём, якому прысвяціў усё сваё жыццё. Бо трэба ведаць, што ўсё жыццё п. Баршчэўскага з’яўляецца адным пастаянным самаахвяраваннем — дзеля паэзіі!..
Яшчэ ў Полацку, у калегіі езуітаў, будучы малым хлапчуком, ён пісаў ужо вершы, за што рана заслужыў мянушку вершапісца. Там пры кожнай урачыстасці выступаў з вершам, з арацыяй, так што была гэта фігура святочная, урачыстая, якую не раз узнімалі да годнасці лаўрэата. Вось тады ён напісаў знакамітую паэму аб «Поясе Венеры», у якой наракаў на адсутнасць кахання ў навейшыя часы, і, прыгладзіўшы яе на класічны ўзор, атрымаў воплескі ад сваіх таварышаў.
А калі ў час канікул ён вяртаўся да роднага парога, у асяроддзе ваколічнай шляхты, тое ж самае чарцянё паэзіі давала сябе знаць у іншай форме: тады браўся за пэндзаль, маляваў краявіды і карыкатуры і, дастасоўваючы свой талент да разуменняў акаляючай яго сферы і мясцовых патрэб, вымысліваў грубаватыя карціны, на вялікую пацеху засцянковай шляхты. Затое яна яго ўсюды любіла, і ніводная дамашняя ўрачыстасць, ніводныя імяніны, нарадзіны, залатое і сярэбранае вяселле не абышліся без нашага прамоўцы і вершапісца. Беднага бурсака шляхта рвала з рук у рукі і ўзнагароджвала паводле беднай сваёй магчымасці то меркай пшаніцы, то меркай гароху, грэчкі, а часам давала бобу! Гэта быў адзіны сродак жыўлення для беднага студэнта ў часе школьнага года ў Полацку. Вясёлыя, тыповыя сем’і засцянковай шляхты ў велізарных ваколіцах Арцяйковічах, Межаве, Галоўчыцах, Голубаве, якіх і сёння напаткаеш у саматканых капотах на кірмашах і царкоўных святах, як Залэнскія, Усвойскія, Пржалэнскія, Юрагі, Сівохі і г. д., дастаўлялі яго назіральнаму духу тыя тыпы, якія пазней ён так маляўніча вывеў у аповесцях. Ва ўсіх больш заможных дамах Беларусі і Інфлянтаў, разам узятых, не знойдзеш столькі паданняў, столькі народнай стыхіі, колькі ў адным доміку такога шляхціца на загродзе! Вось тады ён напісаў у роднай вёсцы Марогах68 той слаўны па ўсёй Беларусі верш «Рабункі мужыкоў»69, які залічылі да народных паэм і пра які, апрача той шляхты, ніхто дагэтуль не ведаў, што гэта твор Баршчэўскага. Гэта паэма, калі хочаце, — помнік беларускай гаворкі, нароўні з Манькоўскім ставіць яго на чале сапраўды народных беларускіх пісьменнікаў. Аб’ём артыкула не дазваляе нам прывесці цалкам гэты верш, гэтак жа папулярны ў Віцебскай
губерні, як рыфмаваныя сентэнцыі Рысінскага*13. Апрача таго, ён склаў песеньку «Да чім жэ твоя, дзевэнька, галоўка занята?», вельмі папулярную цяпер, напісаную ў Марогах з нагоды залётаў да маладой панны Максімавічанкі, калі яшчэ будучы студэнтам, каля 1809 г., меў не больш 18 год.
Калі складаў, ён ніколі не думаў пра друкаванне. Складаў, бо гэта цешыла шляхту ў ваколіцах, дзе жыў. Усвойскі, Латышэвіч і іншыя развозілі па кірмашах, смяяліся, спявалі і хвалілі.
Пасля заканчэння вучобы ў Полацку, з атэстатам кандыдата ў руках, адчуваючы сябе чымсьці лепшым за іншых, маючы рэпутацыю вучонага, хацеў ён заняцца прыватным гувернёрствам, што больш адпавядала яго схільнасці да навукі і паэзіі ў параўнанні з іншымі заняткамі. Аднак і тут, не бачачы ні будучыні, ні сродкаў для далейшай адукацыі, ён з некалькімі залатоўкамі ў кішэні пешшу з торбай за плячыма пусціўся ў Вільню, ва універсітэт. Але на паўдарозе, калі ён адпачываў каля каменя, спаткаў яго п. падсудак J., які вяртаўся з Вільні і, бачачы, што намер яго занадта рызыкоўны, калі меркаваць па кішэні, угаварыў вярнуцца і даў яму месца ў сваім доме пры дзецях, лічачы яго хутчэй хатнім прыяцелем, кампаньёнам, — як чалавека гаваркога, які быў для яго забавай пры гаспадарскіх занятках. Пасля апынуўся ён у доме князя К., а нарэшце, распалены прагай пазнаць свет і людзей, пусціўся ў Пецярбург з якім дзесяткам рублёў у кашальку. Прыняў яго там зямляк, калега і прыяцель п. Гаўдэнтый Шапялевіч, адзіная жывая душа, якую ён ведаў у велізарнай сталіцы. Праз некаторы час, пастукаўшыся туды і сюды, нагледзеўшыся на дзерзкія твары лакеяў, знайшоў магчымасць зрабіць колькі марскіх ваяжаў, бачыў берагі Францыі і Англіі, а вярнуўшыся ў сталіцу, пачаў даваць урокі грэчаскай і лацінскай моў у некалькіх дзяржаўных установах. Здарылася аднойчы, што вучыў латыні нейкую графіню, якая ехала ў Італію. Зімой вучыўся сам і вучыў іншых, а вясной, як жаўранка, паэзія гнала яго ў родны край. Рабіў гэтыя падарожжы пешшу, з кіем пілігрыма ў руках. Гэтыя адведзіны ажыўлялі яго журботную душу, давалі яму новыя сілы для далейшага змагання з лёсам, натхнялі яго тым дыханнем журботнай паэзіі, якую можа адчуваць толькі чалавек, адарваны ад блізкіх. У гэтых вандроўках ён збіраў паданні, якія пазней перадаваў у баладах.
Літаратурную дзейнасць распачаў п. Баршчэўскі выданнем «Niezabudki». Няхай ніхто не думае, што ў гэтым штогодніку праявіліся эстэтычныя погляды выдаўца; ён пачаў выдаваць яго з мэтай, якую з некаторага часу прынята называць грамадзянскаю; тут ані аўтарскае самалюбства, ані спекуляцыя, да якой з агідаю ставіцца яго бескарыслівы дух, не маглі быць повадам.
Таямніцу слабога боку «Niezabudki» зразумеюць толькі выдаўцы, гэтак сама ж, як ён, пазбаўленыя ўсіх сродкаў выдання... таямніца, якая можа абразіць пустату і бяздарнасць... Аднак «Niezabudka» знайшла пэўнае кола чытачоў, што пачынаюць вобмацкам дашуквацца чагосьці ў літаратуры; калі б не мела яна іншай заслугі, апрача той, што абудзіла пэўныя малыя засцянкова-літаратурныя спрэчкі ў тых дамах, дзе, апрача календара, не ведалі ніводнай кніжкі, то і тады не была б бескарыснай. Ацанілі яе крыху занадта рэзка як на сённяшнія часы і месца... яна адкрыла талент, якім ганарыцца раманная літаратура...70
Але нашай тэмы «Niezabudka» датычыцца толькі баладамі, якія маюць значэнне паданняў. Гэта значэнне, не заўважанае ўяўнымі паклоннікамі, скажацца выразней пасля выдання ўсіх беларускіх апавяданняў. З’яўляюцца яны нібы уступам да таго паэтычнага вобраза Беларусі, які аўтар наважыўся развіць у большым маштабе. Яны выніклі з натуральнага настрою розуму, які прадчувае адраджэнне новых форм паэзіі пасля доўгага класічнага заняволення, бо калі ўвесь свет зрабіў паварот ад старых форм, Баршчэўскі то ў глушы лясоў, то на палубе карабля заставаўся верны ўспамінам Анакрэона, Тэафраста, Віргілія71 і г. д. Балады паслужылі яму, каб ажывіць фантазію; ён сам гаворыць, што калі б не пісаў балад, ніколі б не пісаў прозы. Балады яго не выдумка, як звычайна ў зграі [пісакаў], што вымучваюць прымітыўную паэзію, а як ён выкарыстоўваў паданні, паглядзім на прыкладзе.
«Варажбітка Русалка». Высокага роду паніч заручаецца з цнатлівай беларускай дзяўчынай. Тым часам ён даведваецца, што багатая нявеста чакае жаніха ў Ноўгарадзе. Едзе, знаёміцца, заляцаецца і вяртаецца нагружаны багаццем. У дарозе паўстае перад ім русалка з лясоў, якая апякуецца забытай каханкай, і робіць яму чарадзейнае выпрабаванне. З’яўляецца ў выглядзе пакінутай наддзвінскай дзяўчыны і папракае ў вочы за вераломнае каханне; расказвае, што, лятаючы ў выглядзе гусі ў Ноўгарад, бачыла там яго нявернасць. Маляўнічым з’яўляецца тое месца, дзе яна апісвае сваё падарожжа: бедная сірата ў полі звяртаецца да сваіх гусак і просіць у крылатых дапамогі:
«Gaski, gaski! Ц piosenk?
Proszac pior, 3piewam ze Izami, W wasze piorkajak w sukienky Ja ubrana lec? z wami!» Gaski widzac tzy w mem oku, Pior rzucily z pod obloku.*14
Гускі, злітаваўшыся, тры разы скідваюць па пёрку; яна ўбіраецца і ляціць; наблізіўшыся да варот горада, заўважае лас-
таўку і просіць у яе жалобную сукенку. Ластаўка не адмаўляе:
I ja w czarnej tej zatobie
Przylecialem pod dach k’ tobie!
Аднак каб уляцець y церам, ператвараецца ў мушку:
Muszk^wlatam do pokoju, Serce bylo w wielkiej m?ce; Widzqc jq w bogatym stroju, — Tys si? кЦІ calujXc r?ce, Ze twa milord wiecznie stala. Ach! jam wtenczas umrzed chciata.
Заканчваецца ўсё тым, што ўяўная каханка ператвараецца ў русалку і прызнаецца, што спакусіла яго:
Jam rusalka-czarownica Cha-cha! cha-cha! bravo! bravo!
Або ў баладзе «Дзявочая крыніца». У бары каля Полацка ёсць крыніца пад назвай Дзевічый ручай (або калодзеж), дагэтуль вядомы ў народзе. На вяселлі закаханай пары з’яўляецца чараўнік: дзе радасць, дзе весялосць у людзей, там злы дух пільнуе ля парога; з’яўляецца і ператварае жаніха ў ваўкалака, гасцей — у ваўкоў, жанчын — у сарок, а нявесту — у зязюлю. Потым з хаты ўсе выбіраюцца ў поле, у бор: там, лятаючы за сваім нарачоным, журботная зязюля раняе слёзы, — і дзе яны падаюць, б’е крыніца ў бары, a вакол крыніцы вырастае трава, якую завуць кукушкіны слезкі * .