• Газеты, часопісы і г.д.
  • Пачынальнікі З гіст.-літар. матэрыялаў XIX ст.

    Пачынальнікі

    З гіст.-літар. матэрыялаў XIX ст.

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 549с.
    Мінск 2003
    144.85 МБ
    Многа палякаў жыло ў сталіцы імперыі, а найбольш беларусаў. У Вільні, можа б, не знайшоў, у Пецярбургу, напэўна, спадзяваўся знайсці сяброў. Але ва ўсім велізарным горадзе ён спаткаў аднаго толькі знаёмага, гэта быў пан Гаўдэнтый Шапялевіч, беларус, таварыш яшчэ па вучобе ў Полацку, таксама паэт, аўтар «Псіхеі», класічнай паэмы з добрага дзесятка песень, напісанай васьмірадковымі стансамі, як «Манахамахія» Красіцкага8. Шапялевіч, які даўно пасяліўся ў Пецярбургу, ведаў ужо ўвесь горад, і перш за ўсё беларусаў. Такім чынам, першыя крокі павінны былі ўдацца. Баршчэўскі знайшоў сяброў і апекуноў у сталіцы У выніку зноў наладжаных сувязей атрымаў ён дзяржаўную пасаду і пачаў працаваць у марскім аддзеле. Але палымянае замілаванне да навукі і цалкам паэтычная натура, якая прымушала яго імкнуцца да незалежнага спосабу жыцця, былі прычынай таго, што Баршчэўскі хутка кінуў службу і зноў заняўся гувернёрствам. Даваў, такім чынам, урокі ў прыватных дамах Пецярбурга, а пасля і ў некалькіх дзяржаўных установах. У сталіцы Расійскай дзяржавы прыватнаму настаўніку лепш плацяць, чым дзе ў іншых месцах. За адзін урок кожны атрымае колькі рублёў срэбрам, тым больш вучоны прафесар і слаўны паэт.
    Баршчэўскі не быў слаўным, але мог урокамі добра задаволіць першыя патрэбы жыцця. Праўда, у Пецярбургу дарагавізна, але з тых, хто хацеў і ўмеў працаваць, ніхто не памёр ад галечы. Больш за дзесяць год Баршчэўскі навучаў грэчаскай і лацінскай мовам, і гэтыя пастаянныя зносіны з граматыкай і [антычнымі] аўтарамі выпрацавалі ў ім нейкую звычку, нейкую прывязанасць да старажытнай літаратуры, з чым ён зусім не таіўся. Праславіўся сярод сваіх у Пецярбургу як глыбокі элініст і філолаг. Да яго прыходзілі ў многіх выпадках беларусы. Як самому некалі была патрэбна дапамога, так цяпер ён станавіўся крыніцай святла, да якой імкнуліся. Пачаў бываць у магнацкіх дамах. Прымалі яго ўсюды з абдымкамі як чалавека вялікіх ведаў і надзвычай лагоднага характару [...]
    He кідаў ён, аднак, літаратуры, пісаў пастаянна, хоць нічога не друкаваў. Быў якраз у той час у Пецярбургу знакаміты аўтар «Конрада Валенрода» і «Гражыны»9, які раптам заззяў на гарызонце польскай паэзіі, як зорка першай велічыні. Маладыя літаратары прыносілі Адаму плён сваіх прац, туліліся пад крылом вестуна. Баршчэўскі прынёс таксама сшытак паэзіі. I любіў часта паўтараць потым перад маладзейшымі, што аўтар «Гражыны» чытаў яго вершы, пахваліў іх і ўласнай рукой паправіў некаторыя. Баршчэўскі захоўваў гэтыя лісты як памяць. Папраўкі, аднак, не закраналі саму паэзію, а толькі спосаб выражэння: няўдаласць формы, а не духу папраўляў знакаміты мастак.
    I вось класік пад уплывам новых уяўленняў павольна ператвараўся ў рамантыка. Баршчэўскі пачаў складаць балады і збіраць народныя паданні Беларусі. Таму штогод рабіў са сталіцы падарожжы пешшу ў родныя мясціны. Узімку працаваў, вучыўся і вучыў іншых, але як толькі вясна раззеляняла палі, а сонца сагравала божы свет, Баршчэўскі, як веснавы жаваранак, вылятаў у ваколіцы Полацка, Віцебска і Мсціслава. 3 кіем у руках абыходзіў сялянскія хаты, збіраў легенды і запісваў песенькі. Гэта падарожжа асвяжала яго, надавала яму сілы для барацьбы з лёсам, натхненнем абпраменьвала чало.
    Ізноў прайшло звыш дзесятка гадоў у працы і пастаянных вандроўках. Баршчэўскага непакоіла думка, што нічога не зрабіў, што ніякіх заслуг яшчэ не мае перад літаратурай, і не хацеў так скончыць жыццё, не пакінуўшы пасля сябе ні імя, ні памяці на свеце.
    Некалькі маладых людзей у Пецярбургу збіраліся агульнымі сіламі выдаваць літаратурны штогоднік. Неставала ім, аднак, цэнтра цяжару, пункту апоры. Мелі досыць артыкулаў, але трэба было, каб нехта адзін заняўся непасрэдна выданнем штогодніка, г. зн. узяў на сябе эканамічную частку задачы.
    Гэты нехта мусіў быць, вядома, па-за групай літаратурнай моладзі. Баршчэўскі, уведзены ў гэту групу праз В. Д.10, зрабіўся цэнтрам навуковага руху, які неўзабаве ўзняўся на больш высокую ступень. Уласнымі грашыма і падпіскай ён пакрыў кошт. Так нарадзілася «Niezabudka».
    «Niezabudka» выходзіла ў Пецярбургу пяць гадоў (з 1840 да 1844 г.). Яна была плёнам першых намаганняў і працай сціплых аўтараў, якія толькі што пачыналі сваю дзейнасць. Уключала прозу і вершы. 3 прозы — невялікія артыкулы па эстэтыцы, апавяданні; з паэзіі — дробныя творы, санеты, легенды, балады. Да моладзі, якая заснавала «Niezabudka», далучылася неўзабаве група беларусаў, бо, апрача Баршчэўскага, яшчэ Вінцэнт Рэут" і Гаўдэнтый Шапялевіч друкавалі ў ёй свае вершы. 3 віленскай моладзі ў «Niezabudk?» давалі артыкулы Станіслаў Ляховіч12 і Людвік Плашынскі. Напэўна, сціплы пецярбургскі штогоднік не набыў вялікіх заслуг перад польскай літаратурай, але і ён, здаецца нам, існаваў не марна. Дзякуючы сувязям Баршчэўскага «Niezabudk?» выпісвала ўся Беларусь, і мноства экземпляраў ішло таксама ў Вільню і Варшаву. Трэба прыгадаць яшчэ, што ў «Niezabudce» ўпершыню выступіла са сваім сатырычным талентам Элеанора Штырмер13; «Пантопля» і «Успаміны арыгінальна выхаванай кабеты» былі надрукаваны спачатку ў штогодніку, пасля выйшлі асобна «Фрэнафагіуш [і] Фрэналесты», «Душа ў сухотах» і г. д.
    Магчыма, мы знайшлі б яшчэ не адну прычыну, каб пагаварыць пра «Niezabudk?», калі б не займаў нас цяпер адзіна і выключна яе добра падрыхтаваны рэдактар, а хутчэй выдавец Баршчэўскі.
    Баршчэўскі друкаваў у «Niezabudce» толькі балады, заснаваныя на народных паданнях, і апісальныя вершы. He было ў яго паэтычных творах натхнення, а толькі выкутая на стары лад, па-класічнаму, рыфма. I не гэтай дарогай павінен быў ісці Баршчэўскі, каб набыць імя ў літаратуры. Заўважыў ён гэта неўзабаве, а можа, яго перасцераглі. «Niezabudka» праяўляла, аднак, пастаянныя прыкметы жыцця, хоць творцы яе пакінулі Пецярбург. Баршчэўскі, захоплены працай, ужо не спыняўся і замест штогодніка пачаў выдаваць творы. Кінуўшы рыфмаванне, узяўся за апрацоўку народных паданняў Беларусі, якіх столькі назбіраў у дзяцінстве, якіх столькі захавалася ўяго памяці, і выйшла гэта непараўнальна лепей.
    На такі выратавальны кірунак меў станоўчы ўплыў рэдактар «Rocznika Literackiego»14, які ў той час знаходзіўся ў Пецярбургу і сканцэнтраваў вакол сябе новае жыццё. Выратавальны, гаворым, кірунак, бо абавязаны быў яму Баршчэўскі сваім становішчам, якое займае і займаць будзе ў польскай літаратуры.
    Уявіў сабе Баршчэўскі, што ў доме шляхціца Завальні збіраецца цікавая кампанія сяброў. Завальня любіў паданні і казачныя гутаркі пра чарцей і жахі, пра прывіды і заклятых каралевічаў і прыгожых, як сонца, каралеўнаў. Дык вось па чарзе госці ў Завальні расказвалі адзін аднаму вельмі прыгожыя вясковыя гісторыі, у якія верыў беларускі народ. Гэта форма твора, якую абраў сабе Баршчэўскі. У чарговых апавяданнях праходзяць перад нашымі вачыма, праз усе чатыры томікі, чары і летуценні, чыстая фантазія народа, увасобленая ў слове. Мелася быць ажно шэсць тамоў, але не ведаем чаму, двух для завяршэння твора нестае (бо выйшла толькі чатыры). Выданнем займаўся рэдактар «Rocznika Literackiego», які папярэдзіў твор крытычным поглядам на беларускую літаратуру15 і, гледзячы праз павелічальнае шкло на родную зямлю Баршчэўскага, паствараў вялікіх людзей там, дзе іх зусім не было, і вялікія творы, якіх не ведаў ніхто ў Польшчы. Асобны артыкул16 выдавец прысвяціў нашаму аўтару, дзе стараўся таксама ацаніць яго заслугі і ранейшыя працы. Пасля гэтага ўступу пачынаўся «Нарыс паўночнай Беларусі»17 і сам «Шляхціц Завальня». Выданне было прыгожа аздобленае. Рудольф Жукоўскі18 зрабіў да тэксту гравюры, якія перадавалі галоўныя сцэны апавяданняў. Цана вельмі даступная; па паўрубля за томік.
    Гэты арыгінальны твор, па форме апрацоўкі сваёй адзіны ў нашай літаратуры, сапраўды дае Баршчэўскаму права на прызнанне. Вершы, якія наш аўтар выдаў асобным томікам19, не маюць і сотай часткі тых станоўчых якасцей, што «Шляхціц Завальня». Разумелі гэта нашы крытыкі, якія разбіралі твор Баршчэўскага ў розных перыядычных выданнях. Пан Міхал Грабоўскі напісаў таксама асобны артыкул пра «Завальню» з вялікімі пахваламі і падзякамі20.
    Апрача Беларусі, Баршчэўскі зусім не ведаў іншых ваяводстваў даўняй Рэчы Паспалітай. Настаўніцкая праца надакучыла яму нарэшце, і таму ён зажадаў на старасць адпачынку. Літаратар з шырока ўжо вядомым імем, ён хацеў пабачыць іншыя куткі роднай зямлі. Выказаў гэта пані графіні Юліі Ржавускай, якая якраз выбіралася з Пецярбурга ў свае маёнткі на Валыні. Баршчэўскі быў ужо некалькі гадоў амаль сваім чалавекам у доме графіні. Пані Ржавуская вельмі ўзрадавалася гэтаму і запрасіла яго з сабой у Цуднаў. I вось пасля дваццацігадовага знаходжання ў сталіцы імперыі наш аўтар пакінуў горад, каб уздыхнуць сельскім паветрам. Наведаў Вільню і, праехаўшы вялікую частку Літвы, нарэшце, спыніўся ў Цуднаве21. Знайшоў тут мілае таварыства, завязаў новыя сувязі з шаноўнымі людзьмі ў ваколіцы, спазнаў, нарэшце, доктара Генрыка Кёлера, польскага шляхціца, які і свае даходы, і глыбокае веданне лекарскага майстэрства ахвотна
    прысвячаў аблягчэнню хворай часткі чалавецтва. У ваколіцы Цуднава жылі літаратары; сярод іх Канстанцін Піятроўскі22, былы жытомірскі харунжы, высакародны дваранін, які ўжо шмат гадоў апрацоўваў літаратурную ніву. Перш чым наступіла рэакцыя супраць класіцызму, Піятроўскі ўжо займаўся паэзіяй, і пераклаў, між іншым, вершамі пісьмы Элаізы да Абеляра23. Харунжы вельмі палюбіў Баршчэўскага і не раз таксама гутарыў з ім пра даўнія часы і старых літаратараў.
    3 Цуднава Баршчэўскі зноў пешшу пускаўся ў ваколіцы, каб наведаць новых сяброў і знаёмых. Куды толькі ні прыходзіў, усюды яго міла прымалі, і гасціў тут і там па некалькі дзён. To вучыў памешчыцкіх дзяцей, то гутарыў з бацькамі. He ляніўся працаваць, заўсёды здаровы і бадзёры; нарэшце, спакой на вёсцы і свабода пераважылі. Калі пані Ржавуская вярталася ў Пецярбург, Баршчэўскі ўжо не хацеў з ёй ехаць; так палюбіў Цуднаў і шаноўных жыхароў у ваколіцы, што жадаў асесці назаўсёды ў вясковым доміку графіні, хацеў пражыць тут рэшту свайго жыцця і нават памерці ў гэтым шчаслівым вясковым доміку.
    Цяпер Кёлеры былі ўсёй яго апорай і ўцехай. Памяталі пра самыя малыя яго патрэбы і выгоды; і сапраўды Баршчэўскаму была патрэбна гэта апека, бо так мала дбаў пра сябе ўсё жыццё. Толькі раз зрабіў з Цуднава паездку ў Адэсу, а астатні час праседжваў у Кёлераў. 3 іх падтрымкай надрукаваў нават «Сірату»24, выданне, цёпла прынятае польскай грамадскасцю.